Васільевіч, або Кіно на… валах

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Гісторыя кінасеткі Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці пачалася з 1936 года. Драўляны будынак кінатэатра “Радзіма”, разлічаны на 180 месцаў, знаходзіўся па вуліцы Ленінская (насупраць царквы). На балконе там усталявалі кінаапаратуру, якая сілкавалася ад мясцовай электрастанцыі. Кіраўніком установы стаў Пётр Віннікаў. Ды мне хочацца распавесці не толькі пра ўзнікненне кіно ў Хоцімску, але і пра работніка кінасеткі, які ўсю сваю працоўную дзейнасць прысвяціў дэманстрацыі кіно, заслужанага работніка культуры БССР, свайго дзядулю Мікалая Дыбкіна. Ён прайшоў шлях ад кінамеханіка гужавой перасоўкі да дырэктара кінатэатра “Кастрычнік”.

/i/content/pi/cult/617/13735/13-2.jpgНарадзіўся ён у 1930 годзе ў Арлоўцы Хоцімскага раёна. З 1938-га па 1942-гі Мікалай Васільевіч вучыўся ў сваёй вёсцы, а затым два гады — у хоцімскай вячэрняй школе. Скончыўшы ў 1947-м Мінскую рэспубліканскую школу кінамеханікаў, Дыбкін прыехаў на сваю малую радзіму. Затым малады спецыяліст звярнуўся да дырэктара кінасеткі раёна Пятра Віннікава, каб ён дапамог уладкавацца на працу ў кінатэатр. У 1948 годзе Мікалай пачаў працаваць кінамеханікам гужавой перасоўкі для перавозкі кінаабсталявання на конях ці валах па абслугоўванні сельскіх населеных пунктаў. Прычым гужавая перасоўка была адна на ўвесь раён. Здаралася, што Мікалай цэлы месяц не бываў дома — ездзіў па вёсках раёна і паказваў мастацкія фільмы, якіх тады чакалі ўсе.

Мікалай Васільевіч згадваў: “Пасля вайны кінасеансы дэманстраваліся ў перапоўненых гледачамі калгасных пабудовах, у прыватных дамах, школах і адкрытых пляцоўках. Клубаў у вёсках яшчэ не было. Па дамоўленасці з калгасамі па святах і ў будні дэманстраваліся мастацкія, навукова-папулярныя фільмы. І як прыемна было нам, кінамеханікам, слухаць словы падзякі ад гледачоў!”

Многія ідуць працаваць кінамеханікамі, бо ведаюць: кіно — цікавы від мастацтва. Падчас авалодвання прафесіяй бачна, што гэтая справа ў большай ступені тэхнічная. Калі патрапіў у кінасетку, дзе адну кінастужку, напрыклад, месяц паказваюць, дык глядзець яе, канешне, сумна, таму людзі “астываюць”, а іншыя і зусім не лічаць гэтую прафесію вартай увагі. Але ж ці можна ўявіць сабе чалавека ў кінатэатры, важнейшага за кінамеханіка! Дзякуючы ім гледачы бачаць работу акцёраў і рэжысёраў, менавіта ад кінамеханікаў залежыць якасць паказу стужкі.

“Працоўны дзень кінамеханіка, — прыгадваў Мікалай Дыбкін, — працягваўся ад пачатку першага сеанса да фінальных тытраў апошняга фільма, гэта значыць ад 9-й раніцы, напрыклад, да поўначы. Навагоднюю ноч многія таксама праводзілі на працоўным месцы. Мне, як чалавеку сямейнаму, у гэтым плане было няпроста. Акрамя таго, у рабоце з апаратам заўсёды існавала рызыка траўміраваць рукі ад частак, якія рухаюцца, даводзілася штодзень дыхаць выпарэннямі разагрэтай плёнкі. Механік таксама займаўся рэгулярным тэхаглядам апаратуры, рабіў чыстку і змазку дэталяў. Для чысткі стужкапрацягвальнага механізма я выкарыстоўваў звычайную зубную шчотку”.

У 1954 годзе пры галоўным кінатэатры ў Хоцімску быў арганізаваны кінарамонтны пункт. Ужо ў 1966 годзе ў адпаведнасці з загадам абласнога ўпраўлення кінафікацыі ў Хоцімскім раёне ствараецца галаўны кінатэатр. Мікалай Дыбкін прызначаецца яго дырэктарам. Калектыў, узначалены Мікалаем Васільевічам, неаднаразова займаў першыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах з прысуджэннем пераходзячага Чырвонага Сцяга, яго кіраўнік неаднойчы ганараваўся высокімі ўзнагародамі.

У 1970-я стары кінатэатр разабралі, бо паўстала пытанне пра будаўніцтва новага. Часова фільмы паказвалі ў цагляным будынку былога райкама КПБ, пазней — у памяшканні Дома культуры (сёння — Свята-Троіцкі сабор). У 1977 годзе па ініцыятыве першага сакратара райкама партыі Кацярыны Рашчынскай адбылося адкрыццё новага будынка кінатэатра на 400 месцаў з усімі неабходнымі прыбудовамі: гараж, фільмаправерачная, кінамайстэрня, санітарны вузел. Кінатэатр атрымаў назву “Кастрычнік”, першы сеанс тут адбыўся 4 кастрычніка. Зараз установа стала Раённым цэнтрам культуры “Мір”. Дарэчы, сёння ў ім кінамеханікам працуе Тамара, дачка Мікалая Васільевіча. Яна з дзяцінства палюбіла праводзіць час на працы ў бацькі, глядзець мастацкія фільмы праз вакенца кінаапаратнай, дапамагаць пераматваць стужку. Не дзіва, што Тамара і сама атрымала ў Добрушы адукацыю кінамеханіка, пасля чаго вярнулася на радзіму.

“І зараз мне сніцца мая праца… Таму што ўсё маё жыццё прайшло ў кіно… Сустракаю іншы раз вяскоўцаў, якія кажуць: “Калі ты, Васільевіч, прывозіў фільм, мы ведалі, што ён абавязкова будзе цікавым!” — згадваў Мікалай Дыбкін, чыё сэрца перастала біцца ў 2014 годзе.

Святлана КАСМАЧОВА, настаўнік

Хоцімск