Навуковы слэм і чытацкі онлайн

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Інфармацыйная будучыня: бачанне бібліятэкараў
Выступленні па скайпе, прэзентацыі праектаў, расповеды пра актуальныя тэндэнцыі ў бібліятэчнай сферы і пра тое, як змагацца за чытача — пра ўсё гэта ды многае іншае можна было даведацца на II Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве: захаванне традыцый і развіццё новых тэхналогій”. Мерапрыемства адбылося 1 — 2 снежня на базе Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя Івана Лупіновіча.

Натуральна, форум гэты ладзіўся найперш для спецыялістаў бібліятэчнай сферы, а таксама для айчынных навукоўцаў. Скажам, на канферэнцыі многа казалі пра тое, як павысіць цікавасць замежнага чытача да вынікаў навуковых даследаванняў, што ладзяцца на Беларусі. Выснова тут, бадай, адзіная: публікацыі па розных галінах ведаў варта друкаваць не толькі ў айчынных, а і ў замежных часопісах, у тым ліку — і ў аўтарытэтных выданнях накшталт “Science & Nature”, кантралюючы пры гэтым паказчыкі сваёй эфектыўнасці ў індэксах цытавання.

Праўда, як адзначыла ў сваім выступленні загадчык навукова-бібліяграфічнага аддзела абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў БСГБ Рыма Муравіцкая, пераважная большасць айчынных аўтараў гэтага рабіць пакуль што не ўмее. Таму бібліятэкары могуць і павінны дапамагаць такім навукоўцам заяўляць пра сябе і вынікі ўласных даследаванняў далёка за межамі краіны праз міжнародныя базы даных, дзе фіксуюцца навуковыя навінкі і дасягненні спецыялістаў з усяго свету.

Але, нягледзячы на пэўную спецыялізацыю бібліятэчнага міжнароднага форуму, на ім прагучалі шэраг даволі цікавых дакладаў і для старонняга слухача. Так, намеснік дырэктара Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Расіі Наталля Рэдзькіна распавядала пра перспектыўныя тэхналогіі абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк. Да слова, даклад спецыяліста прагучаў па відэатрансляцыі з Новасібірска. Дык вось, па словах Рэдзькінай, колькасць інтэрнэт-сайтаў сёння набліжаецца да лічбы ў паўтара мільярда адзінак, а ў Сеціве “вандруюць” каля 96% маладых расіян ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў. Значыць, заўважыла дакладчыца, трэба змагацца за віртуальнага чытача.

Напрыклад, супрацоўнікі ўстановы ўкаранілі такую паслугу, як онлайн-браніраванне чытацкага білета, якой ужо скарысталася больш за 200 чалавек. Таксама многія электронныя рэсурсы бібліятэкі размяшчаюцца адразу на сайце і імі можа пакарыстацца любы віртуальны наведвальнік. Яшчэ ёсць магчымасць замовіць упадабаную кнігу ці артыкул у часопісе не выходзячы з дома.

— Акрамя таго, у нас актыўна выкарыстоўваецца такая паслуга, як онлайн-кансультаванне па самых розных пытаннях, прычым як на сайце, так і з дапамогай мэсэнджараў ды ў сацыяльных сетках, — зазначыла Наталля Рэдзькіна. — Ажыццяўляем кансалтынгавыя паслугі, робім рассылку па электроннай пошце для нашых чытачоў па той тэматыцы, якая іх цікавіць, а таксама ладзім віртуальныя выставы.

У перспектыве плануецца перайсці да сістэмы персаналізаванага абслугоўвання: на бібліятэчным сайце ўжо працуе асабісты кабінет карыстальніка, дзе той або іншы чалавек можа атрымаць звесткі пра замоўленыя ім раней кнігі, скарыстаныя паслугі, запытацца пра навінкі той галіны навукі, у якой працуе.

Вопыт расійскіх бібліятэкараў, вядома ж, будзе карысны тым айчынным “кніжніцам”, якія толькі пачынаюць змаганне за свайго віртуальнага чытача. Праўда, перад падобнымі захадамі адразу ж паўстануць перашкодай фінансавыя пытанні, бо, як вядома, найноўшае інфармацыйнае забеспячэнне каштуе не адзін дэнамінаваны рубель. Ды і зрабіць сёння сайт “пад ключ” можа далёка не кожная ўстанова краіны, асабліва ў райцэнтрах ці невялікіх гарадскіх паселішчах…

З іншых дакладаў адзначу выступленне загадчыка аддзела маркетынгавых даследаванняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аліны Шкутавай, якая распавядала пра новыя грані івэнт-маркетынгу, паспяхова асвоеныя ва ўстанове культуры. Гаворка, у першую чаргу, ішла пра акцыю “Навуковы рынг”, падчас якога ладзяцца “навуковыя баі” ў фармаце “science slam”. Да слова, падобныя рэчы карыстаюцца сёння вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. Сутнасць жа іх наступная: у “кніжніцу” ці іншае вольнае месца запрашаюцца некалькі спецыялістаў з розных галін навукі, якія папулярна і на даступнай аўдыторыі мове за дзесяць хвілін распавядаюць пра тое, чым яны займаюцца. Потым у наступныя пяць хвілін навукоўцы адказваюць на пытанні аўдыторыі. Перамагае той, хто зможа зацікавіць сваім выступленнем як мага большую колькасць наведвальнікаў, бо гледачы галасуюць за таго ці іншага “баксёра”. Адметная дэталь: расповед пра навуковыя дасягненні праходзіць без дэманстрацыі прэзентацый, а толькі пры дапамозе наглядных матэрыялаў, малюнкаў, відэа-ролікаў, гумарэсак і гэтак далей.

— Падобныя акцыі, натуральна, прыцягваюць увагу грамадскасці да тых даследаванняў, якімі займаюцца беларускія вучоныя, — адзначыла Аліна Шкутава. — Завітаўшы на наш “рынг”, многія высвятляюць для сябе адзін немалаважны факт: навука можа быць цікавай і займальнай, а не сумнай і цяжка ўспрымальнай на слых. Ды і бібліятэкары раздаюць свае рэквізіты ды рэкламныя ўлёткі, распавядаюць пра тыя паслугі, якія прадастаўляе ўстанова.

Па словах Аліны Шкутавай, бывае, што пасля “Навуковага рынгу” ў “кніжніцу” запісваецца з дзясятак чалавек, так што згаданая ёй тактыка агрэсіўнага маркетынгу сябе пакрысе апраўдвае. Пра інфармацыйную падтрымку я і не кажу: дзякуючы акцыі пра бібліятэку згадвалі ў медыя неаднаразова.

Да слова, партнёрам “Навуковага рынгу” выступае Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомая кампанія EPAM Systems і Парк высокіх тэхналогій. Бібліятэкары ж выдаюць пераможцам адборачных тураў сертыфікаты на прадастаўленне бясплатных інфармацыйных паслуг у сваёй “кніжніцы”. Так што ўдзельнічаць у бібліятэчным праекце айчынным навукоўцам не толькі прэстыжна, але і карысна. Зразумела, што карысць тая — узаемная.

Цалкам магчыма, што крэатыўную ідэю сталічных бібліятэкараў з цягам часу падхопяць і ў іншых раённых “кніжніцах”, а таксама ў музеях ці дамах культуры Беларусі. Можна ж, скажам, запрашаць мясцовых спецыялістаў, людзей з вопытам працы ў розных галінах дзейнасці, і прасіць іх распавесці пра сваю сферу як мага больш цікава і займальна. Іншая справа, што не кожны да такога здольны, ды і публічнае выступленне патрабуе адмысловых навыкаў і ўменняў. Але, як вядома, хто не спрабуе — той не памыляецца. І, хто ведае, можа на адну з падобных навуковых вечарын завітае і будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі? Ды і яшчэ аднаго лаўрэата па літаратуры нашай краіне таксама, я думаю, мець не зашкодзіла б… Як мяркуеце?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"