Тузін з нашага дызайну

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Спроба ахапіць неабсяжнае не можа быць паспяховай па вызначэнні. Усё адно давядзецца ставіць нейкую мяжу, рабіць выбарку паводле якіхсьці, магчыма спрэчных, крытэрыяў, вымушана вылучаць стрыжнявы складнік і на ім засяроджваць увагу. Ініцыятары праекта “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы” мусілі зыходна ведаць, што іх у любым выпадку, незалежна ад выніку працы, не пахваляць, але раскрытыкуюць абавязкова — за суб’ектывізм, няправільна расстаўленыя акцэнты, за прысутнасць у даведніку нібыта непатрэбнага і адсутнасць неабходнага.

Вось і асабіста мне ў гэтым даведніку сярод 170 згаданых прадметаў не хапае, напрыклад, атрыбутаў беларускай шляхецкай культуры (слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалер); элементаў вайсковага рыштунку 1812 года, прылад сялянскай працы, пераробленых у зброю паўстанцамі Кастуся Каліноўскага. Хацеў бы я пабачыць тут Віцебскі трамвай — адзін з першых у Расійскай імперыі, узоры жаночай моды, якая на пачатку мінулага стагоддзя ў Мінску і Вільні краілася па тых жа лекалах, што ў Парыжы і Нью-Ёрку, самаробнай партызанскай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узораў прадукцыі сучаснай “абаронкі” — скажам, рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз” (вытворчасць наладжана ў год юбілею Міхала Клеафаса Агінскага), некаторых артэфактаў часу “дэмантажу” СССР і аднаўлення паўнавартаснай беларускай дзяржаўнасці.

Але я разумею, што наяўны даведнік, незалежна ад таго, чаго я ў ім не знайшоў, а што палічыў залішнім, ужо ёсць фактам нацыянальнай культуры. І сваім існаваннем ён спрыяе цывілізаванай дыскусіі пра крытэрыі нацыянальнай ідэнтычнасці ў матэрыяльнай культуры, якая заўжды ў большай ці меншай ступені ўніверсальная. Зрэшты, пагартаўшы даведнік, міжволі ды задумаешся, а што ж такое дызайн? Існаваў ён заўжды ці акрэсліўся як сацыяльна-культурны феномен у часы індустрыяльнай рэвалюцыі? Дзе мяжа паміж дызайнам і мастацтвам у яго звыклым разуменні?

З прыведзеных у даведніку рэчаў я вылучыў бы тузін такіх, якія, на маю думку, насамрэч могуць сімвалізаваць свой час і ўвасабляюць пазачасавае паняцце “Беларусь”. Вось яна, мая асабістая, падкрэслю, вынятка “тутэйшага дызайну”.

Манета надрукаваная на Берасцейскім манетным двары ў 1660 годзе. Найменне барацінка атрымала ад прозвішча каралеўскага сакратара італьянца Бараціні, які ва ўмовах эканамічнага крызісу, выкліканага вайной са Швецыяй, ініцыяваў дэцэнтралізацыю эмісійнай сістэмы — стварэнне на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага новых манетных двароў у дадатак да Віленскага. Барацінка з’яўляецца матэрыяльным сведчаннем скарыстання ў нашай дзяржаве яшчэ ў Сярэднявеччы практыкі прыцягнення замежных экспертаў у якасці антыкрызісных менеджараў, і шырэй — знакам таго, што Беларусь, хоць і пад рознымі гістарычнымі імёнамі, але заўжды была інтэграванай часткай Еўропы.

Шэдэўр машынабудавання, брэнд беларускага аўтапрама. За савецкім часам палова сусветнай вытворчасці аўтамабіляў высокай грузаўзнімальнасці сыходзіла з жодзінскага канвееру. Сёння “БЕЛАЗ” бярэ 450 тон грузаў, і гэты рэкорд застаецца недасягальным для канкурэнтаў беларускага волата. Жодзінскі завод мог з’явіцца ды эфектыўна працаваць толькі ва ўмовах унутрысаюзнай кааперацыі і падзелу працы.

Ваза — візітоўка сталінскага ампіру — стылю, у якім пасля вайны адбудоўвалася наша сталіца і які ў тых ці іншых праявах прысутнічае, бадай, ва ўсіх беларускіх гарадах і паселішчах. Хоць сталінскі ампір задумваўся і рэалізоўваўся як сродак культурнай уніфікацыі, на справе ён набываў пэўныя рысы нацыянальных культур народаў Савецкага Саюза. Так, ва Украіне ён набліжаўся да барока, у Прыбалтыцы — да готыкі, у Сярэдняй Азіі — да традыцый ісламскай архітэктуры. У беларускай жа версіі сталінскі ампір мае аблічча класіцызму.

Да чарнобыльскай катастрофы дазіметрамі карысталіся хіба вайскоўцы і навукоўцы, пасля 1986 года яны сталі ў Беларусі шырока запатрабаванымі. Дык вось, дазіметры для шырокага кола карыстальнікаў выпускаюцца ў Беларусі пагэтуль. Зразумела, што навука і тэхналогіі за трыццаць гадоў пасунуліся наперад, адпаведна, і сучасныя прылады ўжо мала падобныя да “чарнобыльскіх”.

Дуда, у рускамоўнай версіі — “волынка”. Мяркуецца, што такую назву ў нашых усходніх суседзяў гэты старажытны музычны інструмент атрымаў праз тое, што ў Расію трапіў з Валыні. Паводле гістарычнай завядзёнкі, сваё мы пачынаем шанаваць, калі нешта падобнае заўважым у замежжы. Вось і сваю дуду мы “зацанілі”, калі дуда/валынка сцвердзілася ў свеце як адзін з сімвалаў Шатландыі (і Вялікабрытаніі наогул). У 1980—1990-х у Беларусі дуда ўспрымалася як сакральны знак, як атрыбут нацыянальнай тоеснасці. Сёння гэта проста музычны інструмент, які, аднак, глядзіцца даволі экзатычна ў кантэксце музычнага хайтэку.

У дадзеным канкрэтным выпадку гаворка пра зубра як пра эмблему Мінскага аўтазавода ў сувенірнай версіі. У шырокім сэнсе — беларускі нацыянальны звер, сімвал нацыі. У такой якасці ўпершыню ўшанаваны ў лацінамоўнай паэме генія беларускай і еўрапейскай літаратуры Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Аднак дзеля справядлівасці адзначу, што вярнулі зубра з нябыту ў жывую прыроду не беларусы, а палякі, якія ў час паміж дзвюма сусветнымі войнамі зрабілі ў Белавежскай пушчы запаведнік, куды засялілі апошніх зуброў, што дажывалі свой век у заапарках.

Калыска яшчэ называецца люлькай і зыбкай. Дзіцячы ложак. Гістарычна склалася канструкцыя на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Масавая вытворчасць у БССР была наладжана ў міжваенны перыяд. У пазнейшы час калыску выцеснілі з побыту дзіцячыя вазкі. Калі калыска належыць традыцыйнай вясковай культуры, дык вазок — гэта праява ўрбанізацыі. Маючы на ўвазе Беларусь, можна сказаць, што ў ХХ стагоддзі цэлы пласт вясковага насельніцтва пераехаў у горад, стаў індустрыяльнай нацыяй. Замена калыскі вазком у пэўным сэнсе можа сімвалізаваць гэты працэс, які, дарэчы, доўжыцца і дагэтуль.

Кітабы, рукапісныя кнігі беларускіх татараў, ствараліся з ХVI стагоддзя. Пісаныя беларускай мовай арабскім шрыфтам. Гісторыкі культуры адзначаюць парадаксальнасць гэтых помнікаў пісьменства. Справа ў тым, што арабіца больш дакладна, чым кірыліца тае пары, перадае шэраг асаблівасцей тагачаснай беларускай мовы. Такім чынам, дзякуючы беларускім татарам, мы ведаем, як насамрэч гучала наша мова ў Сярэднявеччы. Зноў жа, Кітабы — увасабленне ўласцівай нашаму краю рэлігійнай і культурнай талерантнасці.

Пакласці ў куфар можна што заўгодна, але ягонае асноўнае прызначэнне — захоўваць пасаг маладой. Дзеля гэтай мэты яго распісвалі кветкамі і арнаментамі. Сустракаюцца сапраўдныя шэдэўры інсіту.

Намітка — жаночы галаўны ўбор рушніковага тыпу. Шэдэўр з таго ж шэрагу, што японскае кімано ці індыйскае сары. Гэты ўбор статусны, яго мае права насіць толькі замужняя жанчына. Намітка надае постаці годнасць, робіць кожны жаночы твар, незалежна ад узросту, прыгожым. Адзін з найбольш выразных і пазнавальных сімвалаў беларушчыны.

Станік, інакш кажучы, бюстгальтар. Вынаходніцтва канструкцыі сучаснага станіка належыць ураджэнцы Ракава Ідзе Розэнталь. Прыдумала яна гэту рэч на радасць жанчынам (ды і мужчынам, калі яны той станік расшпільваюць) у 1922 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі. У Беларусі развіццём творчай ідэі Іды Розенталь займаецца не адна кампанія, але, бадай, найвядомая —“Мілавіца”. На прыкладзе апошняй відаць, што нацыянальным брэндам можа быць не толькі аўтапрам ці “абаронка”. З вытворчасці прыгажосці традыцыйна сілкуецца Францыя. Але сёння — і Беларусь.

Трактар “Беларус” у свеце ведаюць лепш, чым народ, які даў трактару сваё імя. Просты і надзейны як аўтамат Калашнікава, але прызначаны для мірнай працы. Зборачныя вытворчасці “Беларуса” створаны ў шэрагу краін.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"