Захапляльная гісторыя “Амура”

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Як вядома, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, а хто “прызямліўся” ў Гомельскім палацы?
Перад намі шэра-жоўтая з разводамі скульптура з алебастру. На квадратным пастаменце — фігура дзіцяці з крыламі, што апусцілася на адно калена. Пад другой нагой — ніжні фрагмент якара. З левага пляча спускаецца антычнае адзенне. Крыху схіленая да правага пляча галава ўпрыгожана фераньеркай — ніткай жэмчугу з невялікім медальёнам у сярэдзіне. На правай руце сядзіць птушка. Часткі крылаў і хваста птушкі страчаны, таксама як і частка якара. І, відаць, з даўніх часоў. З задняга боку скульптуры дзіцяці ёсць адтуліна і бачны жалезны стрыжань. Скульптура выканана ў рэалістычнай манеры. Яе асаблівасць у тым, што яна не прызначалася для кругавога агляду. Але ці толькі ў гэтым?

/i/content/pi/cult/619/13774/13-1.jpgРаскопкі Геркуланума і Пампей у сярэдзіне XVIII стагоддзя паспрыялі цікаўнасці да антычнасці. Кіруючыся густамі свайго часу, Фёдар Іванавіч Паскевіч набыў для ўпрыгожання свайго гомельскага палаца і парку копіі скульптур вядомых еўрапейскіх майстроў на міфалагічныя сюжэты: Майсея работы Мікеланжала, Меркурыя-аргусазабойцы (з 1939 года знаходзіцца ў музеі Рэспублікі Беларусь), “Выкраданне Алены” і гэтак далей, а таксама — паводле сведчанняў палацавых вопісаў  — антычныя творы, знойдзеныя на раскопках у Грэцыі.

Знаходзячыся ўвесь час навідавоку ў багата ўпрыгожанай Чырвонай гасцёўні, амур не прыцягваў да сябе асаблівай увагі і цікавасці наведвальнікаў, у тым ліку з прычыны адсутнасці сваёй “легенды”, гісторыі. Яго цяжка суаднесці з іншымі скульптурнымі творамі, што знаходзяцца ў палацы — ні па матэрыяле, ні па стылі іх нельга паставіць у адзін шэраг.

Гэта скульптура была набытая графам Паскевічам у часе адной з вандровак па Еўропе, пра што сведчыць запіс у дакументах музея за 1923 год: “Статуэтка “Амур” из жёлтого мрамора, с голубем в руке; левая рука отбита и повреждена. По расказам бывш. старых служащих Паскевича эта статуэтка приобретена где-то в Греции; передают, что эта статуэтка будто бы результат археологических раскопок на Ионических островах и относят происхождение её тысячи за 2 лет до нашей эры. Достоверных письменных сведений не имеется”.

Рысы твару амура, аднак, далёкія і ад нашага разумення прыгажосці, і ад грэчаскіх канонаў: пухлявыя павекі і шчокі, невялікі рот з тоўстымі губамі знаходзіцца занадта блізка да носа, профіль зусім не грэчаскі, расслаблены выраз твару. Усё гэта хутчэй уласціва індуізму ці будызму.

Тое, што пошук аналагаў у гісторыі мастацтва застаўся безвыніковым, можа сведчыць аб унікальнасці нашай скульптуры. Заключэнне спецыяліста па скульптуры спадара Андросава з Эрмітажа, зробленае па чорна-белым фотаздымку, пра тое, што перад намі “Амур з голубем” — статуэтка XVIII стагоддзя, толькі паспрыяла жаданню знайсці ісціну. Напрыклад, паміж мармуровай скульптурай П’етра Б’ембі “Амур з голубам” (якраз XIX cтагоддзя) з калекцыі Эрмітажа і нашай — нічога агульнага. Між тым як мастацтва пэўнага перыяду іх яднаюць агульныя стылёвыя рысы.

Толькі напрыканцы ХХ стагоддзя з’явілася мноства знаходак на тэрыторыі сучаснага Таджыкістана і Афганістана, якія вызначаюць нам напрамак далейшых доследаў па гэтай скульптуры. Служачыя Паскевіча сцвярджалі, што “амуру” дзве тысячы гадоў да Нараджэння Хрыстова. Але, калі краіна паходжання Грэцыя, адкуль індуісцкія рысы твару? Калі ж уявіць, што скульптура родам з Сярэдняй Азіі, дык яе стылістыка не адпавядае пануючаму ў качавых народаў тае пары так званаму “звярынаму стылю”, якому ўласціва стылізацыя і схематызм у выявах чалавека і жывёл. Вынікае, што наш амур з’явіўся значна пазней. У гэтай сувязі нагадаем, што змяшэнне некалькіх тыпалагічных асаблівасцей (спалучэнне грэка-рымскіх і індыйскіх пластычных традыцый) уласціва грэка-будысцкаму стылю, што з’явіўся на хвалі элінізму. А перадумовай узнікнення элінізму стала заваёва тэрыторый у Азіі і Афрыцы Аляксандрам Македонскім. З цягам часу, пасля распаду велізарнай дзяржавы, на пакінутым грэкамі абшары ў мастацтве знізілася высокая планка, зададзеная майстрамі Элады, і пачынаюць пераважаць характэрныя мясцовыя рысы.

Вернемся да нашых… амураў. Галоўнае прызначэнне сімволікі  — данесці неабходную інфармацыю з дапамогаю ўмоўнага знака. Дык вось на манетах Бактрыйскага царства можна заўважыць сілуэт якара, што дае падставы меркаваць, што ён увасабляў дзяржаўную сімволіку Грэка-Бактрыі. А вядома, што якар і крылаты жэзл (кадуцэй) — гэта атрыбуты Гермеса. Птушка на руцэ нашага “амура” сядзіць асаблівым чынам. Так трымаюць на руцэ ястраба ці сокала паляўнічыя. Яркая адзнака драпежніка — пестрыны на крылах — падрабязна адлюстравана скульптарам. Пластыка птушкі таксама моцна адрозніваецца, напрыклад, ад голуба, якога прыпісваюць дадзенай скульптуры. У сімволіцы сокал увасабляе ўзыходзячае сонца. Акрамя таго, сокал, як і арол, — сонечны сімвал перамогі. Унутры многіх егіпецкіх саркафагаў ёсць выявы чалавека з сокалам на галаве. Гэта знак перамогі над смерцю і будучага адраджэння.

У нашым выпадку згаданая птушка можа разглядацца як зычанне адраджэння, падобна ўзыходзячаму пасля ночы сонцу. Усе перапляценні сімвалічных сэнсаў, наколькі мы здолелі іх расшыфраваць, гавораць пра тое, што перад намі ватыўны пахавальны помнік, які ўяўляе з сябе скульптурную выяву Гермеса з якарам і сокалам і адносіцца да 200-х гадоў да нашай эры.

Зразумела, каб завяршыць атрыбуцыю дадзенай скульптуры, варта звярнуцца да экспертаў, якія маюць спецыяльны досвед у адпаведнай сферы. Відавочна, што выводзячы каліграфічным почыркам у вопісах маёмасці палаца “Амур с голубем”, ні служачыя, ні ўладальнікі нават не ўяўлялі, хто насамрэч прызямліўся ў Гомельскім палацы…

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля