Алгарытм эканоміі

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Мінску прайшоў семінар-практыкум “Эфектыўнасць укаранення сучаснага энергазберагаючага абсталявання ва ўстановах культуры”. У мерапрыемстве, якое распачаў намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка, прынялі ўдзел кіраўнікі арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству, і намеснікі начальнікаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў.

У Белдзяржфілармоніі ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з варыятыўнасцю штучнага асвятлення. Агляд энергазберагаючага абсталявання быў прадоўжаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе ладзілася экскурсія па тэхналагічным маршруце энергазабеспячэння галоўнай бібліятэчнай установы краіны.

Аналізуючы рэалізацыю энергазберагальных праграм, галоўны спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Варонін нагадаў прысутным, што Міністэрства культуры, абласныя ўпраўленні, гарадскія і раённыя аддзелы, кожная арганізацыя галіны штогод распрацоўваюць мерапрыемствы па эканоміі энергарэсурсаў. Крыніцамі фінансавання з’яўляюцца рэспубліканскі і мясцовы бюджэты, інавацыйны фонд Міністэрства энергетыкі краіны, уласныя, у тым ліку і пазабюджэтныя, сродкі арганізацый. Галіновая праграма па энергазберажэнні складаецца з дзвюх частак і ахоплівае арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама ўпраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

За апошнія 5 гадоў затраты на ўкараненне мерапрыемстваў па энергазберажэнні ўзраслі з 1 млрд. 270 млн. рублёў да больш чым 16 млрд. Трохкратнае павелічэнне асваення сродкаў у 2007 годзе ў адносінах да пазамінулага звязана ў многім з будаўніцтвам аграгарадкоў. Летась найбольшае фінансаванне адзначана па ўпраўленнях культуры Гомельскага, Віцебскага і Мінскага аблвыканкамаў.

У ходзе семінара было адзначана, што па арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры, эканамічны эфект ад устаноўкі эканамічных свяцільняў, шклопакетаў, цеплаабменнікаў, рэгулятараў падачы цяпла, ад правядзення тэрмарэнавацыі і замены катлоў склаў летась 70 млн. рублёў, або 267 тон умоўнага паліва.

З найбольшай аддачай спрацавалі па ўкараненні энергазберагаючага абсталявання ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы, Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, Гомельскім дзяржаўным цырку, ААТ “Віцебск — Белпрамкультура”, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Праграма бягучага года разлічана на атрыманне гадавой эканоміі ў 770 тон умоўнага паліва. Дэфіцыт фінансавання праграмы складае на сёння 1 млрд. 870 млн. рублёў з агульнага кошту больш чым у 3 млрд. рублёў. Міністэрства культуры прадпрымае ўсе магчымыя меры па дадатковым фінансаванні. Сёлета найбольшы аб’ём энергазберагаючых мерапрыемстваў выкананы ў Белдзяржфілармоніі і РТБД.

І апошні, немалаважны нюанс. У Міністэрстве культуры не прадугледжана мэтавае фінансаванне на ўкараненне мерапрыемстваў па эканоміі рэсурсаў. Таму кіраўнікам арганізацый неабходна планаваць гэтыя расходы са сродкаў, прызначаных на капітальны і бягучы рамонт. А для прыцягнення грошай інавацыйнага фонду Мінэнерга варта больш канкрэтна працаваць з тэрытарыяльнымі органамі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Адкласці справу на заўтра ніяк не атрымліваецца, бо даручэнне Урада краіны надта канкрэтнае: да 2010 года знізіць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў па арганізацыях Міністэрства культуры не менш чым на 25 працэнтаў да леташняга ўзроўню.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ