Пра “Book-фіта-бар”, перазагрузку Новага года і юбілей “Казак жыцця”

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Выстава батлеек, навагодніх, калядных цацак і сувеніраў працуе ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Пра гэта паведаміў вядучы метадыст названай установы Андрэй Струнчанка. Экспанаты, сабраныя з розных раёнаў Віцебшчыны, выраблены ў традыцыйных і сучасных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У дэкарацыях выставы свае творчыя набыткі прадэманстраваў народны аматарскі тэатр “У пошуку” Лёзненскага раённага цэнтра культуры.

/i/content/pi/cult/619/13775/14-1.jpgЯшчэ некалькі фактаў ад Андрэя Струнчанкі. Падведзены вынікі абласнога конкурсу-выставы “Ручнік як лёс”. Гран-пры атрымаў Глыбоцкі дом рамёстваў… У Культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” ладзяцца інтэрактыўныя праграмы для дзяцей “Новы год у Залатым коле: перазагрузка”. Гэта не толькі атракцыёны і гульні, але і майстар-класы народнага майстра Людмілы Кавальчук па вырабе керамічнага пеўніка… У абласным метадцэнтры адбылася прэм’ера спектакля “Не Вожык” у выкананні лялечнага тэатра “Клуб’ОК”. Лялькі і дэкарацыі падрыхтавалі спецыялісты цэнтра Настасся Пруднікава і Лізавета Дземідовіч.

У Казловіцкай (Калінкавіцкі раён) сельскай бібліятэцы дзейнічае міні-музей “Этнахатка сялянскага побыту”, якая адлюстроўвае побыт і культуру сялян XIX — пачатку XX стагоддзя. Музей быў адкрыты ў дзень Святога Мікалая Цудатворцы. Бібліятэкар Тамара Манько разам з чытачамі выканала абрад, што, як вядома, спрыяе выкананню жаданняў. Такіх музейчыкаў па сельскіх установах культуры вельмі шмат. Але “Этнахатка…” выгодна адрозніваецца ад іх тым, што займае аж тры пакоі, налічвае звыш за 300 экспанатаў, што былі калісьці неад’емнай часткай жыцця кожнай беларускай сям’і.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч паведамляе: “Дварышчанская сельская бібліятэка ў любы момант можа ператварыцца ў “Book-фіта-бар” і сустрэць чытачоў духмянай гарбатай і салодкімі прысмакамі”. Такі крэатыў разлічаны пакуль для дзяцей, але, думаецца, ад смачнай паслугі не адмовяцца і дарослыя.

Яшчэ адна інфармацыя ад Дар’і Марцінкевіч. У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям”. Вера Навіцкая — пісьменніца канца XIX — пачатку XX стагоддзя, кіраўнік Лідскай прыватнай жаночай гімназіі. Конкурс ладзіцца раз у два гады і мае дзве намінацыі: “Паэзія” і “Проза”. Лаўрэатамі конкурсу сталі Святлана Цішук, Ганна Рэлікоўская, Уладзімір Васько.

“У Баранавіцкім краязнаўчым музеі выстаўляліся рэпрадукцыі карцін ізраільскага мастака Андрыяна Жудро, — піша Ангеліна Занька з аб’яднання “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. — Яны спадабаліся дырэктару Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Наталлі Кулеш. Яна звязалася з бацькамі мастака, якія жывуць у Баранавічах, дамовілася аб выставе ў сваёй установе. Выстава называецца “Прыгажуні і Ерусалім”.

21 снежня Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прыняў мільённага наведвальніка. Яскравы доказ высокай запатрабаванасці гэтай установы.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна распавядае пра святкаванне 125-годдзя Максіма Багдановіча, якое адбылося ў Гродзенскім доме-музеі паэта. Урачыстасці распачаліся адкрыццём выставы “Апошні рамантык…” На ёй прэзентуюцца жывапісныя і скульптурныя творы гродзенскіх і мінскіх мастакоў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

У працяг тэмы — ліст загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Надзеі Навагродскай. Яна піша: “Фінальным этапам раённага бібліятэчнага конкурсу “Год культуры крочыць па краіне” стаў творчы арт-праект “Нязгасная зорка на беларускім небасхіле” (да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча). Працавала выстава, якая знаёміла з творчасцю класіка. З экспанатамі дапамаглі Гродзенскі музей Максіма Багдановіча і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. А вучні Мастоўскай школы мастацтваў паказалі свае малюнкі, прысвечаныя паэту. А завяршыла праект літаратурна-музычная імпрэза”.

Вядучы метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Барэль паведаміла пра шанаванне здольнай моладзі раёна ў сферы культуры. Мерапрыемства прайшло 29 снежня і называлася “Феерверк талентаў”. “Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, — піша аўтар, — была ўручана ўзорнаму фальклорнаму калектыву “Скарбоначка” аддзела культуры і вольнага часу “Дэмбраўскі сельскі дом фальклора”.

З Лёзна даслалі інфармацыю пра раённую творчую прэмію “Сунічка”. Па выніках мінулага года яе атрымалі народны вакальны калектыў “Кансананс” і дзіцячая эстрадная студыя ”Новае пакаленне”, танцавальны ансамбль “Смайлікі” Раённага цэнтра культуры; калектыў Раённага дома рамёстваў; мастак РДР Тамара Сяднёва; тэатр “Батлейка” Дабрамыслінскага філіяла Лёзненскай ДШМ; дырэктар ДК аграгарадка Дабрамыслі Аляксей Агееў… Усяго — сямнаццаць пераможцаў па самых розных намінацыях.

Намеснік дырэктара па навуцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Казловіч упэўнена, што “Казкі жыцця” класіка — гэта глыбіня, гэта тая кніга, якую трэба чытаць сам-насам, няспешна, удумліва. Апошняе апавяданне філасофскага твора з’явілася ў 1956 годзе. А ствараліся казкі жыцця амаль паўстагоддзя.

На базе Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Барысаўскага раёна адбылося святкаванне 20-годдзя Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага гурта “Берагіня”. Пра гэта паведаміла дырэктар установы Таццяна Варона. Да падзеі была прымеркавана канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці” з удзелам беларускіх навукоўцаў у галінах педагогікі, этнаграфіі і фалькларыстыкі.

“У доміку наглядчыка шлюза “Дамброўка”, у музеі гісторыі Аўгустоўскага канала, — распавядае галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай рабоце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык, — дзейнічае сядзіба Дзеда Мароза. Маецца і сувенірная крама. Можна купіць сувеніры, сфатаграфавацца з Дзедам Марозам, Снягуркай і казачнымі героямі”.

Ашмянская дзіцячая школа мастацтваў правяла на сцэне РЦК святочны канцэрт “Зімовая фантазія”. Выступілі цымбалісткі Ангеліна і Надзея Авіжыч, баяніст Аляксандр Савіцкі, ансамбль гітарыстаў “Фіеста”, хоры пад кіраўніцтвам Ганны Буйко і Алы Шаверда.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай райбібліятэкі Тамара Круталевіч — аўтар доўгатэрміновага праекта “Святло знаёмай зоркі”. Гаворка — пра цыкл вечарын памяці пра культработнікаў Бярэзіншчыны. Такія акцыі прысвячаліся былым дырэктарам Бярэзінскага ДК і дзіцячай музычнай школы Анатолю Хвашчынскаму і Вячаславу Сакаву, колішнім клубніцы Ганне Ждановіч ды бібліятэкарам Вользе Насульскай і Соф’і Маркоўскай. Сёлета, як паведамляе Тамара Круталевіч, стартуе новы яе праект — “Асоба ў культуры”. А яшчэ яна распавяла пра акцыю міласэрнасці, якую бібліятэкары правялі ў гарадскіх навучальных установах. Гаворка ішла пра падтрымку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Вядучы навуковы супрацоўнік Мастацкай галерэі Полацка Алег Бязрукаў прэзентуе праект Паўла Вайніцкага “Асабісты Чарнобыль”. Сам мастак кажа пра яго так: “Выстава — асобасная рэфлексія пра гістарычнае бедства… Чарнобыль — персаніфікаваны пераломны момант, мой, асабісты, які ўплывае на тое, што здарылася са мной тады і адбываецца цяпер”.

Прысвечана Нясвіжу і…

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” пад назвай “Нясвіжскі праменад” выстаўлены жывапісныя работы Ларысы Зарубінай. Яна імкнецца да стварэння філасофскіх вобразаў ды паэтычных фантазій, арыентуецца на пазітыўнае разуменне гармоніі.

Аснова экспазіцыі — пейзажы Нясвіжа, іншых гістарычных месцаў Беларусі: Заслаўя, Лагойска, Лошыцы, Вязынкі… Экспазіцыя была задумана як адно са звёнаў у вялікім праекце “Легенды мясцовасці”. А дагэтуль былі выставы ў Мірскім замку, Музеі гісторыі горада Мінска…

Ларысу Зарубіну з мальбертам часцей за ўсё можна сустрэць восенню (”Нясвіж восенню”, 2013). Цёплыя тоны перацякаюць у залаты каларыт. Стан прыроды, змены святла і колеру перададзены выключна дакладна. Але шмат у майстра і зімовых пейзажаў ды нацюрмортаў з кветкамі (“Зімовы дзень”, 2016, “Хутка вясна”, 2014, “Зімовы нюанс”, 2014).

А карціны “Сілуэты мінулага”, 2012 і “Запрашэнне на баль”, 2014 — суцэльная дзея, тэатральная гістарычная пастаноўка, адметная лірычнай музычнасцю і энергічным рытмам мазкоў.

Таццяна МАЛЫШАВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"