Дыялектыка жыцця і… “зоны”

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Як часта мы выказваемся пра тое, аб чым не маем рэальнага ўяўлення! Але ж прырода чалавека арганізавана так, што ён — істота сацыяльная і не можа не прымаць удзелу ў фарміраванні грамадства, у якім праходзіць літаральна ўсё ягонае жыццё.

 /i/content/pi/cult/161/1377/Dyjalektyka.jpg

Сцэна са спектакля “Ён і Яна”.

У ХХІ стагоддзі даступныя для звычайнага чалавека крыніцы інфармацыі пашырыліся настолькі, што на працягу невялікага прамежку часу пры іх дапамозе можна атрымаць даволі комплексныя веды па самых розных пытаннях. Тэлебачанне, Інтэрнет — усё на службу чалавеку, які паступова ператвараецца з няўрымслівага і цікаўнага даследчыка жыцця ў спакойнага, ураўнаважанага “спажыўца”: дастаткова націснуць на некалькі кнопачак, каб атрымаць доступ да разнастайных рэсурсаў. І ўжо не ўласныя жыццёвыя назіранні і высновы, а мас-медыя вызначаюць нашы пазіцыі адносна тых ці іншых аспектаў чалавечага жыцця. Відаць, застаецца канстатаваць прагрэсіраванне “кліпавага мыслення”, навалу “нізкапробных” серыялаў... Хаця прычынай таму — мы самі, наша нежаданне часам “уключыць мазгі”.

На гэткія разважанні мяне падштурхнула прэм’ера спектакля “Не судзімы будзеце…” у Мінскім абласным драматычным тэатры (Маладзечна) па п’есе “Замарашка” польскага драматурга Януша Главацкага. Дзеянне яе адбываецца ў жаночай калоніі і разгортваецца вакол… пастаноўкі там спектакля “Папялушка”. Галоўныя актрысы — жанчыны самага рознага веку, якія адбываюць пакаранне. У прыватнасці, мілая і пяшчотная знешне выканаўца ролі Папялушкі (Ірына Карчэўская) — забойца. Ды і ва ўсіх свая “багатая” біяграфія. У калонію прыязджае амбіцыёзны кінарэжысёр (Аляксандр Пашкевіч), які даведаўся пра падобны эксперымент, і цяпер усе навакольныя мусяць стаць “матэрыялам” для ягонага новага трыумфальнага фільма.

Перад намі праходзіць “галерэя” жаночых вобразаў-лёсаў, своеасаблівая “энцыклапедыя” без віны вінаватых — жанчын, якія былі вымушаны “рэагаваць” на жыццёвыя нягоды злачынным спосабам. Але за знарочыстым увасабленнем на сцэне турэмнага “распальцованага” каларыту некаторым з гераінь спектакля (“Прынцу” (Алена Рахмангулава), “Бацьку” (Ірына Кляпацкая), адной з “Дачок” (Людміла Рошчына)) удалосяадчуць закладзены аўтарам п’есы парадаксалізм “шэкспіраўскага” ўспрыняцця ўсяго свету як тэатра. Для іх і сапраўды ўсё жыццё з’яўляецца сапраўднай сцэнай, а дакладней — ігрой на патрэбу гледачоў-соцыума. Свае глыбінныя чалавечыя пачуцці і рэакцыі на пэўныя жыццёвыя сітуацыі яны лічаць за лепшае пакідаць пры сабе, заганяючы іх у глыбіню ўласнай душы.

І ўсё ж рэжысёр-пастаноўшчык Юрый Вута ў сваім спектаклі, па сутнасці, паўтарае галоўную “памылку” аднаго з персанажаў сцэнічнай дзеі — таго самага рэжысёра, які вырашыў “паставіць перад грамадствам пытанне”, ды не ўсвядоміў: “разменнай манетай” мусяць стаць жывыя людзі са сваім лёсам, сваім правам на прыватнае жыццё і нежаданнем станавіцца “сродкам” для рэалізацыі чужых амбіцыёзных праектаў і “маніпуляцый”. І на фоне глыбокадумна-медытатыўных танцаў зданяў у масках, крывава-чырвоных стужак і лыжкі-заточкі ў якасці інструмента для самазабойства галоўнай гераіні акурат права “людзьмі звацца” і не хапіла для той самай сцвярджальна-выхаваўчай задачы, якую тэатр задэклараваў сваім зваротам да п’есы Главацкага.

Асабіста ж для мяне пэўнай складанасцю ва ўспрыняцці гэтага спектакля сталася і тое, што літаральна за тыдзень да маладзечанскай прэм’еры ў сталічным Тэатры эстрады мне давялося патрапіць на паказы… пастановак, здзейсненых у сценах выхаваўчых калоній для непаўналетніх. І там панавала зусім іншая атмасфера.

Самі па сабе ідэі тэатральнай тэрапіі не новыя і даволі грунтоўна распрацаваны ў Еўропе. Да нас у якасці “практыкі” яны трапілі літаральна некалькі гадоў таму са Швецыі, дзе “выхаванне тэатрам” практыкуецца не адно дзесяцігоддзе. На Беларусі ж праект “Тэатр у калоніі” ажыццяўляецца з 2005 года.

Першай, “фокуснай”, стала жаночая папраўчая калонія ў Гомелі, дзе сіламі зняволеных былі ажыццёўлены пастаноўкі спектакляў “Восем любячых жанчын” Р.Тама і “Дом Бернарды Альбы” Ф.Г. Лоркі. Безумоўна, тагачасныя намаганні зацікаўленых асоб з Беларускага саюза жанчын і Клуба дзелавых жанчын не змаглі б знайсці свайго ўвасаблення, каб не “дабро” Дэпартамента выканання пакаранняў, і вось праз тры гады — чарговы этап рэалізацыі гэтага праекта: спектаклі “Маленькі прынц” выхаваўчай калоніі № 1 г. Віцебска і музычна-пластычны спектакль “Ён і Яна” выхаваўчай калоніі № 2 г. Бабруйска.

Сто разоў мае рацыю актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і пастаноўшчык спектакля “Маленькі прынц” Ніна Абухава, якая не “робіць спектакль”, але агаляе перажыванні маладога лётчыка Экзюперы. На сцэне выбудаваны ягоныя ўзаемаадносіны з людзьмі і з самім сабой, таму юнакам-”акцёрам” прапаноўваецца не столькі іграць персанажаў, колькі паспрабаваць зразумець, што ў дадзеных канкрэтных абставінах жыцця яны б самі адчулі і перажылі. На што тыя адгукаюцца.

Зусім, на жаль, іншы ўзор працы з падлеткамі, прапанаваны ў музычна-пластычным спектаклі “Ён і Яна” Бабруйскай выхаваўчай калоніі — недаверлівае зацісканне “тых, каго трэба выхаваць”, у рамкі прыдуманага загадзя сцэнічнага дзейства, дзе выхаванцы, па сутнасці, усяго толькі “выкарыстоўваюцца” з прычыны сваіх вакальных даных хіба для таго, каб “завесці” гледачоў “Муркай”.

Дык якія яны, гэтыя зняволеныя: “такія, як мы”, ці “не такія”? Акурат у гэткую пастку ўласнай фанабэрыі і амбіцыёзнасці вельмі часта трапляюць некаторыя з нашых “гуманістаў”. Але ж жыццё не патрабуе ад нас развешвання ярлыкоў, бо важная не ацэнка іншых людзей, тых, хто на пачатку свайго свядомага жыцця спатыкнуўся, а — наша шчырае жаданне паказаць ім іншае жыццё, даць “пакаштаваць” яго на смак. “Навучыць” жа жыць па-іншаму, і сапраўды, пад сілу хіба што тэатру, найперш, дзякуючы ягонай формуле “ўжывання ў вобраз”. “Стаць” другім чалавекам хаця б на непрацяглы час сцэнічнага прадстаўлення, атрымаць магчымасць пабываць у іншай эпосе і сацыяльнай сферы. Зрэшты, паставіць перад самім сабой жыццёва важнае пытанне: а якім бы я быў, калі б…

Таццяна КОМАНАВА