Статус, будоўля, каравай…

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Што новага прынёс Год культуры ў раёны Беларусі?
Тэлефанаванні ў раёны Беларусі выявілі адну яўную тэндэнцыю: у некаторых раёнах Беларусі мінулы Год культуры атрымаў даволі важкую фінансавую падтрымку. Акрамя таго, значна павялічылася колькасць знакавых мерапрыемстваў, праведзеных у 2016-м у параўнанні з годам мінулым. Адсюль і галоўны пасыл начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовых райвыканкамаў: калі працаваць з поўнай самааддачай, дык вынікі заўсёды будуць…

Пра матэрыяльнае… і не толькі

Спачатку — пра ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры з шэрагу раёнаў Беларусі. Вось, скажам, летась на Брэстчыне ў лунінецкім кінатэатры “Кастрычнік”, дзякуючы Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, было заменена відэапраекцыйнае абсталяванне. Пераход на “лічбу”, як паведаміла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Наталля Аксёнава, каштаваў у 100 тысяч рублёў. Цяпер у кінатэатры можна глядзець новыя фільмы яшчэ да іх з’яўлення ў інтэрнэце, а ахвотныя могуць замаўляць асабістыя прагляды — напрыклад, да дня нараджэння ці нейкіх іншых святочных імпрэз…

У Бешанковічах Віцебскай вобласці — свае навіны, якія датычаць матэрыяльна-тэхнічнай базы раённай сферы культуры. Напрыклад, мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі атрымаў пад Новы год за кошт бюджэту неблагі падарунак — новую ГАЗель на 18 месцаў. Машыну мяркуюць выкарыстоўваць падчас паездак аматарскіх калектываў як па раёне, так і далёка за яго межамі. Акрамя таго, як кажа кіраўнік сферы культуры раёна Наталля Апанасёнак, рамонтныя работы ў мясцовай ДШМ, якія пачаліся летась, працягнуцца і сёлета. Ёсць у раёне і іншыя перспектыўныя планы на будучыню.

— Так, нядаўна на наш баланс перадалі будынак, дзе мы плануем размясціць экспазіцыю “Дома этнаграфіі і побыту”, — кажа суразмоўца. — Праўда, пакуль што не вызначыліся, чыім філіялам будзе гэтая новая ўстанова культуры горада — музея ці Дома рамёстваў. Але ўсе неабходныя будаўнічыя матэрыялы на сёння закуплены, таму “ўлазіны” плануем адсвяткаваць ужо сёлета.

У Клецкім раёне Мінскай вобласці за кошт пазабюджэтных сродкаў, заробленых аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама, быў цалкам адрамантаваны сельскі Дом культуры ў аграгарадку Сіняўка.

— Акрамя таго, летась былі працягнуты ўнутраныя рамонтныя работы ў раённым Цэнтры культуры, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клецкага райвыканкама Святлана Чалык. — Шмат што ўжо зроблена, але многае яшчэ трэба адрамантаваць. Таму і ў 2017-м рамонтныя работы на гэтым знакавым аб’екце культуры раёна абавязкова працягнуцца надалей.

Апошні прыклад, калі рамонт адбываецца за кошт заробленых самімі культработнікамі фінансаў, — як я пераканаўся, не адзінкавы, а распаўсюджаны, бадай, ва ўсіх раёнах Беларусі. Таму яго можна лічыць досыць красамоўным. Праўда, звычайна за кошт пазабюджэту ў раёнах праводзяцца бягучыя, а не капітальныя рамонты ўстаноў культуры. Пра гэта мне казалі і ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці, і ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці і шмат дзе яшчэ.

Мяркую, у новым годзе падобныя рамонты сіламі гаспадарчых груп аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі працягнуцца. А значыць, пазабюджэтная дзейнасць, якой здаўна займаюцца работнікі сферы культуры Беларусі, атрымлівае сёння яшчэ большае значэнне. Да слова, як адзначаў нядаўна міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, доля ўласных даходаў па галіне культуры на канец года склала 20 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання. Так, за 9 месяцаў 2016 года арганізацыі сферы культуры зарабілі 99,3 мільёна рублёў, што на 10 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. А да 2020 года, як адзначыў кіраўнік ведамства, плануецца павялічыць удзельную вагу ўласных даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці да 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання сферы культуры.

Творчасць і суплёт ідэй

Але ж, натуральна, не ўсё вымяраецца грашыма. Таму варта пагаварыць і пра творчы складнік дзейнасці сферы культуры раёнаў Беларусі. Напрыклад, тыя ж, ужо згаданыя мною, Бешанковічы зладзілі цягам мінулага года канцэрты ўсіх творчых калектываў са званнем “народны”, а ў канцы лістапада ў райцэнтры прайшоў вялікі справаздачны канцэрт усіх калектываў Бешанковіцкага раёна, падчас якога выступілі — ні многа ні мала — каля 500 артыстаў і дзясяткі аматарскіх ансамбляў.

Многія мерапрыемствы ладзіліся ў Год культуры і ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Як паведамляе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Вера Бортнік, тут, сярод іншых, былі праведзены святочныя мерапрыемствы да 500-годдзя вёскі Азяты, прайшоў абласны пленэр рэзчыкаў манументальнай скульптуры і іншыя знакавыя мерапрыемствы.

Акрамя таго, варта згадаць, што Жабінка на сёння з’яўляецца горадам-спадарожнікам Брэста. Таму мясцовыя калектывы прынялі ўдзел у святкаванні дня горада, які ладзіўся ў абласным цэнтры напрыканцы ліпеня мінулага года, а ўжо ў гэтым месяцы ў Жабінцы плануецца правядзенне аднаго з канцэртаў у рамках міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”. Як кажа Вера Бортнік, усё гэта — толькі пачатак сумеснай працы паміж брэстчанамі і жыхарамі райцэнтра. Што ж, будзем трымаць сувязь з аддзелам і чакаць новых цікавых праектаў з Берасцейшчыны...

У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі сёлета былі ўключаны традыцыі каляндарна-абрадавай выпечкі каравая, што бытуюць у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Наталля Юнчыц, захавальнікі традыцый — члены народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла Навасёлкаўскі цэнтр культуры Слонімскага РЦКНТіР. А яшчэ ў раёне летась упершыню прайшлі фестываль славянскай творчасці “Сяброўства без межаў” і “Жыровіцкі фэст”, а таксама свята малака (!) “Малочны край — людзям рай” у аграгарадку Сурынка.

Нараўлянскі раён Гомельшчыны адзначыў Год культуры фестывалем дзіцячай творчасці “Калядныя сустрэчы”, у якім прынялі ўдзел больш за 300 юных выканаўцаў з усіх куткоў раёна. А яшчэ, як паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Віктар Захаранка, артысты з Нароўлі ўзялі Гран-пры на ІХ рэгіянальным фестывалі гарманістаў “Грай, гармонік!”, што ладзіўся ў канцы ліпеня ў Ельску… Шэрагам сваіх творчых здабыткаў цягам мінулага года падзяліліся і ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут, акрамя традыцыйных святочных акцый, у рамках марафону “Ад вёскі да вёскі” аддзелам культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры” быў праведзены цыкл мерапрыемстваў “Яшчэ жыве бацькоўскі зруб”, а 14 аматарскіх калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны” ўзялі ўдзел у многіх абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах.

Пацвердзілі свой ганаровы статус і 16 “народных” і “ўзорных” калектываў з Клеччыны. Акрамя таго, як адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клецкага райвыканкама Святлана Чалык, у раёне прайшоў абласны семінар для дырэктараў раённых Цэнтраў культуры і III Абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”. Акрамя таго, вясной адбыўся рэгіянальны VIII Адкрыты фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскрынкі”, які, да слова, у наступным годзе займее агульнарэспубліканскі статус. Маштабнае мерапрыемства з удзелам юных піяністаў з усёй Беларусі і некаторых суседніх краін, як мяркуецца, пройдзе на базе Клецкай ДШМ напрыканцы сакавіка…

Што ж, нават такі невялікі зрэз культурнага жыцця паказвае, што здабыткі Года культуры ў тым ці іншым аспектах ёсць у кожным раёне краіны. У новым годзе, натуральна, будуць ажыццёўлены іншыя мерапрыемствы, а таксама запланаваны і здзейснены творчыя праекты, магчыма, і з удзелам як айчынных, так і замежных інвестараў. Балазе, вопыт у падобнай дзейнасці ў работнікаў сферы культуры назапашаны вялікі. А “К” абяцае і надалей расказваць пра творчыя здабыткі з раёнаў Беларусі на сваіх старонках, як і рабіла гэта цягам усяго Года культуры.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"