Што патрэбна бібліятэкарам?

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Працягваем серыю “развіртуалізацый” у рамках падпісной кампаніі на 2017 год
22 лістапада прайшла чарговая “развіртуалізацыя” рэдакцыі “К” — гэтым разам з супрацоўнікамі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска. Сустрэча прайшла ў дзіцячай бібліятэцы № 10, што месціцца ў мікрараёне “Усход”, у рамках мерапрыемства “Кірмаш ідэй-2016”.

/i/content/pi/cult/614/13668/3-2.jpgЛічбы і факты

Як адзначыла напачатку мерапрыемства дырэктар ЦСДБ Мінска Таццяна Швед, “калі ў 2006 годзе мы атрымлівалі 5 камплектаў “Культуры”, дык на сёння ўжо 18, на кожную дзіцячую бібліятэку сталіцы”. Найбольш цікаўныя да культурных падзей чытачы, па яе словах, завітваюць у бібліятэкі №№ 13 і 12, а таксама ў Цэнтральную бібліятэку сістэмы. “Культуру” ў іх выдавалі цягам 2014 — 2016 гадоў 1121, 750 і 913 чытачам адпаведна. Агулам жа за гэтыя гады падшыўкі з газетай замаўлялі прыкладна 5,5 тысяч чалавек. Дарэчы, бібліятэка № 13, дзе “Культурай” цікавяцца найбольш, месціцца ў пасёлку “Сосны”, на вуліцы акадэміка Красіна. Мясцовая “кніжніца” з’яўляецца адзінай установай культуры ў гэтым “рэгіёне” Мінска.

Але калі казаць шчыра, агулам зразумела, што дзіцячыя бібліятэкі не з’яўляюцца тым месцам, дзе свежыя нумары “К” расхопліваюць, нібы гарачыя піражкі. Тым не менш, цікавасць да газеты ўсё-такі ёсць, і падшыўкі з ёй не ляжаць “мёртвым грузам” на паліцах сталічных “кніжніц”. Да слова, папулярнасць газеты магла б быць значна большай, каб не адно “але”: зніжэнню цікаўнасці да публікацый культурнай тэматыкі, як неаднойчы гаварылася падчас сустрэчы, “паспрыяла” адмена вучэбных заняткаў па сусветнай мастацкай культуры ў школах і гімназіях.

Чаго хочуць чытачы?

Хто ж яны, чытачы “Культуры”? Гэта ў першую чаргу людзі, занятыя ў сферах мастацтва, гісторыі, педагогікі ды, натуральна, у бібліятэчнай.

— Мы зрабілі невялікае апытанне сярод бібліятэкараў наконт “Культуры”, — адзначыла Таццяна Швед. — Найбольш падабаюцца нашым супрацоўнікам рубрыкі “Art-блог”, “Prof-партфоліа”, “Погляд з XXI стагоддзя” і некаторыя іншыя. А сярод таго, што хацелася б бачыць на старонках газеты — матэрыялы “круглых сталоў”, публікацыі дыскусійнага характару на розную тэматыку, прыклады паспяховага замежнага вопыту, артыкулы, дзе ідзе расповед пра абслугоўванне чытачоў малодшага і сярэдняга ўзросту…

Разам з тым, заўважу, дыскусійных пляцовак для абмеркавання самых набалелых пытанняў культурнай тэматыкі (у тым ліку і для супрацоўнікаў бібліятэк) наша газета прадастаўляе даволі многа.

Шмат друкуем “круглых сталоў”, багата ў газеце звестак пра замежны вопыт ды пра абслугоўванне чытачоў у сельскай мясцовасці і раённых цэнтрах Беларусі, а таксама пра развіццё і ўдасканаленне мабільнай бібліятэчнай сеткі краіны з выкарыстаннем бібліёбусаў. Але, зразумела, будзем запаўняць “лакуны” і імкнуцца да большага ахопу самых розных пытанняў, у тым ліку і тых, што закранаюць бібліятэчную сферу. Прынамсі, пра будучыню бібліятэк (напрыклад, у сувязі з імклівым развіццём найноўшых тэхналогій) “К” апошнім часам пісала шматкроць…

Але і гэта, натуральна, не ўвесь пералік заўваг і пажаданняў. Напрыклад, загадчыца бібліятэкі № 16 Вольга Ціткова, казала, сярод іншага, пра недахоп артыкулаў пра беларускую літаратуру і айчынных літаратараў. Кіраўнік бібліятэкі № 12 Святлана Латаш адзначыла, што ёй вельмі падабаюцца беларуская мова выдання і артыкулы на розныя надзённыя тэмы, а таксама заўважыла, што варта было б даваць на старонках газеты больш месца для выказвання практыкам з той або іншай галіны сферы культуры.

Бібліятэкары казалі пра празмерную ўвагу рэдакцыі да артыкулаў, дзе закранаецца тэма платных паслуг. Іншых з прамоўцаў здзівіў расповед, скажам, пра прыватную бібліятэку, а некаторыя гаварылі, што, не зважаючы на гаротны стан некаторых устаноў культуры, варта падтрымліваць іх словам, пісаць больш аптымістычна і ў пазітыўным ключы. Што да публікацый з рэгіёнаў, дык меркаванне сталічных бібліятэкараў падзялілася: адны казалі, што пра жыццё “глыбінкі” ім чытаць не так і цікава, іншыя з імпэтам сцвярджалі адваротнае.

Каб не абцяжарваць артыкул гэтымі адказамі, згадаю толькі тры з іх. Напрыклад, што да сайта (маўляў, абнаўляем яго з пэўным спазненнем), дык зразумела, што выкладаць матэрыялы газеты аператыўна — гэта значыць падставіць пад удар папяровую версію і знізіць і так не самую вялікую “армію” падпісчыкаў. А платныя паслугі ў бібліятэках, што ні кажы, — гэта рэальныя грошы, якія можна выдаткаваць на закупку патрэбнага абсталявання, таму не пісаць пра такі карысны досвед мы проста не маем права. Да таго ж адзначу, што ў некаторых раённых дзіцячых бібліятэках выкананне плана платных паслуг наўпрост спрыяе росту заробку супрацоўнікаў той або іншай “кніжніцы” — у першую чаргу, за кошт выплат з прэміяльнага фонду.

Досвед супрацоўніцтва

У сваю чаргу, рэдактары і журналісты казалі пра недахоп зваротнай сувязі з бібліятэкарамі, пра тое, што пра многія цікавыя бібліятэчныя мерапрыемствы ў рэдакцыю паведамляецца постфактум, а не за тыдзень ці хаця б за пару дзён да дня “Х”. І гэта, дарэчы, агульнае пажаданне ад нас не толькі для супрацоўнікаў бібліятэчных устаноў, а і для ўсіх тых, хто жадае, каб іхнія мерапрыемствы раённага, абласнога ці рэспубліканскага маштабу “К” асвятляла аператыўна.

Зрэшты, усе гэтыя і многія іншыя пытанні, якія прагучалі падчас сустрэчы, могуць быць вырашаны з дапамогай толькі аднаго тэлефанавання ці праз адпраўку электроннага ліста ў рэдакцыю. Шлях лёгкі, правераны і апрабаваны многімі профі ў культуры.

Сустрэча-“развіртуалізацыя” бібліятэкараў з рэдактарамі і журналістамі, якая адбылася ў гэты аўторак — таксама адзін са шляхоў, якім можна даведацца пра патрэбы нашых чытачоў, а таксама, натуральна, і выдатная магчымасць пазнаёміцца ды, магчыма, пасябраваць адзін з адным. Агульных тэм для абмеркавання не толькі за “круглым сталом”, а і на старонках “К”, мяркую, з супрацоўнікамі ЦСДБ Мінска будзе яшчэ багата. І гэта станецца сапраўды рэальным досведам супрацоўніцтва.

Да слова, адразу пасля сустрэчы з рэдакцыяй, бібліятэкары працягнулі працу ў рамках свайго мерапрыемства “Кірмаш ідэй-2016”. Загадчык аддзела маркетынгу ЦСДБ Мінска Алена Беразоўская распавяла пра паездку ў Белгарадскую бібліятэку імя Альберта Ліханава (Расія), а таксама пра вопыт працы Іўнянскай дзіцячай бібліятэкі Белгарадскай вобласці Расіі. Згаданая пасялковая дзіцячая ўстанова, дарэчы, месціцца ў вялікім двухпавярховым будынку (праўда, разам з ёй там жа “кватаруюць” мясцовы раённы музей ды ЗАГС). У бібліятэцы ёсць і літаратурна-гульнёвыя пляцоўкі, і найноўшыя мультымедыя-абсталяванне, і рэкрэацыйная зона, працуюць школы маці, ранняга развіцця, клубы па інтарэсах і многае іншае. Сярод цікавага адзначу, што расійскія бібліятэкары практыкуюць паходы ў тыя сем’і, дзе нядаўна нарадзіліся дзеткі: там немаўляткам урачыста ўручаюцца чытацкія білеты ў “кніжніцу”. Як па мне, дык карысны вопыт, а сям-там, ведаю, у нас так і робяць.

Выконваючая абавязкі загадчыка дзіцячай бібліятэкі №2 Алена Будай згадала пра карцінную галерэю Алены Лось, якая з 2010 года дзейнічае на базе ўстановы культуры. З канца 2015 года пры галерэі заснаваны клуб “Скарбонка талентаў”, дзякуючы якому ў сценах бібліятэкі змаглі выставіць свае першыя творчыя работы чатыры юныя мастакі. Таксама бібліятэкары ладзяць мерапрыемствы ў рамках творчай майстэрні “Разам чытаем — разам ствараем”, дзе маленькія чытачы знаёмяцца з кнігамі беларускіх аўтараў, а пасля іх творча пераасэнсоўваюць у сваіх творах жывапісу ці ў вырабах з паперы ды пластыліну.

Пра яшчэ адну крэатыўную ідэю па праграме летняга чытання — акцыю “Дзіцячы заапарк” — распавяла вядучы бібліятэкар бібліятэкі №14 Людміла Гідлеўская. Падчас акцыі дзеці павінны былі паўдзельнічаць у конкурсе “Вандроўка з ільвом”, сфатаграфаваўшыся з адмысловым каляндарыкам у нейкім месцы Беларусі (дзеля гэтага нехта паехаў нават у Віцебск), а таксама дапамагчы “Льву без імені” вырасці (для гэтага трэба было прачытаць шмат кніг і “накарміць” імі жывёлу) ды зрабіць многае іншае.

У выніку пераможцы конкурсу атрымалі падарункі ад спонсараў акцыі — аднаго з айчынных банкаў і тры бясплатныя білеты ў сталічны заапарк. Выйсці на спонсараў было, дарэчы, даволі складана, але бібліятэкары і з гэтай праблемай справіліся паспяхова.

— Справа ў тым, што мы атрымалі па пошце кнігу “Прыгоды льва Лявона”, у якой банк заклікаў да вывучэння фінансавай граматнасці сярод насельніцтва, — адзначыла Людміла Гідлеўская. — Мы схапіліся за гэту прапанову і прапанавалі супрацоўніцтва банкаўскай установе. У выніку банк падарыў тром пераможцам акцыі, а таксама 27 удзельнікам, якія выйгралі ў розных намінацыях, цэлы набор падарункаў: сертыфікат, блакнот, ручку, салодкую “лапу” льва ды іншыя прысмакі.

Па словах Людмілы Гідлеўскай, чытачы засталіся задаволенымі акцыяй і чакаюць яе працягу. І наўрад ці наступная будзе горшай за мінулую: трымаць планку, як кажуць, трэба заўсёды…

 

А вы падпісаліся на “К”?

Падпіска — справа адказная. Асабліва ў той час, калі пачынаецца падпісная кампанія на наступны год, ад паказчыкаў якой залежыць вельмі многае. Менавіта з гэтай прычыны ў Інстытуце беларускай культуры, сярод удзельнікаў курсаў Івана Кірчука, дзе былі прадстаўлены ў асноўным настаўнікі раённых і сельскіх школ мастацтваў, прадстаўнікамі кіраўніцтва нашай рэдакцыйна-выдавецкай установы і рэдакцыі “К” была праведзена невялікая сустрэча з чытачамі-прафесіяналамі.

Як казалі літаральна ўсе з прысутных, газету “Культура” (як і часопіс “Мастацтва”) яны ведаюць даўно і актыўна нас чытаюць. Іншая справа, што не ва ўсіх рэгіёнах нашы выданні прадстаўлены ў дастатковай колькасці: хтосьці казаў пра дзясяткі экзэмпляраў, якія атрымліваюць у іхнім раёне (скажам, у Навагрудскім), а нехта скардзіўся на тое, што цяпер “Культуру”, не кажучы ўжо пра “Мастацтва”, ім знаходзіць на бібліятэчных паліцах ці ў Дамах культуры проста немагчыма. Маўляў, няма такога бюджэтнага фінансавання, як гэта было раней.

Што ж, гэта ўсё зразумела: эканамічная сітуацыя ў краіне зараз не надта спрыяльная. Разам з тым, наколькі нам вядома, кожны раён Беларусі падыходзіць да падпіскі па-свойму, таму і адрозніваюцца сёння лічбы па выпісаных экзэмплярах газет і часопісаў па ведамасных індэксах у кожным рэгіёне краіны. Відаць, настаўнікам школ мастацтваў варта, наколькі гэта магчыма, даносіць інфармацыю пра неабходнасць і важнасць нашых выданняў для іх паўсядзённай дзейнасці, спрыяць у распаўсюджанні інфармацыі пра газету, карацей, папулярызаваць патрэбу галіновай прэсы ў сваёй дзейнасці. Менавіта з гэтай прычыны мы на сустрэчы раздавалі нашы візіткі і падпісныя рэквізіты, заклікалі да супрацоўніцтва, да напісання тэкстаў, якія будуць абавязкова разгледжаны і прыняты да друку з улікам іх значнасці для сферы культуры ўсёй краіны.

Дыялог, скажам шчыра, атрымаўся, а размова, хоць і кароткая, працягвалася пераважна ў пазітыўным рэчышчы. З найбольш папулярных просьбаў адзначу наступную: многія выкладчыкі ДШМ жадаюць зноў пабачыць на старонках газеты нашы спецыяльныя старонкі пад назвай “Куфар-радца”, дзе змяшчаліся сцэнарыі клубных мерапрыемстваў, песні з нотным матэрыялам, метадычныя распрацоўкі айчынных навукоўцаў… Што ж, будзем пільна разглядаць гэту прапанову. І яшчэ раз заклікаем не толькі дасылаць нам у рэдакцыю свае цікавыя лісты пра адметныя культурныя мерапрыемствы свайго раёна, але і змагацца ды адстойваць падпіску на “Культуру” і “Мастацтва” ў раённага кіраўніцтва, падпісвацца самім і падпісваць на нас сваіх сяброў і калег па працы. Разам мы зможам многае!

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"