Нясвіж: разумна падыходзіць да рэстаўрацыі

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

12 мая Прэзідэнт азнаёміўся з ходам рэстаўрацыі аднаго са знакавых у гісторыі Беларусі месцаў — палацава-паркавага ансамбля 16-18 стст. у Нясвіжы.

 /i/content/pi/cult/161/1368/Nyasvizh..jpg
Паводле слоў міністра культуры Уладзіміра Матвейчука, у 2007 годзе здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс палацава-паркавага ансамбля, а менавіта ўязная брама, галерэі, мост, вежа. Аднак для завяршэння да ўстаноўленага тэрміну ўсіх аднаўленчых работ Міністэрства культуры папрасіла выдзеліць дадатковае фінансаванне.

Кіраўнік дзяржавы агледзеў адрэстаўраваныя памяшканні. Аляксандр Лукашэнка выказаў вялікае незадавальненне тым, што гатовы аб’ект да гэтага часу закрыты для наведвальнікаў. У цэлым жа ход рэканструкцыі, які зацягнуўся больш як на 10 гадоў, на думку Прэзідэнта, нельга назваць здавальняючым: аднаўленчыя работы вядуцца вельмі марудна і не вытрымліваюцца раней устаноўленыя тэрміны. Многія аб’екты гэтага архітэктурнага помніка знаходзяцца ў аварыйным стане, і іх аднаўленне фактычна можа ператварыцца ў новае будаўніцтва. Таму Кіраўнік дзяржавы слушна задаў пытанне аб рацыянальным расходаванні выдзяляемых сродкаў.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, трэба разумна падыходзіць да рэстаўрацыі гісторыка-культурных аб’ектаў. “Калі няма чаго рэстаўрыраваць, то і не трэба. Давайце агародзім руіны і будзем іх у такім выглядзе паказваць турыстам”, — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што рэстаўрацыю неабходна пачынаць толькі ў тым выпадку, калі завершаны ўсе будаўнічыя работы.

Рэакцыя Кіраўніка дзяржавы была жорсткая і адназначная: “закопваць” сродкі ў зямлю нікому дазволена не будзе.

У бліжэйшы час мясцовым уладам трэба будзе вызначыцца з далейшымі планамі адносна аднаўлення Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.

“Мы можам аддаць вам непасрэдна ўсе грошы, прадугледжаныя на рэстаўрацыю аб’екта. Наймайце каго хочаце, хоць прыватнікаў — яны за меншы кошт могуць якасна выканаць неабходныя работы. Калі падыдзеце да гэтага па-гаспадарску і зэканоміце сродкі, то тымі, што застануцца, зможаце распарадзіцца ў раёне паводле свайго меркавання”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

“Збярыцеся ўтрох — губернатар Мінскай вобласці, старшыня Нясвіжскага райвыканкама і кіраўнік ААТ “Салігорскпрамбуд”, вызначыцеся і ўнясіце мне праз тыдзень узгодненае рашэнне па паскарэнні рэканструкцыі. Але больш фінансавання, чым запланавана, вы не атрымаеце”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, усе рэстаўрацыйныя работы павінны быць завершаны да мая 2010 года.

Паводле інфармацыі Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
На здымку: Аляксандр Лукашэнка знаёміцца з ходам рэканструкцыі замка.
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА