Ладдзя і опера ўначы

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Папулярная акцыя “Ноч музеяў”, што прыйшла на Беларусь некалькімі гадамі раней з Заходняй Еўропы, у нас ужо займела рэпутацыю добра зладжанага і цікавага дзейства. Штогадовы ажыятаж, які штораз назіраем ля музейных дзвярэй увечары напярэдадні свята, выклікае адпаведную рэакцыю культустаноў: усё больш музеяў краіны жадаюць далучыцца да гэтай маладой і маладзёжнай масавай акцыі.

Як заўжды адметныя мерапрыемствы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён прадставіць цікаўнай “начной” публіцы збор твораў Пабла Пікаса з уласнага фонду, што складаецца з 38 керамічных экспанатаў. Галоўны мастацкі музей краіны вырашыў, што іх дэманстрацыя стане цэнтральнай падзеяй акцыі, вакол якой сканцэнтруюцца астатнія, якія будуць адштурхоўвацца ад тэмы творчасці Пікаса як тэматычна, гэтак і вобразна. Напрыклад, кожная частка святочнай акцыі будзе каляровай пастаноўкай, дзе інтэрпрэтуюцца розныя этапы творчасці сусветна вядомага кубіста. Адзначым, што ў гэтых акцыях будуць задзейнічаны студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія прадставяць тэатральную дзею

“Gar-Gar-A”. Як паказвае практыка, удзел у “Ночы музеяў” — выдатная магчымасць паказаць свой талент для беларускай творчай моладзі, і Нацыянальны мастацкі музей кожны раз дае на тое “зялёнае святло”.

Вопыт папярэдніх акцый скарыстае і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, які разаб’е сваю тэрыторыю на некалькі “адсекаў”, у кожным з якіх з 19 да 24 гадзін будзе віраваць свая міні-акцыя.

Напрыклад, у зале № 7 запрошаны кераміст прадэманструе публіцы архаічныя тэхнікі лепкі, а самыя маленькія нават паспрабуюць зляпіць сваю свістульку. Ва ўнутраным двары музея наведвальнікі ўбачаць, якім чынам выкарыстоўвалася ахоўнае ўзбраенне, што прадэманструюць пад час рыцарскага турніру ваенна-гістарычныя клубы.

Там жа можна будзе патанчыць і падсілкавацца стравамі старалітоўскага стала… Гэтак ці не кожная зала музея будзе “ў кантэксце” масавага свята і зможа папулярна патлумачыць наведвальніку, як нашы продкі ляпілі, вязалі, шылі, рабілі цацкі і ювелірныя ўпрыгожанні. Для школьнікаў уваход будзе вольны.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь у 18.00 адкрые для сваіх наведвальнікаў выстаўку, прысвечаную 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь, пасля чаго адбудзецца канцэрт у выкананні зорак беларускай оперы “Легенды вялікай оперы”, складзены з твораў сусветнай класікі. А філіял установы — “Музей гісторыі беларускага кіно” ў гэты ж час — з 18.30 да 20.00 і з 20.20 да 22.43 — пакажа экранізацыі навелы Гастона Леруа “Прывід оперы” 1943 і 2004 гадоў.

Святочныя мерапрыемствы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, якія пачнуцца а 18-й гадзіне, прадставяць публіцы перформансы “Міханюры культуры” і “Яна-Тры-Ён”, выступленні маладых літаратараў і музыкантаў, а таксама ўрачыстую перадачу ў музей фотаархіва У.Крука: фатаграфій беларускіх пісьменнікаў з іх аўтографамі.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны напачатку прапануе акунуцца ў музычную атмасферу, на якую з 18.00 настрояць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, салісты студыі эстрадных спеваў “Нюанс” ДК МТЗ і тэатральнай студыі “Звон”.

Затым наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з мультымедыйнымі праграмамі музея і відэафільмам “Песні Перамогі” на вялікім экране на фасадзе музея. На пляцоўцы баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення перыяду вайны плануецца правесці тэатральнае выступленне і агляд тэхнікі.

Вядома, не прамінуць акцыю і ў абласцях. Сёлета ўпершыню да “Ночы музеяў” далучыцца Гродна, а дакладней — Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, які запросіць на сваё свята а 20-й. Для наведвальнікаў правядуць лазерную экскурсію па музеях свету і пакажуць калекцыю адзення “Венецыянскі прывід”. Інтрыгуючай стане дэманстрацыя легендарнай ладдзі ХІІ ст., скрадзенай з экспазіцыі ў 2004 годзе і вернутай сёлета.

Наш кар.