З’езд прайшоў. Што далей?

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Мабыць, XXII з’езд Беларускага саюза мастакоў, які 14 снежня прайшоў у Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў, за ўсю гісторыю мінулых з’ездаў быў самым вялікім у колькасных адносінах дэлегатаў, якія прынялі ўдзел у яго рабоце: 437 мастакоў (не лічачы 80 чалавек, якія адсутнічалі па ўважлівых прычынах) — ад 1022 сяброў БСМ! У рабоце з’езду прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і першы намеснік міністра Ірына Дрыга. У іхніх выступленнях закраналіся важныя праблемы і ўласна беларускага нацыянальнага мастацтва ў прасторы краіны ды замежжа, і арганізацыйна-творчыя ўзаемаадносіны Міністэрства і Беларускага саюза мастакоў. Старшынёй БСМ на новы тэрмін быў зноў абраны Рыгор Сітніца.

/i/content/pi/cult/617/13725/4-3.jpg

Падчас XXII з’езду Беларускага саюза мастакоў. / Фота Сяргея ГРЫНЕВІЧА

Калі я думаю пра нашых мастакоў, чамусьці заўсёды прыгадваю пастэрнакаўскія радкі “Ты вечности заложник, у времени в плену...”, якія, на мой погляд, цалкам могуць быць адрасаваныя “творцам цудоўнага”, што, мерай адпушчанага ім Богам таленту, сапраўды з’яўляюцца “вечности заложниками”. Так, “у времени в плену” ўсе мы, але мастак перажывае тую залежнасць асабліва востра. Яго грамадзянскае, чалавечае пакліканне ў тым, каб хуткаплынны час захоўваўся ва ўсім багацці мастакоўскага ўспрымання і радасцяў жыцця, і “сердца горестных замет”, і філасофскага адчування эпохі. Менавіта такія думкі прыйшлі да мяне і напярэдадні работы гэтага з’езда.

Дык пра што ж ішла гаворка на гэтым важным для мастацкага жыцця краіны форуме? У мінулым нумары “К” у артыкуле “Што адбываецца ў “каралеўстве люстэрак?” я выказваў пажаданне, каб, не ў прыклад папярэднім з’ездам, асноўная ўвага ўсё ж была нададзена менавіта творчым пытанням, якія тычыліся б пазітыўных і негатыўных аспектаў прафесійных якасцей як асобных твораў розных відаў і жанраў, стыляў і кірункаў, светаадчуванняў і светапоглядаў, так і выставак у цэлым. Як-ніяк, а саюз мастакоў — перш за ўсё арганізацыя творчая! А потым — усё астатняе, тое, што накіравана на падтрымку прафесійнага мастацтва, і ніяк інакш.

Але і гэтым разам — своеасаблівая парамнезія, дэжавю. Асабліва адносна асабіста для мяне блізкіх праблем — надзённых, неадкладных: мастак і глядач, мастак і чытач, мастак, СМІ і мастацтвазнаўчая выдавецкая дзейнасць. Словам, прапаганда і папулярызацыя нацыянальнай выяўленчай культуры ў сучасным соцыуме. Я ўжо не згадваю нават тое, пра што казаў шматкроць: якая і ў якой ступені (на прыкладзе БСМ) духоўная культура сёння патрэбная дзяржаве? Выставак было вельмі шмат і ў Мінску, і ў рэгіёнах, і за мяжой краіны, але практычна ўсе яны не аналізаваліся, пра іх амаль ніхто прафесійна не пісаў ды не паказваў па тэлебачанні, каталогі не рабіліся, не лічачы тых рэдкіх выданняў, якія творцы выпускалі за свой кошт. Штосьці, канешне ж, друкавалася ў газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”, але для рэспублікі ў цэлым — гэта кропля ў моры. Тым больш мала хто з мастакоў ды іншых дзеячаў культуры тыя выданні чытае ды выпісвае. Хаця, па шчырасці, з дапамогай Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў за гэты перыяд былі выдадзены фундаментальныя альбомы пра жыццё і творчасць Віталя Цвіркі і Генадзя Шутава. Дарэчы, на з’ездзе было пастаўлена пытанне аб выданні новага абноўленага энцыклапедычнага даведніка “Беларускі саюз мастакоў”. Яго вырашаць новаму кіраўніцтву саюза.

Канешне ж, за перыяд з 2014 года радай БСМ і яе прэзідыумам, аб’ектыўна кажучы, было зроблена нямала, пра што падрабязна сказаў у сваім справаздачным дакладзе старшыня саюза Рыгор Сітніца. Асабліва гэта тычыцца выставачнай (у колькасных адносінах) і вытворча-эканамічнай дзейнасці — двух важных “кітоў” нашай грамадскай арганізацыі. Недахопы? Куды ж без іх. Былі і будуць — такая наша планіда ў гэтым складаным свеце, дзе сучаснае выяўленчае мастацтва прабывае ў нейкай стагнацыі, у параўнанні хаця б з апошнімі дзесяцігоддзямі мінулага стагоддзя, калі, як ні парадаксальна тое прагучыць, яшчэ існаваў моцны ідэалагічны прэс. Зараз быццам бы ёсць усе магчымасці ствараць свабодна і “што хачу”, але шэдэўраў я нешта не ўбачыў, асабліва ў найважнейшых жанрах жывапісу — фігуратыўнай карціне і кампазіцыйным партрэце. Ды і ў манументальным і дэкаратыўным мастацтве ў сувязі з адсутнасцю заказаў, не лічачы рэдкіх дзяржаўных, — свае складаныя пытанні. Як і ў скульптурнай творчасці. Можа, на вышыні новае, так званае “беларускае” канцэптуальнае, актуальнае мастацтва? За рэдкім выключэннем — зноў жа дэжавю. І калі гавораць, што мы часта выстаўляемся за мяжой нашай краіны, і нас дзесьці там прывячаюць, — гэта мяне не пераконвае. На жаль, сёння па вялікім рахунку і там, так скажам, крызіс прафесійнай якасці…

Так, у прасторы выставак гэтага часу адбываліся нацыянальныя, міжнародныя і замежныя праекты, рэспубліканскія, абласныя, групавыя, персанальныя акцыі ды пленэры: нашы мастакі прынялі ўдзел амаль у 700 выстаўках, сімпозіумах ды іншых мерапрыемствах у Беларусі і за яе межамі. І тут важную ролю адыгралі добрыя творча-арганізацыйныя сувязі Саюза з Міністэрствам культуры, з гар- і аблвыканкамамі, з іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі ды грамадскімі ўстановамі. Шмат карыснага было зроблена прэзідыумам і радай саюза і ў іншых галінах: гаворка — пра дзейнасць мастацкіх камбінатаў, Палаца мастацтва ды іншых галерэй, рамонт нерухомай маёмасці і набыццё асноўных сродкаў вытворчасці, прыбытак ад асноўнай дзейнасці (арэнды) і гэтак далей.

Але кардынальныя пытанні часу — хто мы і куды мы, мастакі, сёння ідзём, якія перспектывы чакаюць нас заўтра, і наогул, што такое “добра” ў сучасным беларускім мастацтве, а што “не” — на з’ездзе, на жаль, не закраналіся. Нясмелыя спробы некаторых прамоўцаў дакрануцца да такіх праблем патаналі ў праблемах арганізацыйнага парадку. Пытанні, безумоўна, важныя, але нельга забываць, што, паўтараю, саюз у першую чаргу — гэта творчасць, і ён існуе для гледачоў, для народа, каму мастацтва і належыць.

Сярод галоўных кірункаў працы на бліжэйшыя гады на з’ездзе былі вызначаны як стратэгічныя, так і тактычныя дзеянні: умацаванне эканамічнага становішча праз развіццё яго вытворчай базы, кансалідацыя намаганняў усіх структур БСМ па абароне творчых, матэрыяльных і маральных інтарэсаў членаў саюза... Зрэшты, такія пастановы заўсёды пасля кожнага з’езда былі пазітыўныя, аптымістычныя; іншая справа, як яны потым рэалізоўваліся.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"