Філасофскі выхад у “Свет...”

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

За адзін вечар Беларускі балет паказаў адразу тры прэм’еры. Класічная “Пахіта”, створаная Марыусам Пеціпа (1881), суседнічала з “Палавецкімі скокамі” ў версіі Міхаіла Фокіна, прызначанай для першых “Рускіх сезонаў” у Парыжы (1909). Прычым абедзве гэтыя пастаноўкі ажыццявіў на нашай сцэне Павел Сталінскі з Санкт-Пецярбурга. Да іх далучылася мініяцюра “Свет не канчаецца ля дзвярэй дома” маладога харэографа Раду Паклітару — колішняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе прафесара Валянціна Елізар’ева. Разам з “Кармэн-сюітай” самога В.Елізар’ева (1974), якая ўсе гэтыя гады не сыходзіць са сцэны, яны адлюстравалі эвалюцыю харэаграфічнага мастацтва за апошнія сто з лішкам гадоў, склаўшы гэткі “парад” нашчадкаў піцерскай балетмайстарскай школы. А разам з імі — і “парад” артыстаў нашай трупы. Чым не нагода для роздуму?

“Пахіта” з яе, здавалася б, трывіяльным наборам класічных па адкрывае перад кожнай (!) артысткай жаночага кардэбалета магчымасць выявіць сваю творчую індывідуальнасць і быць заўважанай. Да таго ж з’яўляецца лакмусавай паперкай прафесіяналізму. Бо ў балетную “школьную штодзённасць” сапраўдны майстар укладае адухоўленасць, замяняе механічнасць “абавязковых” рухаў іх асэнсаванасцю, выразнасцю — ажно да найтонкіх псіхалагічных адценняў. З повязі варыяцый вылучаюцца лірычна-летуценная, пластычная Ірына Яромкіна, крышталёва-званочкавая Дыяна Лысенка, гэткая “круцелька” Кацярына Алейнік. Вольга Гайко ў сваёй Пахіце выяўляе цыганскія манеры гераіні, якія пакуль не дазволілі ёй канчаткова ператварыцца ў паненку-балерыну. У вобразе нявесты артыстка падкрэслівае пераможны настрой: маўляў, адзіная з безлічы сябровак — ды такога жаніха “адхапіла”! Дый як ёй не “пахваляцца”, калі Люсьен у выкананні Ігара Артамонава набывае надзейнасць, інтэлігентнасць, высакароднасць — чым не мара кожнай жанчыны! Трэба спадзявацца, з цягам часу, калі спадзе прэм’ерная напружанасць і паменшае “супраціўленне матэрыялу”, у “Пахіце” з’явіцца больш графічнай дакладнасці і, разам з тым, разняволенасці, шарму, больш любові да кожнага руху, да кожнай застылай у “стоп-кадры” позы. Ужо зараз, параўнаўшы прэм’еру з першымі сцэнічнымі рэпетыцыямі напярэдадні, можна канстатаваць значны прагрэс: нават не на сто — на дзвесце працэнтаў!

 /i/content/pi/cult/161/1371/Filasofski-vyhad1.jpg

Сцэна з харэаграфічнай мініяцюры “Свет не канчаецца ля дзвярэй дома”.

“Свет…” у выкананні Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, для якіх ён і быў пастаўлены напрыканцы 1990-х, усяго аднойчы з’явіўшыся на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, застаўся прыкладам дасканаласці. Хаця нумар аднаўляўся артыстамі самастойна, без непасрэднага ўдзелу Р.Паклітару, які апошнім часам працуе ў Кіеве, ансамбль паміж партнёрамі і прапанаванымі харэографам задумамі толькі ўмацаваўся. На часавай адлегласці сталі відавочнымі не толькі шматлікія лексічныя знаходкі пастаноўшчыка, але і… аўтабіяграфічнасць мініяцюры, што можа чытацца як на знешне побытавым, так і на глыбінна філасофскім узроўнях. Свет не абмяжоўваецца хатнім парогам: акрамя талеркі з ежай чалавеку трэба ўзняцца да нябёсаў ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць. Але аднаго не ўтрымаць і вяроўкамі, а другога — ніякімі намаганнямі не зру-

шыць са звыклага месца.

Уражвала жывое гучанне аркестра (дырыжор — Алег Лясун). У музыцы Л.Мінкуса была сфакусіравана какетлівая грацыёзнасць, у знакамітым Адажыо Г.Малера — бясконцасць разгортвання гукавога палатна, унутраны драматызм, якім прасякнута кожнае імгненне прыгажосці. Што ні кажыце, на карысць аркестру пайшло нядаўняе выкананне пад кіраўніцтвам Віктара Пласкіны найскладанай Трэцяй сімфоніі Г.Малера, шэсць частак якой звязаны магутнай “стратэгічнай” драматургіяй, напоўнены двухаблічнымі стылёвымі Янусамі: знайсці ў такім творы сваё прачытанне, не парушыўшы цэласнасці аўтарскай задумы, пад сілу далёка не кожнаму дырыжору і калектыву.

“Палавецкія скокі” ўпершыню паказваліся асобна ад оперы А.Барадзіна “Князь Ігар”. Хор, адпаведна з акустычнымі ўмовамі Палаца Рэспублікі, змяшчаўся ў аркестравай яме, і відовішчу крыху не хапала звыклай масавасці, той шалёнай энергетыкі, якой славяцца гэтыя сцены. Полавец Юрыя Кавалёва выглядаў гэткім свойскім хлопцам, што зухавата выстаўляецца перад сябрукамі. Сярод кардэбалета вылучаўся Іван Савянкоў, на якім літаральна “скура гарэла” (ну, не скура, а сцэнічная вопратка, калі не гарэла, дык трэснула па швах — папраўдзе).

У адным тым, як ён трымаў галаву, як спрытна, заўзята скакаў, з якім запалам ускідваў рукі, угадваўся прыроджаны саліст. Яно і не дзіва: у “Бахчысарайскім фантане” Іван ужо выходзіў (дакладней, выскокваў, “вылятаў”) у партыі Нуралі.

 /i/content/pi/cult/161/1371/Filasofski-vyhad2.jpg
Сцэна з “Палавецкіх скокаў”.

Сапраўднай кульмінацыяй вечара стала “Кармэн-сюіта”. Праз 34 гады пасля прэм’еры, вытрымаўшы змену некалькіх пакаленняў артыстаў, яна глядзіцца з не меншай цікавасцю, утойваючы інтрыгу характараў, нягледзячы на ўсеагульную вядомасць фіналу. Марына Вежнавец (Кармэн), Антон Краўчанка (Хазэ) і Юрый Кавалёў (Тарэадор) ствараюць не прымітыўны трохвугольнік, а суцэльны клубок пачуццяў, разблытаць які можна хіба толькі адным ударам. Маладыя артысты яскрава высвечваюць такія якасці В.Елізар’ева-харэографа, як самастойнасць мыслення, багацце пластычных алегорый (узаемапрыцягненне і адначасова неспалучальнасць палётнасці і прыземленасці — у адным выпадку, палётнасці і легкаважкасці — у другім), уменне цудоўна выбудоўваць драматургію балетных Адажыо, якія ніколі не паўтараюцца.

Засталося дачакацца 21 мая: у гэты вечар да “Пахіты” і “Палавецкіх скокаў” далучыцца прэм’ера мініяцюры Р.Паклітару — парадыйнага “Уяўлення ружы”, а таксама яшчэ адна сучасная класіка — “Балеро”, пастаўленае ў 1984-ым В.Елізар’евым. Можа стацца, такія “зборныя” вечары закладуць добрыя традыцыі і “прывучаць” публіку да розных харэаграфічных стыляў ды кірункаў.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА