Ужо будзённасць?

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

8 снежня ў Мінску прайшла канферэнцыя “Прэмія HR-брэнд- 2016”, на якой “засвяціліся” і праекты, звязаныя з культурнай сферай. Па словах арганізатараў, спецыяльная намінацыя “Культура”, зробленая ў рамках сёлетняга Года культуры, дазволіла вызначыць лепшыя праекты айчынных працадаўцаў, скіраваныя на падтрыманне творчых ініцыятыў, развіццё народных традыцый і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Да слова, па даных апытання, праведзенага даследчым цэнтрам “Rabota.tut.by” сярод некалькіх соцень рэспандэнтаў, падобныя культурныя праекты вельмі значна ўзмацняюць брэнд кампаніі. Так, падчас даследавання было выяўлена, што 80% апытаных хочуць працаваць на прадпрыемствах, якія ў сваёй дзейнасці надаюць значную ўвагу духоўным каштоўнасцям.

Праўда, трэба адзначыць, што многія з праектаў, выстаўленых на конкурс, не былі надта новымі. Гэта датычыць праектаў “Арт-Беларусь”, “Арт-астравы”, “Джазавыя вечары каля Ратушы”, ініцыятыў па стварэнні сайта для гродзенскага музея Максіма Багдановіча ды выпуску серыі карпаратыўных календароў, прысвечаных унікальным людзям і народным рамёствам краіны… Усе яны рэгулярна асвятляліся на старонках “К”, прычым, неаднаразова цягам некалькіх гадоў.

Але былі прэзентаваныя і адносныя навінкі. Так, цікавы праект — гарадскі кніжны фестываль “Горад і Кнігі” — быў прадстаўлены галоўным бібліятэкарам аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгай Вовк. У рамках бібліятэчнай ініцыятывы адбываюцца экспертныя сустрэчы для бацькоў і спецыялістаў у галіне чытання, выстаўкі hand-made герояў з сучасных кніг “Усмешлівыя Цуды” ды многае іншае. Сёлета, па словах Вольгі, фэст наведала каля 5 тысяч чалавек, а ў яго падрыхтоўцы прынялі ўдзел прыкладна 150 валанцёраў.

Дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух распавяла пра праект “Міхал Клеафас Агінскі і Беларусь”, ажыццёўлены яшчэ летась, калі па ўсім свеце адзначалася 250-годдзе нашага знакамітага земляка, дыпламата і кампазітара. Менавіта да гэтай даты выдавецтва прыняло рашэнне пра пераклад на рускую мову мемуараў Агінскага ў чатырох тамах, а таксама аб перавыданні перакладаў кніг ягоных нашчадкаў Анджэя і Іва Залускіх.

Акрамя таго, прыцягнула ўвагу і ініцыятыва кампаніі “Прамагралізінг”. У яе межах прэзентаваўся аматарскі калектыў народнай песні “Лілея”. Па словах мастацкага кіраўніка ансамбля Таццяны Давыдзюк, самадзейныя артысты запатрабаваны на рэкламных акцыях прадпрыемства, якія ладзяцца ў Беларусі і далёка за яе межамі, неаднаразова выступалі на фестывалях, маюць шматлікія ўзнагароды ды дыпломы і з’яўляюцца візітнай карткай свайго прадпрыемства. Так што, як бачна, некаторыя кампаніі краіны не толькі захоўваюць традыцыі яшчэ савецкіх часоў, калі аматарскія калектывы меліся на кожнай буйной фабрыцы ці заводзе, але і маюць з гэтага значную карысць падчас прэзентацый сваёй прадукцыі. Хто ведае, можа гэта толькі пачатак новай тэндэнцыі?

Па выніках конкурснага адбору ў намінацыі “Культура” былі аб’яўлены пераможцамі праекты “Арт-Беларусь”, “Джазавыя вечары каля Ратушы” і гарадскі кніжны фестываль “Горад і кнігі”. Як зазначылі ў адказ на пытанне “К” арганізатары “Прэміі HR-брэнд 2016”, цалкам магчыма, што названая намінацыя будзе заяўлена і ў наступным годзе: былі б толькі новыя цікавыя праекты і прапановы ды заяўкі ад удзельнікаў прэміі… Акрамя таго, магчымы ўдзел устаноў культуры Беларусі ў іншых намінацыях, дзе прэзентуюцца праекты, звязаныя з галіной кіравання персаналам. Так што стаць “HR-брэндам-2017” можна і працуючы ў культурнай сферы. Тым больш, як адзначыў падчас брыфінгу намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, бізнес сёння ўсё больш і больш становіцца прыхільным да культуры, а культурныя праекты робяцца часткай пазітыўнага іміджу той або іншай кампаніі ці банкаўскай установы. І гэта тая новая тэндэнцыя, якая фактычна ўжо сталася будзённай рэальнасцю сённяшняга дня.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"