Пра “7 Я”, шчодры і Дзеда Мароза-дырыжора

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Папяровая кніжка не саступае электроннай. У сённяшнім мінскім вагоне метро, прынамсі, у той яго частцы, што была бачна мне, колькасць “лічбавых” чытачоў не перавышала колькасць чытачоў “аналагавых”. Але ніяк не адмаўляю таго, што гадоў праз дзесяць раённы чытач прыйдзе да бібліятэкара з электронным носьбітам і папросіць: “Запампуйце, калі ласка, усяго Мележа” і дадасць: ”І на карцінкі не забудзьцеся!” А пакуль кніжкі без карцінак, кшталту “новых” “Каласоў пад сярпом тваім” патрабуюць экстрэмальнай рэкламы ў жанры “ню”. І апошняя заўвага: напрыканцы мінулага года ў метро Санкт-Пецярбурга з’явіўся “літаратурны” вагон. Адпаведны вагон у мінскім метро распачаў сваю дзейнасць ці не на год раней. Можам, калі хочам.

/i/content/pi/cult/620/13778/14-1.jpgВышэйназваныя “кніжныя” нюансы былі згаданы 12 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на пашыраным пасяджэнні Рады грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”. Падведзены вынікі леташняй дзейнасці, абмеркаваны пытанні, звязаныя з правядзеннем справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая адбудзецца ў лістападзе. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел кіраўнікі бібліятэк.

Вялікі харавы канцэрт адбыўся ў Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў № 3, што працуе ў Барані. Пра гэта распавядае настаўнік названай установы Наталля Латышава. Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам гэтага забаўляльна-пазнаваўчага праекта стала Алена Новікава, а ўдзельнікамі — дзіцячы хор “Фантазія” (ДШМ № 3) і ўзорны хор “Мелодыя” (гімназія № 1 Оршы). “Слова “хор”, — разважае Наталля Латышава, — перакладаецца як “натоўп”. Але зладжана і прыгожа ён можа спяваць толькі тады, калі ім кіруюць спрактыкаваныя дырыжор ці хормайстар. У нас такімі спецыялістамі з’яўляюцца Юлія Мурачова, што кіруе “Фантазіяй”, і Наталля Максімцава, якая ўзначальвае “Мелодыю”. Таму і канцэрт атрымаўся яркім ды запамінальным”.

Нізка інфармацый каляднай тэматыкі. Ніколі не быў сумным Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй. Гэтымі святочнымі днямі юныя наведвальнікі ўстановы пазнаёміліся з батлейкай. Алена Уласенка, кіраўнік лялечнага тэатра, што створаны пры дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бібліятэкі, і кіраўнік гуртка “Традыцыі нашага краю” пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Надзея Мялешка паказалі пастаноўку паводле п’есы ”Цар Ірад”.

Метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш паведамляе пра аднаўленне абрада калядавання на каталіцкае свята “Тры Каралі”. Падзея адбылася ў Ваверскім доме культуры. “Тры Каралі — свята Аб’яўлення Пана, — піша аўтар, — успамін аб падзеі, калі каралі (мудрацы), ідучы за зоркай, прыбылі ў Бэтлеем і прынеслі нованароджанаму Езусу дарункі”. Віншавальны абыход “Тры Каралі” пачалі з сельскага савета, затым перайшлі ў хаты вяскоўцаў, не забыліся і на мясцовую бальніцу — жадалі пацыентам хутчэйшага выздараўлення.

Яшчэ адна святочная інфармацыя з Лідскага раёна. Распавядае мастацкі кіраўнік Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Інэса Парфенчык: ”Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Ойра” шчадравалі, нягледзячы на моцны мароз. Вяскоўцы аддзячылі калядоўшчыкаў ласункамі. Трэба было бачыць шчаслівыя вочы дзяцей”.

А загадчык філіяла ”Берадаўскі КДЦ” Аляксандр Парфенчык піша пра іншую падзею: “У нашым аграгарадку прайшоў дабрачынны дзіцячы ранішнік “У казачным куфэрку”. Арганізавалі яго наш філіял і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Папко. Больш за сто дзяцей атрымалі сувеніры ды ласункі”.

Вучань гімназіі № 1 Віцебска Кірыл Дзмітрук пабываў на калядным канцэрце сімфанічнага аркестра абласной філармоніі і быў настолькі ўзрушаны падзеяй, што напісаў у рэдакцыю ліст: “Чароўнае свята Калядаў не заўжды атрымліваецца сустрэць па-асабліваму. А каб усё атрымалася, варта наведаць Віцебскую філармонію. Да аркестра гэтым разам далучылася акардэаністка з ЗША Ніна Слюсар. Удзельнічалі ў канцэрце і скрыпачы Уладзіслаў Міцэнка, Надзея Драбо. Але галоўная дзейная асоба мерапрыемства — дырыжор Уладзімір Бяляўскі, які пры выкананні “На паляванні” Штрауса нават пераўвасобіўся ў Дзеда Мароза!”

Працягвае тэму вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. Ён сёння — аўтар аж чатырох інфармацый. Першая. 7 — 8 студзеня ў Віцебску прайшло адкрытае абласное свята духоўнай музыкі. Мерапрыемства адбывалася ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, у мясцовай духоўнай семінарыі і ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя Івана Салярцінскага. Свята ладзіцца з 1993 года і аб’ядноўвае лепшых выканаўцаў, у тым ліку і з Расіі.

Другая. Работнікі культуры Віцебскага раёна атрымалі падарунак ад прафсаюзнай арганізацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама — вандроўку ў Брэст на “Навагоднім экспрэсе”. Дырэктар Капцянскага СДК Наталля Сакалова, кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога дызайну “Майстрыха” згаданага Дома культуры Вольга Вансовіч і іншыя пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, перадалі тамтэйшым Дзеду Марозу і Снягурцы прыдзвінскія сувеніры.

Трэцяя. Музычны навагодні спектакль “Аліса ў Залюстэраччы. Выратаваць Новы год” прапануе Гарадскі палац культуры “Орша”. Фантастычная дзея з удзелам вядучых творчых калектываў прэзентуецца з 23 снежня. “Спяшайцеся, сёння апошні паказ!” — заклікае намеснік дырэктара Палаца культуры “Орша” Сяргей Бахмат.

І апошняя навіна ад Андрэя Струнчанкі. 6 — 7 студзеня ва ўсіх без выключэння ўстановах культуры Віцебскага раёна ладзіліся святы народнага календара, канцэртныя і забаўляльныя праграмы. А на вясковых вуліцах да позняй ночы гучалі калядныя песні.

Наша сталая пазаштатная карэспандэнтка з Навагрудка Фаіна Малюжэнец паведамляе, што ў нядаўнім 2016-м юбілеі адсвяткавалі Любчанская інтэграваная гарпасялковая, Ацмінаўская, Ваўкавіцкая, Гарадзечанская, Кашалеўская, Пятрэвіцкая, Уселюбская, Харосіцкая сельскія бібліятэкі. 70-годдзе з дня нараджэння адзначыла і Навагрудская раённая бібліятэка.

Супрацоўнікі ваенных камісарыятаў Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў аб’ядналіся для рэалізацыі творчага праекта ў рамках рэспубліканскай праграмы “Нашы дзеці”. Праект быў рэалізаваны ў Рэчыцкім гарадскім палацы культуры. Піша старшыня рэчыцкай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Шчэрбін: “Члены клуба эстэтычнага і патрыятычнага выхавання “7Я” арганізавалі свята для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Кожны наведвальнік атрымаў ад Дзеда Мароза падарунак”.

Таццяна Жук з Глыбоцкага раёна ў сваім прачулым лісце распавядае пра тое, што была яна калісьці настаўніцай, але захаплялася і акварэльным жывапісам. Нават выстаўлялася ў мясцовым Доме рамёстваў. Але зразумела, што ў 60 гадоў ёй не стае досведу малявання. “На сваю радасць заўважыла, — прызнаецца кабета, — што маляваць любіць унучка Анечка. Таму запісала дзяўчынку ў Глыбоцкую дзяржаўную дзіцячую мастацкую школу імя Язэпа Драздовіча. Падтрымку аказала дырэктар установы Жанна Балабуева”. Аўтар ліста выказвае шчырую ўдзячнасць выкладчыкам ДШМ.

Гісторык і літаратар

Споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння Стэфана Рункевіча, доктара царкоўнай гісторыі, вучонага-асветніка, пісьменніка. Яго імя вядома невялікаму колу краязнаўцаў, даследчыкаў царкоўнай гісторыі Беларусі і Расіі. Між тым, жыццё і дзейнасць гэтай яркай асобы з’яўляецца прыкладам высокага служэння Айчыне.

Прадстаўнікі дынастыі Рункевічаў стагоддзямі служылі праваслаўнай веры, навуцы, людзям. Яны пакінулі след на глускай зямлі, у Мінску, Бабруйску, Заслаўі, Лельчыцах, Клецку, на Клічаўшчыне. Памятаюць іх Масква, Санкт-Пецярбург, Саратаў, Таганрог…

Стэфан Рункевіч нарадзіўся 11 студзеня 1867 года ў сям’і святара Свята-Васілеўскай царквы сяла Карытнае Бабруйскага павета. Праз год сям’я пераехала ў мястэчка Клічаў, дзе бацька, Рыгор Рункевіч, протаіерэй Мінскай епархіі, узначаліў Свята-Троіцкі прыход. У 1875 годзе намаганнямі Рыгора Стэфанавіча ў Клічаве адкрылася першая школа для сялянскіх дзяцей — Клічаўскае народнае вучылішча. Тут у розныя гады выкладаў Рыгор Стэфанавіч, яго пляменнікі Вольга і Андрэй.

Пасля заканчэння Мінскай Духоўнай семінарыі Стэфан і яго браты Міхаіл і Мікалай працягвалі вучобу ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1891 годзе Рункевіч абараніў дысертацыю па гісторыі Мінскай епархіі і быў удастоены ступені кандыдата багаслоўя. Потым Стэфан Рыгоравіч працаваў у архіве Святога Сіноду праваслаўнай царквы, выкладаў у акадэміі, займаўся даследчыцкай працай.

У 1902 годзе Рункевіч абараніў дысертацыю на тэму “Гісторыя Рускай Царквы пад кіраўніцтвам Святога Сіноду” і атрымаў ступень доктара царкоўнай гісторыі.

Перыяд у гісторыі, які пачаўся з 1917 года — адзін з найбольш трагічных і неадназначных у жыцці краіны, яе грамадзян, у жыцці праваслаўнай царквы.

У 1917 — 1918 гг. Стэфан Рункевіч прымае ўдзел у працы Памеснага Сабора ў якасці старшыні яго рэдакцыйнага аддзела. Актыўна займаўся пытаннем аховы царкоўных бібліятэк і архіваў, якія пасля 1917 года апынуліся ў катастрафічным стане.

Аб апошніх гадах жыцця Стэфана Рункевіча звестак вельмі мала. У канцы 1922-га ён вярнуўся з Масквы ў Петраград, доўга не мог уладкавацца на працу. У адным з пісьмаў сябру пісаў: “Сапраўды наступілі часы, калі і даводзіцца, і магчыма жыць толькі вераю”. 12 сакавіка 1924 года Стэфан Рыгоравіч Рункевіч ва ўзросце пяцідзесяці сямі гадоў памёр. Пахаваны на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры.

Экслібрыс, якім ён карыстаўся, нагадвае лёгкі і адважны паруснік у марской прасторы. І жыццё яго, прысвечанае служэнню Богу, навуцы, Айчыне, было падобна да ўпартага і самаадданага падарожжа да высокай мэты.

Лідзія АЧЫНОВІЧ, навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"