Ідэальны... спектакль?

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Сталічныя прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўжо прызвычаіліся да таго, што прыкладна раз на сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прапануе ім новы спектакль у пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Аркадзя Каца. Штораз асноўнай “інтрыгай” становіцца пытанне: якую ж чарговую “нямодную” п’есу возьме пастаноўшчык Кац і што з гэтага атрымаецца? Сёлета ў тэатральнай афішы горкаўцаў з’явіўся “Ідэальны муж” Аскара Уайльда.

 /i/content/pi/cult/161/1376/Idealny1.jpg

Сцэна са спектакля “Ідэальны муж”.

Між іншым, адчуванне актуальнасці гэтай “нямоднасці” не пакідала на працягу ўсяго спектакля. Відаць, камусьці падасца нязначным, але ж мне асабіста надзвычайную асалоду прыносіла магчымасць пачуць абсалютна ўсё, што акцёры намагаліся сказаць са сцэны. І гэта сталася сведчаннем не толькі павагі да гледачоў у зале, але і да саміх традыцый тэатральнай культуры. Зрэшты, для Каца падобнае паважлівае стаўленне і да гледачоў, і да таго драматургічнага матэрыялу, які ён выбірае для чарговага сцэнічнага ўвасаблення, — норма.
Пераказваць сюжэт спектакля наўрад ці варта: для тых, хто з п’есай Уайльда не знаёмы, застаецца дадатковая інтрыга, тым жа, хто ведае гэты твор, будзе цікава адчуць, да якой ступені іскрысты гумар англійскага драматурга ХІХ стагоддзя не страціў свайго бляску і вастрыні. Як аказалася, “гендэрная” праблема, надзвычай актуальная на пачатку ХХІ стагоддзя, утрымлівае ў сабе мноства нюансаў і адценняў, за якімі можна пільна сачыць і без сцэнічных “выкрунтасаў”. Балазе, гэтаму не перашкаджала нічога, нават даволі статычная і не функцыянальная сцэнаграфія Таццяны Швец са звісаючымі з-пад каласнікоў скульптурамі (як мне падалося, мужчынскага полу). Яны, гэтыя “ўзнёслыя” мужчыны, на працягу спектакля так і не спусціліся з нябёсаў.

 /i/content/pi/cult/161/1376/Idealny2.jpg
Місіс Чыўлі — Аксана Лясная.

Але ж жанчыны, тыя, што хадзілі па зямлі, ім не саступілі. Кожная з жаночых роляў — сапраўдны “рэванш” у бітве полаў, які дазваляе атрымаць асалоду ад майстэрства, з якім яны “паводзяць” сябе ў грамадстве: стрыманасць унутранай уладнасці Місіс Чыўлі (Аксана Лясная) і яе магчымасць нароўні з мужчынамі “варочаць” дзяржаўнымі справамі адцяняюць безапеляцыйную “правільнасць” Лэдзі Чылтэрн (Ганна Маланкіна) і непрымірымасць у адносінах да любых чалавечых слабасцей і недахопаў. А няўрымслівая, прагная да багатага эмацыянальнага жыцця маладосць Міс Мэйбл (Вераніка Пляшкевіч) яшчэ больш падкрэсліваецца, дзякуючы сцэнам з удзелам сапраўднай свецкай “ільвіцы” Лэдзі Маркбі (Бэла Масумян).

Годны “адпор” гэткай жаночай камандзе з мужчын здольны даць хіба што адзін Граф Кавершэм (Аляксандр Ткачонак), кожнае з’яўленне якога на сцэне — бліскучы ўзор акцёрскай ігры, вытанчанай, нюансіраванай і, адначасова, паглынаючай, бы магутны лівень, “паралізуючай” волю ўсіх, хто трапляе ў поле ягонага зроку. Зрэшты, іншыя мужчыны таксама не губляюць сваёй годнасці, і нават тое, што галоўны герой Сэр Роберт Чылтэрн (Аляксей Шадзько) часам пачувае сябе ў смокінгу не вельмі зручна, не ведаючы, куды пакласці рукі і як “эфектна” сесці, выклікае адчуванне ягонай кранальнасці ў такіх мілых праявах мужчынскай “падкаблучнасці”. А вось лорд Горынг (Сяргей Чэкерэс), у адрозненне ад першага, надта ж арганічна і — свядома намагаецца выглядаць дурнейшым, чым ёсць на самой справе, аддаючы магчымасць “глабальна” думаць і разважаць жанчынам, а за сабой пакідаць права на ўчынкі, прадыктаваныя ўласным розумам.

У выніку ж перамагла дружба, дакладней, усведамленне таго, што мужчыны павінны заставацца мужчынамі, жанчыны — жанчынамі, і кожны, незалежна ад “гендэрных прыкмет”, мае права на невялічкія слабасці, на разуменне і дараванне блізкіх.

Пасля спектакля адна з глядачак, выходзячы з залы, вынесла новай пастаноўцы тэатра наступны “вердыкт”: “Такое адчуванне, нібыта я сама ва ўраўнаважанай, спакойнай атмасферы чытала п’есу, і мне ніхто не перашкаджаў атрымліваць ад гэтага чытання асалоду...”

Таццяна КОМАНАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА