“Шчыгрын” да юбілею

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру — 80! Да юбілею калектыў запланаваў некалькі разнастайных праграм у Мінску, Віцебску, Гомелі.

 /i/content/pi/cult/161/1369/Schygryn.jpg
“Круглая” дата, насамрэч, лічыцца леташняй, але ўрачыстасці былі перанесены на канец сезона. Пачаліся святкаванні 4 мая. У чарговым канцэрце з цыкла “Уваскрэсенне класікі” першае аддзяленне склала прэм’ера буйнога сімфанічнага твора “Шчыгрын” знакамітага беларускага кампазітара Андрэя Мдзівані. Напісаўшы музыку да балета паводле “Шчыгрынавай скуры” А.Бальзака, аўтар прынёс яе ў аркестр, з якім яго звязвае вось ужо 40 гадоў супрацоўніцтва (“К” №47 за 2007 г.). Так што падрыхтоўка да цяперашняга выканання пачалася яшчэ ў канцы мінулага канцэртнага сезона.

— Гэта стыль маёй працы, — падзяліўся прафесійнымі сакрэтамі на прэс-канферэнцыі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі галоўны дырыжор аркестра маэстра Аляксандр Анісімаў. — Новыя творы нельга рыхтаваць з наскоку, усяго за некалькі рэпетыцый, — яны павінны спасцігацца ўдумліва, нетаропка, спакваля. У дадзеным выпадку мы звярнуліся да кампазітара з просьбай зрабіць сімфанічную рэдакцыю балета, прыдатную паводле працягласці для выканання ў канцэрце, і назвалі яе харэаграфічнай сімфоніяй “Шчыгрын”.

“Рэдагаванне” яшчэ аднаго прэм’ернага паказу дырыжор узяў на сябе. На юбілейным вечары 12 мая ў мэтах Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” прагучала складзеная А.Анісімавым кампазіцыя, куды ўвайшлі фрагмент балета Сяргея Картэса “Апошні інка”, Харал з канцэрта для аркестра “Аllegresse” Галіны Гарэлавай, Баркарола са “Шчыгрына” А.Мдзівані, частка 13-ай сімфоніі Дзмітрыя Смольскага. Абрамляла ж гэтую повязь музыка Яўгена Глебава: харэаграфічная навела “Мушкецёры” і Адажыо з балета “Маленькі прынц”. У частках “Мы — віртуозы” і “Нам — 80” прагучалі адпаведна “Балеро” М.Равэля, насычанае віртуознымі сола, і “Даведнік па аркестры” Б.Брытэна, які шчодра суправаджаўся каментарыямі пра наш славуты калектыў.

Сапраўды, гісторыя аркестра багатая на творчыя здзяйсненні. Невыпадкова ў юбілейны вечар ён атрымаў так многа віншаванняў: і ад абласных філармоній, і ад самых знаных замежных музыкантаў. Наш “акадэмічны сімфанічны” на дзесяцігоддзестарэйшы за саму філармонію, бо пастанова аб яго стварэнні (спачатку — пры Белрадыёцэнтры) была падпісана 19 красавіка 1927 г., а першы публічны канцэрт адбыўся 13 студзеня 1929 г. Кіраваў тады аркестрам Аркадзь Бяссмертны, а ў склад яго ўваходзілі педагогі і навучэнцы Мінскага музычнага тэхнікума і музыканты БДТ-1 (цяперашняга Купалаўскага тэатра).

На ўрачыстасці аркестр не толькі згадваў сваё мінулае, але і зазіраў у будучыню. У частцы юбілейнага канцэрта, названай “Мы — дзеці ХХ стагоддзя”, калектыў выступіў разам з гуртом “Новы Іерусалім”, паказаўшы фрагмент сваёй сумеснай праграмы, што нядаўна прагучала ў Канцэртнай зале “Мінск” (дарэчы, тэлеверсія праекта дэманстравалася 11 мая Сталічным тэлебачаннем у цыкле “Уваскрэсенне класікі”, аўтар і вядучая якога Лілія Хатэнка стала лаўрэатам прэміі “Залатое пяро”). А завяршаўся святочны вечар творам П.Чайкоўскага “1812 год”, у выкананні якога, акрамя аркестра, удзельнічала Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы.

На юбілейным канцэрце ў Віцебску з аркестрам саліраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў, суперскрыпач Арцём Шышкоў. Партыю электрагітары ў 13-й сімфоніі Д.Смольскага ў чарговы раз выконваў Аляксандр Цалуйка, які заканчвае Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.Глінкі. А 15 мая юбілейны марафон прадоўжыўся ў Гомелі. Увогуле ж аркестр з нецярплівасцю чакаюць па ўсёй Беларусі: жывая сімфанічная класіка — лепшыя лекі ад жыццёвых стрэсаў.