Этнавыхаванне — рэч рэальная

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Што паспяваюць за шэсць гадзін?
У рэдакцыі ўзнікла ідэя стварыць рубрыку “Лабараторыя”, дзе асноўнае месца было б адведзена метадалогіі вашай, шаноўныя чытачы, працы (сталая рубрыка “Prof-партфоліа” арыентуецца на ваш практычны досвед). Нас падтрымала кіраўніцтва Інстытута культуры Беларусі (прарэктар Уладзімір Макарэвіч, які часова выконвае абавязкі рэктара; прарэктар па вучэбнай рабоце Ірына Лапцёнак, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Анжаліка Прадзеіна). А калі ёсць ідэя, яна павінна працаваць. Так і ўзнікла “Лабараторыя”.

/i/content/pi/cult/614/13664/11-1.jpgІдэі павінны працаваць

Вельмі хацелася б, каб новая рубрыка стала канцэнтрацыяй практыкаарыентаванага досведу, дасягнутага ў выніку навуковых даследаванняў, каб узнімала праблемы, звязаныя з адсутнасцю методыкі. Хто з вас ведае, скажам, што такое арт-тэрапія і навошта яна патрэбная? Так, нямногія. Між тым, названая тэрапія можа і павінна стаць чарговым кірункам дзейнасці музеяў, бібліятэк, школ мастацтваў, дамоў рамёстваў, клубаў, нават сельскіх. На дапамогу вам, чытачы, прыйдуць кампетэнтныя выкладчыкі і спецыялісты. Метадалогія з лабараторных "прабірак". Яна дапаможа напоўніць дзейнасць работніка культуры больш яркім, глыбокім зместам.

Вы, напэўна, ведаеце з публікацый “К”, што ў Інстытуце культуры Беларусі дзейнічае этналабараторыя. Мы працягнем гаворку пра яе здабыткі ў сферы этнаадукацыі, папулярызацыі традыцыйнай культуры. З публікацыямі выступяць не толькі выкладчыкі і журналісты. Як і заўжды, за дыскусійную трыбуну мы запросім і вас, паважаныя чытачы. Вас чакае ўдзел у круглых сталах, онлайн-канферэнцыях, майстар-класах, на якія будуць запрашацца і вядучыя спецыялісты рэспублікі.

Тое ж самае тычыцца і навукова-метадычнай дзейнасці Інбелкульта. Вы, падпісчыкі “К”, не застанецеся ў баку. Вы ўжо ведаеце, што такое фандрайзінг і краўдфандынг. А ёсць яшчэ методыка атрымання грантаў і шмат іншага, што дазваляе пашырыць межы пазабюджэтнай дзейнасці. Вы адчуеце гэта на сабе. Па якіх крытэрыях ацаніць дзейнасць установы культуры? Інстытут культуры рыхтуе адказ і на гэта пытанне.

Тэмы публікацый “Лабараторыі” залежаць і ад вас. Творца жыве ідэямі. А ідэі павінны працаваць. І падпісвайцеся на “К”, каб не прапусціць цікавыя матэрыялы.

 

Нагодай жа для гэтай публікацыі сталі заняткі ў Інстытуце культуры Беларусі. Іх тэма — “Народная манера спеваў у сучасных умовах“. Выкладчык — Іван Кірчук. Слухачы — выкладчыкі, дакладней, хормайстры дзіцячых школ мастацтваў краіны. Працягласць двухдзённых заняткаў, падзеленых на лекцыю і практыкум, — шэсць гадзін. Сённяшняя “Лабараторыя” не столькі тлумачыць і вучыць, колькі выклікае чытача на сур’ёзную дыскусію. Ці патрэбна нам этнавыхаванне? Калі так, дык якім яно мае быць? Іван Кірчук даўно даў сабе адказы на гэтыя пытанні. Маўляў, які беларус без ведання сваіх каранёвых традыцый, аднак за дзве пары значнасцю нацыянальнай традыцыі прасякнуцца немагчыма, але лепей так, чым увогуле ніяк…

Пепа вучыць мову

Пазіцыя “Культуры“ прыкладна такая ж. Нацыянальная ідэя таму і нацыянальная, бо абапіраецца на згаданую народную спадчыну. Адсюль і адпаведная ідэалогія: беларус павінен адчуваць сябе беларусам не па пашпарце, а па светапоглядных прынцыпах. Але тут галоўнае не забывацца на тое, што наша культурная спадчына (як апірышча нашай ідэалогіі) — толькі частка арнаменту на бясконцым вышываным поясе, якім падперазаны свет. Нездарма такімі папулярнымі становяцца паўсюль этнамузыка, этнахарэаграфія, этнаспевы. Заурбанізаванае грамадства адшуквае спаконвечныя карані. Не ўсё, на жаль, захавалася. Нават не ва ўсіх вёсках спяваюць немаўлятам бабульчыну калыханку. Спрабуем знайсці сябе і мы. Свінка Пепа пачынае размаўляць у інтэрнэце па-беларуску. Але мала абеларусіць запазычанасць. Варта вярнуць традыцыю. Трэба каб і Несцерка загаварыў па-англійску. Вось, калі хочаце, — канспектыўны змест лекцыі Івана Кірчука. І ягоны выніковы ўздых: “Ці ж можна пра ўсё гэта за шэсць гадзін?!“ Аб практычных занятках — крыху пазней.

Памятаючы, пра прыктыкаарыентаванасць “Лабараторыі“, запытаўся на перапынку ў выкладчыцы Баранавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Святланы Юруць: “Ці спатрэбяцца вам набытыя веды ў паўсядзённай дзейнасці?“ І пачуў адказ: “Не. Няма ў нас аддзялення народных інструментаў. А вось прафесійны кругагляд пашыру неаспрэчна!“

Было ж усё, было…

Зараз — мае асабістыя рэфлексіі. Натуральна, шасці гадзін на паразуменне з уласным “Я“ — замала. Тут з моманту нараджэння немаўля трэба. А потым перадаць эстафету этнакласу ў этнашколе, потым — этнаўніверсітэту… А было ж усё, было. Прынамсі, этнашколкі на вёсках зараджаліся стараннямі этнахарэографа Міколы Козенкі. Дзе ўсё гэта? “Не да мяне пытанне“, — разважліва адказвае Іван Кірчук. Ён, дарэчы, яшчэ і аўтар навучальных праграм па “адаптацыі“ народнага традыцыйнага мастацтва да агульнаадукацыйнай прасторы. Штосьці не прыжылася, штосьці не зраслося. Няўжо толькі ў міжведамасных нестыкоўках справа? А так хацелася б, каб на ўроках спеваў дзіця вучылася выконваць не толькі сусветную вакальную класіку, але і прабабуліну песню. А на ўроках працоўнага навучання — рабіла не толькі табурэтку, але і дудачку, на якой граў дзед, калі каровы пасвіў, а сонейка душу грэла, а жаўраначкі — падпявалі… Словам, у марах — пастаральнае замілаванне, дый годзе.

На яве ж — ніякага замілавання. Да этнафестывалю “Камяніца“ не ўсякі дабярэцца. Хутар Шаблі толькі адрадзіўся пасля пажару. Дзе тут застацца беларусам? (Да слова, перад лекцыямі адна з курсантак так патлумачыла пэўную “падпісачную абыякавасць“ да нашай газеты: “Не ўсе ж беларускую мову разумеюць“. На маю думку, яшчэ адзін стымул для таго, каб “К“ і надалей заставалася беларускамоўнай.) Больш за тое, няма этнакавярняў, мала этнагуртоў (нядаўні адзінкавы набытак — гомельская “Ягорава гара“), не стае этнадыскатэк і этнарадыё. А ў замежжы шматжанрвае этна паспела стаць не толькі выратаваннем для душы, але і прыбытковым арт-бізнесам. На адпаведныя фестывалі збіраюцца тысячы і сем’ямі. Дык чаму гэтую нішу не запаўняюць нашы работнікі культуры, нашы маркетолагі, бізнесмены і ідэолагі? Не бяруся казаць за астатніх, а нашым работнікам культуры ёсць на якую надзённую практыку арыентавацца. Ці падзяляеце вы такое меркаванне, шаноўныя чытачы?

Заграйма!

У Івана Кірчука ў інстытуце свая лабараторыя (сёння мы спрабуем сумясціць яе з нашай, газетнай), тут ён вучыць курсантаў не баяцца дудак, жалеек, акарын ды сотні іншых, зусім ужо фантастычных, інструментаў. Зрэшты, яны і не баяцца — прафесіяналы. У гэтым можна было пераканацца і тады, калі кабеты пад кіраўніцтва выкладчыка вывучылі і выканалі некалькі абрадавых песень, якія Іван Кірчук занатаваў у вёсцы Сарачы Любанскага раёна, а потым апрацаваў для “спеваў у сучасных умовах“… Нагадаю: на ўсё — толькі шэсць гадзін працы.

Я для сябе вызначыў: у лабараторыю Кірчука трэба вадзіць нават людзей з вуліцы. За грошы. Тым, хто не ведае роднай мовы, кошт экскурсіі можна павялічваць удвая — робяць жа, наадварот, зніжкі беларускамоўным у пэўных крамах… Думаю, да месца будзе такое заканчэнне. У тыя часы, калі дзецям вайсковых можна было адмовіцца ў школе ад вывучэння беларускай мовы, наш дырэктар Франц Паўлавіч так казаў такім бацькам: “Няхай вывучаюць! Інакш праз час за грошы гэта давядзецца рабіць!“ Як у ваду глядзеў.

 

Форум

Выхаваць фалькларыста

Іван Кірчук — асоба ўнікальная. Яшчэ раз упэўніўся ў гэтым, калі наведаў ягоныя заняткі для спецыялістаў сферы культуры ў Інбелкульце.

Фармат для заняткаў быў абраны досыць цікавы: гаворка са слухачамі курсаў перапынялася спевамі акапэла, граннем на незвычайных інструментах, дэманстрацыяй імпрэз з сусветных фальклорных фестываляў ці экспедыцый на Палессе… Карацей кажучы, у кожнага, хто прысутнічаў у зале, была магчымасць зазірнуць хаця б на некалькі гадзін у той чароўны свет фальклору, якім жывіцца ўжо 30 гадоў як Іван Кірчук, так і яго музычная творчасць.

Прычым расповеды лідара гурта “Троіца” пра традыцыі лёгка перапляталіся з сучаснасцю: так, скажам, ніці продкаў, па ягоных словах, звязваюць сённяшніх маладых, якія бяруць шлюб, а не так пераплеценыя рушнікі ці дрэнна спечаныя караваі падчас вяселляў нішчаць лёсы некаторых сем’яў… Натуральна, з такім меркаваннем можна пагаджацца, можна гэта аспрэчваць, але несумненна, што Іван Кірчук дае сваім слухачам зразумець, наколькі таямнічы, загадкавы і глыбінны пласт беларускіх фальклорных традыцый.

Сапраўды, пагаджуся, да народнай традыцыі не варта падыходзіць з адзінай і назаўсёды адмеранай меркай, з нейкім аднойчы зразуметым крытэрыем і бачаннем. Свет фальклору не статычны, а зменлівы, адметны сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі, сваёй аўтэнтычнай традыцыяй, якую нават ва ўмовах глабалізацыі трэба ашчадна захоўваць і фіксаваць для таго, каб перадаць наступным пакаленням.

Усё гэта і спрабуе зрабіць Іван Кірчук. Іншая справа, што для таго, каб выхаваць знаўцаў фальклору, трэба нашмат больш часу, чым два дні заняткаў ці нават два тыдні інтэнсіўных курсаў. А патрэбны, натуральна, гады вучобы, шматлікія гадзіны пастаяннай і мэтанакіраванай працы ў архівах і ў выязных экспедыцыях ды шмат чаго яшчэ.

Ці здатныя на такі навуковы і чалавечы подзвіг слухачы большасці (не толькі гэтых) навучальных курсаў? Шчыра ў тым сумняюся. Але добра ўжо тое, што ўсе слухачы Івана Кірчука раз’едуцца па сваіх раёнах з адчуваннем таго, што нездарма правялі гэтыя гадзіны ў лекцыйных залах ды ў лабараторыі слыннага навукоўца, а таксама, вельмі на тое спадзяюся, пачнуць — хаця б у меру сваіх малых сіл і магчымасцей — запісваць, сістэматызаваць ды друкаваць песні, абрады і звычаі бабуль і дзядуль са сваіх вясковых паселішчаў. І тады свет беларускага фальклору стане яшчэ больш багатым і разнастайным.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Асцярожна, фальклор!

Самы наглядны сродак распавесці чалавеку, хто ён такі ў шматэтнічным свеце, — зварот да фальклору. Мы глабалізуемся, і тым больш востра паўстае пытанне этнавыхавання, бо неабмежаванасць у перамяшчэннях па краінах і свабода мыслення усё часцей перарастаюць у імкненне да самаідэнтыфікацыі. Моладзь прагне не толькі паслухаць іншаземцаў, аднак і данесці да іх асаблівасці свайго народа. Мне вельмі хочацца, каб фальклор быў інструментам для ўсведамлення сябе часткай этнасу. Але старэйшае пакаленне традыцыйную культуру не-не ды і выкарыстоўвае ў якасці механізму запужвання…

Зараз я кажу не пра асобныя старадаўнія песні, танцы, эпасы, а пра фальклор як сукупнасць звычаяў і іншых з’яў побыту народа. Для сябе я некалі вывела формулу, для чаго ў народнай творчасці з’яўляліся некаторыя абрады, якія сёння можна ў пэўнай ступені прылічыць да забабонаў. Занурцеся ў этніку — вы зразумееце светаадчуванне людзей, у якіх не было навукі, каб растлумачыць з’явы ў прыродзе, у соцыуме, у псіхалогіі чалавека, але была натуральная прага да пазнання. Перакананні перарасталі ў традыцыі, якія замацоўвалі правілы паводзінаў, а па сутнасці станавіліся першаснымі законамі, што рэгулявалі права чалавека на працу і адпачынак, на ахову здароўя, на абарону свайго гонару і сумлення. Напрыклад, падчас пэўных абрадаў нельга было наступаць на парог. Але сцвярджалася гэта не адно толькі з павагі да прашчураў, але яшчэ і з-за элементарнай тэхнікі бяспекі: хаты будаваліся з малымі дзвярнымі праёмамі дзеля захавання цяпла ў памяшканні, дык вось пераступаючы парог чалавек інстынктыўна падаецца наперад і схіляе галаву, а наступіўшы на яго, можна добра “пакаштаваць” галавой вяршнік…

Эвалюцыя няпісаных правілаў прывяла да стварэння новых сістэм: юрыспрудэнцыі, аховы здароўя, бяспекі на вытворчасці і гэтак далей. І я ўпэўнена, што нельга навязваць новаму пакаленню перакананні, ідэалы і прынцыпы талакі, што існавала ў абсалютна іншым грамадскім строі і вымярэнні светапоглядаў. Старэйшае пакаленне — асабліва ў райцэнтрах — вельмі часта пачынае выкарыстоўваць абрады, як інструмент запужвання. Вазьміце падзеі, што з’яўляюцца водападзелам у нашым жыцці: вяселле, нараджэнне дзіцяці, пахаванне. Ці часта вы бачылі, каб з моладдзю вялі гутаркі пра філасофію ўспрымання таго, што адбываецца, тлумачылі прычыны, па якіх існавалі тыя ці іншыя традыцыі? А зараз прыгадайце, як перад вяселлем два сямействы сварацца, як “правільна” неабходна правесці маладых, дзе іх пасадзіць, што даць у рукі (а што забраць і схаваць). І любое патрабаванне заканчваецца пагрозлівым: “Інакш развядзецеся! / Не народзіце! / Не выгадуеце!”

Не дзіва, што пасля такога тэрору “традыцыямі” (асабліва тое адчуваецца ў маленькіх гарадках і вёсках, дзе нават крок у бок становіцца нагодай для нараканняў і змрочных прадказанняў старэйшага пакалення) моладзь бяжыць ад айчыннага фальклору, як ад агню. І не здзіўляйцеся потым, што мы распісваемся на заморскіх астравах ці з большым размахам святкуем заморскі Хэлоуін, чым Масленіцу ці Купалле. Бо на Хэлоуін, калі зробіш штосьці не па правілах, не пачуеш пагрозлівае: “І з гэтага моманту ў цябе нічога не складзецца ў жыцці!”

Настасся ПАНКРАТАВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"