25 сталіц у Мінску

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

22 снежня ў сталічнай мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыецца міжнародная выстава сучаснага жывапісу “Ад Лісабона да Уладзівастока праз Мінск”. У ёй возьмуць удзел мастакі, у асноўным, са сталіц 25 краін (не выключана, што лічба павялічыцца), якія знаходзяцца ў Еўропе або непасрэдна з ёй мяжуюць і задзейнічаны ў еўрапейскія культурныя працэсы.

Ідэя выставы належыць беларускаму Паслу ў Францыі (па сумяшчальніцтву ў Іспаніі, Партугаліі, і ў UNESCO) Паўлу Латушку ды мастаку Віктару Альшэўскаму. Зыходна планавалася, што гэта будзе сумесная выстава беларускіх мастакоў і іх калег з краін, дзе спадар Латушка акрэдытаваны, мае сувязі ў творчых асяродках і арыентуецца ў культурнай сітуацыі. Потым прышлі да высновы, што кола ўдзельнікаў варта пашырыць, а да рэалізацыі праекта далучыць нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў іншых краінах. Ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам UNESCO ў асобе Генеральнага дырэктара Ірыны Бокавай. Выстава праходзіць пад патранатам міжнароднай арганізацыі.

Паводле якіх крытэрыяў рабіўся адбор аўтараў і іхніх твораў для будучай экспазіцыі? Ці паедзе выстава з Мінска па іншых сталіцах? Па словах Латушкі і Альшэўскага, у адборы, безумоўна, прысутнічаў суб’ектыўны чыннік, але ўсё ж такі кіраваліся памкненнем як мага больш шырока прадставіць гледачам канцэптуальны і стылёвы абшар еўрапейскага жывапісу. Усе творцы ў сваіх краінах асобы вядомыя, ды і за мяжой яны гледачам не чужыя, таму якасць, так бы мовіць, гарантаваная. Але паўставалі пытанні, абмяркоўваць якія арганізатары не былі ўпаўнаважаныя: у прыватнасці — страхаванне твораў мастацтва і мытныя працэдуры. У выніку, удзел у праекце бяруць толькі тыя аўтары, якія пагадзіліся, каб іх карціны трапілі ў Беларусь на дыпламатычным транспарце. Дарэчы, гэта акалічнасць вызначыла і памер твораў. Цалкам верагодна, што пасля Мінска выставу пабачаць масквічы. Магчыма, жыхары Санкт-Пецярбурга і Уладзівастока (адзіныя несталічныя гарады ў праекце). Ёсць запыты на гэту імпрэзу з Лісабона, Астаны і Варшавы.

Арганізатары казалі пра партнёраў і спонсараў культурных праектаў, дзякуючы якім Беларусь інтэгруецца ў сусветную культурную ж прастору. Прынамсі, без дапамогі недзяржаўнага капіталу, без бізнесменаў немагчымыя былі б паказы нашага мастацтва ў Венецыі і Парыжы. Зрэшты, і гэта выстава робіцца без прыцягнення сродкаў бюджэту. Пры гэтым адзначылі прамоўцы як ненармальную з’яву тое, што СМІ часта не згадваюць імёны рупліўцаў, бо ў крызісны час укладанні ў такую рызыкоўную і не хуткую на дывідэнды сферу як мастацтва — гэта, як казаў з іншай нагоды адзін кінаперсанаж, “канешне ж, не подзвіг, але нешта гераічнае ў гэтым ёсць”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"