Іншы погляд на Агінскага-2

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Дык дзе тут Міхал Клеафас зомбі ганяў?
Мабыць, усім вядомае выслоўе, што пераможцаў не судзяць, што важны толькі вынік, а ўжо сродкі дасягнення мэты — справа другасная. Ёсць, аднак, і нязгодныя з гэтай тэзай. Яны мяркуюць, што высакародная мэта можа быць спляжана, скампраметавана, калі сродкі ёй не адпавядаюць. Папулярызацыя здабыткаў нацыянальнай гісторыі, пашырэнне культурнай прасторы, безумоўна, годная справа. Але прысвечаная асобе знакамітага Міхала Клеафаса Агінскага кніга “1813” Уладзіміра Садоўскага справакавала дыскусію пра этычныя межы творцы. Прынамсі, пра гэта інтэрв’ю з навуковым супрацоўнікам Музея-сядзібы Агінскага ў Залессі Таццянай КЛЯШЧОНАК.

/i/content/pi/cult/616/13712/5-1.jpg— Спадарыня Таццяна, ці можа, на вашу думку, кніга Уладзіміра Садоўскага “1813” быць скарыстаная ў вашай працы для папулярызацыі асобы Агінскага?

— Не! Ужо сама вокладка кнігі прымусіла мяне ўздрыгануцца. Партрэту Агінскага, які намаляваў Франсуа Ксаўе Фабр, мясцовы афарміцель надаў “выразнасці”, аздобіўшы выяву кампазітара скрываўленым зубастым чэрапам і пісталетам. А потым было знаёмства з тэкставымі ўрыўкамі, змешчанымі ў сеціве. У час шпацыру па ваколіцах Маладзечна Агінскі патрапляе на зледзянелыя трупы французскіх салдат. Адзін з іх нават спрабуе ўхапіць яго за крысо вопраткі, але Агінскі, ахоплены ўспамінамі, таго нават не заўважае. У гэты момант ён згадвае, як пісаў ліст да жонкі: “Памятаеш, як я хлапчуком прабраўся туды [гаворка пра стайню ягонага дзядзькі Францішка Ксаверыя Агінскага, уладальніка Маладзечна ў 1783 — 1813 гадах], скраў лепшага варанога скакуна і лётаў па сенажаці, ловячы рукамі вецер? А потым атрымаў такіх бізуноў, што хадзіць тыдзень не мог”.

— Што менавіта вас уразіла ў гэтым урыўку?

— Арыстакрат, нашчадак Рурыкавічаў, выхаваны імператарскім гувернёрам з Вены, найбагаты спадкаемец роду, ён ужо ва ўзросце чатырох гадоў прысутнічаў на прыёмах і гутарыў з каралём Рэчы Паспалітай — і раптам “атрымаў бізуноў”! Ды хто ж адважыцца ўзняць на яго руку? Прыгонныя па вызначэнні не маглі біць свабодных людзей. Застаецца дзядзька… Але ж ён не мог апусціцца да такой ганьбы роду перад грамадой! Гэта першае. А па-другое, ёсць тут храналагічнае несупадзенне.

— Патлумачце.

— Калі Агінскі “быў хлапчуком”, а гэта 1770-я, ягоны дзядзька Францішак Ксаверый жыў не ў Маладзечне, а ў Вільні. А тую сядзібу, дзе Міхал Клеафас нібыта каня скраў, ягоны дзядзька атрымаў толькі ў 1783 годзе паводле запавету пасля смерці свайго бацькі князя Тадэвуша. Міхалу Клеафасу на той момант было 18 гадоў, ён пачаў удзельнічаць з пасяджэннях сейму ў Варшаве ў якасці вольнага слухача і каментатара. Так ён набываў палітычны вопыт.

А калі Агінскі насамрэч быў хлапчуком, дык ён жыў у бацькоўскім палацы пад Варшавай, і выхоўваў яго згаданы імператарскі гувернёр Жан Рале на працягу 11 гадоў — з 6 да 17. Хлопчык спецыялізаваўся на напісанні навуковых трактатаў на замежных мовах, а некаторыя прадметы яму выкладалі каралеўскія прыдворныя. Малаверагодна, каб Міхал Клеафас мог ездзіць з Варшавы ў Маладзечна пагасціць у дзядзькі. Па тым часе гэта надта далёка. Да ўсяго, далёкай, чатырохюраднай, яму тая радня. Кантактаў з ёй Агінскі не падтрымліваў. Так што ён ніколі не жыў у Маладзечне — ні да 1813 года, ні пасля. У мемуарах ён піша: “…я пакінуў Пецярбург 28 красавіка 1802 года, маючы намер адасобіцца назаўсёды са сваёй сям’ёй у адной з вёсак паблізу Вільні, жыць там незалежна і займацца толькі справамі майго дома…” З родным дзядзькам, уладальнікам Маладзечна, ён меў непрыязныя і няпростыя стасункі. Пра гэта ён таксама піша ў сваіх мемуарах. Вайну 1812 года Міхал Клеафас правёў у Пецярбургу пры імператары Аляксандры І, а па вясне з’ехаў у Італію. Ягоная жонка Марыя была цяжарная трэцяй дачкой і мела намер нарадзіць дзіця ў Заходняй Еўропе...

Мяркую, калі наогул брацца за тое, каб пісаць пра Агінскага, варта пачытаць ягоныя мемуары. Яны, дарэчы, ёсць у продажы ў нашым музеі. Пяць гадоў таму мемуары былі перакладзены часткова Вольгай Рамановіч, а летась — цалкам некалькімі перакладчыкамі. Калі ж падлеткі будуць знаёміцца з асобай Агінскага выключна праз кнігу “1813”, дык праз які год у наведвальнікаў нашага музея з ліку гэтых чытачоў будзе да экскурсаводаў адно пытанне: дзе тут Агінскі зомбі ганяў?

— Урэшце, прыгодніцкая літаратура больш запатрабаваная, чым мемуарная.

— Я за развіццё і ўзбагачэнне беларускай літаратуры новымі відамі і жанрамі, у тым ліку і фантазійнымі. Сама ўжо амаль скончыла пісаць навукова-папулярную аповесць пра дзяцінства Міхала Клеафаса Агінскага пад назвай “Жан Рале”, заснаваную на шматлікіх дакументальных звестках і ўспамінах самога Агінскага. Калі гаворка заходзіць пра тое, што трэба папулярызаваць уласную гісторыю, дык звычайна ў якасці станоўчага прыкладу згадваюць творы Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”. І было б някепска, каб сучасныя аўтары арыентаваліся менавіта на такую якасць. Да ўсяго, Караткевіч не ўказваў, дзе канкрэтна размяшчаўся Альшанскі замак, і тым самым пазбегнуў спрэчак з літаратурнымі крытыкамі, гісторыкамі. Тое ж варта было рабіць і аўтару “1813”. Вось Садоўскі піша, што Міхал Клеафас жыў у Маладзечна ў родавым замку князёў Агінскіх, хоць сучаснікі называлі ўладанне замкам князёў Збажанскіх. А родавыя рэзідэнцыі Агінскіх былі пабудаваныя, у асноўным, вакол паселішча Агінты паміж Вільняй і Трокамі, і там шмат што ацалела да сённяшняга дня. Маладзечанскі замак перайшоў у рукі Міхала Клеафаса толькі ў 1814 годзе, пасля смерці дзядзькі. Нам трэба прызвычайвацца да таго, што гісторыя магнацкіх рэзідэнцый — гэта дакладная навука.

Уладзімір Садоўскі пазіцыянуе сябе як закладальнік новай плыні ў беларускай літаратуры — зомбі-хорару. Калі ж засяроджвацца не на тэрміналогіі, а на сутнасці, дык нічога новага ў тым няма — звычайная страшылка кшталту тых, пра ўсялякіх нячысцікаў, якімі ў беларускіх вёсках у доўгія вечары страшылі непаслухмяных дзетак. Аўтар “1813” лічыць, што з дапамогаю такога жанру ён зробіць папулярным сярод чытачоў вобраз Міхала Клеафаса Агінскага і да таго ж прасуне наперад беларускую літаратуру. Па мне, няхай піша свае страшылкі, але не закранаючы Агінскага. Хаця ажылыя мерцвякі і шкілеты ўжо настолькі збіты вобраз…

— Але ж без такога галоўнага героя сама кніга губляе сэнс. Вы ўвогуле супраць таго, каб падобнага роду літаратура своеасабліва трактавала гістарычнае аблічча нацыянальных герояў?

— Каб на ролю змагара з мерцвякамі быў абраны нехта іншы, не ўзнікла б увогуле ніякіх пярэчанняў. Ёсць легендарныя постаці, пра якіх мала што вядома канкрэтна. Іх жыццяпіс складаецца, у асноўным, з домыслаў і ўсялякіх версій — ад цалкам верагодных да абсалютна фантастычных. Тут для пісьменніка шырокае фантазійнае поле. Але што да Агінскага, пра якога ў юбілейны год было столькі напісана… З’явіліся даследаванні ягонай біяграфіі, творчай спадчыны, палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці, удзелу ў касцюшкаўскім паўстанні і эміграцыі, знойдзены звесткі пра яго продкаў і нашчадкаў, пераклады мемуараў на рускую і часткова на беларускую мовы. Паколькі жыццё Агінскага даволі падрабязна задакументавана, нельга адвольна пераносіць яго ў месцы, дзе ён прынцыпова не мог быць, і надаваць яму неўласцівыя ягонай асобе рысы і функцыі. Ну і выбар выдатнага кампазітара і грамадскага дзеяча на ролю пагромшчыка мерцвякоў у ваколіцах Маладзечна выглядае местачковым патрыятызмам. Бо дзейнасць Агінскага насамрэч была куды больш маштабнай. Гэта постаць з агульнаеўрапейскага пантэона.

(Артыкул Тараса Тарналицкага, што і стаў нагодай для дыскусіі, чытайце тут.)

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"