Паміж “хочацца” і “трэба”

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

На мінулым тыдні адбыўся V Форум маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню. СМІ: маральнае вымярэнне”, пра які мы згадвалі ў “К” № 47. Зараз абазначу некалькі галоўных, як на маю думку, тэм выступоўцаў пленарнага пасяджэння “Маральнасць як асноватворны прынцып прафесійнай дзейнасці журналіста”.

/i/content/pi/cult/614/13662/5-2.jpgТак, у сваім выступленні “Трансфармацыя медыя. Рэвалюцыя і эвалюцыя” дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін згадаў, што 1980 — 1990-я — “залатая” эпоха журналістыкі. Цяжка не пагадзіцца, але ў сённяшніх умовах прафесія крыху страціла свае пазіцыі. Мяркую, звязана гэта са з’яўленнем інтэрнэта: калі раней журналіст быў экспертам, то зараз у якасці эксперта можа выступіць (у сацыяльных сетках ці ў блогах) той жа мастак або пісьменнік. Галоўнае — заваяваць давер аўдыторыі, наладзіць з ёй камунікацыю, “посціць” творы ці іх урыўкі або, скажам, сямейны фотаархіў... Раней журналісты “адкрывалі” імёны для аўдыторыі, а зараз творца і сам можа “прапіярыць” сябе. З іншага боку, інтэрнэт дае і журналісту магчымасць аператыўна выказвацца, праводзіць эксперыменты, стаць бліжэйшым да аўдыторыі.

“Зараз мы ўступілі ў свет нестабільны, калі няма адзіных правілаў гульні, у тым ліку і ў журналістыцы. Для таго, каб быць паспяховым журналістам, трэба мець аўтарскую пазіцыю. Людзі хочуць бачыць не абязлічаную інфармацыю. Чалавек хоча даведацца аб аўтарскай пазіцыі журналіста, ён чакае яго меркавання. Чаму зараз адбываецца бум блогаў і аўтарскіх калонак? Увогуле аўтарская журналістыка — не толькі спосаб самавыражэння. Гэта спосаб выбудоўвання ўласнай стратэгіі паводзінаў”, — сказаў Вадзім Гігін.

А з вопыту кітайскіх медыя ён згадаў у тэму, у прыватнасці, наступнае. Для кожнага спосабу падачы інфармацыі там існуюць адпаведныя кодэксы этыкі, скажам, для публікацыі мабільных дадатках, паводзінаў у сацыяльных сетках, паводзінаў у СМІ.

Першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Белякоў сказаў, што ў моладзі ўзрос інтарэс да нашых культурных традыцый. У якасці прыкладу ён згадаў Дзень вышыванкі. Але асабіста мяне турбуе наступнае пытанне: моладзь адмыслова носіць вышымайкі, робіць тату з беларускімі ўзорамі толькі праз павеў моды? Другі момант, пра які казаў Белякоў, — свабода ў журналістыцы. Іншым разам таксама задаюся пытаннем: свабодны журналіст — які ён? У любым выпадку журналіст абмежаваны нават у тэмах. Хаця б таму, што трэба ў першую чаргу пісаць пра тое, што цікава чытачам. Выступоўца згадаў словы галоўнага рэдактара газеты “Аргументы і факты” Ігара Сакалова, які на адным з адкрытых дыялогаў сказаў: “Калі ты незалежны журналіст — ты залежны журналіст. А калі ты залежны журналіст, дык не журналіст”. Увогуле цяжка знайсці тую самую “залатую” сярэдзіну, тое, што знаходзіцца паміж “хочацца” і “трэба”. Таму многім маладым журналістам, якія трапілі ў сітуацыю “знаходжуся на раздарожжы” трэба зараз зрабіць выбар, каб не было балюча за бязмэтна пражытыя гады. Спадзяюся, выбар акажацца правільным.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст