Не стае прагнозу

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Для чаго патрэбны раённы культуролаг
Мы працягваем серыю практыкаарыентаваных публікацый пад рубрыкай “Лабараторыя”, распачатую летась. Нагодай для цыкла артыкулаў стала кніга выкладчыкаў кафедры менеджмента сацыяльна-культурнай дзейнасці (факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алены Макаравай, Святланы Майсейчук, Ірыны Смарговіч “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці”. Выдадзеная ў 2016 годзе кніжка падштурхнула сустрэцца з аўтарамі, гутаркі з імі пераўтварыліся ў цыкл артыкулаў, прысвечаных развіццю культуры. Сённяшні артыкул я назваў бы ўводным.

Дзейнічаць

Культуролаг-менеджар, пераканана Алена Макарава, у бытавым, так бы мовіць, плане — гэта культуролаг-прыкладнік. Просьба не блытаць з метадыстам. Апошні перадае веды ў галіне сістэм, тэхналогій, выбудоўвае нейкія мадэлі паводзін. А культуролаг-менеджар дзейнічае. Ён — практыкаарыентаваны. Без асэнсавання сучаснага сацыяльна-культурнага працэсу, без уліку яго дынамікі паспяховая рэалізацыя творчага праекта — немагчымая. Шэраг дысцыплін кафедры непасрэдна завязаны на ўліку спецыфікі рэгіянальнай культуры. І выпускнікі вынікова дзейнічаюць. Да прыкладу, падказвае Ірына Смарговіч, культуролаг-менеджар Таццяна Тульжэнка, дырэктар Чачэрскага раённага Дома культуры, завочніца, заканчвае пяты курс. Яна — і кіраўнік, і арганізатар. А пачынала ж бібліятэкарам. Але творца заўжды застаецца творцам. Менавіта дзякуючы Таццяне днямі ў Бабіцкім цэнтры народнага танца, музыкі і песні адкрываецца яшчэ і цэнтр ткацтва. А ў Алены Макаравай — свой прыклад: яшчэ адна выпускніца кафедры Святлана Сарока — кіраўнік Палаца культуры “Маладзечна”, калектыў якога днямі быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. “Яна свядома, — кажа Алена Макарава, — авалодвала менеджментам, маркетынгам, фандрайзінгам, механізмамі сацыяльнага партнёрства, усімі магчымымі тэхналогіямі сацыяльна-культурнай дзейнасці”. І гэта не адзіны прыклад паспяховай дзейнасці выпускнікоў кафедры, якія працуюць ва ўстановах культуры і вольнага часу, дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях. Сярод сённяшніх завочнікаў кафедры, удакладняе Ірына Смарговіч, ёсць нават дырэктары СДК, кіраўнікі ўстаноў культуры аграгарадкоў у розных рэгіёнах Беларусі.

Такім чынам кафедра аналізуе, акумулюе, прапаноўвае новыя формы сацыяльна-культурнай дзейнасці ў сучасным соцыуме. Пасля апрабавання ў студэнцкіх аўдыторыях культуролагі-выпускнікі вязуць інавацыі ў рэгіёны і спалучаюць іх з традыцыяй. Нават звычайныя канцэрты, дзе здавалася б, нічога ўжо не прыдумаць, набываюць новыя фарбы, новыя сродкі мастацкай выразнасці.

Прагназаваць

Культуролаг, які працуе, скажам, у РДК, для раёна (на сяле такую стратэгічную сілу трымаць, мякка кажучы, немэтазгодна) — прадзюсар. Ён не толькі арганізоўвае, але і раскручвае. Аднак гэта не толькі культарганізатар, гэта ў першую чаргу каардынатар, кіраўнік, які здольны вырашаць кадравыя, фінансавыя пытанні. Урэшце культуролагі рыхтуюцца і для кінапракату, і для парку адпачынку, і для спартыўных ці аздараўленчых комплексаў, карпаратыўных агенцтваў (напрыклад, студэнты — платнікі)...

Пра тое, што штатны расклад РДК пераглядаўся апошні раз ці не за царом Гарохам, казаць ужо надакучыла. Маё ж цвёрдае перакананне, — толькі такі спецыяліст накіруе аптымізацыю ў належнае рэчышча. Вось ладзіў Інбелкульт фандрайзінгавую вучобу, на яе і дзясятак чалавек з раёнаў не прыехаў. Натуральна, віна інстытута, што не патлумачыў як след важнасць мерапрыемства. Але і на раёнах, відаць не было дасведчанага каардынатара, здольнага прагназаваць сітуацыю ў сферы сельскай культуры, які падказаў бы з веданнем справы: ад прапанаванай вучобы адмаўляцца нявыгадна.

Хто аспрэчыць той факт, што аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры іншым разам ладзіцца без грунтоўнага аналізу? Хто павінен яго рабіць? Прынамсі, не мінскі чыноўнік. Аналіз сітуацыі спраў на месцах рабіць павінны менавіта на месцах. На мой капыл, займацца гэтым абавязаны менавіта культуролагі, у прыватнасці, культуролагі-менеджары. Інакш кажучы, важна не толькі маніторыць абстаноўку, не менш адказна сістэматызаваць сабраныя звесткі і іх прааналізаваць. Такое анкетаванне — немалаважная частка сацыялагічнай навукі. Але ж вынікаў яе станоўчага ўплыву на культурнае становішча я амаль нідзе не бачыў. Так, згаданая справа — далёка не капеечная. Але як рушыць наперад без аналітыкі: абагульнення, сістэмы, прагнозу? А мы нават дакладна не ведаем, па якіх крытэрыях ацаніць якасць працы клуба, бібліятэкі, музея. Культуролагі ўсіх раёнаў Беларусі, яднайцеся дзеля захавання калі не вёскі, дык аграгарадка. Ніхто збоку не скажа, як развівацца глыбінцы, ёмістай, стракатай і непаўторнай у праявах культуры і мастацтва.

Праектаваць

Вынік дэталёвага прагнозу ў нашым выпадку — гэта заўжды творчы праект. І тут культуролаг-менеджар — таксама каардынатар. Дзе трэба працаваць з маладымі сем’ямі, а дзе — з цяжкімі, да прыкладу, падлеткамі ці з цяжарнымі жанчынамі? Дзе прыдатнымі акажуцца кластары, а дзе — квэсты? Кафедра вучыць праектаванню, вучыць знайсці пад гэтую справу грошы, вызначыць крыніцы фінансавання. Працэнтаў 80 сельскіх студэнтаў, сцвярджае Святлана Майсейчук, удзячныя ўніверсітэту за такое навучанне.

І тут не павінна быць дробязей. Нават прыдумванне назвы праекта, кідкага інфарматыўнага слогана — асобная навука. І менавіта ў выніку паспяховага нэймінгу складаецца станоўчае ўражанне пра будучую акцыю, пра яе галоўную ідэю.

Культуралагічныя захады павінны быць скіраваны на тое, каб не ўзнікла сумненняў, што ўстанова культуры — сацыяльна-культурны інстытут, які ладзіць не проста мерапрыемствы, а фарміруе культурную палітыку ды ідэалогію ў населеным пункце. Задумайцеся над этымалогіяй слова “мерапрыемства”. А ўсё проста: мы прымаем меры, каб задаволіць базавую патрэбу ў адпачынку, зносінах, пазнанні і ў творчым свяце. Змест і галоўную ідэю свята вызначае культуролаг-прыкладнік. Бо менавіта ён здзяйсняе задачы інкультурацыі асобы — прыцягнення яе ў культурна-творчую дзейнасць, у працэс засваення каштоўнасцей культуры.

Р.S. У наступных нумарах мы прапануем чытачу канкрэтыку: пагутарым пра базавыя тэхналогіі і новыя формы працы (мадэлі паводзін) — арт-менеджмент, сацыяльна-культурную анімацыю, арт-тэрапію, кластары, квэсты, івэнт-індустрыю і гэтак далей.

Бібліятэка “Лабараторыі”

А цяпер — пра кніжку А. Макаравай, С. Майсейчук, І. Смарговіч “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці”. Гэты дапаможнік для работнікаў культуры выдадзены накладам усяго ў 160 асобнікаў. Бестселер з ліку дэфіцытных. Але ёсць выйсце. Найбольш цікавыя вытрымкі мы надрукуем на старонках “К”. Мае колішнія выкладчыкі казалі, што старанны студэнт у любым падручніку падкрэслівае самае галоўнае, яго паслядоўнік астатняе можа не чытаць. Казалі, нават былі спробы перавыдання такім чынам “адрэдагаваных” навучэнцамі кніг… Як бы там ні было, а дамовімся: у “Тэхналогіях…” я буду “падкрэсліваць”, а вы, шаноўныя чытачы, браць на ўзбраенне і выкарыстоўваць на практыцы.

Важна, каб работнікі культуры ўсведамлялі ўплыў на сучасны стан культурна-дасугавай дзейнасці як з боку культурна-гістарычных традыцый, так і інавацыйных тэхналогій.

Эканоміка вольнага часу патрабуе развіцця рэнтабельных форм гаспадарання, якія дазволілі б эфектыўна выкарыстаць дзяржаўныя сродкі і паступова ўдасканальваць практыку самафінансавання ўстаноў культуры. Сучасны эканамічны стан сферы вольнага часу ў Беларусі выклікае неабходнасць правядзення глыбокіх і сур’ёзных даследаванняў праблем фінансавай дзейнасці ўстаноў культуры непасрэдна ў рэгіёнах.

Практыка сведчыць, што шматлікія праблемы грамадскага выкарыстання патэнцыялу вольнага часу ў значнай ступені тлумачацца неадпаведнасцю сацыяльнай замовы тых культурных паслуг, якія прапаноўваюцца наведвальнікам клубаў, бібліятэк і гэтак далей.

Паслуга — рух, які заўжды ажыццяўляецца на карысць чалавеку.

 

(Працяг будзе.)

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"