Два гады і адзін тыдзень

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

ІV Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія” завершаны. Узнагароды ўручаны. Удзельнікі (хто ўшанаваны, а хто і пакрыўджаны) раз’ехаліся-разышліся па сваіх гарадах і калектывах. Што засталося — успаміны? Не толькі. Найперш — аналітычны агляд таго, якія вектары руху былі ў выніку зададзены. Бо менавіта ў гэтым галоўнае прызначэнне любога творчага конкурсу: не толькі падтрымаць лепшых (у тым ліку, матэрыяльна), але і паказаць праз іх астатнім, што менавіта лічыцца ў мастацтве прыярытэтным, у якім кірунку трэба ісці далей.

/i/content/pi/cult/615/13688/6-1.jpgПра стандарты

Любы конкурс пачынаецца з адбору ўдзельнікаў. У адрозненні ад мінулых гадоў, сярод кандыдатаў на цяперашнюю прэмію сапраўды не было выпадковых, так званых “не конкурсных” спектакляў. У кожнай з абраных прац была свая разыначка, нейкая мастацкая адметнасць, а не проста разлік на касавасць, здольную перамагчы ўсё астатняе, уключаючы добры густ і прафесійны ўзровень.

Праўда, кожная з адборачных камісій (а яны былі асобныя ў розных намінацыях — гэтак жа, як пазней і журы) прытрымлівалася сваіх крытэрыяў. Самым, бадай, строгім аказаўся падыход да спектакляў для дзяцей. На прэс-канферэнцыі, што папярэднічала конкурсным паказам, старшыня журы гэтай групы Алена Турава нават узняла пытанне, чаму тут апынуліся ўсяго тры спектаклі, прычым усе — тэатраў лялек. Як на мой погляд, дык і сапраўды — тут павінна была быць яшчэ опера “Доктар Айбаліт” беларускага кампазітара Марыны Марозавай, з юначым задорам увасобленая рэжысёрам Міхаілам Панджавідзе. Але можна зразумець тэатральную грамадскасць, якая дружна прагаласавала “супраць” яшчэ на этапе адбору: Вялікі тэатр і без таго мае дзве, можна сказаць, свае “ўласныя” намінацыі — оперу і балет, дзе не канкурыруе ні з кім іншым. Адпаведна, можна зразумець і членаў музычнай камісіі, якія не ўпершыню пакідаюць спіс, пададзены Вялікім і Музычным тэатрамі, без змяненняў: раптам выкрэсліш што-небудзь, дык “конкурс” і ўвогуле пройдзе на безальтэрнатыўнай аснове. Так, дарэчы, ужо было, калі той жа Вялікі тэатр прытрымліваўся і дагэтуль адлюстраванага ў Палажэнні пункту, што “ад аднаго прафесійнага тэатра для ўдзелу ў конкурсе вылучаецца не больш за дзве тэатральныя пастаноўкі ў адной або некалькіх намінацыях”. Сёлета на гэта не звярталі ўвагі, што выклікала дадатковыя сумневы ў бездакорнасці Палажэння. Той жа Вялікі тэатр паступіў вельмі проста, вылучыўшы на прэмію ледзь не ўсё, што было пастаўлена: маўляў, хай журы разбіраецца.

Я дзвюма рукамі “за”, каб адзначыць усімі магчымымі прэміямі найталенавітую, сусветна запатрабаваную, надзвычай працаздольную і папраўдзе выбітную (не толькі голасам, але і артыстызмам) оперную прымадону Аксану Волкаву, якая са студэнцкіх гадоў асацыюецца з “сапраўднай Кармэн”. Спявачка і сапраўды была адзначана за “найлепшую жаночую ролю ў спектаклі оперы”  — за партыю Кармэн, якую даўно і паспяхова выконвае на лепшых сцэнах свету. Але ў тым спектаклі, на які паклікалі членаў журы, удзельнічала іншая салістка. Нікому не патрэбная фармальнасць? Можа, і так. Толькі вось гродзенскі “Візіт старой дамы”, які з-за хваробы артыста не змаглі паказаць у прызначаны час, з конкурсу знялі, хаця некалькімі тыднямі раней спектакль ішоў у Мінску ў рамках Міжнароднага форуму “TeART”. Дык чаму такія неаднолькавыя падыходы. Зноў-такі з-за розных складаў журы?

Між эксперыментам і традыцыяй

У некалькіх намінацыях журы даводзілася не проста вылучаць лепшае сярод больш ці менш аднародных, аднапарадкавых з’яў, а рабіць выбар між смелым, рызыкоўным эксперыментам, што пашырае далягляды мастацтва (дарэчы, звычайна менавіта такія пастаноўкі найперш і прылічваюцца да конкурсных спектакляў), і больш “спакойным”, ураўнаважаным, “правераным” працягам лепшых традыцый. Мяркуючы па абвешчаных выніках, на IV Нацыянальнай тэатральнай прэміі такая дылема часцяком вырашалася на карысць чагосьці больш традыцыйнага, што не выклікае, як гаворыць моладзь, “выбух мозгу”.

Асабліва відавочна гэта выявілася сярод спектакляў тэатраў лялек, дзе пасля выбывання “Візіта старой дамы” (нагадаем, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у конкурсе ўвогуле не ўдзельнічаў — прынцыпова) засталося ўсяго два спектаклі: “Фро” з Брэста і “На дне” з Магілёва. Перамог першы, увасоблены запрошаным расійскім рэжысёрам Русланам Кудашовым, у якога з нашым тэатрам склаліся даўнія творчыя сувязі. Не засталіся без узнагароды і магіляўчане на чале з маладым беларускім рэжысёрам Ігарам Казаковым — праўда, у іншых намінацыях. Лепшым быў прызнаны іх спектакль для дзяцей “Самы маленькі самалёт на свеце” паводле Святланы Залескай-Бень. У той жа папраўдзе “ўлётнай казцы” была адзначана і артыстка Таццяна Дзенісенка, што тым Маленькім самалётам кіравала. Ну, а ў трагічным дарослым аповедзе паводле Максіма Горкага вылучылі акцёра Мікалая Сцешыца — за ролю Лукі. Быццам бы, паводле прыказкі, і авечкі ацалелі, і ваўкі не згаладалі. Тым больш, што “Фро” і папраўдзе зроблены бездакорна, з вялікай любоўю і высокім прафесіяналізмам. Толькі вось як быць з “прарывам” за межы магчымага і ўсіх ранейшых мастацкіх уяўленняў? Даўно вядома, што найбольшай дасканаласці дасягаюць у мастацтве тыя, хто завяршае пэўны эстэтычны кірунак і мае магчымасць абаперціся на плечы папярэднікаў. Але ж не было б першапраходцаў — не было б і “класікаў жанра”. Магчыма, менавіта для такіх размежаванняў і існавала калісьці намінацыя “за найлепшую рэжысуру”? А яшчэ — “за найлепшую сцэнаграфію”, а таксама музычнае, пластычна-харэаграфічнае рашэнні. Адмова ад усіх гэтых прызоў не пойдзе на карысць.

Спектакль “На дне” ўвогуле стаўся самым нязвыклым і таму дыскусійным. Але якімі хісткімі аказаліся аргументы наконт “няправільнага фіналу”! Бо “Чайка” купалаўцаў у пастаноўцы Мікалая Пінігіна завяршылася тым жа — агульнай катастрофай, толькі замест “зачысткі тэрыторыі” — камета, ад якой не ўратуецца ніхто. І — калі ласка, такі фінал не перашкодзіў стаць “найлепшым спектаклем тэатра драмы”. Мабыць, апошняе слова намінацыі — “драма” — адразу трактавалі ў сэнсе трагедыі? А слова “лялькі” — у сэнсе мілыя сэрцу “цацкі”? Тады, вядома, трагедыя ўсёй цывілізацыі куды круцейшая за трагедыю, да прыкладу, чалавечага ў чалавеку, што мы бачылі ў “Крэйцаравай санаце” з Магілёва, пастаўленай Саўлюсам Варнасам, які ўвогуле стварыў, без перабольшвання, аўтарскую тэатральную эстэтыку. На сёння “тэатр Варнаса” — з’ява, якая можа мець не толькі беларускі, але і еўрапейскі маштаб. Ці адчула тое наша грамадскасць, даведаўшыся пра вынікі прэміі? Наўрад ці, хаця фармальна спектакль “не абышлі”: пераўвасабленне ў Познышава артыста Івана Труса, які дзеля працы з рэжысёрам змяніў сталіцу на абласны цэнтр, было прызнана “найлепшай мужчынскай роляй у спектаклі тэатра драмы”.

Тым не менш, конкурсныя паказы ледзь не ўпершыню прадэманстравалі ўсю размаітасць новых тэатральных кірункаў, прадстаўленых цяпер і ў Беларусі. Але ў тым жа таэтры драмы тэрмінова патрабуецца падзел намінацый на вялікую і камерную сцэны, бо на апошняй становіцца ўсё больш і спектакляў і творчых здабыткаў. Асобная падзяка Белтэлерадыёкампаніі, што не абмінулі адметную “Пінскую шляхту” Палескага драмтэатра: уручэнне дыплома суправаджалася абяцаннем зрабіць тэлеверсію спектакля. Цудоўна! Але ж… ці не годныя падобнага “захавання нацыянальнай спадчыны” і многія іншыя нашы спектаклі? Тым больш, што падобная практыка існавала на тэлебачанні здаўна, ды апошнім часам забылася.

Што галоўнае?

Калі ацэньваць мастацкія прарывы (ці, як модна стала называць, “інавацыі”), дык тэатральнай мекай краіны павінен быць прызнаны Магілёў. Калі ж падлічваць колькасць атрыманых кожным тэатрам узнагарод, дык пераможцам апрыёры будзе Вялікі тэатр: да трох гарантаваных прэмій у оперным жанры і столькі ж у балетным далучыўся прыз “Натхненне” за арганізацыйную працу ад Саюза тэатральных дзеячаў, уручаны першаму намесніку гендырэктара Уладзіміру Рылатку. Дый званне “Мецэнат тэатра”, дадзенае “Беларусбанку” ў асобе яго старшыні праўлення Сяргея Пісарыка, — таксама дадатковае ачко на карысць Вялікага: згаданы банк падтрымлівае яго Міжнародны Калядны оперны форум і іншыя падзеі.

“Дык ён жа Вялікі, яму і трэба больш”, — пажартаваў хтосьці ў кулуарах. А між тым усе тэатры нацыянальнага статусу — удзельнікі фінальнага тыдня не абыдзены ўзнагародамі: купалаўцы сталі найлепшымі ў драме, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага — сярод “пастановак па творы беларускага аўтара”, найлепшай з якіх быў абвешчаны “Пясняр” рэжысёра Валянціны Ераньковай па п’есе, што была замоўлена тэатрам Васілю Дранько-Майсюку (апошні спектакль не стаўся гэткім “звыш-супер-адкрыццём”, але вобразна кажучы, хутчэй адзначылі саму тэму — прысвячэнне Мулявіну). І гэтак жа іншая тэма — святочна-рамантызаванае ўвасабленне падзей грамадзянскай вайны — думаецца, не дазволіла перамагчы “Вяселлю ў Малінаўцы”: “найлепшым спектаклем музычнага тэатра” была прызнана “Мая цудоўная ледзі” — шчыра кажучы, не самая лепшая праца найкрэатыўнага рэжысёра Ганны Маторнай. У “Вяселлі…” ж была справядліва адзначана Лідзія Кузьміцкая, якая стварыла на сцэне тэатра (і, дададзім, філармоніі таксама) цэлы шэраг адметных жаночых вобразаў.

Мабыць, справа ў статусе саміх узнагарод? Нацыянальная прэмія — гучыць з гонарам. Але, падобна на тое, гэтым азначэннем мы нібыта адмяжоўваемся ад таго, як будуць ацэнены тэатральныя заваёвы, уганараваныя ў межах краіны, на больш шырокім фоне еўрапейскіх і сусветных дасягненняў. Такая ўжо, відаць, у нас ментальнасць: усё лепшае выстаўляем на стол, калі госці прыходзяць, самі ж ужываем — часцяком зусім іншае. Паводле лозунгаў — галасуем рублём за “сваё, беларускае”. Паводле рэалій — за імпартны шырспажыў у выглядзе праславутых расійскіх антрэпрыз. Так што Нацыянальная прэмія — усяго толькі люстэрка таго, што маем. А хацелася б — таго, што павінны мець хаця б у аддаленай перспектыве.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Пяць гадоў таму матывам для стварэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі паслужыла цудоўная ідэя аб’яднаць тэатральнае жыццё краіны ў адзіны арганізм, каб у тэатраў з’явіўся дадатковы стымул для творчых пошукаў, а ў гледачоў — для наведвання гэтых устаноў культуры. А як выглядаў фінальны тыдзень сёлетняй прэміі?

Паказы фіналістаў (акрамя оперна-балетных намінантаў, якія “жылі”, збольшага, па асобных праграмах) праходзілі па раскладзе, пры якім публіка не мела фізічнай магчымасці пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных жанраў тэатральнай творчасці, бо шэраг спектакляў чатырох секцый былі прызначаны на адзін і той жа час. А наогул, фінальны тыдзень ішоў разважліва, без дадатковых мерапрыемстваў і нярэдка, асабліва на пастаноўках несталічных, з шэрагамі пустых месцаў. Аднак на спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра лялек “На дне”, які за паўгода прыязджае ў сталіцу трэці раз, разам з тым, яблыку не было дзе ўпасці (як, дарэчы, і на паказах іншых намінантаў, якія ладзіліся на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек). Мяркую, на запаўняльнасць залы паўплываў і розгалас пра яскравасць і адметнасць пастановак, і добрая праца службы распаўсюджвання білетаў сталічнага Тэатра лялек, і дадатковая рэклама ў сваёй афішы. Апошняе адзначу асабліва, бо ў афішах некаторых тэатральна-відовішчных устаноў конкурсныя паказы падаваліся як рэпертуарная цякучка…

Калісьці са старонак “К” прадстаўнікі тэатральнага асяродку выказвалі спадзяванні, што Нацыянальная прэмія стане галоўным тэатральным фестывалем краіны. Аднак на дадзеным этапе не хапае таго самага ядра, якое аб’яднала б прадстаўнікоў усіх жанраў, а таксама, уласна, віравання творчага жыцця. Згадаем сёлетнія форумы. На Міжнародным фестывалі тэатраў лялек панавала атмасфера сустрэчы старых знаёмцаў: зала на спектаклях поўнілася калегамі з іншых тэатраў, у “таемным пакоі” вялі гутаркі пра шляхі развіцця лялечнага мастацтва. “ТэАРТ” збіраў заўзятых тэатралаў, прагных пабачыць новае і паспрачацца пра далейшы лёс мастацтва, заклікаў іх на лекцыі, абмеркаванні. Пра Нацыянальную ж тэатральную прэмію нагадвалі рэдкія банеры ў фае некаторых тэатраў і фанаграма перад пачаткам спектаклю…

Верагодна, не стае адмысловай дырэкцыі, якая на працягу двух гадоў займалася б выключна гэтым праектам. Мроіцца арганізацыя абавязковых выездаў адборачнай камісіі ў рэгіёны, каб галасаванне было сапраўды аб’ектыўным, бо той-сёй відэазапіс можа паставіць крыж нават на самым добрым спектаклі. Шукаючы ж у метро хоць якую згадку пра падзею рэспубліканскага маштабу, што адбываецца ў Мінску, чарговы раз упэўнілася: пісьменна прасоўваць сваё трэба неадкладна вучыцца. Перад вачыма — свежы прыклад добрага маркетынгу ў сферы культуры ад Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў адносна мюзікла “Казанова”. Заяўлены студэнцкім праектам, спектакль быў пададзены з размахам, якому можна пазайздросціць: у горадзе — банеры і расцяжкі, у фае Палаца прафсаюзаў — дзясяткі студэнтаў якія сустракаюць гледачоў, раздаюць буклеты, адказваюць на пытанні, распавядаюць пра міні-выставы. Так стварылася сапраўдная “дзвіжуха”, чым “разагрэлі” публіку, задалі патрэбную інтанацыю для ўспрыняцця праекту.

Дык чаму б таксама не прасякнуцца такім задорам? У сталіцы дзейнічаюць тры творчыя ВНУ, з дапамогай якіх можна стварыць тую самую атмасферу, якой так не хапала сёлета. Можна прапанаваць у якасці праекта ў рамках навучальнай праграмы распрацаваць канцэпцыі афармлення фае, выставы, фотагалерэі са сцэнамі са спектакляў, перформансы. Для апошніх няма намінацыі ў палажэнні, але ж яны існуюць у нашым тэатральным рэльефе. Дык чаму не ўзгадаць пра іх хаця б такім чынам?! І калі з намінацый выключылі прэміі лепшаму сцэнографу, кампазітару, калі сярод іх не знайшлося месца мастаку па касцюмах, можна было б менавіта ў дадатковых імпрэзах адзначыць іх: напрыклад, правесці выставы макетаў і касцюмаў, буккросінг тэкстаў п’ес… Дакладна сталі б карыснымі для студэнтаў майстар-класы дзеячаў тэатральнага мастацтва з рэгіёнаў. Заадно атрымалася б прафарыентацыя для мінскіх студэнтаў, якія асядаюць у Мінску не толькі з прычыны цягі да сталіцы: пра становішча ў рэгіянальных калектывах (дзе перспектыў ім ніяк не менш, а хутчэй — больш) яны мала што ведаюць. Падаецца, такі падыход даў бы студэнтам, прафесіяналам і публіцы больш, чым экскурс у гісторыю, тэатральнага мастацтва Беларусі які быў прапанаваны падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Пераказваць яе дзеячам тэатра? Хіба тое, што закрыццё Нацыянальнай прэміі ўпершыню транслявалі па айчынным тэлебачанні, у пэўнай ступені апраўдвае такі падыход.

Памятаю, як пяць гадоў таму мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін выказваў заклапочанасць, каб рэспубліканскі конкурс не ператварыўся ў спаборніцтва паміж мінскімі тэатрамі. На шчасце, яго перажыванні не спраўдзіліся і на карце тэатральных падзей добра вызначаюцца рэгіёны. Бадай усіх сёлета абышлі магіляўчане. У Абласны тэатр лялек “паляцеў” прыз за найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва за “Самы маленькі самалёт на свеце” ў рэжысуры Ігара Казакова, прыз за найлепшую жаночую ролю ў спектаклі для дзяцей і юнацтва Таццяне Дзенісенка за ролю таго самага Маленькага самалёціка, а таксама за найлепшую мужчынскую ролю ў спектаклі тэатра лялек (Мікалаю Сцешыцу за ролю Лукі ў спектаклі таго ж Казакова “На дне”). Да суседзяў у Аблдрамтэатр трапіў прыз за найлепшую мужчынскую ролю ў спектаклі тэатра драмы: яе атрымаў Іван Трус за працу ў “Крэйцараўскай санаце”. Між іншым, гэты шматгранны акцёр адстойваў гонар адразу двух абласных тэатраў: у згаданым “На дне” ён выходзіў на сцэну з лялькай Ваські Попела.

Дзве статуэткі прывёз дадому Брэсцкі тэатр лялек за пастаноўку “Фро”: за найлепшы спектакль тэатра лялек і за найлепшую жаночую ролю ў спектаклі тэатра лялек (Аксана Чывялёва за ўвасабленне загалоўнага персанажа). На жаль, з дыстанцыі сышла праз збег сумных абставін пастаноўка-фіналіст Гродзенскага абласнога тэатра лялек “Візіт старой дамы”, які мог бы крыху змяніць карціну размеркавання прызоў. Сяргей Талкач з “Лялькі” заваяваў для Віцебска статуэтку за найлепшую мужчынскую ролю (загалоўная роля ў “Горадзе клоўна Піка”).

Дарэчы, усе названыя тэатры лялек патрапілі ў спіс адразу па некалькіх намінацыях. У фінал таксама змагла прабіцца і “Пінская шляхта” Палескага драматычнага тэатра, чыёй “фішкай” стала выкарыстанне на сцэне палескай гаворкі. Пінчане атрымалі ад Дзяржтэлерадыёкампаніі прыз у выглядзе тэлеверсіі спектакля.

Узнагароджанне ж мерна кацілася ад адной намінацыі да другой. У гэтым руху (часам — прадказальным, часам — не) раздачы тэатральных “буслоў” у мяне і ў маіх калег па пяры ўзнікла лагічнае пытанне: чаму на тэатральным біенале не ўшанавалі памяць тых мэтраў, якія пакінулі нас за гэтыя гады, наогул — дзеячаў тэатра? Заўчасна пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Сяргей Журавель, няма больш з намі кампазітара, народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса, краіна страціла народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага... Дзе, як ні ў акружэнні калег, успомніць тых, хто паўплываў на аблічча нацыянальнага тэатральнага мастацтва? Зрабіць гэта можна было вельмі лёгка: замест нейтральнага відэашэрагу пусціць на экран падчас выканання аднаго з музычных нумароў фотаздымкі вялікіх майстроў.

Наперадзе — два гады. Спадзяюся, Нацыянальная тэатральная прэмія прайшла стадыю падлеткавага адмаўлення чужога вопыту і за час да наступнага вызначэння найлепшага на айчынных падмостках скарэктуюцца відавочныя пытанні ў падыходах да вызначэння намінацый, магчыма, прымерацца здабыткі “старэйшых” форумаў. Тады і спадзяванні тэатральнай грамадскасці наблізяцца да рэальнасці.

Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"