Музей, які стварыў Пех

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, археолаг, калекцыянер і мастак Георгій Пех (1897 — 1969) сёння амаль забыты і нідзе не прыгадваецца. Яго постаць застаецца не самай вядомай да гэтага часу не толькі на Ваўкавышчыне, але і ў Беларусі наогул нават сярод тых, хто займаецца гісторыяй, краязнаўствам, археалогіяй. Даследчыкі ведаюць, што быў такі Пех, але ягоны лёс, творчасць і пошукі ніхто ніколі грунтоўна не даследаваў. А гэта быў таленавіты, адукаваны, апантаны сваёй справай чалавек. Ён шмат зрабіў для беларускай археалогіі. Прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска, падрабязна іх апісаўшы, у тым ліку і ў друку. Гэта чалавек, які любіў і даследаваў свой край, які ва ўсіх анкетах і біяграфіях, дзе б ні жыў, заўсёды пісаў, што ён — беларус.

/i/content/pi/cult/618/13742/12-1.jpgЗ біяграфіі

Георгій Пех нарадзіўся 17 снежня 1897 года ў горадзе Луга былой Санкт-Пецярбургскай губерні Расіі ў сям’і беларуса Іосіфа Пеха (родам з Беласточчыны), што быў шанаваным чалавекам, працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, потым механікам. (Тэлеграфісткай працавала і маці Георгія Клаўдзія Васільева (паходзіла з сям’і рускага генерала Васільева) і яго дзед.) Бацька нашага героя быў яшчэ і дужа прыкметным чалавекам пры росце каля двух метраў і вазе не менш як паўтара центнера. Кажуць, мясцовыя рамізнікі не хацелі падвозіць Іосіфа на сваіх брычках, бо баяліся, каб ён іх не зламаў.

Перад Першай сусветнай вайной Іосіфа Пеха накіравалі ў Свянцяны Віленскай губерні на пасаду кіраўніка тэлеграфа, дзе абслугоўваўся ўчастак чыгункі ад Нарвы да Панявежа. Ён пераехаў з усёй сям’ёй. Сын Георгій скончыў ў новым мястэчку гарадское чатырохкласнае вучылішча, адразу ж паступіў у гімназію. Але ў верасні 1915 года праз эвакуацыю гімназіі ў Невель вучобу спыніў, зноў пераехаўшы з бацькамі ў Лугу. Восенню 1916-га Георгій паступіў у 12-ю Петраградскую гімназію, аднак доўга там не павучыўся: разам з бацькам выехаў у Чарнавіцы і стаў сам працаваць тэлеграфістам на чыгунцы Галіцыі і Букавіны (у падпарадкаванні ваеннага ведамства). Георгій добра ўмеў працаваць на апараце Морзэ. Праўда, з Чарнавіц як вайскоўца яго хутка адкамандзіравалі ў чацвёрты дарожна-чыгуначны атрад, што падпарадкоўваўся сёмаму корпусу арміі генерала Аляксея Брусілава.

У маі 1917 года, калі расфарміравалі атрад, Георгій Пех зноў вярнуўся ў Петраград, дзе скончыў электратэхнічныя курсы, атрымаў спецыяльнасць механіка тэлеграфа, працаваў на станцыях Нарва, Луга. А калі Віленшчыну вызвалілі ад немцаў, у лютым 1919 года быў прызначаны ў Віленскую акругу шляхоў зносін на станцыю Панявеж. Там ён працаваў да мая, пакуль у горад не ўвайшлі літоўскія войскі. Потым Георгій захварэў на тыф, каля двух месяцаў праляжаў у бальніцы, а калі ачуняў — паехаў у Нова-Свянцяны, дзе спаткаўся з маці і братамі. Ад іх і даведаўся, што падчас захопу Нова-Свянцян белапалякамі загінуў бацька (яго там жа і пахавалі).

У Нова-Свянцянах Георгій працуе канторшчыкам службовага руху дарожна-чыгуначнага транспарта. А з 1931 года ён пераехаў у Ваўкавыск. За палякамі Пех, як сцвярджае ваўкавыскі краязнаўца Мікалай Быхаўцаў, працягваў вучобу ў Віленскай тэхнічнай школе (але ў сваіх аўтабіяграфіях пра яе Пех не згадвае. — С.Ч.), скончыўшы яе з адзнакай. Як выдатнага спецыяліста, яго накіроўвалі на працу ў Беласток. Там малады, высокі і прыгожы Георгій знаёміцца з Аляксандрай Чапчук, якая працавала на прадзільнай фабрыцы. Маладыя людзі бяруць шлюб. У хуткім часе спецыяліста запрасілі ў Ваўкавыск, куды ён з жонкай і паехаў. Пазней ў горад прыехалі яго маці з братамі.

І археалогія

З юнацтва Георгій стаў цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны, марыў працаваць у музеі. З часам стаў калекцыянаваць манеты, старыя рэчы, моцна захапіўся краязнаўствам і археалогіяй. А ў 1925 годзе ў Гародні пазнаёміўся з археолагам Восіпам Ядкоўскім (Юзафам Іадкоўскім). Апошні запрасіў Пеха прыняць удзел у раскопках “Шведскай гары” каля Ваўкавыска — першых раскопках Георгія.

Наогул, Ядкоўскі шмат разоў гасцяваў у Пехаў, яны разам абышлі амаль усю Ваўкавышчыну. А ў 1935 годзе тамтэйшы інжынер Давыдоўскі прапанаваў Георгію Пеху ў сутарэннях будынка староства адкрыць музей. Гэты год і лічыцца заснаваннем Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна, які існуе і сёння. Для захоўвання прадметаў Давыдоўскі выдаткаваў Пеху некалькі шафаў. А наш герой пачаў ездзіць то ў Вільню, то ў Варшаву (балазе меў права на бясплатны праезд) па экспанаты: кнігі, манеты, археалагічныя знаходкі...

У той час ён пачаў даследаваць Ваўкавышчыну і суседнія паветы. А ў 1937 годзе даследчык роднага краю становіцца сябрам Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, і яго актыўна запрашаюць на канферэнцыі. З прыходам савецкай улады ў Ваўкавыск, Георгія Пеха з 1 студзеня 1940 года прызначаюць дырэктарам Ваўкавыскага краязнаўчага музея. Адпрацаваў ён на гэтай пасадзе да 31 снежня 1940 года. А з 1 студзеня да 23 чэрвеня 1941 года працаваў на пасадзе загадчыка гістарычнага аддзела Гродзенскага дзяржаўнага музея. Калі пачалася Вялікая Айчыннай вайна, Пех разам з сям’ёй пераязджае ў Беласток да жончыных сваякоў. Там ён уладкаваўся памочнікам машыніста на манеўровым паравозе, а жонка гандлявала гароднінай, якую скупляла ў вяскоўцаў. Таксама для беластоцкай газеты “Новая дарога”, якую рэдагаваў паэт Хведар Ільяшэвіч, у 1943-м Пех пісаў гісторыка-археалагічныя артыкулы. Мне ўдалося адшукаць тры такія тэксты.

У Ваўкавыску

Калі немцы пакінулі Ваўкавыск, Георгій Пех з сям’ёй вяртаецца ў вызвалены горад. Найперш яго цікавіў лёс музея і музейных экспанатаў. Ён пачаў абыходзіць мясцовых жыхароў. Але знайшлося дужа мала, большая частка каштоўных рэчаў знікла. Аднак ваўкавыскі руплівец не апусціў рук: ён збірае па наваколлі савецкую і нямецкую зброю, уніформу, узнагароды, дакументы часоў акупацыі. А 18 студзеня 1945 года Ваўкавыскі аддзел народнай адукацыі прызначае яго дырэктарам краязнаўчага музея.

Праз год Пех піша ліст народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу з просьбай дапамагчы знайсці сродкі для аднаўлення музея. І Якуб Колас дапамагае: на гэтыя мэты паступіла 500 рублёў. Пасля шматлікіх клопатаў у 1948 годзе пад музей аддаюць адно памяшканне ў былым панскім маёнтку каля дарогі на Слонім, дзе ў 1812 годзе некалькі дзён знаходзіўся штаб Другой Заходняй арміі рускага войска з генералам Пятром Баграціёнам. Сам будынак быў пабудаваны ў 1805 годзе, сёння з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Але аднаго пакоя для музея і тады было мала. Пех дабіўся, каб пад музей з цягам часу аддалі ўвесь будынак. А 27 лютага 1953 года музей быў ператвораны з краязнаўчага ў ваенна-гістарычны імя Баграціёна.

Пасля Другой сусветнай вайны вялікія музеі Савецкага Саюза абавязаны былі дапамагаць мясцінам, якія знаходзіліся пад акупацыяй. На жаль, беларусы такую магчымасць амаль не выкарысталі. Але Георгій Пех з Ваўкавыска яе не абмінуў. У пачатку 1950-х у Ленінградзе быў ліквідаваны інжынерна-артылерыйскі музей, і Пех дабіўся, каб частку экспанатаў адтуль перадалі ў Ваўкавыск, асабліва тыя, што тычацца вайны 1812 года: гусарскія мундзіры, зброя, карціны, гравюры, кнігі... У Ваўкавыскім музеі захоўваецца ці не адзіная ў Беларусі поўная калекцыя рускіх узнагарод таго часу. З Ленінграда і Масквы Георгій Пех вёз старую кальчугу, заходнееўрапейскія, персідскія, турэцкія, расійскія шаблі, мячы, рапіры, шлемы. І тое, што ён меў ва ўласнай калекцыі, таксама аддаў установе. Многія яго экспанаты і сёння захоўваюцца ў іншых музеях Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях. Дарэчы, Пех збіраў манеты і паштовыя маркі: яго калекцыя налічвала звыш 15 тысяч паштовых марак. Была там і першая марка Расійскай імперыі 1857 года.

Раскопкі

З Георгіем Пехам як з дырэктарам музея, калекцыянерам даўніны, выдатным археолагам, навукоўцам раіліся кандыдаты і дактары навук, супрацоўнікі інстытутаў гісторыі акадэмій навук БССР і СССР, яго запрашалі на навуковыя канферэнцыі, на чытку лекцый. Але да таго, каб стаць кандыдатам, а пасля і доктарам навук, гэтага яго не дапускалі. Ніхто ніколі яму нават не параіў абараніць дысертацыю па беларускай археалогіі. Нават мала публікавалі яго працы, а тыя, якія выходзілі ў навуковых выданнях — вельмі скарачалі.

Летам 1948 года Георгія Пеха запрашаюць прыняць удзел у раскопках Мінскага замчышча. Пех пагадзіўся. І з 15 чэрвеня да 3 верасня 1948 года з’яўляўся начальнікам атрада археалагічнай экспедыцыі. У працоўнай дамове, копія якой захоўваецца ў аўтара гэтых радкоў, ад 8 чэрвеня 1948 года пазначана, што Пех меў выканаць шэраг работ: кіраваць рабочымі пры раскопках на Мінскім замчышчы плошчай да 100 квадратных метраў, выконваць шэраг рабочых замалёвак, чарцяжоў, асобныя даручэнні кіраўніка раскопак, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем раскопак, праводзіць фіксацыю і этыкеціраванне знаходак, рабіць чарнавыя запісы ў дзённіку раскопак і гэтак далей. Георгій Пех усё выконваў шчыра і з вялікім задавальненнем, а прымаў ён удзел у раскопках Мінскага замчышча і ў 1946, і ў 1947 і ў 1949 гадах.

31 жніўня 1948 года Георгій Пех атрымлівае ліст з Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, у якім паведамляецца, што яму дазваляецца праводзіць раскопкі на гарадзішчы “Шведская гара” ў Ваўкавыску. І ўсе “савецкія і грамадскія арганізацыі Ваўкавыскага раёна заклікаюцца дапамагаць археолагу ў паспяховым выкананні ўскладзеных на яго даручэнняў”. І Пех “ускладзеныя на яго даручэнні” выканаў. А ў 1958 годзе ў Ваўкавыску ён зноў праводзіць самастойныя раскопкі, даследуе таксама ваколіцы — Аменічы, Рыбакі, Зубаўшчыну, Лазы, Мітрані, Мсцібаву, Турэйскае гарадзішча, курганны могільнік каля вёскі Чырвонае Сяло і іншыя.

Георгій Пех умеў сябраваць. У яго па ўсім былым Савецкім Саюзе, а таксама ў Польшчы ставала шмат сяброў-аднадумцаў. Ён з імі перапісваўся, даваў парады, сам у іх раіўся па розных музейных і археалагічных справах, аднадумцы бывалі адзін у аднаго ў гасцях. Так, шчыра шмат гадоў Георгій Пех сябраваў з заснавальнікам Слонімскага краязнаўчага музея і такім жа, як ён сам, апантаным калекцыянерам, краязнаўцам і музейшчыкам Язэпам Стаброўскім (1870 — 1968). У 1946 годзе Пех завітаў да яго ў Слонім. Тут, у траншэі на замчышчы, на глыбіні каля двух метраў, ён знаходзіць некалькі фрагментаў сярэднявечнай керамікі і кавалак шклянога бранзалета жоўтага колеру. Знойдзеныя прадметы сталі падставай для правядзення на замчышчы археалагічных раскопак у 1953 і 1959 гадах, у выніку чаго лакалізавалі гістарычны цэнтр Слоніма.

Першыя раскопкі ў райцэнтры і ў вёсцы Васілевічы Слонімскага раёна Георгій Пех правёў восенню 1953 года. У маім хатнім архіве захоўваюцца копіі двух адкрытых лістоў на дазвол Пеху праводзіць раскопкі ў Слоніме (на месцы былога замка Агінскага) і аднаго кургана ў вёсцы Васілевічы. Па іх выніках Георгій Пех зрабіў некалькі пісьмовых справаздач, а таксама публікацыю ў кнізе “Древности Белоруссии”.

Дарэчы, Георгій Пех з 1 чэрвеня па 15 верасня 1946 года працаваў у самім Слонімскім краязнаўчым: Язэп Стаброўскі ўзяў яго да сябе, бо ў Ваўкавыску тады з-за розных музейных непаразуменняў з мясцовым кіраўніцтвам ён некалькі разоў звальняўся з працы. Але яго зноў клікалі ў Ваўкавыск, і ён вяртаўся…

Георгій Пех — мастак

Георгій Пех быў таксама добрым жывапісцам і скульптарам. Дагэтуль у ваўкавыскім музеі і ў іншых скарбніцах Беларусі знаходзяцца яго скульптурныя і жывапісныя карціны, на якіх адлюстраваны гусар гродзенскага палка на кані, Баграціён, Карбышаў, скульптурная група піянераў-падпольшчыкаў, бой каля Ваўкавыска ў 1812 годзе, бюсты Леніна і гэтак далей. Дарэчы, бюстаў Леніна скульптар у тыя 1940-я — 1950-я нарабіў шмат. На той заробак, які ён пры жыцці атрымліваў, пражыць і пракарміць сям’ю было цяжка, таму і ляпіў ён правадыра, прадаваў тыя бюсты калгасам, якія з радасцю іх куплялі і ставілі ў свае “чырвоныя куткі”. Пры гэтым Георгій Пех ніколі не быў членам кампартыі, таму савецкія партыйныя чыноўнікі і глядзелі на яго заўсёды неяк асцярожна. Аднойчы Пеха нават хацелі ўзнагародзіць ордэнам, але даведаліся, што ён беспартыйны і ордэн “замялі”. Заахвочвалі ж краязнаўцу і музейшчыка толькі ганаровымі граматамі.

Пакінуў музей Георгій Пех у 1967 годзе, тады яму было ўжо 70 гадоў. А праз два гады яго не стала (19 мая 1969-га). Перад смерцю ён прадаў шмат каштоўных выданняў са сваёй уласнай бібліятэкі, калекцыю манет і іншыя рэчы з прыватнай калекцыі, бо баяўся, што сваякам не будзе за што яго пахаваць.

Памяць

Пра знакамітага беларуса, заснавальніка Ваўкавыскага музея, археолага, краязнаўцу, мастака, калекцыянера мала хто і калі згадваў. Маленькая інфармацыя пра яго ёсць у энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”, прыгадваў пра яго і краязнаўца з Ваўкавыска Мікалай Быхаўцаў, і мінскі журналіст Віктар Корбут. Вось, бадай, і ўсё. А Георгій Пех заслугоўвае большай памяці, асабліва ў Ваўкавыску, дзе пакінуў вялікі і арыгінальны музей. Музей, які павінен насіць яго імя, і помнік Георгію Пеху мусяць быць у Ваўкавыску, як і вуліца яго імя.

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнаўца, літаратар