Выбар музеяў: абмен ці “векавы” дэпазіт?

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Разам з сусветнай супольнасцю Беларусь сустракае Міжнародны дзень музеяў. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам “Музей як сродак сацыяльных змен і развіцця”. Акурат пра гэтыя змены і трансфармацыі ў нашай краіне ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, якая напярэдадні прафесійнага дня адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і дырэктары вядучых музеяў рэспублікі распавялі не толькі пра ўласныя найбліжэйшыя праекты і перспектыўныя планы, але абазначылі шэраг актуальных праблем і задач гэтых устаноў.

 /i/content/pi/cult/161/1374/Vybar-muzeeu1.jpg
У прыватнасці, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш зазначыў, што вельмі значную ролю ў наданні правільнага “вектара” развіцця музейнай справы ў нашай краіне адыграла прыняцце і выкананне Дзяржаўнай праграмы развіцця музеяў і музейнай справы, распрацаванай да 2010 года. Яна прадугледжвае шэраг істотных накірункаў дзейнасці. Сярод іх — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне новых устаноў, філіялаў тых, што ўжо існуюць, адкрыццё новых экспазіцый.

На працягу трох бліжэйшых гадоў з’явяцца новыя музеі ў Жабінцы, Жодзіне і Петрыкаве. Акрамя таго, згодна з названай Дзяржаўнай праграмай, да канца 2010 года плануецца ажыццявіць капітальны рамонт 53 падобных устаноў культуры, адкрыць 24 новыя філіялы, а з 80 экспазіцый, што мяркуецца наладзіць, 39 будуць створаны ў музеях нацыянальнага значэння.

Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць планамернай работы па каардынацыі музейнай справы ў краіне. Віктар Кураш адзначыў важнае значэнне унікальнай для Беларусі акцыі: летась упершыню адбылася поўная інвентарызацыя і зверка фондаў устаноў-”скарбонак” рэспублікі. Вынікі яе сёння можна агучыць: у беларускіх музеях знаходзіцца 2 857 700 адзінак захавання. На працягу гэтай карпатлівай працы ва ўстановах была выяўлена недастача 2743 прадметаў музейнага захоўвання, але на лічбу гэтую ў значнай ступені паўплываў не заўсёды ўважлівы ўлік экспанатаў: некаторыя з іх былі занесены ў рэвізійныя кнігі па некалькі разоў. Аднак маецца сярод страчаных прадметаў і 345 рэліквій з утрыманнем каштоўных металаў (у асноўным, ваенныя ўзнагароды, страчаныя ў 1980-ыя гады, прычым па кожным з тых фактаў у свой час былі заведзены крымінальныя справы).

Той факт, што зборы нарэшце ўпарадкаваны, можна разглядаць і як яшчэ адзін істотны крок на шляху стварэння адзінага Дзяржаўнага каталога музейных фондаў Рэспублікі Беларусь. Такі поўны звод дасць магчымасць не толькі весці цэнтралізаваны ўлік і кантроль стану скарбаў краіны, але і прадаставіць магчымасць правядзення зверак, падобных да леташняй, рэгулярна іаператыўна.
 /i/content/pi/cult/161/1374/Vybar-muzeeu2.jpg

Безумоўна, закранулі музейныя работнікі і супрацоўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пытанне захавання і вяртання нашай гісторыка-культурнай спадчыны, якое Прэзідэнт абазначыў у ліку першачарговых задач у штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. І сёння, бадай, ніхто ўжо не задае пытанняў, навошта займацца гэтай няпростай працай. Ужо зроблены шэраг прынцыповых крокаў у гэтым накірунку на самых розных узроўнях, так што Беларусь выразна абазначыла сваю пазіцыю па названым пытанні.

Аднак, як зазначыў начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, любая, нават самая настойлівая, ініцыятыва з нашага боку нярэдка сутыкаецца з адной прынцыповай праблемай: заканадаўства шэрагу еўрапейскіх дзяржаў не прадугледжвае абавязацельстваў па вяртанні матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у краіну іх паходжання. Сядзець склаўшы рукі і чакаць актаў добрай волі відавочна бессэнсоўна.

На сённяшні дзень можна вылучыць два асноўныя шляхі па вырашэнні гэтых пытанняў. Першы — абмяняць каштоўнасці з фондаў нашых “скарбніц” на тыя, якія прадстаўляюць не меншую вартасць для краін іх паходжання. Натуральна, што гэты шлях мае цэлы шэраг пэўных няпростых “парогаў”, такіх, як вызначэнне тых прадметаў, якімі мы гатовы “ахвяраваць” узамен, і стварэнне спецыяльнага абменнага фонду. А такая структура патрэбна. У прыватнасці, неабходнасць арганізацыі беларуска-расійскай дзяржаўнай камісіі па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей пад час нядаўняга візіту ў Мінск адзначаў старшыня Падліковай Палаты Расійскай Федэрацыі Сяргей Сцяпашын, пры чыёй ініцыятыўнай падтрымцы ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка слуцкіх паясоў з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. Ды і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў перакананы, што вяртанне слуцкіх паясоў праз іх абмен — не прыхамаць, а важкі крок па сцвярджэнні нацыянальнай годнасці.

Другі шлях вяртання на радзіму страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцей, які актыўна выбірае сёння большасць дзяржаў, — практыка ўключэння ў экспазіцыю прадметаў, што па тых ці іншых прычынах знаходзяцца за межамі нашай дзяржавы і належаць калекцыям іншых музеяў, шляхам прыняцця іх на доўгатэрміновы дэпазіт. У прыватнасці, такім спосабам — дэпазітам на год — Польшча прадаставіць нашай краіне калекцыю Радзівілаўскіх партрэтаў, якія будуць экспанавацца ў Нясвіжскім замку пасля завяршэння там рэканструкцыі. Дарэчы, гэты шлях адкрывае для Беларусі насамрэч неабмежаваныя магчымасці па далучэнні нашых грамадзян не толькі да страчаных нацыянальных каштоўнасцей, але і да лепшых узораў сусветнага мастацтва. І распрацоўка грунтоўнай прававой базы ў гэтай галіне дазволіць зрабіць цалкам рэальнай і не такой складанай нават практыку “векавых” дэпазітаў.

Вяртаючыся ж да прафесійнага свята — Міжнароднага дня музеяў, адзначым, што сёлета яно ўпершыню будзе святкавацца віртуальна. З гэтай ідэяй да Міжнароднага саюза музеяў звярнуўся Музей навукі і тэхнікі з амерыканскага горада Сан-Хасэ — “сэрца” Сіліконавай даліны. Яны і прапанавалі адкрыць спецыяльны сайт, на якім у рэжыме тэлеканферэнцыі прафесіяналы і ўсе ахвотныя змогуць прыняць удзел у абмеркаваннях актуальных тэм са свайго жыцця і далучыцца да віншаванняў са святам.

Ну, а 18 мая, па традыцыі, дзверы ўсіх музеяў не толькі Беларусі, але і свету будуць адчынены для наведвальнікаў бясплатна.

Таццяна КОМАНАВА