Лаўраў на ўсіх не хопіць

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Амаль ва ўсіх галінах творчай дзейнасці — хай гэта будзе тэатр, музыка або літаратура — тыя ці іншыя прэміі існуюць на Беларусі ўжо не першы год. А вось выяўленчае мастацтва да нядаўняга часу заставалася абдзеленым. Нарэшце і яго дзеячы займелі магчымасць атрымаць намінальныя лаўры і рэальны грашовы прыз. 15 лістапада завяршыўся прыём заявак на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва, і цяпер ужо можна падводзіць пэўныя прамежкавыя вынікі. Што характэрна, часам у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, які стаў яе своеасаблівай дырэкцыяй, нават назіраліся чэргі.

Без пасрэднікаў

— Як і заўсёды ў такіх выпадках, ажыятаж быў менавіта ў апошнія дні тэрміну падачы заявак, — распавядае дырэктар НЦСМ Наталля Шаранговіч. — Напэўна, гэта ўласціва не толькі студэнтам, але і ўсім супольнасцям, і творчай у тым ліку.

Агулам было пададзена каля 280 заявак, падзеленых на адзнаццаць намінацый. Прычым сярод тых, хто вырашыў паўдзельнічаць у спаборніцтве, нямала і вельмі вядомых мастакоў — і гэта пераканаўча сведчыць: у творчых колах у прэмію сапраўды паверылі.

З іншага боку, прынцып падачы заявак на прэмію быў настолькі дэмакратычным, што прапанаваць сваю кандыдатуру мог любы студэнт. Для гэтага не трэба было шукаць ухвалення ў арт-інстытуцыях, здатных паслужыць своеасаблівым сітам. Запаўняеш размешчаную ў сеціве анкету, прыкладаеш да яе копіі сваіх твораў — і, уласна, ты сярод намінантаў.

— Такі падыход для нас новы, бо ўсе прызвычаіліся, што каб “падацца” на сур’ёзную прэмію, трэба прайсці шмат прыступак ды сабраць цэлы пакет дакументаў, — кажа Наталля Шаранговіч. — Але мы вырашылі максімальна спрасціць працэдуру, каб уцягнуць у сваю арбіту тых творчых асобаў, якіх такія фармальнасці могуць спалохаць. Калі нехта лічыць свае працы вартымі ўвагі, хай ён атрымае магчымасць іх паказаць прадстаўнічаму колу экспертаў. А тыя ўжо вынясуць свой вердыкт.

Намінацыя “Навацыя”

Размовы пра неабходнасць заснавання такой прэміі вяліся ўжо вельмі даўно. Год таму яны сталі набываць канкрэтыку. Урэшце, пасля многіх роздумаў і дыскусій, быў выпрацаваны цяперашні фармат, які мае прынамсі дзве асаблівасці. Па-першае, прэмія не штогадовая — яна ўручаецца раз на тры гады, каб падсумаваць даволі ладны перыяд у жыцці беларускага мастацтва. І па-другое, яна разлічана літаральна на ўсіх: мэтраў і моладзь, прагрэсістаў і кансерватараў. Камусьці гэта, відавочна, не спадабаецца — яны хацелі бы бачыць у гэтай прэміі нейкі аналаг расійскай “Інавацыі”, “заточанай” выключна пад сучаснае мастацтва. Але ў арганізатараў ёсць папраўдзе жалезны аргумент на карысць свайго рашэння: яно адлюстроўвае рэальныя варункі айчыннага арт-працэсу.

— Рабіць прэмію толькі ў галіне сучаснага мастацтва ў нашых умовах было б несправядліва, — лічыць Наталля Шаранговіч. — Бо яна на сённяшні дзень патрэбная літаральна ўсім мастакам, і нам нікога не хацелася б дыскрымінаваць.

Менавіта таму паўстала такая шырокая палітра намінацый — яна ўключае не толькі традыцыйныя жывапіс, графіку ды скульптуру, але таксама і арт-дызайн, фотамастацтва (дарэчы, па колькасці пададзеных заявак яна — адзін з лідараў) і нават крытыку ды мастацтвазнаўства. Па словах Наталлі Шаранговіч, апошняе абумоўлена памкненнем хоць неяк стымуляваць рух у гэтай галіне — на сённяшні дзень, варта прызнаць, надзвычай млявы.

Асобны прыз вызначаны для моладзі ў веку да 31 года. А вось, contemporary art, з уласцівымі яму аб’ектамі ды інсталяцыямі, атрымаў толькі адну намінацыю пад назвай “Навацыя”. Ды і тое не поўнасцю — бо ці мала хто можа палічыць свае творы папраўдзе наватарскімі? Магчыма, яе сутнасць варта было бы акрэсліць больш дакладна (напрыклад, “Канцэптуальнае мастацтва”), ды і сама назва выклікае надта моцныя асацыяцыі...

Зрэшты, як патлумачыла Наталля Шаранговіч, першы досвед падкажа куды рухацца далей, выявіўшы як моцныя бакі прэміі, так і тыя недахопы, якія варта выправіць у наступны раз. У прыватнасці, адным з праблемных момантаў сёлетняга конкурсу стала геаграфія ўдзельнікаў. Папярэднія падлікі красамоўна сведчаць: па колькасці заявак лідзіруе Мінск.

— Мы сутыкнуліся з тым, што многія цікавыя мастакі з рэгіёнаў хаця і ведалі пра прэмію, але наўмысна адмовіліся ад удзелу: маўляў, мінскія ўсё адно падзеляць прызы між сабой, — кажа Наталля Шаранговіч. — Я мяркую, гэты недавер звязаны з тым, што конкурс праводзіцца ў першы раз. Без сумневу, празрыстасць працэдуры адбору развее ўсе сумневы, і ў наступны раз такая сітуацыя не паўторыцца.

У натуральную велічыню

Механізм вызначэння пераможцаў будзе мець дзве ступені. На пачатку камісія адбярэ ў кожнай намінацыі пэўную колькасць вартых увагі твораў — яна можа вар’іравацца ў залежнасці ад “якасці” саміх заявак. Своеасаблівым прызам для тых, хто патрапіць у гэты лонг-ліст, стане ўдзел у вялікай выставе. А ўжо наступным крокам стане, уласна, вызначэнне пераможцаў.

Адпаведна, журы (склад якога, дарэчы, будзе адрознівацца ад складу адборачнай камісіі), атрымае магчымасць ацаніць творы, так бы мовіць, у натуральную велічыню, а не ў выглядзе прыкладзеных да заявак рэпрадукцый — зразумела ж, за выключэннем тых узораў манументальнага мастацтва, якім пад любым дахам будзе зацесна. Болей за тое — сваю незалежную ацэнку здолее зрабіць і кожны зацікаўлены глядач.

— Мы мяркуем заснаваць таксама і прыз глядацкіх сімпатый, — кажа Наталля Шаранговіч. — Цікава будзе параўнаць яго вынікі з прафесійнай ацэнкай.

Склад адборачнай камісіі пакуль яшчэ не зацверджаны. Але затое ўжо вядома, каго там дакладна не будзе — тых аўтараў, якія самі падалі заяўкі на ўдзел у прэміі. На думку Наталлі Шаранговіч, пайменны спіс “суддзяў” і наогул лепш агучваць пасля падвядзення вынікаў — для прафілактыкі той уласцівай творчым колам “салідарнасці”, якая і ставіць пад сумневы вынікі падобных конкурсаў. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны склад журы “Восеньскага салону з “Белгазпрамбанкам” і наогул не агалошваецца.

— Мы разумеем, што ў творчым асяроддзі існуюць асобасныя прыярытэты, таму колькасць членаў камісіі і журы будзе даволі вялікая, а ўвойдуць туды прадстаўнікі самых розных творчых арганізацый, — дадае суразмоўца.

Дарэчы, яшчэ адна адметнасць прэміі — прынцыповая адсутнасць Гран-пры. Гэта тлумачыцца самой яе разнапланавасцю: няма агульнага займенніка, які дазваляў бы параўноўваць, скажам, творы дызайну і мастацтвазнаўчыя артыкулы. Таму пераможцы будуць вызначацца толькі ў канкрэтных намінацыях. Альбо не вызначацца, бо журы надзеленае правам не даваць прэміі нікому, калі не знойдзецца адназначнага лідара.

Грашовы эквівалент кожнай з адзінаццаці прэмій — 100 базавых велічынь. Для маладзёна — немалая сума, для мэтра — цана адной яго карціны. Але сімвалічны капітал тут у кожным разе будзе куды больш важкім — колькі ні каштавала б тая статуэтка, што мае ўручацца пераможцам. Дарэчы, конкурс на стварэнне гэтага аналага “Оскара” ўжо аб’яўлены. Наталля Шаранговіч лічыць, што задача пастаўлена няпростая: аўтару трэба вынайсці той вобраз, які б аб’яднаў увесь шырокі дыяпазон намінацый.

Ужо сёння варта чакаць, што якім бы ідэальным ні быў механізм адбору, незадаволеныя ў кожным разе знойдуцца — не кажучы ўжо пра пакрыўджаных. Пра гэта сведчыць досвед ці не ўсіх беларускіх (ды і не толькі) прэмій. Тым болей, у дадзеным выпадку арганізатары хоцькі-няхоцькі былі вымушаны паспрабаваць ахапіць неахопнае — усе тыя складаныя і часта супярэчлівыя працэсы, якія робяцца ў сучасным выяўленчым мастацтве ды сумежных з ім абласцях.

Панацэя ў дадзеным выпадку ўяўляецца толькі адна: з’яўленне новых прэмій, больш акцэнтаваных на той ці іншы сегмент арт-працэсу. Наталля Шаранговіч упэўнена: такая канкурэнцыя будзе толькі прадуктыўнай:

— Ёсць надзеі на тое, што калі наш досвед будзе ўдалым, ён стае заразлівым прыкладам для іншых, і неўзабаве пачнуць з’яўляцца новыя прэміі — у тым ліку, і прыватныя. Нашаму мастацтву гэта пойдзе выключна на карысць.