Перасоўнае “Мастацтва” ў Смілавічах

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Першая выязная рэдакцыя часопіса “Мастацтва” адбылася ў Смілавічах. Гэты гарадскі пасёлак стаў калі не культавым месцам, то дакладна месцам культурнага прыцягнення: дзякуючы музею Хаіма Суціна, што знаходзіцца ў мясцовым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, працам Шрагі Царфіна (ім у музеі адведзены асобны пакой), а таксама арт-цэнтру для таленавітых дзяцей “Вулей” — тут чытаюць лекцыі, праводзяць майстар-класы, лепшыя выпускнікі трапляюць на стажыроўку ў Парыж.

/i/content/pi/cult/614/13667/3-1.jpg

Дызайнер часопіса Вячаслаў Паўлавец праводзіць майстар-клас для вучняў.

Часопіс, які заўсёды пазіцыянаваў сябе як выданне эстэцкае і элітарнае, у якасці ідэальнага чытача бачыў дзеяча мастацтва ці арт-крытыка, іншымі словамі — чытача абазнанага і прафесійнага, вырашыў напрасткі звярнуцца да людзей, якія выхоўваюць нашу будучую аўдыторыю: да педагогаў мастацкіх школ. Нам цікава было даведацца, што цікава ім і як “Мастацтва” змагло б стаць дапаможнікам у навучальным працэсе. Так, мы друкуем гістарычныя цікавосткі з унікальнымі ілюстрацыямі, змяшчаем слоўнікі ды разнастайныя інструкцыі для творцаў-пачаткоўцаў, тлумачым, што такое сучаснае мастацтва, як яго разумець і чаму яго не трэба баяцца. Але нашы высілкі часцяком застаюцца банальна незразумелымі з-за… моўнага бар’еру. Гучаць просьбы змяшчаць у часопісе матэрыялы на рускай мове ці нават друкаваць побач пераклады! Вось і гэтым разам: “Нам складана чытаць, і дзецям таксама, яны абяруць рускі тэкст…” No comments, як кажуць. Не, толькі адзін: “Мастацтва” было і застаецца беларускамоўным часопісам, і тое прынцыповая пазіцыя рэдакцыі. Але ўсё ж знайшлася ідэя, даволі практычная, што задаволіла і настаўнікаў, і нас: майстар-класы! Па розных арт-тэхніках, ад шэрагу беларускіх мастакоў, якія выкладуць на старонках часопіса нюансы сваёй працы.

Ад словаў — да справы. Паралельныя майстар-класы для вучняў цэнтра і Смілавіцкай дзіцячай школы мастацтваў правялі дызайнер часопіса Вячаслаў Паўлавец і рэдактар Наталля Гарачая. Паўлавец, тонкі мастак-акварэліст, дэманстраваў улюбёную тэхніку на прыкладзе зімовага пейзажу, падрабязна каментуючы кожны этап. Для заняткаў спатрэбіліся лісты шкла, соль і фен. Навучэнцы самі паспрабавалі паўтарыць пейзаж у фіялетава-зялёных тонах, пасыпаны драбкамі солі: размочвалі аркушы адмысловай паперы, скручвалі іх у трубачкі, сушылі месца для сонейка, эксперыментавалі з матэрыяламі для пасыпкі акварэльнага малюнка. Прычым кожны вучань атрымаў парады і падказкі ад майстра. А каб стварыць старонкі “Мастацтва” на ўласны густ, дзеткі пад кіраўніцтвам Наталлі трыбушылі старыя нумары часопіса, карысталіся нажніцамі, клеем і алоўкамі (здаецца, настаўніца, якая таксама прысутнічала на майстар-класе, выразала і клеіла з не меншым захапленнем).

Сярод педагагічных прынцыпаў Казіміра Малевіча (лекцыю-прэзентацыю пра гэта падрыхтавала для настаўнікаў Наталля Гарачая) — “Слухайце захопленых людзей” і “Шукайце сваю кропку ўваходу”. У нашым часопісе якраз і працуюць захопленыя людзі, заўсёды гатовыя распавесці, як адшукаць кропку ўваходу ў свет вялікага мастацтва. Так што — вандроўка па мастацкіх школах рэспублікі працягваецца. Магчыма, заўтра мы з’явімся ў вас. Рыхтуйце соль, фены і падпісныя квіткі!

Алена КАВАЛЕНКА, галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА