"Культура" — газета для прафесіяналаў-4

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Быхаўскі раён: знікне клуб — знікне і вёска
Працягваем гаворку пра культуру Быхаўскага раёна, пра яе глыбінку, якую мы прызвычаіліся называць аддаленай ды маланаселенай. А менавіта такія вёсачкі і знаходзяцца апошнім часам пад пастаяннай пагрозай аптымізацыі — што ў культурным сэнсе, што ў плане існавання ўвогуле. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Раман Мельнікаў нас усё ж знайшоў. Грунтоўна пагутарылі мы і з дырэктарам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганнай Захаравай. Усе яны з вялікай насцярожанасцю чакаюць чарговай аптымізацыі, бо стала ўжо аксіёмай: спачатку ў нас сельскія клубы ды бібліятэкі скасоўваюцца, а потым непазбежным вынікам знікаюць вёскі. Пагадзіцеся, працэс жахлівы. (Хто задумваўся, пра які вырай мроіцца былому, скажам, даглядчыку цялят ці даярцы на дванаццатым паверху сталічнай будыніны?) Дык што могуць супрацьпаставіць гэтаму працэсу на Быхаўшчыне?

/i/content/pi/cult/614/13663/10-1.jpg“Фартэцыя” супраць аптымізацыі

Раман Мельнікаў — родам з Быхава. Раней у мясцовым райвыканкаме займаўся справамі моладзі. Паўтара года як начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Безумоўна, яму цяпер няпроста. І з той прычыны, што доўгі час пасада кіраўніка аддзела заставалася вакантнай, і з той, што культура раёна ніколі не вызначалася заможнасцю. У чым выйсце з сітуацыі? У актыўнай праектнай дзейнасці, упэўнены Раман Валер’евіч. Нагадаем, новы раённы музей заняўся гэтым ушчыльную.

Гаворка не толькі пра райцэнтраўскую акцыю: у справу ўцягнута і сяло. Маем на ўвазе экскурсійныя маршруты ў фармаце “military”. Справа ў тым, што і колішні касцёл у Быхаве, які не захаваўся, і сінагога, і замак, немалыя рэшткі якіх дажылі да нашага часу, і стары манастыр ля Баркалабава былі аб’яднаныя ў адну абарончую фартэцыю. Так, упартай талакой, прасцей было змагацца з любой навалай. Міжвольная сучасная асацыяцыя: у гэткую антыаптымізацыйную “фартэцыю” варта аб’яднаць і наяўныя ўстановы культуры, у першую чаргу — сельскія. Такой “абарончай сістэмай” і стала праектная дзейнасць. Цудоўна, што начальнік аддзела гэта разумее. А першай спробай стаў музейны маршрут па рэштках колішніх збудаванняў.

Баркалабава ўвогуле — месца для беларусаў сакральнае. Тут, як вядома, на пачатку XVI стагоддзя на старабеларускай мове быў створаны (нібыта Фёдарам Філіпавічам Магілёўцам) знакаміты Баркалабаўскі летапіс пра жыццё Вялікага Княства Літоўскага і прылеглых дзяржаў... Так што не адным толькі “military” вызначаецца музейны экскурсійны маршрут.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Раман Мельнікаў распавёў, што падпіска на “К” па раёне — збольшага індывідуальная, на ведамасную сродкаў не стае. Але сітуацыя, па меры магчымасці, будзе выпраўляцца. Вельмі хацелася б у гэта верыць! А мне з нагоды пастаяннага жадання раскатурхаць чытача на канструктыўны дыялог падумалася: вельмі дарэчнай аказалася б рэгулярная публікацыя калонкі “Падпісчык аналізуе і прапаноўвае”, дзе вы вялі б гаворку пра наша выданне. Давайце ствараць “Культуру” разам!

Навукі без гузакоў не бывае

Яшчэ адзін праект звязаны з будучыняй быхаўскай сінагогі, а больш дакладна — будынка, што ад яе захаваўся. Тут у перспектыве з’явіцца выставачная зала. Цяпер аддзел знаходзіцца ў пошуках інвестара. Хтосьці скажа: “Ну-ну, няхай пашукаюць!” Але адзін кажа, а іншы робіць. Урэшце, пошук інвестара — таксама навука, і пакуль гузакоў не наб’еш, знаўцам у гэтай справе не станеш.

Чарговы захад па адшукванні праектных рэзерваў знітаваны з брэндам Быхаўшчыны — саламяным павуком. У чарговым артыкуле мы распаведзем пра тое, як яго вырабляюць у Быхаўскай дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў. А сёння гаворка толькі пра тое, што павук гэты неўзабаве набудзе статус гісторыка-культурнай спадчыны. Дарэчы, яшчэ адзін абярэг (у прамым і пераносным сэнсах) ад паспешлівай аптымізацыі. Як скарачаць той сельскі клуб, дзе свая, непаўторная тэхніка саломкапляцення? Толькі так, напэўна, і можна захаваць глыбінку. І ўвогуле, аддзел ІРКСМ райвыканкама цяпер імкнецца да перамог у конкурсах грантаў, бо хоча развіваць традыцыйныя жаноцкія рамёствы і аднавіць знакаміты Баркалабаўскі кірмаш. Мяркуецца праводзіць яго 11 ліпеня, калі ў мясцовым манастыры з’явілася Ікона Баркалабаўскай Божай Маці — старадаўні цудатворны абраз, які адзін з нямногіх на Беларусі захаваўся ў арыгінале. У гэты дзень збіраюцца ля манастыра сотні паломнікаў — самы зручны час для кірмашовых захадаў.

Так, грант атрымаць няпроста. Не ўсе асвоілі тую метадалогію. Але, да слова, Інстытут культуры Беларусі абяцае дапамагчы ахвотным з дапамогай нашай газеты. Менавіта для гэтага мы адкрываем новую рубрыку “Лабараторыя“ (яе прэм’ера — у гэтым нумары: на 11-й паласе гаворка пойдзе пра этнаадукацыю). Карацей, разам прыступаем да навукі. Яна, як той казаў, хоць і намучыць, але жыць навучыць.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пачуўшы пра цікавасць быхаўскага кіраўніцтва да грантавай і праектнай дзейнасці, згадаў пазітыўны досвед Жыровіцкага манастыра і Слонімскага райвыканкама. Не першы год там адбываецца “Жыровіцкі фэст”, багаты не толькі на духоўную, але і на культурную тэматыку. У выніку рэлігійнае мерапрыемства ператвараецца ў мясцовае свята, цікавае не толькі паломнікам, але і шырокай грамадскасці.

А свежая крытычная публікацыя ў інтэрнеце пра выкарыстанне гранта ў Докшыцкім раёне, выдаткаванага ЕС/ПРААН на культурную дзейнасць, прымусіла паразважаць, як засцерагчы ад магчымых памылак быхаўскіх работнікаў культуры. На грант падавалася ініцыятыва пад назвай “Адраджэнне сядзібна-паркавых збудаванняў”. У рамках ініцыятывы планавалася стварыць музейную экспазіцыю ў сельскай бібліятэцы ў аграгарадку Сітцы. У выніку музейчык быў створаны, але асноўная частка сродкаў была выдаткавана не на яго, а на інфраструктуру: асфальтаванне паркоўкі, сцежак у старадаўнім парку, стварэнне будаўніцтва сцэны ў парку, набыццё гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры. Усё так і планавалася, ніхто ў кішэню грошай не клаў. Але зразумелай падаецца і крытыка мясцовага краязнаўцы. Каб яе не было, трэба, відаць, больш артыкулявана фармуляваць назву і мэты праекта.

У полі зроку — 29 клубаў

Дырэктар цэнтрэалізаванай клубнай сістэмы Ганна Захаранка нам спадабалася адразу і назаўжды. Менавіта яна сказала, што “Культура“ — газета для прафесіяналаў, таму заўсёды яе выпісвала і будзе выпісваць. Аднак не толькі гэтым узяла за сэрца Ганна Захараўна. Нагадаем, што ў № 22 “К“ за 30 мая мінулага года мы апублікавалі артыкул “Парк крэатыўнага перыяду“, дзе гаворка ішла пра наш аўтаваяж у вёскі Дзедава і аграградок Новы Быхаў. Жыхары першай паскардзіліся на тое, што даўно не бачылі аўтаклуба, а работнікі культуры другой распавялі аб праекце “Пчаліны вырай“. На наш погляд, ім была патрэбна метадычная дапамога… Дык вось, Ганна Захарава і не падумала пакрыўдзіцца: “Любую крытыку прымаю станоўча“. Аўтаклуб дзейнічае цяпер належным чынам. А дзяўчаты з Новага Быхава наладзілі ўзорныя кантакты з кіраўніком мясцовага СВК Сяргеем Краўцовым, які стаў для клубнай установы вядучым спонсарам.

Спадабалася нам і тое, што ў раёне — восем філарманічных пляцовак. Кожная рэгулярна прымае калектывы з Магілёва. З адміністратарам філармоніі ў Ганны Аляксандраўны вельмі шчыльныя кантакты. Таму да платнай канцэртнай дзейнасці насельніцтва прывучаць ужо не трэба.

У клубнай сістэме — 29 устаноў, дзве з іх — у раённым цэнтры. Ганна Захарава лічыць, што скарачаць больш няма чаго. З кадрамі ўсё досыць добра. Сёння ў сістэме працуе 7 завочнікаў, за тры гады 9 чалавек набылі спецыяльную адукацыю. Штогод ладзяцца фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі, у раён рэгулярна прыязджаюць “зоркі”. Словам, на Быхаўшчыне культура — гэта не проста гук, а суцэльная сімфонія.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Часам рэдакцыйнае кіраўніцтва папікае, маўляў, паўтараецеся, рушыце туды, дзе ўжо некалі бывалі. Прыклад Быхаўшчыны пераконвае, што вярнуцца ў знаёмыя мясціны часам бывае вельмі карысна. Найперш, каб пабачыць, што ў той ці іншай установе культуры змянілася, і ці захавалася ўвогуле тая ўстанова. Каб пачуць не апраўданні, а крэатыўныя ідэі праектаў на будучыню. І хай снарад, у метафарычным сэнсе азначаючы каманду нашага аўтатура, у адну варонку ў трэці раз, пэўна, і не патрапіць, ва ўстаноў культуры ўсё ж будзе яшчэ адзін стымул для ўдасканалення і супрацоўніцтва з “Культурай”.

Мінск — Бялыніцкі раён — Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"