Адкрыцці і традыцыі

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Днямі ў сталіцы Паднябеснай прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю ўсталявання супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Хутка культурная галіна міжнароднага сяброўства атрымае сталую прапіску: Кіраўніком нашай дзяржавы акрэслена задача адкрыць у маі ў Пекіне Беларускі культурны цэнтр. Праект каардынуюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Пра тое ў Нацыянальным прэс-цэнтры на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падвядзенню вынікаў дзейнасці РЦНК у 2016 годзе, паведаміла дырэктар установы Вольга Антоненка.

Па словах выступоўцы, зараз прапрацоўваецца дызайн памяшканняў і праграма адкрыцця: “Цэнтр будзе адчынены на базе пяцізоркавага гатэля. Нам аддадзены дзве залы. Адна з іх — экспазіцыйная, у якой можна будзе даведацца пра беларускую культуру, гісторыю, прамысловасць. Тут жа плануецца адкрыць карцінную галерэю. Другая зала, стылізаваная пад замак, мусіць прэзентаваць нашу нацыянальную кухню”, — паведаміла дырэктар РЦНК.

Выступоўца нагадала, што з 1 ліпеня Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур атрымаў новы статус: зараз гэта ўстанова змешанага тыпу. “РЦНК дадалася бібліятэчная функцыя: на нашай базе адчынілася публічная бібліятэка нацыянальнай літаратуры. Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала нам каля тысячы асобнікаў літаратуры народаў свету, паліцы папаўняюцца і дзякуючы падарункам ад нацыянальных дыяспар”, — удакладніла яна сутнасць змяненняў.

Пры дапамозе Міністэрства культуры на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ладзіліся міжнародныя творчыя стажыроўкі. У майстар-класах прымалі ўдзел 15 прадстаўнікоў беларускіх дыяспар замежжа. За год было выканана шмат заявак ад суайчыннікаў па шыццю канцэртных касцюмаў і закупцы традыцыйных беларускіх інструментаў. Таксама пры фінансаванні профільнага міністэрства летась быў зроблены касметычны рамонт залы РЦНК на 180 месцаў.

Прамоўца прыгадала і сёлетні Фестываль нацыянальных культур, што ладзіцца раз на два гады ў Гродне. З яе слоў, Каардынацыйны савет, падводзячы вынікі свята, зазначыў, што на працягу дваццаці гадоў існавання форуму, праграма вузка сканцэнтравана на песенным і харэаграфічным мастацтве, кулінарным рамястве. “Была агучана прапанова аддаць стырно ўлады нашай установе. Мы хочам, каб праз два гады публіка змагла пачуць пра нацыянальную літаратуру, мову, культуру, гістарычныя карані”, — падкрэсліла спадарыня Вольга.

З 3-га чэрвеня ў Верхнім горадзе стартуе цыкл нацыянальных свят. Ён распачнецца з дня шведскай культуры. Акрамя ўжо вядомых па мінулым годзе прадстаўнікоў замежжа, упершыню зладзяць свае нацыянальныя дні ў цэнтры беларускай сталіцы фіны, грэкі, цыгане, а таксама адбудзецца свята культур краін Балтыі. Па планах, цыкл завершыцца 23 верасня імпрэзай ад дагестанскай дыяспары. Урачыстыя мерапрыемствы выйдуць за межы галоўнай пляцоўкі ля Ратушы і будуць разгрупаваны па іншых прыдатных кропках Верхняга горада. Летась імпрэзы ладзіліся ў асноўным пры дапамозе сталічных прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, сёлета РЦНК імкнецца прыцягнуць да ўдзелу рэгіянальныя суполкі. Дырэктар установы зазначыла: “Мы арыентавалі кіраўнікоў нацыянальных аб’яднанняў на тое, каб у Мінск прыязджалі не толькі самадзейныя гурткі, але былі запрошаны па магчымасці прафесійныя калектывы тых краін, культуру якіх яны прадстаўляюць”.

Сёлета шмат заявак і дамоў на выступленні беларускіх нацыянальных калектываў у замежжы. Прынамсі, у Жэневе ў Палацы Нацый чакаюць народны абрад “Гуканне вясны” і фотавыставу нематэрыяльных беларускіх нацыянальных каштоўнасцей. У Ізраіль на Дні беларускай культуры плануецца вывезці Гомельскі абласны тэатр лялек са спектаклем “Памінальная малітва”. Галоўнай жа падзеяй 2017 года, па меркаванні Вольгі Антоненка, павінен стаць фестываль “Беларусы свету”, на які ў сталічны каардынацыйны цэнтр актыўна падаюць заяўкі ўсе дыяспары беларусаў за мяжой.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"