Чарга з грантадаўцаў... Калі яна з'явіцца?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Практыкум для дылетанта: ідэя — заяўка — праект — грошы — плён
Я завёў новую папку і акуратна напісаў на вокладцы — “Фандрайзінг: як знайсці сродкі”. Потым падумаў і дадаў “…і партнёраў-аднадумцаў”. Гэта папка для вас, шаноўныя чытачы. У ёй — рэалізацыя вашых прафесійных мар (чытай — ідэй): бліскучыя аўтабібліятэкі і аўтаклубы, адроджаныя сядзібы і добраўпарадкаваныя паркі, квэсты і турмаршруты з гасцёўнямі ды аграсядзібамі… Умова толькі адна — тыя ідэі вы павінны мець.

/i/content/pi/cult/615/13677/11-1.jpgПапка ўзнікла ў выніку майго ўдзелу ў семінары-практыкуме “Фандрайзінг: як знайсці сродкі для развіцця культуры“, які наладзіў Інстытут культуры Беларусі. Анансаваўся ён як рэспубліканскі. У прынцыпе, усё так і было: прыехалі прадстаўнікі абласцей краіны, ды толькі агулам іх не набралася і з дзясятак. Прычына вядомая і абрыдлая: недахоп грошай. Іронія лёсу нейкая: на практыкум, дзе спецыялісты вучаць грошы здабываць, раённых сродкаў якраз і не хапіла. Ці выкараскаемся мы з гэтага зачараванага кола? Суцішае толькі адно: мо зэканомленыя рублі ў аддзелах ІРКіСМ выкарыстаюць на ведамасную падпіску на “К“.

Для цікаўнасці пазначу, адкуль здолелі прыбыць “семінарысты“. Са сталічнага Музея Якуба Коласа, замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы, Чэрвеньскай раённай бібліятэкі, магілёўскага абласнога метадцэнтра, тураўскага музея, Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Асіповіцкага раёна… Прызнацца, я чакаў, як мінімум, разоў у пяць болей слухачоў. Вось таму “фандрайзінгавая“ папка і з’явілася. Я ў альтэрнатыўных спосабах здабыцця грошай — дылетант. Але як журналіст добра ведаю, што праектная дзейнасць у сферы культуры досыць вынікова развіваецца ў шэрагу раёнаў Гродзеншчыны, у некалькіх — па Гомельшчыне, Брэстчыне ды Віцебшчыне. У большасці ж выпадкаў пісаць даводзіцца не пра наяўнасць, а пра адсутнасць згаданых высілкаў. Вось і хачу, каб “К“ у чарговы раз выступіла пасярэднікам паміж ведамі і тымі, каму яны патрэбныя, як хлеб. А цяпер паспрабую гэта зрабіць. Не сам, а з дапамогай ведаў, што далі нам у той “семінарскі“ дзень прадстаўнікі грамадскіх, недзяржаўных, некамерцыйных, дабрачынных аб’яднанняў, што спецыялізуюцца на кансультацыях і трэнінгах для пабудовы стратэгічных партнёрстваў (іхнія сайты і тэлефоны — у папцы: дарэчы, раю і вам завесці падобную). Ну дык вось, за што прыдбаў — за тое і аддаю.

Як знайсці донара?

Яшчэ іх называюць донарамі, фондамі, адкрытымі праграмамі і конкурсамі… У маёй запаветнай папцы такіх — роўна 20. Але і ў інтэрнэце, які ў разы перакрывае “фандрайзінгавыя“ магчымасці маёй папкі, яны — навідавоку. Спынюся на самых, падаецца, папулярных, асвоеных. Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” і “Польшча — Беларусь — Украіна” садзейнічаюць, як вядома, умацаванню культурных і эканамічных зносін. А рэалізацыя сумесных праектаў скіраваная на паляпшэнне якасці жыцця ў памежных рэгіёнах. Дадам толькі вось што: сума праекта першай праграмы — не менш за 100 000 еўра. Апошні тэрмін прыёму заявак — да 20 снежня бягучага года. Што будзе ў наступным, паведаміць сайт. Па другой праграме тэрмін прыёму дакументаў — да 31 снежня, сума праекта вагаецца ў межах ад 100 000 да 2 500 000 еўра. А дакументы падаюцца ў два этапы. Спачатку — канцэптуальны ліст. Поўная заяўка — па запрашэнні адборачнай камісіі.

Нагадаю і яшчэ адну акалічнасць. Асобныя фонды фінансуюць праекты толькі грамадскіх аб’яднанняў. Не бяды: такім аб’яднаннем пры жаданні і пэўных намаганнях можа стаць любое клубнае ці бібліятэчнае фармаванне. Механічная, так бы мовіць, праца па адборы донара на гэтым заканчваецца.

Якой мае быць заяўка

У вас ёсць арыгінальная ідэя, якая стала асновай вашага ўнікальнага праекта. Вам цяпер трэба падаць заяўку (ці канцэптуальны ліст) у абраны вамі фонд. Вось тут і павінна пачацца творчасць! Сем разоў адмерайце, падумайце, парайцеся. Але ў выніку першыя сказы згаданага дакумента павінны донара зацікавіць, заінтрыгаваць, узяць у палон. Калі вашы аргументы ўзаемакарыснасці праекта не пераканаюць, заяўку, магчыма, да канца так і не прачытаюць. А нам таго не патрэбна.

Вельмі істотны, на мой погляд, нюанс. Грошы, як мне падаецца, мы не павінны прасіць. Трэба такім чынам падрыхтаваць заяўку, каб донар за гонар палічыў паўдзельнічаць у сумесным праекце і яго прафінансаваць. А гэта ўжо не проста творчасць, гэта, калі хочаце, — мастацтва вышэйшага кшталту.

Цяпер — пра абавязковыя складнікі заяўкі: інфармацыя аб заяўніку; мэты і задачы праекта; актуальнасць і ўзаемакарыснасць; тэрміны выканання; партнёры; чаканы вынік; устойлівасць праекта і яго перспектывы развіцця.

Калі заяўка адобраная, вас пісьмова запрашаюць да супрацоўніцтва. На парадак дня паўстае сам праект. Справа гэткая ж супертворчая, як і заяўка ці канцэптуальны ліст.

Якім мае быць праект?

Непаўторным. Гэта — аксіёма, таму не будзем на ёй затрымлівацца. Гаворка пра абавязковыя складнікі праекта за выняткам яе творчай (ідэйнай) часткі. Праект найперш — дакладны план дакладных мерапрыемстваў па няўхільным дасягненні вызначаных мэт і задач. Потым — гаворка пра рэсурсы. Потым — пра бюджэт.

Калі праект прадуманы, надзённы, з вялікім унутраным патэнцыялам, ён, як базавая мадэль-канцэпт, здольны нараджаць наступны. Я назваў бы гэта праектнай эвалюцыяй. Да прыкладу, аднаўленне старадаўняй сядзібы пад шматфункцыянальную ўстанову сацыяльнага і культурнага абслугоўвання пацягне за сабой ініцыятыву, скажам, экалагічнага зместу — па добраўпарадкаванні старасвецкага парка і рэканструкцыі азёрнай сістэмы. Чарговы план дзеянняў — па стварэнні належнай інфраструктуры. Калі будуць гатовыя гасцёўні і кемпінгі з кавярнямі, можна пераходзіць да планавання перспектыўнага турыстычнага бізнесу. Словам, апетыт прыходзіць за сталом. Таму, калі вы трапіце ў палон фандрайзінгавай дзейнасці, вашай настольнай кнігай назаўжды стане тэрміналагічны слоўнік праектанта. Вось некалькі патэнцыяльных артыкулаў для яго:

Праект — асобны, адносна незалежны план, які мае мэту, задачы і асноўныя крокі для дасягнення мэты за пэўны час з прыцягненнем неабходных рэсурсаў.

Характарыстыкі праекта — ён накіраваны на дасягненне канкрэтных мэтаў; уключае скаардынаване выкананне ўзаемазвязаных дзей, мае абмежаванасць у часе і рэсурсах, з’яўляецца (Звярніце на гэта асаблівую ўвагу. — Я.Р.) непаўторным і ўнікальным.

Бюджэт — чаканыя вынікі і размеркаваныя рэсурсы ў грашовым адлюстраванні.

Рэсурсы (асноўныя) — людзі, праграмы і метады, грошы, памяшканне і абсталяванне, інфармацыя.

Грант — сродкі, якія фонд, карпарацыя, урадавая установа, прыватная асоба ахвяруюць арганізацыі ці прыватнай асобе для рэалізацыі праекта.

Донар — той, хто ахвяруе сродкі.

Заяўка — пісьмовы зварот да донара з абгрунтаванымі перакананнямі аб выдаткаванні гранта.

Мае сённяшнія фандрайзінгавыя нататкі, як і заўжды, — суб’ектыўнага характару. І гэта толькі адзін погляд на праблемнае поле праектных тэхналогій. Так што чакаем вашых водгукаў, расповедаў пра вашы напрацоўкі ў дадзеным плане, пра вашы дасягненні. Неаспрэчна адно, нам разам узорваць, засейваць і даглядаць гэтае поле. Толькі тады, напэўна, дачакаемся дружных усходаў.

P.S. Удзячнасць за інфармацыйнае садзейнічанне хачу выказаць Алесю Лозку — начальніку аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі, пад эгідай якога і праходзіў семінар-практыкум, ды праектным “трэнерам»“ Аліцыі Шыбіцкай, Святлане Русанавай, Алене Радзіонавай, Юліі Станкевіч.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"