“Казанова”: гэта нова?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Яркая, прыцягальная расцяжка з запрашэннем на мюзікл “Казанова” даўно красавалася на калонах Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў: менавіта гэта ўстанова падтрымала чарговы творчы праект Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — увасабленне сіламі студэнтаў спектакля расійскіх аўтараў і пастаноўшчыкаў.

/i/content/pi/cult/615/13675/9-2.jpg

Сцэна са спектакля "Казанова". / Фота Алега СІЛЬВАНОВІЧА

Мюзіклы Кіма Брэйтбурга, як і яго шматлікія песні, для нас не навіна. Яго спектаклі ідуць бадай часцей за ўсе разам узятыя музычна-тэатральныя творы беларускіх аўтараў, канкурыруючы хіба з увасабленнем на нашых сцэнах творчасці Генадзя Гладкова. Можна колькі заўгодна кпіць на гэты конт, але выключна на публіцыстычным узроўні. Бо ледзь справа даходзіць да практыкі — хаця б на ўзроўні дакладнай беларускай назвы, якая павінна была б апынуцца ў афішах замест таго ж “Казановы”, узнікае паўза. Нават з ферматай, што значна павялічвае яе працягласць. Сапраўды, што беларускае, прычым такое ж хітова-касавае, разлічанае на натоўпы публікі, згоднай аддаваць свае кроўныя, можна прапанаваць узамен? Вось калі без касавасці — колькі заўгодна...

Бянтэжыць і “нестыкоўка” з уласна мастацкім вынікам. Будзем шчырымі: “Казанова” на парадак вышэйшы за ранейшыя спектаклі тых жа аўтараў і пастаноўшчыкаў. Але тыя прэм’еры ўхваляліся ў СМІ. Гэту — пачалі ганьбіць, яшчэ не паглядзеўшы. Дзе ж логіка?

Музыцы Брэйтбурга ўласцівая хуткая запамінальнасць, папросту неабходная для хітоў. Вынікае яна з пазнавальнасці, прысутнасці ў мелодыі добра знаёмых, усім вядомых інтанацый — таго, што азначаюць як “інтанацыйны слоўнік эпохі”. Але ўзнікае небяспека другаснасці: маўляў, усё гэта мы ўжо дзесьці чулі — нібыта ці насамрэч. Калі ў “Блакітнай камеі”, “Дуброўскім” такія “знаёмыя незнаёмцы”, кожны са сваім шлейфам музычных успамінаў, прысутнічалі, што называецца, “на поўным сур’ёзе”, дык пры ўсім поспеху твораў у публікі (пяцігадовы кантракт на “…Камею” працягнуты Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам яшчэ на тры гады) асабіста ў мяне не маглі не ўзнікаць пытанні наконт “высокай мастацкасці”. У “Дуброўскім”, пастаўленым сіламі БДУКіМ, перашкаджаў таксама аркестр, што змяшчаўся на сцэне і іграў разам з інструментальнай фанаграмай, выклікаючы непаразуменне самой сваёй прысутнасцю. Дый драматургія вызначалася ўрыўкавасцю, шматкаватасцю: нават калі ўлічвасць уздзеянне на яе кінамантажных прыёмаў, гэта былі хутчэй асобныя замалёўкі, знітаваныя па прынцыпе сюіты.

Усе мінусы ператварыліся ў плюсы, калі ў “Казанове” змяніўся сам жанр: гэта не проста мюзікл, а мюзікл-комікс. Такое азначэнне ў творах кампазітара з’явілася не ўпершыню: як мюзікл-комікс у свой час пазіцыянаваўся спектакль “Леанарда”, які мінчане маглі бачыць год таму на гастролях Стаўрапальскага акадэмічнага тэатра драмы імя Міхаіла Лермантава ў нашым Музычным тэатры (праўда, там слова “комікс”, у адрозненне ад некаторых іншых увасабленняў гэтага твора, не выстаўлялася ў афішу). Дый сам жанр комікса неяк не спалучаўся з Леанарда да Вінчы, чыю асобу і тым больш творчасць мы прызвычаіліся ўспрымаць з большым піетэтам.

Іншая справа — Казанова! Тут як нідзе дарэчы і зварот да масавай культуры, прыналежнасцю якой з’яўляецца комікс, і вырашэнне тэмы праз прыгодніцкі жанр ды іронію, парадыйна-карыкатурнае ўвасабленне герояў, што стала класікай коміксаў — хаця можна знайсці і шмат сур’ёзных тэм, увасобленых праз “смешныя карцінкі з подпісамі” (у замежжы так выдаюцца кніжкі і па гісторыі акадэмічнай музыкі, і па сексуальным выхаванні дзяцей і тынэйджараў).

Спектакль выйшаў вясёлы, “завадны”, насычаны папраўдзе смешнымі “прыколамі”, а не праколамі. Ён не пра спакушэнні з падманамі, а пра каханне. Пра псіхалогію “ахвяры”, задаволенай сваім лёсам. Пра ролю “грамадскага меркавання”, якое не толькі дазваляе, але і вымушае бачыць у чалавеку менавіта тое, чаго ад яго чакаюць. І пра ўсе гэтыя даволі сур’ёзныя тэмы — наўмысна “зніжанай” мовай коміксаў, але не пераходзячы мяжу добрага густу. Вымусіць залу шчыра смяяцца — больш складана, чым плакаць. Тут — атрымалася.

Адзінае, над чым трэба яшчэ працаваць, — гэта адпаведнасць гукарэжысуры акустычным умовам залы. Мне пашчасціла сядзець у канцы партэра. Тыя ж, хто апынуўся бліжэй, пакутавалі ад дэцыбелаў, а некаторыя былі настолькі агаломшаны, што сыйшлі пасля антракту. Дадам, што і ў ранейшых пастановак твораў Брэйтбурга тая ж праблема.

У астатнім — усё са знакам якасці. Неверагодная сумесь яркіх фарбаў, стылёва-жанравых спасылак, элементаў розных відаў мастацтваў — ад эстэтыкі вулічных тэатраў да стылю “гоблінаўскіх” перакладаў у кіно, ад шыкоўнага валодання шпагай (фехтаванне — як у прыгодніцкіх стужках, дзе артыстаў замяняюць каскадзёры) да шалёнай энергетыкі не толькі салістаў, але і праславутай “масоўкі” (кардэбалет танцуе так, што не снілася прафесіяналам). Сярод удзельнікаў ёсць не толькі пачаткоўцы, але і вядомыя эстрадныя салісты, якіх папраўдзе не пазнаць. Звычайна статычны, гэткі “ліра-эпічны” Андрэй Коласаў тут паўстае надзіва пластычным, харызматычным — прыроджаны Казанова. Яўген Слуцкі, вядомы добрым джазавым выкананнем, нечакана пераўвасабляецца ў адмоўнага персанажа — суддзю Мальдзіні, чыя постаць нагадвае шматлікія ўвасабленні расініеўскага дона Базіліа з “Севільскага цырульніка”. Ды што казаць, кожны — зорка.

Таму, як БДУКіМ умее даносіць да публікі свае праекты, трэба павучыцца. Рэклама, інфармацыйнае суправаджэнне, праграмкі-буклеты не толькі з пералікам удзельнікаў, але і са сціслай даведкай пра кожнага, магчымасць сэлфі ля афішы, сувеніры-магніты — еўрапейскі ўзровень! Куды толькі знікаюць тыя крэатыўшчыкі пасля заканчэння ВНУ? Чаму падобны менеджмент не ахоплівае ўсю нацыянальную культуру? Праўда, з дрэс-кодам крыху перабольшылі: у запрашальніках (заўважце, не на адкрыццё кінафестывалю ў Канах, а на прэс-прагляд) пазначылі “black tie”, што прадугледжвае дамскія вячэрнія строі даўжынёй да падлогі. Вытрымала яго адзіная дзяўчына, якая пачувалася ніякавата: самі арганізатары прыйшлі ў сукенках для кактэйля.

…У снежні нас чакае яшчэ адна прэм’ера Брэйтбурга — мюзікл “Джэйн Эйр” у Музычным тэатры. Давайце ацэнім яго якасць, а не парадкавы нумар на беларускай сцэне. Хаця колькасць таксама схіляе да роздуму: цікава, якім атрымаўся б “Казанова”, каб пастаноўшчыкі не напрактыкаваліся б на ранейшых мюзіклах? Звярніце ўвагу і на тое, што ва ўсіх тых выпадках і тэатр і навучальная ўстанова атрымлівалі творчы прадукт, што называецца, “пад ключ” — з гатовым не адно творам, але і добра распрацаванымі ідэямі яго ўвасаблення, нават з выкладчыкам па вакале. Ці могуць нашы кампазітары пахвастаць тым жа? У некаторых тэатрах ім так і кажуць: знайдзіце сабе рэжысёра. А яшчэ няблага б і грошы. І наконт назвы падумайце: гэтая нейкая “не касавая”, а нам патрэбен хіт. Ад вашай жа музыкі — галасы псуюцца. Не выключана і сітуацыя, што таго ж самага “Казанову”, але з рук беларускіх творцаў — таксама ўзялі б не паўсюль: маўляў, дзе ж тут нацыянальная тэма?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"