Ігар

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Словы пра мастака Ігара Цішына
Мастак і літаратар Адам Глобус працягвае дзяліцца на старонках "К" сваімі "Словамі..." пра мастакоў. Ужо апублікаваныя эсэ пра Міколу Селешчука, Андрэя Радзівонава, Руслана Вашкевіча. Сёння — тэкст з тэкстаў пра Ігара Цішына.

/i/content/pi/cult/618/13747/8-2.jpgРэпрадукцыі

Мастак, як усе астатнія майстры сваёй справы, мусіць старанна вучыцца ў папярэднікаў. Школа ў мастака доўгая, пачынаецца ў дзіцячай студыі, працягваецца ў вучылішчах, пераходзіць у інстытуты ды акадэміі і далей ідзе ва ўласнай майстэрні. Маладым мастакам дапамагаюць настаўнікі і выкладчыкі, але акрамя іх даводзіцца вучыцца на выставах, у галерэях і ў музеях. У час нашай з Цішыным маладосці вялікую частку ведаў мастакі атрымлівалі праз кнігі. Купіць дарагую кнігу школьніку ці нават студэнту было цяжка. Большасць нашых бібліятэчак складалі кнігі танныя з кепскімі рэпрадукцыямі. Менавіта гэтыя бляклыя і няякасныя выявы рабілі на Ігара найбольшае ўражанне, бо гледзячы на іх, можна было шмат чаго дадумаць і даўяўляць. Малафарматныя рэпрадукцыі і здымкі натхнялі дый зараз натхняюць Ігара Цішына значна больш, чым карціны ў музеях. Ён і сам пра гэта шмат казаў, і на яго палотнах гэткае вынесенае з маладосці захапленне моцна адбіваецца.

Кніга

Можна нават не спрачацца з тым фактам, што сваю найлепшую кнігу мы прачытваем у дзяцінстве. Я кажу пра лёсавызначальныя кнігі. Нехта зачытваецца апавяданнямі пра Холмса і паступае вучыцца на следчага. Хтосьці захапляецца Рабінзонам Круза і прысвячае жыццё падарожжам. Гэтыя прыклады ляжаць на паверхні. Пра іх шмат напісана і шмат сказана. Ёсць кнігі і менш знакамітыя, але іх уплыў на маладога чалавека можа быць гэтаксама важным. Так на Ігара Цішына паўплывала кніга Аспавата пра мастака Рыверу. У біяграфіі Дыега Рыверы хлопчык Ігар убачыў будучыню з доўгімі гадамі вучобы, з жыццём за мяжой, з выставамі ў Парыжы, Лондане і Венецыі. Цішын не толькі пабачыў у кнізе ўласную будучыню, ён сваё жыццё выбудаваў па ёй. Нават калі Ігар змагаецца за сацыяльную справядлівасць, гэта моцна нагадвае палітычную актыўнасць мексіканца Рыверы. Праўда, трэба заўважыць, знешне творы Цішына мала чым падобныя на творы лацінаамерыканскага рэвалюцыянера.

Касцюкоўка

У мастацкую вучэльню Ігар Цішын прыехаў яркім мастаком, які нават на іспытах змог напісаць акварэллю запамінальную кампазіцыю… Праз цёмна-сінюю вясковую ноч поўз нагружаны сенам трактар. Ён свяціў бліскучымі зялёна-блакітнымі фарамі. На высокім стозе сена, пад самым зорным небам сядзелі хлопчыкі. Трактар калываўся, вуркатаў і павольна насоўваўся на гледача. Пазней, я ўсё чакаў, калі Цішын паўторыць свой экзаменацыйны шэдэўр. Ён яго не паўтарыў, быў заняты іншымі не менш запамінальнымі кампазіцыямі. Не паўтарыў сваю выразную экзаменацыйную кампазіцыю і сябра Цішына — Сцяпаненка. Яны абодва выглядалі на іспытах падрыхтаванымі мастакамі. У вучэльні Цішын і Сцяпаненка трымаліся, як і большасць землякоў, разам. Быў у іх і старэйшы сябра, з іх роднага гарадскога пасёлка Касцюкоўка — Вова Ісачанка. Касцюкоўскіх у вучэльні было трое, а вось жодзінскіх — шмат, мае знаёмыя койданаўскія хлопцы вучыліся ўжо ў інстытуце, але падтрымлівалі мяне, чым маглі. Без зямляцтва, без падтрымкі старэйшых, у мастацкім свеце жыць і выжыць цяжкавата, асабліва ў самым пачатку, калі трэба пакінуць бацькоўскі дом у Касцюкоўцы і перабрацца жыць у сталічны горад. Ісачанка і Сцяпаненка моцна дапамаглі ў гэтым Цішыну, можна сказаць, што дапамаглі, як ніхто іншы.

Пано

Ёсць такі ход у слязлівых успамінах, які пачынаецца словамі “Хацеў зрабіць і не зрабіў…” Яго шмат хто выкарыстоўвае, бо ён выдатна працуе. Таму і я зраблю падобнае. Згадаю, як разам з Ігарам Цішыным задумалі напісаць пано памерам тры на дзевяць метраў. На пано мы збіраліся зрабіць копію фрэскі з касцёла ў Мсціславе. На тым залаціста-вохрыстым сценапісе быў па-майстэрску выкраслены арган з птушкамі. У сталярнай майстэрні мы замовілі дванаццаць падрамнікаў. Ігар знайшоў у інтэрнаце будаўнікоў прасторны пакой на тэхнічным паверсе, куды мы завезлі свежыя і светлыя падрамнікі з крыжавінамі. Трэба было неадкладна пачынаць працу над пано, а мы цягнулі час. Цягнулі і дацягнулі да таго, што жаданне напісаць вялікі арган прапала. Падрамнікі мы перадалі ў рэстаўрацыйныя майстэрні. Часам мне сніцца, як разам з Ігарам Цішыным я пішу на вялікіх палотнах арган і птушак — белакрылых галубоў і шэрых саловак.

Інтэрнацыянал

Цішын скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Сярод акадэмічных заданняў у інстытуце было і маляванне галавы чалавека ў вялікім памеры. Любоў да манументальных і выразна зробленых галоў Ігар культывуе заўжды. Ён зрабіў шмат партрэтаў Хармса, пісаў Платонава і Эйзенштэйна, Суціна і Сартра. Героі і гераіні з фотаздымкаў рэвалюцыйнага Родчанкі цэлымі атрадамі перайшлі на палотны Цішына. Не толькі любімцы і геніі робяцца ў Ігара веліканамі, разам са станоўчымі персанажамі павялічваліся і адмоўныя. Яшчэ адно акадэмічнае заданне з часоў інстытута шмат дзе прысутнічае на малюнках Ігара Цішына — шрыфты. У карцінах шмат літар і слоў, многа сказаў, што складаюцца ў своеасаблівую постмадэрністычную паэзію. Жывапісная постфутурыстычная лірыка Цішына шчыльная, лаканічная і шматмоўная. Можна сказаць, што ў творах Ігара пануе праўдзівы, рамантычны і арганічны інтэрнацыянал.

У-жос

У Ігара Цішына ёсць сваё ўласнае слова для вызначэння найвялікшай кепскасці — “у-жос”. У ім рускае “ужас”, беларускі вужака і беларускае незваротнае “ўжо здарылася непапраўнае”. У майстэрні павесіўся найбліжэйшы з таварышаў Ігара Цішына, наш Валік Дзяленьдзік — у-жос! Жыццё і праца ў Расіі, у богам выклятай Пензе, сярод знаёмых, напампаваных гарэлкай, — у-жос. Пензарт? Не жарт! Пензарт — рэальны у-жос. Выкладанне ў мастацкай вучэльні — у-жос. Каб у мяне запыталі, якім адным словам можна акрэсліць усё жыццё і ўсю творчасць любімага паэта Ігара Цішына — Хармса, я акрэсліў бы яго цішынскім словам “у-жос”. У творчасці самога Цішына хармсаўскага “у-жоса” шмат, зашмат і яшчэ крышку.

Літаратура

На канцэрце ў Доме літаратара мастачка Тамара спытала ў мяне: “Як думаеш, пісьменнікі ведаюць пра тое, што быць пісьменнікам сорамна?” Шчыра кажучы, я тады згадаў толькі аднаго пісьменніка, які пра гэта задумваўся і казаў, што без пачуцця сораму за сябе і за свае літаратурныя вопыты нічога вартага не напішацца. Таму я схіліўся да Тамары і ўпэўнена сказаў: “Леў Талстой ведаў... Пэўна і большасць тутэйшых пісак пра гэта здагадваюцца...” — “Слухаючы іх бессаромныя самаўсхваленні, пра гэта не скажаш. Не ведаюць нашы пісьменнікі пра сорам ці проста ведаць не хочуць”. Я не стаў спрачацца з Тамарай, бо крыху пакрыўдзіўся на яе. Нейкім чынам я і сябе залічваў да пісьменнікаў. Больш за тое, я думаю, што працаваць палітыкам ці артыстам значна больш сорамна, чым займацца літаратурай. Размову з Тамарай я згадаў, калі прачытаў у тэксце Ігара Цішына наступнае: “Калі паспрабаваць уявіць сябе літаратарам, робіцца гідка...” Ігар ведае пра што кажа, бо і сам ён таленавіты і самабытны літаратар. Сам напісаў і выдаў кніжачку гратэскных апавяданняў, у якіх супрэматыст Казімір Малевіч дзейнічае разам з беларускімі сынамі — партызанамі. Галоўнае тут тое, што да сябе і да сваёй літаратурнай дзейнасці Ігар ставіцца іранічна, звышпатрабавальна і самакрытычна.

Нябёсы

Каб Ігар Цішын крычаў ці павышаў голас, я ніколі не чуў. Пэўна і прозвішча ў Ігара правільнае — адпаведнае натуры. Ён сціплы, стрыманы і ціхмяны. Ён нават смяецца нягучна. Рогат, віскат і гырканне — гэта не пра яго. Таму мяне заўсёды надоўга спынялі творы Цішына, на якіх ён маляваў і перамалёўваў крык. У Ігара ёсць імправізацыі на матыў карціны Эдварда Мунка “Крык”. Ёсць крыкі са стопкадраў, запазычаных з рэвалюцыйных кінафільмаў Сяргея Эйзенштэйна. Ёсць крыкі, зробленыя з плакатаў 1920-х. Немы крык — вобраз, які пераследуе мастака Цішына праз усё жыццё. Яго героі спрабуюць дакрычацца да нябёсаў, і зрэдчас у іх гэта атрымліваецца.

Плыні

Па малюнках і палотнах Цішына цячэ шчыльная плынь з выяў. У літаратуры ёсць падобны мастацкі прыём — плынь свядомасці, калі аўтар запісвае думкі, што прыходзяць у галаву. Выглядае на тое, што Цішын фіксуе на плоскасці візуальныя вобразы, якія перапаўняюць яго. Вобразы з’яўляюцца і знікаюць, яны збольшага недафармаваныя і недаакрэсленыя, яны пазначаныя, але не вызначаныя да канца. Каб давызначыцца, дапраявіцца, давыказацца, вобразы настойліва паўтараюцца. У творчасці Цішына шмат паўтораў, але кожны глядзіцца пераканаўча, як чорныя акуляры на носе ў летні, сонечны і гарачы дзень.

Маўчанне

З Ігарам Цішыным цяжка гаварыць, але з ім добра маўчаць. У Цішыне шмат змястоўнага маўчання. Словы яму даюцца цяжка. Яны ў яго каструбаватыя, грувасткія, пабітыя на кавалкі. Ён іх піша на палотнах, занатоўвае на паперках, нават у кніжках выдае. Цішын, як і кожны разумны мастак, любіць і ўмее працаваць са словам, толькі ў дадатак да працы са словам ён выдатна працуе з маўчаннем, з замоўчваннем, з цішынёю… Дарэчы, найлепшыя з паслядоўнікаў Ігара вучыліся ў яго менавіта маўклівасці.

На ілюстрацыі: Адам Глобус. “Беларус, Ігар Цішын”.

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар