Ахвотных шмат, але аднаго жадання мала...

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

На ўдзел у конкурсах “Славянскага базару ў Віцебску” прэтэндуе 70 чалавек
У лістападзе-снежні ва ўсіх абласцях Беларусі і ў сталіцы прайшлі рэгіянальныя адборачныя туры да ХV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2017” і XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017” фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Па выніках першага этапу было адабрана 70 выканаўцаў, якія прэтэндуюць на ўдзел у конкурсах.

Чым запомніліся кастынгі, якія тэндэнцыі, характэрныя для цяперашняй сітуацыі з айчыннай папулярнай песняй, яны выявілі, чаго, быць можа, варта чакаць ад нашых выканаўцаў у гэтым кантэксце на галоўным міжнародным форуме мастацтваў 2017 года? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да тых, хто меў самае непасрэднае дачыненне да тура, канкрэтызаваўшы цікавасць больш лаканічна. Што вам спадабалася ў адборах? Да чаго былі прэтэнзіі, заўвагі? Якія выканаўцы павінны, на ваш погляд, прадстаўляць нашу краіну ў конкурснай песеннай праграме фестывалю, з якімі песнямі?

Эдуард ЗАРЫЦКІ, кампазітар, народны артыст Беларусі, старшыня журы некалькіх адборачных тураў

1. З станоўчага адзначу тое, што было з каго выбіраць. Але ж больш за ўсё спадабаліся “маленькія” выканаўцы. (Шкада, што, сталеючы, ва ўзросце ад 15 да 20 — 22 гадоў, яны кудысьці знікаюць. Наогул апошняя ўзроставая катэгорыя ў нас чамусьці найбольш бедная на таленты.) Зразумела, хто-небудзь з іх паспрабуе адабрацца і да наступнага дзіцячага “Еўрабачання”, і шанцы ў прэтэндэнтаў будуць нядрэнныя.

2. Дарослыя здаліся менш цікавымі, з вызначэннем лепшых з іх даводзілася напружвацца.

Адборы пацвердзілі даўнюю праблему сучаснай беларускай эстраднай песні наогул — недахоп якаснага рэпертуару. Таму столькі паўтораў мы і чулі. Але і віны з некаторых выканаўцаў, з тых, хто іх рыхтаваў, за некалькі фармальны падыход да выбару кампазіцый я не здымаў бы: прыклад Аляксея Гроса на мінулым “Славянскім базары...” паказаў, што можна знаходзіць незаезджаныя песні.

А многія з прапанаваных аўтарскіх твораў сапраўды варта аднесці да “самапальных”: і з музыкай у іх бяда, і з тэкстамі, і з аранжыроўкай, і з запісам. Часта такія песні працавалі супраць выканаўцаў, адразу ж “забіваючы” іх у вачах членаў журы. Лепш было з заходнімі хітамі: арыгіналы капіраваліся вельмі нядрэнна.

3. Песні павінны падбірацца вельмі старанна. Трэба трымаць нос па ветры ды пільна сачыць за сусветнай музычнай кан’юнктурай: якія стылі ў дадзены момант модныя, якія напрамкі карыстаюцца попытам? Зыходзіць, у тым ліку, трэба і з такіх крытэрыяў, прадчуваючы, прадбачачы тэндэнцыі будучых конкурсаў. Зараз, на мой погляд, вяртаецца меладычная песня, можа, прыярытэт і варта аддаць ёй.

Па выканаўцах адзіна верных рэцэптаў, якія дакладна дапамогуць перамагчы, не існуе. Голас, харызма, упэўненасць — гэта з абавязковых “атрыбутаў”. І ні ў якім разе нельга падладжвацца пад журы!

Марыя АЛАСЮК, загадчык аддзела аматарскай творчасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, адказная за правядзенне адборачнага тура ў Брэсцкай вобласці

1. Многія імкнуліся падыходзіць да адбору творча, адчувалася жаданне здзівіць журы — гэта тычылася і песень, і іміджу выканаўцаў. У дастатковай колькасці было, што называецца, “незамыленых” твораў, што ў момант прыцягвала ўвагу.

2. Непрыемна ўразіла, што некаторых выканаўцаў прывезлі толькі таму, што трэба было прывезці. Даравальна, калі ў чалавека няма вопыту, але ён імкнецца, максімальна выкарыстоўвае свае вакальныя магчымасці. А тут складвалася ўражанне, што асобных прэтэндэнтаў нібы кінулі ў ваду, як кацянят, і сказалі: “Плывіце”. Проста махнулі рукой на падрыхтоўку — як будзе, так і будзе.

З беларускімі песнямі часцяком было, як у той прыказцы: на што наступілі, тое і паднялі — нярэдка гучала адно і тое ж.

3. Маё глыбокае перакананне: на такія конкурсы — дзяржаўнага значэння — павінны ехаць і маленькія, і дарослыя выканаўцы, якія ўжо маюць вопыт выступлення на канцэртах, фестывалях, іншых конкурсах. Яны павінны мець хоць нейкія музычныя навыкі, павінны або атрымліваць музычную адукацыю, або скончыць што-небудзь з адпаведных навучальных устаноў. На такіх конкурсах нашу краіну абавязаны прадстаўляць людзі, якія валодаюць выдатнымі вакальнымі і артыстычнымі дадзенымі, не важна — у сем гадоў ці ў трыццаць.

Вікторыя АЛЕШКА, спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, член журы гомельскага і віцебскага адборачных тураў

1. Туры прайшлі на досыць высокім узроўні — да іх арганізацыі асабіста ў мяне ніякіх прэтэнзій няма. Для нас, членаў журы, яны былі карысныя з таго пункта гледжання, што мы ўбачылі нейкі зрэз стану беларускай папулярнай музыкі, якая не гучыць на радыё, тэлебачанні, на канцэртах. Гэта вытлумачальна, бо прыняць удзел у адборах маглі, як я зразумела, усе ахвотныя — далёка не прафесіяналы ў гэтай галіне, праўда, тыя, хто прайшоў скрозь папярэдняе сіта.

2. Асноўная памылка прэтэндэнтаў заключалася ў тым, што яны не занадта адэкватна ацэньвалі свае здольнасці, раз-пораз перабольшваючы іх. Часам рэпертуар відавочна не адпавядаў ні ўзросту выканаўцы, ні яго вакальным магчымасцям. Умоўна кажучы, хтосьці “замахваўся” на Паліну Гагарыну, а выходзіла нешта вельмі дзіўнае ды парадыйнае. Ці калі спевакі і спявачкі імкнуліся “выпінаць” адразу ўсе свае бакі — яны такія, і такія, і сякія. І пад наноснае аказвалася закапана самае лепшае і важнае ў іх, тое, чаго мы пачуць і пабачыць не змаглі.

У мяне як у прафесіянала сваёй справы былі заўвагі да аранжыровак, але такую ўжо моцную ўвагу на іх не акцэнтавала б: я ж памятаю, як сама пачынала, дастаючы музычную “падкладку” дзе толькі можна і часам  — толькі жахлівай якасці. Так і тут: было чуваць, што не ўсе змаглі зрабіць больш-менш класную “абгортку” для сваіх песень.

3. Конкурсы — заўсёды латарэя. Вось здаецца, усё ёсць у артыста — усмешлівы, сімпатычны твар, выдатна спяваў на рэпетыцыі, песня добрая, а выходзіць на сцэну і пачынаецца мандраж. І хваляванне ўсё спрэс губіць.

Я на конкурсах заўсёды галасую за ярка выяўлены нават не вакальны талент, а артыстычны. Сачу за тым, як чалавек трымае сябе на пляцоўцы, як паводзіць сябе з публікай, разняволены ён (у меру), залішне самаўпэўнены або наадварот — скаваны. Нешта непаўторнае павінна быць у пераможцах, непараўнальнае. Толькі голасам, толькі песняй выйграць у такіх конкурсах, як “Славянскі базар у Віцебску”, нельга. Першай там можа стаць толькі асоба.

Што далей? Этап другi, калі відэаматэрыялы з песеннымі нумарамі тых, хто прайшлі ў яго, да 25 студзеня будуць прагледжаны экспертнай групай у Маладзёжным тэатры эстрады. І пасля вынясення вердыкту ў трэці, фінальны, этап выйдуць па дзесяць прэтэндэнтаў на ўдзел у абодвух конкурсах: да 20 сакавіка прафесійнае журы па выніках іх “жывых” выступаў і абярэ ўжо двух канкурсантаў ад нашай краіны...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"