Збуражскі скарб — “на пробу”

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Выдатнае папаўненне атрымаў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей незадоўга да прафесійнага свята — грашовы скарб першай паловы ХІХ стагоддзя. Падрабязнасці нашаму карэспандэнту паведамілі галоўны захавальнік фондаў установы Людміла Гапасюк і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Зоя Нярэзька.

 /i/content/pi/cult/161/1378/Zburazhski-skarb1.jpg
— Каштоўная знаходка — 84 сярэбраныя манеты Расійскай імперыі, пераважна рублі, — кажа Л.Гапасюк. — Самая ранняя манета датуецца 1807 годам, самая позняя — паўрубель 1845 года. У скарбе ёсць таксама руска-польскія манеты наміналам 3/4 рубля, або 5 злотых, адчаканеныя ў Санкт-Пецярбургу і ў Варшаве для хаджэння на польскіх землях, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай дзяржавы. Рублі 1807 і 1810 гадоў — пачатку царавання Аляксандра І — досыць рэдкія, бо пазней была праведзена грашовая рэформа, што зацвердзіла грошы іншага тыпу, а рублі старога выпуску пайшлі на пераплаўку.

На скарб натрапіў 24 красавіка жыхар вёскі Збураж Маларыцкага раёна Яўген Бурштын, выкопваючы яму пры сваім участку. На наступны дзень ён сумленна здаў знаходку ў Маларыцкі РАУС. А ўжо 28 красавіка двое міліцыянераў разам з Яўгенам урачыста перадалі скарб музею.

— Паказальны момант, які характарызуе Яўгена і яго ўчынак, — падкрэсліла Людміла Андрэеўна, — першае яго пытанне было не пра ўзнагароджанне (адпаведна закону, яму, канешне, будуць выплачаны 25% ад кошту скарбу), а зусім іншае: “Ці можна мне будзе наведваць ваш музей?” Зразумела, Яўген разам з жонкай і дачкой заўсёды будуць ганаровымі гасцямі ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. І вось што яшчэ ўразіла нас у гэтым 22-гадовым юнаку: хаця ён не гісторык па адукацыі, але здагадаўся, што для даследчыкаў уяўляюць цікавасць не толькі самі манеты, але і аскепкі глінянага збана, куды скарб быў схаваны. Іх таксама ён беражліва прывёз у музей.

Першапачаткова ў схованцы налічвалася 78 манет, а яшчэ 6 Яўген знайшоў і здаў праз некалькі дзён… Тады ж скарб паступіў у музейныя фонды на апрацоўку.
 /i/content/pi/cult/161/1378/Zburazhski-skarb2.jpg

— Найперш манеты патрабавалі чысткі, — патлумачыла З.Нярэзька. — Яны доўга знаходзіліся ў неспрыяльным для срэбра асяродку: у глебе на глыбіні 60 сантыметраў, засыпаныя косткамі нейкай буйной жывёліны. Многія з манет былі пакрыты цёмным налётам, на адной з іх год выпуску ўдалося разабраць толькі пасля ўздзеяння спецыяльным ашчадным растворам: 1844-ты. Выявіліся і іншыя дэталі — напрыклад, на адной манеце нельга вызначыць апошнюю лічбу даты, мабыць, з-за таго, што, калі яе адціскалі, забрудзіўся штэмпель для чаканкі. Але з пункта гледжання нумізматыкі гэта цікавая асаблівасць, якая ніякім чынам не зніжае вартасці экзэмпляра. У цэлым захаванасць манет добрая, цяпер усе надпісы і знакі на іх чытаюцца.

Адзін з гэтых срэбраных рублёў санкт-пецярбургскай чаканкі карэспандэнту “К” дазволілі патрымаць у руках. Можна было б начысціць яго да бляску, але, як патлумачылі мае субяседніцы, рэшткі цёмнага налёту даўніны насамрэч абараняюць высакародны метал ад карозіі. Звярнулі маю ўвагу і на адметнасць, характэрную для манет гэтага перыяду: у цэнтры расійскага герба — двухгаловага арла — выразна бачная постаць Георгія-Перамоганосца.

Зараз скарб паступіў у прабірную інспекцыю Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, дзе вызначаць вагу кожнай манеты і паставяць на іх пробы срэбра. (Гэта абавязковая працэдура для грошай з каштоўных металаў.) Пасля ён вернецца на пастаяннае захаванне ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, і наведвальнікі змогуць убачыць яго на выстаўцы “З музейнай кладоўкі”. Выстаўка будзе доўжыцца да канца года. Музей тым часам працуе над стварэннем пастаяннай краязнаўчай экспазіцыі, дзе будуць паказаны і скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. На сёння музей іх мае 19: 17 манетных і 2 рэчавых, прычым папярэдні паступіў 30 гадоў таму.

Святлана ІШЧАНКА
На здымках: Яўген Бурштын

і знойдзены ім скарб.