Адзінаццаць гадоў, якія змянілі ўсё

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Ля вытокаў Нацыянальнага гістарычнага
У гэтыя снежаньскія дні ёсць добрая нагода ўзгадаць тых, хто стаяў ля вытокаў сучаснага фондавага збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. 60 гадоў таму, 15 снежня 1956 года, выйшла распараджэнне Савета Міністраў БССР аб Арганізацыйнай групе па стварэнні Дзяржаўнага музея БССР. Дзеля таго, каб зразумець сутнасць і значэнне гэтай падзеі, неабходна ўзгадаць папярэдні, вельмі складаны этап станаўлення Нацыянальнага гістарычнага музея.

/i/content/pi/cult/616/13701/15-1.jpgКрок першы

У сакавіку 1919 года першы беларускі савецкі ўрад на падмурку нацыяналізаванай гісторыка-культурнай спадчыны распачаў работы па стварэнні ў Мінску Абласнога музея. Адноўлены пасля польскай акупацыі ў Архірэйскім доме, з 1922-га ён працягнуў сваю дзейнасць пад назвай Беларускі дзяржаўны музей. З’яўляючыся “цэнтральнай установай для захавання прадметаў і калекцый мастацкага, гісторыка-археалагічнага і этнаграфічнага характару, якія маюць агульнарэспубліканскае значэнне”, музей дасягнуў піка сваёй дзейнасці напрыканцы 1920-х гадоў пад кіраўніцтвам акадэміка Вацлава Ластоўскага. У той час фондавы збор музея налічваў ужо каля 30 тысяч прадметаў, сярод якіх  — крыж Ефрасінні Полацкай.

Перайменаваны ў Мінскі сацыяльна-гістарычны музей у гады “культурнай рэвалюцыі”, у пачатку 1930 года ён быў выселены з Архірэйскага дома ў Дом селяніна, а ў наступным годзе — у адзін з павільёнаў Рэспубліканскай выставы. У 1929 — 1932 гадах фонды музея былі спустошаны агентамі Усесаюзнага аб’яднання па экспарце “Антыкварыят”, якія займаліся адборам і продажам за мяжой шэдэўраў савецкіх музейных калекцый. У розныя часы былі арыштаваны і расстраляны дырэктары музея Вацлаў Ластоўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Сямён Якубчык, а таксама многія супрацоўнікі. Кароткі перыяд “адлігі” 1939 — 1941 гадоў вярнуў Беларускаму дзяржаўнаму музею яго папярэдні статус. У красавіку 1939-га першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка адмяніў загад наркама асветы рэспублікі Еўдакіі Уралавай аб далучэнні Мінскага абласнога гістарычнага музея да Музея рэвалюцыі БССР. А ў канцы 1940 года абласному музею далі назву “Дзяржаўны гістарычны музей БССР” і вярнулі ў Архірэйскі дом.

Стварэнне новай экспазіцыі там прыпынілася з пачаткам вайны. Часу і сродкаў на эвакуацыю музеяў са сталіцы БССР не было. Пакінуты без нагляду, Дзяржаўны гістарычны музей БССР, з якога ў першыя месяцы нямецкай акупацыі вывезлі найбольш каштоўныя прадметы, пакрысе расцягваўся гараджанамі. Неўзабаве музей аднавіў дзейнасць як адна з культурных устаноў генеральнай акругі “Беларутэнія” пад кіраўніцтвам былога настаўніка Антона Шукелойця. У 1944 годзе, паводле загада нямецкага камандавання, калекцыі гістарычнага музея вывезлі ў баварскі замак Хёхштэт. Там іх знайшлі амерыканскія ваенныя — “паляўнічыя за скарбамі” і ў 1947 годзе перадалі ў 182 скрынях савецкаму боку. Неўзабаве калекцыі вярнуліся ў Мінск. Яны разам з часткай вернутых з Вільні калекцый Беларускага музея імя Івана Луцкевіча склалі падмурак збору Дзяржаўнага музея БССР.

Крок другі

Першыя захады па яго стварэнні (а больш дакладна — аднаўленні даваеннага Беларускага дзяржаўнага музея) былі зроблены ў сярэдзіне 1950 года, калі аддзел музеяў Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце міністраў БССР спрабаваў “вырашыць пытанне аб фінансаванні работ па праектаванні будынка для рэспубліканскага Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску”. У кастрычніку 1951 года выконваючы абавязкі прэзідэнта Акадэміі навук БССР акадэмік Іван Лупіновіч звярнуўся да сакратара ЦК КП(б)Б Цімафея Гарбунова з прапановай адрадзіць Беларускі дзяржаўны музей. У прыватнасці, ён адзначаў, што “ўзнаўленне музея мае не толькі навуковае, але палітычнае значэнне, таму, не чакаючы ўзвядзення новага будынку, трэба адкрыць яго ў доме, дзе музей знаходзіўся напярэдадні вайны”. Але справа не зрушылася з месца да пачатку хрушчоўскай адлігі.

Працэс дэмакратызацыі савецкага грамадства, які пачаўся ў сярэдзіне 1950-х, нарадзіў у беларускай музейнай грамадскасці спадзеў на вырашэнне набалелых праблем, у першую чаргу рэабілітацыі дасавецкага мінулага і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сігналам “адлігі”, якая, адначасова з іншымі сферамі культуры, у 1955 годзе пачалася ў музейнай справе, было пераўтварэнне ў музей ансамбля маскоўскага Крамля, адкрыццё ў Дзяржаўным музеі прыгожых мастацтваў імя Пушкіна замест выставы падарункаў Сталіну выставы шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі, выданне падручніка “Асновы савецкага музеязнаўства”.

БССР адрэагавала на гэтыя падзеі пастановай ЦК КПБ ад 13 верасня 1955 года “Аб стварэнні Дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Беларускай ССР”. Гэтай пастановай міністру культуры Рыгору Якаўлевічу Кісялёву даручалася ў двухмесячны тэрмін распрацаваць Палажэнне аб музеі, структуру яго будучай экспазіцыі, а Савету Міністраў рэспублікі вызваліць для музея памяшканне ў доме № 18 па вуліцы Карла Маркса, а таксама вырашыць пытанні яго штатаў і фінансавання. Усе пералічаныя ў пастанове ЦК КПБ даручэнні вымагалі шматлікіх матэрыяльна-тэхнічных і інтэлектуальных намаганняў, што зацягнула пачатак узнаўлення музея больш чым на год. І толькі пасля пастановы Савета Міністраў БССР ад 15 снежня 1956 года “Аб Арганізацыйнай групе па стварэнні Дзяржаўнага музея БССР” гэтыя працы распачаліся. Як бачна з назваў партыйнай і саўмінаўскай пастаноў, ідэю беларускай інтэлігенцыі аб “адраджэнні” даваеннага Беларускага дзяржаўнага музея адхілілі з-за яго "нязручнай гісторыі". Пра даваенны музей членам Арганізацыйнай групы было загадана забыць і пачынаць стварэнне галоўнага гісторыка-краязнаўчага музея з чыстага аркуша.

У снежні 1956 года Арггрупу па стварэнні Дзяржаўнага музея БССР узначаліў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР Леў Міхайлоўскі. У 1959-м яго змяніў намеснік дырэктара Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Сапешка. Абавязкі галоўнага захавальніка фондаў выконвала знаўца матэрыяльнай культуры Р.В. Доўнар-Запольская, аддзелам першабытна-абшчыннага ладу загадвала Вольга Рыжкоўская, аддзелам феадалізму — Рыгор Самсонаў, аддзелам капіталізму — Алена Заклінская, аддзелам савецкага перыяду — Васіль Марутка, аддзелам прыроды — Ірына Лукашэвіч. У структуры Арггрупы меліся таксама фоталабараторыя, біялабараторыя і рэстаўрацыйная майстэрня, у складзе працаваў спецыяліст па нерухомых помніках, які займаўся іх рэгістрацыяй у межах БССР.

Крок трэці

На працягу першага пяцігоддзя ўся дзейнасць Арггрупы была скіравана на камплектаванне калекцый. Ужо на працягу толькі 1957 года яе супрацоўнікі правялі 7 экспедыцый, а таксама 20 выездаў на месцы правядзення археалагічных раскопак. У выніку было сабрана каля 3 тысяч прадметаў. У другой палове 1950-х супрацоўнікі аддзела першабытна-абшчыннага ладу сумесна з сектарам археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР правялі раскопкі палеалітычных стаянак “Елісеевічы”, “Юравічы”, неалітычных стаянак “Трафімавы кусты”, “Белая града” Навагрудскага раёна, а таксама курганных могільнікаў каля вёскі Хадасовічы Гомельскай вобласці. У зімовы перыяд у музеі вывучалі і апрацоўвалі помнікі зарубінецкай культуры з раскопак селішчаў “Адаменка” Быхаўскага раёна, матэрыялы гарадзішча “Таўкач” Полацкага раёна, палеалітычных стаянак “Бердыж”, “Журавель”, “Падлужжа” Чачэрскага раёна, “Каромка” Рагачоўскага раёна, “Добры бор” Баранавіцкага раёна.

Супрацоўнікі аддзела феадалізму былі пераважна занятыя пошукамі ў архівах Масквы, Ленінграда, Львова, Гродна, музеях БССР, сталічных антыкварных крамах. Рабіліся захады па вяртанні матэрыялаў беларускага паходжання з музеяў Польшчы. Вырабляліся копіі і муляжы. У 1959 годзе аддзел сумесна з Інстытутам гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР пад кіраўніцтвам Леаніда Аляксеева правёў раскопкі старажытнага Друцка, сумесна з Інстытутам гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Аляксея Мітрафанава — раскопкі Полацка.

Супрацоўнікі аддзела капіталізму наведвалі кватэры старых мінчан, у выніку чаго музей атрымаў, сярод іншага, пячатку мінскай гарадской думы, шынель чыгуначніка пачатку ХХ стагоддзя, касцюм гараджанкі канца ХІХ стагоддзя, гімназічныя падручнікі і камплекты перыёдыкі. Праводзіліся комплексныя гісторыка-побытавыя экспедыцыі ў раёны БССР.

Найбольш шматлікім быў аддзел савецкага перыяду. Адначасова з работай у архівах, яго супрацоўнікі збіралі матэрыялы на беларускіх прадпрыемствах, у сем’ях дзяржаўных дзеячаў, выдатных ваеначальнікаў, вучоных, пісьменнікаў. У выніку гэтай работы калекцыі ўзбагаціліся асабістымі рэчамі і паперамі Петруся Броўкі, Максіма Танка, Піліпа Пестрака і іншых. Летам 1961 года аддзел правёў экспедыцыю ў Казахстан, былі сабраны матэрыялы аб беларусах, якія ўдзельнічалі ў асваенні цаліны.

Вялікую навуковую каштоўнасць мелі вынікі экспедыцыі аддзела прыроды ў Белавежскую пушчу, выезды па зборы матэрыялаў у розныя прыродныя рэгіёны БССР. Супрацоўнікі ўсіх аддзелаў з мэтай набыцця прадметаў музейнага значэння ліставаліся з абласнымі і раённымі музеямі, краязнаўцамі Беларусі. У фонды перадаваліся знойдзеныя ў рэспубліцы скарбы, начынне з зачыненых цэркваў, экспанаты выстаў.

У справе стварэння Дзяржмузея БССР значна дапамаглі ўстановы культуры Ленінграда. Цэнтральны гістарычны ваенна-марскі музей перадаў халодную і агнястрэльную зброю сярэдзіны ХІХ стагоддзя, Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі — рускую і французскую зброю перыяду напалеонаўскіх войнаў, плакаты і лубкі перыяду І і ІІ сусветных войнаў, Музей гісторыі Ленінграда — матэрыялы аб паўстанні дзекабрыстаў, Дзяржаўны рускі музей — этнаграфічныя матэрыялы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, сабраныя ў Мінскай губерні. У аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Міхаіла Салтыкова-Шчадрына былі зроблены копіі граматы мсціслаўскага князя Сімяона Лугвеня Альгердавіча каралю Польшчы Ягайлу і яго жонцы Ядвізе, грамат рускага цара Аляксея Міхайлавіча мінскаму, магілёўскаму, полацкаму, барысаўскаму і шклоўскаму ваяводам, гербаў беларускіх гарадоў, карт ХVІІІ стагоддзя, малюнкаў і гравюр па гісторыі Лівонскай і Паўночнай войнаў, асобных нумароў газет ХІХ стагоддзя. Мастацка-афармленчы камбінат Ленінграда вырабіў муляжы рускай зброі ХІ — ХІІІ стагоддзяў, а таксама наўгародскіх і літоўскіх манет. Міністэрства культуры Украінскай ССР таксама перадала Дзяржмузею шэраг прадметаў, у тым ліку слуцкі пояс ХVІІІ стагоддзя.

У выніку першага пяцігоддзя работы Арггрупы сфармавана ядро фондавага збору музея. На 1 студзеня 1961 года колькасць прадметаў склала 38 тыс. адзінак, прычым палова з іх паступіла ў 1960 годзе.

Крок чацвёрты

Пачынаючы з 1962 года галоўная ўвага Арггрупы была звернута на падрыхтоўку экспазіцыі: складаліся тэматыка-экспазіцыйныя планы, ствараліся карты, схемы, табліцы, дыяграмы, пісаліся навуковыя даведкі. Рыхтуючыся да яе адкрыцця, супрацоўнікі Арггрупы наведалі больш за 20 музеяў СССР з мэтай пераймання вопыту. Адначасова мастацкая група, куды ўваходзілі жывапісец Уладзімір Стальмашонак і архітэктар Георгій Бенядзіктаў, працавала над эскізамі экспазіцыі. Распрацоўка тэматыка-экспазіцыйнага плана выявіла лакуны ў калекцыях, што вымусіла актывізаваць збіральніцкую работу. Толькі ў 1963 годзе правялі 10 навуковых экспедыцый і 78 камандзіровак, якія павялічылі фондавы збор на 14 тысяч адзінак. Павышэнню ўзроўню работы Арггрупы паспрыяла стварэнне ў 1963 годзе ў яе складзе Вучонага савета, куды ўвайшлі вядомыя беларускія навукоўцы Лаўрэнцій Абэцэдарскі, Адам Залескі, Васіль Тарасенка, Абрам Азараў, Алена Аладава, Іван Сяржанін і іншыя. У Арггрупе ў розныя часы працавалі нумізмат Валянцін Рабцэвіч, арганізатар музейнай справы Уладзімір Гілеп, рэстаўратар Уладзімір Маслыка, бібліяфіл Лявонцій Клок.

7 лістапада 1964 года ЦК КПБ прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску Дзяржаўнага музея БССР. На гэты час у яго фондах ужо налічвалася 120 тысяч адзінак захоўвання. 12 лістапада таго ж года кіраўнік Арггрупы Станіслаў Сапешка ва ўрачыстых абставінах атрымаў ад будаўнікоў ключы ад будынка на праспекце Леніна, 25А, пасля чаго ў ім пачаўся мантаж экспазіцыі. Мантажныя работы ўжо прыходзілі да завяршэння, калі ў лістападзе 1965 года паводле вуснага распараджэння рэспубліканскага партыйнага кіраўніцтва яны былі спынены. Усе экспанаты перавезлі ў будынак па вуліцы Карла Маркса, 12, які займаў Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а апошні заняў будынак на праспекце Леніна, 25А. У выніку новую гістарычную экспазіцыю Дзяржмузея БССР давялося манціраваць на плошчы ў тры разы меншай за папярэднюю, а аддзел прыроды знайшоў прытулак у падвальным памяшканні. Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося 2 лістапада 1967 года. Яго экспазіцыя была размешчана ў 18 залах і знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй і прыродай беларускага народа са старажытных часоў да нашых дзён…

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, музеязнаўца, доктар гістарычных навук, прафесар