Срэбны колер яго Беларусі

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Сустрэцца з ім на ўзбярэжжы Сожа, на жаль, не было магчымасці. Але ён так маляўніча расказваў пра свае родныя мясціны, што мне падавалася, быццам інтэрв’ю праходзіць менавіта там. З маладым мастаком Антонам ВЫРВА я пазнаёміўся на вернісажы ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Яго работы былі выстаўлены разам з працамі іншых стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Карціны Антона мне падаліся класічна арыгінальнымі, праз адценні цёмнага мастак паказвае святло. Ды і сам ён чалавек светлы, а сваёй творчасцю сцвярджае дабро і прыгажосць.

/i/content/pi/cult/109/137/st21_1.jpgДаведка: Антон ВЫРВА нарадзіўся 24 кастрычніка 1985 года ў Крычаве. Скончыў дзіцячую мастацкую школу, Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры. Зараз студэнт другога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (майстэрня Мікалая Кірэева). Першая персанальная выстаўка адбылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава ў 2004 годзе. У 2006-ым удзельнічаў у наступных калектыўных выстаўках у Мінску: “Вясна. Маладосць. Жанчына.” (галерэя “Вільнюс”), “Восень-2006” (Палац мастацтва), студэнцкая выстаўка, прысвечаная Рэмбранту (Акадэмія мастацтваў), выстаўка стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў галіне культуры і мастацтва (Мастацкая галерэя “Інстытут культуры”).

— Я вельмі люблю працаваць на ўзбярэжжы ракі Сож, якая працякае праз мой родны горад Крычаў. Гэта самае прыгожае і самае любімае месца, там мае карані. І як ні дзіўна, на радзіме заўсёды прыходзіць натхненне. На Сожы я пішу мноства эцюдаў. Калі прыходжу туды, то здаецца, што трапляю ў іншы свет, іншае вымярэнне. Гэта святое месца, бо там жывуць мае родныя, якія падтрымліваюць мяне ў творчасці.

— Антон, як табе здаецца, людзі ў Крычаве і ў Мінску па-рознаму ставяцца да мастацтва ці ўсё ж аднолькава?
— У мегаполісе іншая атмасфера, іншы рытм, але, па вялікім рахунку, калі чалавек адданы мастацтву, дык ён будзе любіць яго аднолькава, дзе б ні жыў.

— Памятаеш свае першыя крокі ў мастацтве?
— Вядома ж. У майго дзядулі стрыечны брат быў мастаком і шмат яго карцін вісела ў нашым доме. З дзяцінства я бачыў іх, скажам так, рос у мастацтве. Калі часам позірк засяроджваўся на той ці іншай працы, то ў галаве пачыналі круціцца думкі-пытанні: “Як гэта фарбамі можна перадаць прыгажосць?”, “А як правільна выбраць адценні?”, “А колькі часу патрэбна, каб стварыць партрэт?”... Пытанняў было мноства, на якія я імкнуўся шукаць адказ самастойна. Відаць, таму і пайшоў вучыцца ў мастацкую школу, потым паступіў ў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры на дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне. Там сустрэўся з цудоўнымі людзьмі. Удзячны мастаку-акварэлісту Фёдару Кісялёву за вялікую падтрымку, за фарміраванне майго светапогляду. У Магілёве пачаў займацца керамікай, за якую ў Мінску на штогадовым конкурсе, які ладзіць Беларускі рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, атрымаў першае месца і без экзаменаў паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе зараз займаюся жывапісам. Лічу, што мастак павінен цікавіцца ўсім, быць разнастайным у творчасці, спрабаваць розныя матэрыялы.

— Калі адбылася твая першая персанальная выстаўка?
— Гэта была даволі нечаканая падзея, адказная, прыемная і ў той жа час хвалюючая. Выстаўка прайшла з дапамогай майго выкладчыка Фёдара Кісялёва ў 2004 годзе ў Магілёўскім мастацкім музеі імя Масленікава. Пасля яе пачаў разумець, наколькі адказная місія творцы. У Магілёве я сцвердзіўся ў думцы, што да працы патрэбна падыходзіць з усёй душой, аддаваць усяго сябе. Некалькі прац, прадстаўленых на выстаўцы, засталіся ў фондзе музея, шмат захоўваюцца ва ўласнай калекцыі, а некаторыя проста падарыў знаёмым. На вернісажы было прыкладна 25 карцін жывапісу, у асноўным эцюды, прысвечаныя бабулі. Менавіта яна была першай гераіняй маіх карцін.

— Колькі ўжо работ створана?
— Ніколі не лічыў. Калі ёсць натхненне, то за дзень магу напісаць пяць эцюдаў. Бывае, і ноччу прачынаюся і іду да мальберта. Такія моманты мастаку нельга прапускаць. Гэта самыя шчаслівыя імгненні.

— Як на тваё мастацкае ўспрыманне свету паўплывала бабуля?
— Яна мой талісман. Нават дыпломную працу ў вучылішчы культуры я прысвяціў ёй. Назваў так: “Летняя ноч. Памяці маёй бабулі”. Працаваць было цяжка, бабулі ўжо не было, але яе вобраз быў перада мною. Лічу, што карціна атрымалася, бо аддаў ёй усе свае сілы.

— Чаго хочаш дасягнуць у жыцці?
— Хочацца напісаць хаця б адзін твор, за які не будзе сорамна пасля смерці. Хочацца пакінуць пасля сябе добры след у мастацтве. Гэта мая мэта. Вызначыць
цяжка, якая карціна добрая. Але, як мне здаецца, кожную карціну трэба пісаць, як апошнюю.

— Што больш падабаецца маляваць?
— Усё: і пейзажы, і партрэты... Люблю шукаць цікавыя вобразы. Яны могуць нават у сне прыйсці, а можна глядзець на падлогу і там адшукаць сюжэт для карціны. Кожны кусцік, травінка можа стаць вобразам, падштурхнуць да творчасці.

— Твой стыль больш класічны?
— Так, я прытрымліваюся класічных матываў. Мне хочацца, каб мяне разумелі, імкнуся несці прыгажосць. Усё ж выяўленчае мастацтва павінна прыносіць асалоду. Я адмаўляю грубыя, непрыгожыя працы. Гэта не мэта выяўленчага мастацтва. Нават авангард павінен быць прыгожым.

— А што для цябе азначае — прыгожае?
— Усё, што мае гармонію. Чалавек, які глядзіць на карціны, павінен адчуваць душэўную раўнавагу, атрымліваць станоўчую энергію. Прыгажосць — гэта прырода. Яна найлепшы настаўнік для творцы.

— Калі б табе зараз прапанавалі арганізаваць персанальную выстаўку, якія працы ўвайшлі б у яе?
— Персанальная выстаўка — гэта своеасаблівы вынік. Я зараз наўрад ці пагаджуся на гэта. У будучым, вядома, збіраюся зрабіць такі вернісаж, але ж да яго трэба прыйсці і найперш маральна. Выстаўляць напаказ сваю душу вельмі адказна. Мастак павінен адчуваць, калі падводзіць вынікі творчасці і выносіць іх на суд людзей.

— Чуў, што студэнты — мастакі і тэатралы не надта цікавяцца справамі адно аднаго. Ты можаш пацвердзіць ці абвергнуць гэта?
— На першым курсе мы займаліся ў тэатральным корпусе, і я пасябраваў з акцёрамі, рэжысёрамі. Мы іх запрашалі на прагляды, і яны выказвалі свае меркаванні адносна карцін, а мы наведвалі іх пастаноўкі і гаварылі пра тэатр. Калі мастакі пераязджалі ў іншы корпус, мне было сумна развітвацца з сябрамі. Тэатралы — цудоўныя людзі, і я не разумею, як можна канфліктаваць з імі. Пакуль я хаджу толькі ў тэатр акадэміі. Па некалькі разоў глядзеў спектаклі “Сільвія”, “Дах”, зараз гляджу новую пастаноўку “Сцёпка”.

— Што для цябе шчасце?
— Калі ўсе здаровыя, радуюцца жыццю. Хацеў бы дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі і зрабіць так, каб яны бачылі творы мастацтва.

— Тваё меркаванне пра сучасную моладзь.
— Люблю тых, хто імкнецца самарэалізавацца, не разумею людзей, якія проста жывуць і не здзяйсняюць свае планы, мары. Не апраўдваю прыхільнікаў алкаголю. Думаю, захапленне спіртным з’яўляецца ад таго, што ў чалавека няма ідэі, любімай справы. Перакананы, што хутка адбудзецца зрух у гэтым накірунку і кожны чалавек знойдзе сябе. Людзі расплюшчаць вочы і пачнуць ствараць прыгажосць, маляваць жыццё светлымі фарбамі.

— Пасля заканчэння акадэміі плануеш вярнуцца ў Крычаў?
— Яшчэ не ведаю. У Мінску больш магчымасцей рэалізавацца, але ж сувязь з радзімай губляць не трэба, бо калі ты згубіўся, ты ўжо не мастак.

— Сумуеш па родных мясцінах?
— Увесь час. На першым курсе цяжка было, зараз пачаў прывыкаць да рытму сталіцы. Але ўсё адно так хочацца прайсціся па ўзбярэжжы Сожа, сесці на беразе і паглядзець на плынь вады. Яна супакойвае душу, стомленую ў Мінску. Любімыя мясціны — тэма, над якой я зараз працую.

— Да парад педагогаў, сяброў прыслухоўваешся ці робіш па-свойму?
— Я выслухоўваю меркаванні, а потым пачынаю правяраць. Калі іх праўда, дык раблю так, як параілі, калі ўсё ж мая, то раблю па-свойму. Мастак на пачуццях працуе і ў першую чаргу павінен слухаць сваё сэрца, гэта самы лепшы дарадца.

Гутарыў Зміцер АРЦЮХ