Іншы погляд на Агінскага-3

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Аўтар спрэчнай кнігі пра жанры і свайго героя
Я вельмі рад, што мая кніга “1813” выклікала жывое абмеркаванне на старонках газеты “Культура” (№№ 49 — 50). Асабіста я бачу, што непрыняцце кнігі “1813” выклікана ў большасці выпадкаў неразуменнем сутнасці літаратурнага жанру, у якім напісана аповесць. У гэтым тэксце пастараюся патлумачыць мастацкія асаблівасці твора і раскажу, чаму менавіта Міхал Клеафас Агінскі стаў яго галоўным героем.

/i/content/pi/cult/618/13756/4-2.jpgНаогул, спачатку хацеў бы адзначыць, што, на маю думку, перш чым брацца крытыкаваць пэўны літаратурны тэкст, варта яго спачатку прачытаць цалкам. Меркаванні, пабудаваныя на ўрыўках з інтэрнэта і на водгуках іншых чытачоў, не могуць быць аб’ектыўнымі. Магчыма, каб аўтары адмоўных рэплік, у тым ліку на старонках “К”, прачыталі ўсю аповесць “1813”, а не яе часткі, пэўнага непаразумення ўдалося б пазбегнуць. Безумоўна, з’явіліся б новыя пытанні, але гаворка рушыла б ужо ў кантэксце цэласнага разумення твора. Інакш атрымліваецца, бы з савецкіх часоў выслоўе, якое стала, як зараз модна казаць, мемам: “не чытаў, але асуджаю”.

Яшчэ хачу сказаць, што кніга “1813” — гэта цалкам мастацкі твор з вялікай доляй выдумкі, на навуковае гістарычнае даследаванне я не прэтэндаваў і не прэтэндую. Мяркую, што чытач, які возьме ў рукі “1813”, будзе разумець, што перад ім выдуманая гісторыя, у якой пэўная частка рэальных гістарычных фактаў выкарыстоўваецца для стварэння атмасферы, для пагружэння чытача ў свет пачатку ХІХ стагоддзя і не больш. Дакладна, ніхто не дадумаецца вывучаць па “1813” біяграфію Міхала Клеафаса Агінскага. Дадам яшчэ, што “1813” — гэта з‘ява масавай культуры, а навуковая праца, якой займаюцца супрацоўнікі музея-сядзібы ў Залессі — культура элітарная. Таму ацэньваць “1813” з пункту гледжання адпаведнасці тэкста канонам навуковай дзейнасці абсалютна няслушна.

Дык што ж за жанр такі, згодна з правіламі якога я пісаў “1813”? Кніга пазіцыянуецца выдаўцом як першы зомбі-хорар, напісаны па-беларуску, і я цалкам падтрымліваю такую фармулёўку. Безумоўна, Таццяна Кляшчонак мае рацыю, калі адзначае, што вобразы ажылых мерцвякоў здаўна сустракаюцца ў нашай літаратуры. У беларускіх казках і паданнях поўна такіх герояў, што вяртаюцца ў свет жывых пасля смерці. Але той вобраз паўсталых мерцвякоў-зомбі, які я выкарыстоўваю ў кнізе — гэта з’ява цалкам сучасная. Цяперашні вобраз зомбі сфармаваўся ў другой палове ХХ стагоддзя, развіваецца ён і цяпер. Само слова “зомбі” пазычана з гаіцянскіх магічных практык вуду, але ў свеце масавай культуры зомбі ўсё радзей звязваюцца з магіяй. У мадэрновым свеце і прычыны замбавання таксама мадэрновыя, у большасці выпадкаў да паўстання памерлых прыводзяць мутаваныя вірусы, вырабленыя ў сакрэтных лабараторыях. У шырокім сэнсе зомбі-зараза з фільмаў і гульняў гэта разнавіднасць пандэміі — масавай хваробы, што перадаецца ад чалавека да чалавека. І калі ў рэальным свеце хворыя паміраюць ад грыпа-іспанкі ці тыфу, то ў выдуманым свеце зомбі-вірусаў яны падчас захворвання ператвараюцца ў пачвар. Акрамя таго, у казках мерцвякі маглі размаўляць з жывымі, валодалі розумам і самаўсведамленнем, іх можна было залагодзіць ці падмануць. Мадэрновыя зомбі — гэта па сутнасці біяробаты, бяздумныя і бязглуздыя, у якіх захавалася толькі две функцыі: хадзіць і есці. Менавіта такімі хадзячымі мерцвякамі запоўнены папулярныя фільмы, серыялы, камп’ютарныя гульні і кнігі пра зомбі. Такімі ж я паказаў і паўсталых французскіх жаўнераў у сваёй кнізе.

Яшчэ адзін жанр масавай культуры сучаснасці, на які я абапіраўся пры стварэнні “1813”, — гэта мэшап (ад англійскага “mashup” — мяшанка). Ён увогуле з’ява ХХІ стагоддзя. Кніга, якую лічаць першым узорам жанра, з’явілася ў 2009 годзе. Амерыканскі пісьменнік Сэт Грэм-Сміт узяў за аснову класічны раман Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць” і дадаў у яго сцэны змагання галоўных герояў з зомбі. Кніга “Пыха і перадузятасць і зомбі” мела вялікі поспех і нядаўна была экранізавана. Той жа аўтар праз год напісаў яшчэ адзін вядомы раман у жанры мэшап — “Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў”. Згодна з сюжэтам кнігі, шаснаццаты прэзідэнт ЗША вёў двайное жыццё і прыхавана змагаўся з таемнай арганізацыяй вампіраў, якая мела на мэце падпарадкаваць Злучаныя Штаты. Сэт Грэм-Сміт апісвае рэальныя гістарычныя падзеі (напрыклад, грамадзянскую вайну 1861 — 1865 гадоў) і факты біяграфіі Лінкальна з пункту гледжання гэтай барацьбы з вампірамі. Аўраам Лінкальн постаць сусветнага маштабу, яго біяграфію вывучаюць у амерыканскіх школах, а пра яго лёс і змаганне з рабствам зняты не адзін дзясятак фільмаў. Тым не менш, творчае пераасэнсаванне дзейнасці знакамітага прэзідэнта ЗША, рэалізаванае пісьменнікам у межах жанра мэшап, не выклікала абурэння ў грамадстве. Кніга “Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў” атрымалася ўдалай і была цёпла прынята чытачамі. Увогуле, удзел рэальнай гістарычнай асобы ў творы масавай культуры моцна падагрэў цікавасць да постаці Лінкальна, услед за забаўляльнымі кніжкамі чытачы сталі звяртацца і да сур’ёзных гістарычных прац пра гэтага палітыка.

Такім чынам, я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб героем падобнай гістарычна-фантастычнай “мяшанкі” мог стаць наш знакаміты зямляк — Міхал Клеафас Агінскі. Спадарыня Таццяна піша, што я надаю Агінскаму неўласцівыя яго асобе рысы і функцыі. З гэтым я пагадзіцца не магу. Варта ўзгадаць, што Міхал Клеафас быў не толькі палітыкам ці кампазітарам — граф кіраваў атрадам інсургентаў, ведаў, як абыходзіцца са зброяй і прымяняў яе ў бітвах “касцюшкоўцаў” з царскімі войскамі. Менавіта на такі вобраз я абапіраўся, калі вырашыў выбраць Агінскага ў якасці галоўнага героя свайго твора. Міхалу Клеафасу даводзілася змагацца за сваю Радзіму са зброяй у руках, і ў маёй кнізе ён робіць гэта паўторна, няхай і пры выдуманых абставінах. Таццяна Кляшчонак называе местачковым патрыятызмам тое, што месцам дзеяння кнігі я абраў Маладзечна. Але ў чым тут мая віна, я не разумею. Лёс Міхала Клеафаса Агінскага звязаны і з нашым горадам, прадстаўнікі роду мелі тут маёмасць, у сучасным Маладзечне ёсць вуліца Агінскага, у гонар кампазітара названы музычны каледж, каля яго — помнік славутаму земляку. Па меркаванні майго апанента гэта ўсё таксама праявы местачковага патрыятызму?

Калі я абдумваў напісанне кнігі, вырашыў, па-першае, месцам дзеяння абраць родныя для мяне мясціны. Па-другое, выкарыстаць падзеі вайны 1812 года як прычыну з’яўлення на Маладзечаншчыне хадзячых мерцвякоў. У наваколлях горада, як сведчаць гісторыкі, узімку 1812-га засталося шмат непахаваных жаўнераў, што загінулі ў адной з апошніх бітваў той вайны. Па-трэцяе, узяць у якасці героя якога-небудзь слыннага земляка, які пасаваў бы па гістарычным перыядзе і меў досвед удзелу ў баявых дзеяннях. Сталася так, што ніхто іншы акрамя Міхала Клеафаса Агінскага на гэтую ролю не падышоў. Безумоўна, давялося прыдумаць прычыну, чаму граф з’явіўся ў Маладзечне ў 1813 годзе, а не ў 1814, як гэта было ў рэальнай гісторыі, трохі “перапісаць мінулае”, каб дадаць жывасці персанажу. Але “1813” на тое і мастацкі твор, што дае аўтару пэўную свабоду фантазіі.

Не магу сцвярджаць, што мая кніга будзе спрыяць папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Але добра будзе, калі хаця б адзін з сотні чытачоў зацікавіцца рэальнай гісторыяй кампазітара, прачытае яго біяграфію ці наведае музей у Залессі. Калі гэты чалавек стане наведвальнікам сядзібы-музея, няхай і з дурацкімі пытаннямі пра зомбі, якіх апасаецца спадарыня Таццяна Кляшчонак, ці дрэнна гэта для музея? Няўжо павелічэнне колькасці турыстаў хаця б на аднаго ці на дваіх — гэта тое, чаго асцерагаюцца навуковыя супрацоўнікі музейнай установы? Мяркую, усё ж не. А можа, гэта будзе якраз той чалавек, які набудзе кнігу пра дзяцінства Міхала Клеафаса, якую ў хуткім часе, спадзяюся, выдасць спадарыня Таццяна?

Уладзімір САДОЎСКІ, краязнаўца

Ад рэдакцыі. Гэтай публікацыяй “К” завяршае палеміку пра кнігу “1813”, даўшы слова і аўтару, і яго апанентам. Такім чынам, газета выканала сваю ролю дыскусійнай пляцоўкі, не ператварыўшы пры гэтым абмеркаванне ў перакідванне абвінавачваннямі і захаваўшы ўзровень палемічнасці. Дзякуем усім удзельнікам сумоўя за актыўную пазіцыю ў дачыненні да абмеркавання праяў культурнага працэсу!