Іншы погляд на Агінскага

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Аўтар хорару: “Каб літаратура па-беларуску стала запатрабаванай, ёй патрэбныя…
“К” працягвае ў розных ракурсах разглядаць тэму пошуку героя ў нашай творчай прасторы. Не так даўно на старонках газеты вялася размова пра пераасэнсаванне постаці Францыска Скарыны (“К” № 47), а ў нядаўна прэзентаванай кнізе “1813” Міхал Клеафас Агінскі, знакаміты арыстакрат, кампазітар, стваральнік паланэза “Развітанне з Радзімай”, уступае ў сутычку з арміяй… ажылых французскіх пяхотнікаў. Такі нетрывіяльны для айчыннай літаратуры сюжэт прапанаваў краязнаўца і журналіст Уладзімір САДОЎСКІ. Але інтэрв’ю для “К” мы пачалі з пытання пра збор сродкаў на кнігу — на краўдфандынг-платформе, перайшоўшы да таго, ці патрэбны беларусам кнігі такога кшталту.

/i/content/pi/cult/615/13678/12-1.jpg— Выдацца, аказалася, лёгка. І большасць маладых аўтараў робяць гэта самастойна, наколькі я ведаю (не “варуся” ў нашай літаратурнай тусоўцы), бо за грошы выдавецтва збольшага друкуюцца, можа, толькі тыя аўтары, чыё імя на слыху. Грошы ж сабраў праз краўдфандынгавую платформу: пазначыў суму ў 850 рублёў, але праз камісію ў мяне засталося на працу з выданнем, арганізацыю прэзентацыі, а таксама на падарункі тым, хто ўдзельнічаў у кампаніі прыкладна 750 рублёў. Калі прыкінуць, дык афармленне тэксту ў паўнавартасную электронную кнігу каштавала прыкладна 500 рублёў.

— Акрамя грошай краўдфандынг яшчэ чым-небудзь дапамог?

— Знайшліся людзі, якія сказалі “навошта ты дапамагаеш гэтым нахлебнікам?” Але ж, лічу, атрымалася своеасаблівая рэкламная кампанія кнігі, піяр па каналах як “Вулея”, так і выдавецтва. У выніку — куды большы ахоп аўдыторыі, чым каб я толькі праз свой блог спрабаваў праматываваць збор сродкаў. Спонсараў — тры групы: знаёмыя і падпісчыкі, якія прыйшлі праз сацыяльныя сеткі, сябры, каго ведаю асабіста, і невядомыя мне людзі, што ахвяравалі досыць вялікія сумы.

— Па адукацыі — інжынер, па пакліканні — краязнаўца. Як “занесла” ў літаратуру?

— Мяне хутчэй “занесла” ў краязнаўства: першапачаткова я завёў блог менавіта з літаратурнай мэтай. Упершыню пачаў пісаць даволі рана, яшчэ са школьнай лавы, нават публікаваўся некалькі разоў у часопісах, пазней пісаў пра тое, што было цікава — разнастайную фантастыку. А ўвогуле люблю жанр альтэрнатыўнай гісторыі, калі аўтар бярэ рэальны гістарычны эпізод і разглядае яго ў іншым ключы. Дарэчы, вельмі папулярная тэма ў жанравай літаратуры.

— Чаму для дэбютнай кнігі выбралі мастацкі, а не навукова-папулярны жанр?

— Напісаць мастацкую літаратуру нашмат прасцей, чым навукова-папулярную — не трэба капацца ў крыніцах, спраўджваць факты, калі чагосьці не знайшоў можаш самастойна дадумаць. Да ўсяго, для “1813” я абраў фармат электроннай кнігі, дзе не трэба гнацца за вялікім накладам, а падрыхтоўка каштуе адносна танна, калі параўноўваць з друкаванымі выданнямі падобнага аб’ёму. Так, усё рабілася з пазіцыі “танна і сярдзіта”.

— Перапляценне айчыннай гісторыі і масавай заходняй культуры — экзатычны сэцінг для нашай даволі строгай гістарычнай літаратуры. Чым натхняліся?

— Іншымі кнігам. Праўда, я даўно ўжо не чытаў нічога падобнага, хоць пачынаў з класікі — рамана “Чалавек у высокім замку” Філіпа Дзіка і твораў Гары Нормана Тэртлдава (у яго ёсць, скажам, цыкл гістарычнай фантастыкі пра тое, як падчас Другой сусветнай іншапланецяне прыляцелі захопліваць на Зямлю). Зомбі-тэматыка мне заўсёды была цікавая. Я вырас на фільмах накшталт “Золку мерцвякоў”, “28 дзён праз”, таму такі жанравы букет мне здаўся незвычайны, тым больш для нашай літаратуры. Хацелася напісаць тое, што я сам з радасцю пачытаў бы, і, думаю, гэта ў мяне атрымалася.

— Сучасных беларускіх аўтараў чытаеце?

— Я чытаю, у асноўным, замежных аўтараў, а сучасных беларускіх —рэдка і павярхоўна.

— Як з’явілася ідэя напісаць постмадэрнісцкі мэшап-раман, на стыку гісторыі і масавай культуры?

— У нас у Маладзечне дзейнічае фонд Агінскага, які праз свае каналы распаўсюджвае інфармацыю пра яго, арганізоўвае культурныя падзеі: спектаклі, балі, праводзіць з мясцовым музычным каледжам сумесныя мерапрыемствы. У пачатку 2010-х я наведваў літаратурны гурток у нашым Палацы культуры, у якога былі сувязі з фондам. Удзельнікам гуртка прапанавалі напісаць што-небудзь пафасна-патэтычнае пра Агінскага. Мне такая пастаноўка задачы не спадабалася, таму падумаў, што калі вазьмуся за тэму пра Агінскага, дык твор будзе незвычайным. Напрыклад, каб ён тузаў нечысць налева і направа, а не толькі музіцыраваў. Тады якраз супала — прачытаў кніжку Сэт Грэма-Сміта “Аўрам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў” і падумаў: “Чым я горшы за аўтара, і чаму беларуская гісторыя і гістарычныя дзеячы не могуць стаць героямі такога твора?” Якраз усплыло пажаданне напісаць пра Агінскага, і я пачаў шукаць інфармацыю пра яго. Даведаўся, што ў 1812 годзе ў Маладзечне праходзілі баі з напалеонаўскай арміяй, мноства загінулых салдат якой засталіся непахаванымі. На той момант у Маладзечне яшчэ існаваў замак роду Агінскіх. Я звязаў гэтыя факты і падумаў, што нядрэнна было б зрабіць з гэтага паўнавартасную фантастычную гісторыю.

— Каб па вашым аповедзе здымалі фільм, як ён выглядаў бы?

— Так, калі я пісаў навэлу, адразу ўяўляў як выглядалі бы тыя ці іншыя сцэны на вялікім экране. Думаю, гэта атрымаўся б класічны зомбі-слэшар у антуражы пачатку ХIX стагоддзя.

— Што агульнага паміж вашым літаратурным героем і яго гістарычным прататыпам?

— Каб дасягнуць падабенства майго Агінскага да рэальнай асобы, я праштудзіраваў некалькі гістарычных крыніц, прачытаў краязнаўчую літаратуру, прысвечаную яму, стараўся грунтаваць навэлу найперш на зафіксаваных фактах. У тэксце толькі адно дапушчэнне: Агінскі ў Маладзечна вярнуўся толькі ў 1814 годзе. Усе астатнія моманты пра тыя часы я браў з даступнай гістарыяграфіі. Зрэшты, не ведаю, што сказалі б даследчыкі пра створаны літаратурны вобраз…

— Каб вас спыталі, навошта нам беларускамоўны хорар пра зомбі…

— У разуменні масавага чытача беларуская літаратура, як мне здаецца, да гэтага часу заціснутая ў прасторы паміж некалькімі тэмамі. І варта ўзбагачаць, як бы пафасна гэта не гучала, ці хутчэй пашыраць межы ўспрымання хоць бы з дапамогай такога масавага жанру. Гэта не так і дрэнна, мяркую. Магчыма, кніга падштурхне беларусаў больш цікавіцца роднай мовай і нацыянальнай літаратурай.

— Кніга выйшла напярэдадні Дня памінання продкаў — Дзядоў...

— Дата паўстала выпадкова. Спярша планавалася, што кніга выйдзе ў пачатку кастрычніка, але па тэхнічных прычынах вырашылі перанесці на пачатак лістапада — акурат напярэдадні Дзядоў. Атрымалася досыць сімвалічна.

— Я да таго, што ў нас адметная ад краін Захаду культура шанавання мёртвых. У сувязі з гэтым, якім вы бачыце будучыню літаратуры накшталт вашага твору ў беларускім кантэксце?

— Спадзяюся на яе развіццё, хоць вядома я далёка не першым пачаў пісаць у нас пра тых самых нячысцікаў. У нас дастаткова напісана на гэтую тэму: пачынаючы ад “Шляхціча Завальні” Яна Баршчэўскага і да “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. У гэтых кнігах тэма інфернальных істот раскрытая шматбакова, але жанр пастаянна эвалюцыянуе, таму яго можна і трэба развіваць. І наогул, у сваіх літаратурных перавагах нам варта часцей выходзіць за межы школьнай праграмы: там таксама ёсць нямала цікавых твораў, хай і на іншыя тэмы. Хоць я даведаўся пра гэта толькі пасля заканчэння школы: тады такую літаратуру чытаць было нецікава.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што ўспрымаеце ўласную кнігу як сцёб. Цяпер, пасля яе выхаду, меркаванне змянілася?

— Не, я ўсё роўна не вельмі сур’ёзна да ўсяго гэтага стаўлюся. Так, творчы эксперымент, які ўдала завяршыўся. Жонка мне казала: “Не хвалюешся, што цябе пачнуць крытыкаваць, маўляў, на “наша ўсё” паквапіўся, з “нізкім жанрам” змяшаў”. Крытыку такога ўзроўню не ўспрымаю, таму што жывем мы ў ХХI стагоддзі. Не трэба ствараць сабе куміраў, нават сярод знакамітых суайчыннікаў. Да таго ж, Агінскі ў мяне сябе і радзіму ратуе ад зомбі. Так што нічога ў яго біяграфіі не змянілася: як быў героем, так і застаўся. Кніга хутчэй папулярызуе яго вобраз і стымулюе вывучаць гісторыю. Чалавек, які нічога не ведае пра Агінскага, прачытае кніжку і магчыма зацікавіцца сапраўднай біяграфіяй кампазітара і падзеямі, якія адбываліся падчас яго жыцця. У гэтым ёсць станоўчы момант, прапаганда гісторыі са знакам плюс. Няма нічога страшнага ў тым, каб абыграць нашу гісторыю ў жанравым кантэксце. Ад гэтага мы больш выйграем, чым прайграем.

— Ці існуе праблема недастатковага вывучэння гісторыі Беларусі ў школе?

— Мяркую, што так. Памятаю, я сам асабліва не любіў гэтыя ўрокі. І толькі праз гады пасля заканчэння школы стаў цікавіцца гісторыяй горада, краязнаўствам. Таму ў забаўляльнай форме прачытаць хоць што-небудзь пра гісторыю краіны лепш, чым зусім нічога. Можа аднаго з сотні, якія прачыталі кнігу, зацікавіць дадзеная тэма. Калі вучань пасля кнігі захоча напісаць рэферат пра Агінскага, гэта будзе паказчыкам, што ўсё рабілася не дарма.

— Чаму жанр зомбі-хорару ў нашым літаратурным кантэксце не з’явіўся раней?

— У нас наогул з забаўляльнымі жанрамі швах, нават прыгодніцкую літаратуру пішуць літаральна пару чалавек, а ў нетры масавай культуры міжнароднага ўзору пакуль што ніхто не заходзіў. Аўтараў хвалююць іншыя тэмы, але магчыма таму, што баяцца эксперыментаваць. Напэўна, гэта праблема, але паколькі я не літаратар, казаць за ўсіх мне нязручна. Ды з пункту гледжання тых, хто піша, гэта праблемай не з’яўляецца. Ну не было гэтых зомбі, ну і няхай! Хапае і таго, што ёсць. Зрэшты, літаратура будзе мець сілу, калі на ёй пачнуць пісаць “нізкія” жанры: зомбі-хорары або якія-небудзь “50 адценняў шэрага”.

— Ці будзеце працягваць серыю раманаў з альтэрнатыўнай гісторыяй? Якія ідэі ўжо ёсць?

— Была ідэя напісаць пра тайную супольнасць філаматаў і філарэтаў як пра каманду паляўнічых за дэманамі, якія захапілі імператарскі прастол у Расійскай імперыі. Але гэта пакуль у якасці задумкі. Зараз хачу напісаць кнігу пра БССР у 1920 —1930-х. Я працую па гэтай тэме над краязнаўчым праектам, таму хацелася б выкарыстаць нешта з назапашанага матэрыялу для напісання альтэрнатыўнай гісторыі, без прыцягнення ўсялякіх нячысцікаў.

Тарас ТАРНАЛІЦКІ

 

Вакол твора "1813" Уладзіміра Садоўскага распаліліся нежартоўныя жарсці, прынамсі, у сацыяльных сетках. Урэшце, як зазначаюць іх карыстальнікі, дзякуючы такой рэкламе пра кнігу і самога Агінскага даведаюцца і не-не да прачытаюць. Мы ж на хвалі абмеркаванняў папрасілі выказацца адносна досведу пераводу знакавых постацяў у "нізкі жанр" тых, чыя дзейнасць у культурнай прасторы так ці інакш звязаная з постаццю Міхала Клеафаса Агінскага. Адразу зазначым: меркаванні адрозныя. Урэшце, тым яны і цікавыя.

Рыгор САРОКА, старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонда “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь:

— Беручы да ўвагі тое, што імя Міхала Клеафаса Агінскага і на радзіме шануецца і ў свеце добра вядомае, патрэбы ў такіх штучных формах папулярызацыі гэтай гістарычнай асобы, на маю думку, няма. Ягоны славуты паланез — адзін з самых вядомых твораў у гісторыі музычнага мастацтва. Пра яго чулі нават тыя, хто не мае ніякага дачынення да музыкі. За апошнія некалькі гадоў канкрэтна ў Беларусі шмат зроблена дзеля асэнсавання творчай спадчыны кампазітара і разумення яго як асобы ў кантэксце таго і нашага часу. Напісаная опера, якую прыхільна прымае наша публіка, ідзе праца з малавядомымі партытурамі кампазітара, беларускіх музыкантаў, што натхняюцца Агінскім, чакаюць за мяжой. Так што на пытанне, ці трэба рабіць аўтара паланэза героем зомбі-трылера, я адкажу “не”. Прынамсі, не варта гэта рабіць зараз. Што ж датычыцца канкрэтнага твора, пра які ідзе гаворка, я яго не чытаў, таму і ацэньваць не магу. Але калі ён напісаны таленавіта, дык няхай будзе і такі погляд…

Людміла ГРАДЗІНСКАЯ, дырэктар Музея-сядзібы Агінскага ў Залессі:

— Як па мне, дык не варта ўвогуле было такую кнігу пісаць. Я кажу гэта і як той, хто вывучае спадчыну Агінскага, і як мясцовы чалавек, для каго Міхал Клеафас зямляк, сусед, у нейкім сэнсе сваяк. Колькі памятаю сябе, Агінскі заўжды ў маёй свядомасці ўвасабляў і наваколле, і радзіму ў шырокім сэнсе. Наведвальнікам музея мы распавядаем пра Агінскага як пра жывога, як пра гаспадара сядзібы, адкуль ён з’ехаў на час у Вільню і мусіць вярнуцца. І нам не ўсё адно, што пра яго пішуць і гавораць. Агінскі — постаць настолькі высокая, што не ўсім дадзена дацягнуцца да яе разумення. Не дзіва, што вакол такой асобы з’яўляюцца міфы. Што да кнігі, пра якую ідзе гаворка, дык аўтару параю заняцца вывучэннем архіваў, дзе яшчэ шмат невядомых грамадзе матэрыялаў, датычных нашага генія.

Павел САПОЦЬКА, дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, намеснік старшыні праўлення фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”:

— Адразу адзначу, што чытаў не ўвесь твор, а толькі вытрымкі. Асабіста з аўтарам я не знаёмы, але да творчасці дакрануцца была магчымасць (тым больш, мы з аднаго горада) і паважаю яго як творчую асобу. Але да твора “1813” стаўлюся пакуль скептычна. Бачу некаторую пагрозу ў сэнсе выхавання і асветніцтва моладзі ў кантэксце сваёй культуры. Лічу, што дадзены твор павінен быць прызначаны толькі для асоб, якія ўжо знаёмыя з жыццём і творчасцю выбітнай асобы праз сур’ёзныя выданні ці культурныя мерапрыемствы, якіх было вельмі шмат апошнім часам. А што тычыцца людзей, якія толькі ведаюць, што Агінскі быў… Вялікае пытанне! Асабіста я кнігу накшталт “Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў” хутчэй за ўсё не набуду. Але ў сувязі з тым, што на працягу некалькіх гадоў цікаўлюся тэмай спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, кнігу спадара Садоўскага з цікавасцю, а можа нават і з задавальненнем прачытаю. Таму гэты “псеўдагістарычны зомбі-хорар”, “трэшачок” (паводле словаў самога Уладзіміра) мае месца існаваць, але — але… Галоўная мэта падобнага выдання — выклікаць гонар за сваю спадчыну, гісторыю, культуру, выбітных постацей. Спадзяюся, што малады чалавек, які прачытае кнігу ці зірне на вокладку (!), захоча пазнаёміцца з біяграфіяй Міхала Клеафаса і тымі выданнямі, што з’явіліся на свет у апошні час. І няхай на адной палічцы стаяць кнігі пра Агінскага аўтарства як Уладзіміра Садоўскага, так і Анджэя Залускага, Леаніда Несцерчука, Святлены Немагай, Сяргея Верамейчыка…

Святлена НЕМАГАЙ, музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства:

— Самой кнігі я не чытала, мяркую, аднак, што гаворка ў дадзеным выпадку мусіць ісці не пра тое, ці прынізіў аўтар такім мастацкім прыёмам нашага генія, ці наблізіў ён яго да народа, зрабіўшы сваім для паспалітай грамады, але пра механізм успрымання людзьмі той ці іншай гістарычнай асобы. На маю думку, сам факт з’яўлення твору такога кшталту сведчыць: Міхал Клеафас Агінскі нарэшце стаў для беларусаў культавай постаццю. У гэтым сэнсе з’яўленне кнігі падзея станоўчая. З цікавасцю яе прачытаю. Можа, параўнанне будзе не зусім карэктным, але ў дадзеным выпадку Агінскі для беларусаў  — гэта як, скажам, тая ж Мэрылін Манро для амерыканцаў. Ёй захапляюцца, ёй натхняюцца, з яе іранізуюць і кпяць, але ўявіць Амерыку без Мэрылін ужо немагчыма. Тое ж можна сказаць пра месца Напалеона ў французскай свядомасці. Зрэшты, і да асобы Моцарта не заўжды ставяцца з піетэтам…

Ад аўтара. Не памятаю, дзе і калі я патрапіў на нататкі пра літаратурную творчасць, чый аўтар сцвярджаў, што каб аповед зацікавіў, ягоным героем мусіць быць знакавая, усім больш-менш вядомая постаць — Хрыстос, Цэзар, Напалеон і гэтак далей. Чытач, як той шчупак, мусіць найперш заглынуць нажыўку, а далей ужо справа тэхнікі і досведу “рыбалова”-апавядальніка, які вядзе сваю “здабычу” ад прадмовы да эпілогу. Як прыклад: чарапашкі-ніндзя ў папулярным анімацыйным серыяле названы Мікельанджала, Леанарда, Рафаэль і Данатэла. Упэўнены, што эстэты былі абураныя такой прафанацыяй, але мультфільм быў разлічаны на зусім іншую аўдыторыю. Потым, ужо ў школе, дзеці са здзіўленнем адкрывалі для сябе, што ў геніяў Рэнэсансу тыя ж імёны. Беларускі аўтар напісаў кнігу пра тое, як Міхал Клеафас Агінскі вызваляе родны край ад прыхадняў-зомбі. Калі нехта прачытае гэты твор раней за рэальны жыццяпіс Агінскага, дык потым будзе нямала здзіўлены той акалічнасцю, што ў перапынках паміж бойкамі з мярцвякамі Міхал Клеафас яшчэ і музыку пісаў…

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэме сённяшняга форуму. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце ў акаунтах kimpressby у сацыяльных сетках Facebook, Vk, Twitter, Instagram

Занатаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ