“Чорная скрыня” для нефармату

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Пракатная пляцоўка ад “адзінага дзяржаўнага аператара”
На старонках “К” шматкроць узнімалася набалелая праблема: у краіне не ставала пляцоўкі для развіцця праектнага тэатра. Нарэшце можна канстатаваць, што справа зрушылася: днямі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прэзентавалі залу на 70 месцаў, прызначаную для эксперыментальных тэатральных форм, якія вылучаюцца камернасцю, лаканічнасцю, блізкасцю да гледача. Пляцоўка ўзнікла ў выніку плённага супрацоўніцтва НЦСМ і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Па сутнасці, яна стала першай і пакуль адзінай у Беларусі “blackbox” — “чорнай скрыняй”, сучасным тыпам універсальнай сцэны, якая дазваляе розныя трансфармацыі прасторы. Падчас прэзентацыі ўзнікла дыскусія пра перспектывы развіцця пляцоўкі. Прапануем самыя цікавыя выказванні.

/i/content/pi/cult/614/13661/5-1.jpg

Адна з першых пастановак у “чорнай зале” НЦСМ — спектакль “Ілюзіі”. / Фота Крысціны ГРЭКАВАЙ

Крысціна СМОЛЬСКАЯ, тэатральны крытык, педагог: — Хочацца адразу зазначыць, што для Беларусі праектны тэатр — паняцце не новае. Знакаміты тэатр Ігната Буйніцкага, тэатры-студыі 1980 — 1990 х — гэта яго разнавіднасці. Такая форма творчага ўзаемадзеяння выгодна адрозніваецца ад рэпертуарнай сваёй мабільнасцю, адсутнасцю межаў для эксперыменту, мастацкай свабодай, магчымасцю рабіць гледача актыўным саўдзельнікам тэатральнага дзейства. Пры гэтым няма патрэбы рабіць купюры ў тэксце, пазбягаць абсцэннай лексікі.

Таццяна ТРАЯНОВІЧ, рэжысёр, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ: — Калісьці ўсё пачыналася са звароту да Прэзідэнта краіны з прапановай адкрыць пляцоўку для работы маладых рэжысёраў. У выніку пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў заснавалі Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры. Такім чынам, новую структуру адразу ж уключылі ў адукацыйны працэс. Мы карысныя адзін аднаму: БДАМ фінансава падтрымлівае выезды нашых пастановак на міжнародныя фестывалі, а ЦЭР дае магчымасць старшакурснікам стварыць у праектным тэатры спектакль, які залічваецца ВНУ ў якасці дыпломнага праекта. Аднак існуе праблема: у ЦЭР ёсць толькі памяшканне для рэпетыцый, гледача зваць няма куды.

Уладзімір ГАЛАК, мастацкі кіраўнік НЦСМ, даследчык тэатральнага мастацтва: — Новая тэатральная зала з’яўляецца часткай вялікага арганізму Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў — адзінага дзяржаўнага аператара, які займаецца распаўсюджваннем, папулярызацыяй, увогуле развіццём сучаснага айчыннага мастацтва ў краіне і за яе межамі. Уласна тэатральнымі праектамі НЦСМ займаюцца два чалавекі: мастацкі кіраўнік і спецыяліст, які адказвае за рэкламу і прасоўванне праекта ў сацыяльных сетках і медыя.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ: — Як бачым, вялікага цэха, як у рэпертуарным тэатры, тут няма, і тым не менш у НЦСМ ствараюцца праекты, што ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях і намінуюцца на Нацыянальную тэатральную прэмію.

Уладзімір ГАЛАК: — Так, у тэставым рэжыме пляцоўка функцыянавала некалькі гадоў, некаторыя праекты знаходзілі сабе, а мы намацвалі кірунак развіцця. Новую глядзельную залу прапаноўваем для пракату эксперыментальным калектывам. Для нас не мае значэння наяўнасць у іх дыпломаў аб рэжысёрскай ці акцёрскай адукацыі, галоўнае — мастацкая якасць канчатковага прадукту. Апошнім годам спрабуем працаваць, як пляцоўка, што спрыяе развіццю творчых ініцыятыў, а таксама апрабоўваем такі кірунак дзейнасці, як прадзюсарства. Падкрэслю, НЦСМ не аказвае прамой фінансавай дапамогі. Мы прапануем прастору для пракату, а за кошт продажу білетаў адбудзецца самафінансаванне пастаноўкі. Таксама можам аказаць дапамогу ў сумесным пошуку сродкаў (падрыхтуем да размовы з патэнцыйным спонсарам, распавядзем, як стаць саіскальнікам грантаў і гэтак далей), каб дапамагчы далейшай вітальнасці праекта.

Таццяна ТРАЯНОВІЧ: — Сапраўды, час вымагае ад рэжысёра неабходнасці быць, да ўсяго, і менеджарам. Было б добра, каб абавязкі падзяляліся паміж асобнымі людзьмі, але ў большасці пачаткоўцаў няма такой магчымасці. Мы іх арыентуем, што работа як у праектным тэатры, так і ў дзяржаўным прадугледжвае пошук сродкаў. Фармат нашай пляцоўкі не разлічаны на пастаноўку камерцыйна паспяховых, касавых праектаў. Звычайна абіраюцца п’есы, якія не патрабуюць вялікага грашовага ўлівання.

Уладзімір ГАЛАК: — Мы таксама вырашылі актыўна развіваць сацыяльны тэатр: разам з Таццянай хочам папрацаваць з адзінокімі пажылымі мінчанамі, з жыхарамі дамоў для пенсіянераў і інвалідаў. Зрэшты, наш праект у галіне сацыяльна-дакументальнага тэатра на дадзеным этапе прайшоў у паўфінал конкурсу сацыяльных праектаў “Social Weekend”.

Таццяна ТРАЯНОВІЧ: — НЦСМ і ЦЭР толькі пачынаюць супрацоўніцтва. Уладзімір Галак як мастацкі кіраўнік запрашаецца на прагляды, а пасля пагаджаецца (ці не) на з’яўленне на яго пляцоўцы новага спектакля. Афіша новай залы складаецца з улікам патрабаванняў калектываў, бо менавіта яны дыктуюць нам умовы. Напрыклад, спектакль “Ілюзіі” (уключаны ў конкурсную праграму сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі — Н.П.) ставіцца толькі на панядзелкі, бо ў пастаноўцы задзейнічаны акцёры трох сталічных прафесійных тэатраў, а на пачатку тыдня ў гэтых дзяржаўных установах выхадны.

Уладзімір ГАЛАК: — Мы не можам пахвастацца такой стабільнасцю афішы, як у рэпертуарным тэатры. У незалежных калектываў свае фактары занятасці. З-за гэтай спецыфікі мы можам прыкладна скласці рэпертуар максімум на месяц наперад, аднак усё роўна пазначаем для гледачоў, што афіша карэктыруецца і папаўняецца “жыўцом”.

Рычард СМОЛЬСКІ, старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар: — Міністэрства культуры актыўна праводзіць работу па ўкараненні дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Ці ёсць у вас прыклады ўдалага супрацоўніцтва?

Уладзімір ГАЛАК: — Самы яркі леташні прыклад — фестываль незалежных дзіцячых тэатраў “Казачны джэм”. Мы разам з яго арганізатарам — незалежнай творчай групай, якую ўзначальвала сёлетняя выпускніца Акадэміі мастацтваў Наталля Ляванава, выступілі супольна. У выніку, у першы год выйшлі на аднаго з сотавых аператараў, летась — на прадстаўнікоў банкаўскай сферы. Кожны з партнёраў дапамог з частковым фінансаваннем праекта. У такіх выпадках НЦСМ як дзяржаўнай арганізацыі лягчэй знайсці прыватнага партнёра, чым асобна ўзятаму незалежнаму рэжысёру.

Рыгор БАРАВІК, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, рэжысёр: — Перш-наперш неабходна вызначыцца з эстэтыкай гэтага тэатра, тады будзе зразумела, ці патрэбна яму фінансаванне і ў якім аб’ёме. Вось я гляджу на памяшканне і адчуваю, што гэтай пляцоўцы пабудова якіх-небудзь дэкарацый пашкодзіць…

Таццяна ТРАЯНОВІЧ: — Зараз ёсць маса іншых спосабаў для сцэнаграфіі. Зусім неабавязкова нагрувашчваць лесвіцы і пад’ёмнікі — можна скарыстацца, да прыкладу, мультымедыя-сродкі. Але гэта таксама патрабуе фінансавых укладанняў. Рэжысёрам карысна працаваць з дызайнерамі, прафесійнымі мастакамі, апошнім жа не пасуе рэалізоўваць свае ідэі проста ў чорнай прасторы — яны хочуць ствараць сваю эстэтыку. Выкарыстанне жывой музыкі змушае да пакупкі музычных інструментаў. І не забывайцеся на аўтарскія адлічэнні, якія мы абавязаны выплачваць. Напрыклад, спектакль Наталлі Ляванавай “Па імені Спадар” пастаўлены па п’есе нямецкага драматурга Філіпа Лёле. У Германіі няма паняцця бязвыплатнага паказу. Нас выратаваў інстытут Гётэ, які пакрыў выдаткі па аўтарскіх правах на некалькі паказаў на год. Хацелася б і больш дасканалае светлавое абсталяванне (у наяўнасці толькі базавы камплект, які дае агульнае асвятленне).

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ, тэатразнаўца, спецыяліст Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ: — Каб мець прадстаўленне пра выдадкі, назаву толькі адну лічбу: тры гады таму мы аддалі 6 мільёнаў недэнамінаваных рублёў за арэнду толькі мультымедыйнага абсталявання, каб паказаць у НЦСМ спектакль “Сумны хакеіст” (Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” сумесна з тэатрам “post” з Санкт-Пецярбурга). Што да сцэнаграфіі, дык на новай тэатральнай пляцоўцы не пабудуеш дэкарацыі, але ўсё роўна мастаку ёсць дзе разгарнуцца. Радуе, што тут творцу не сустракаюць з прадузятасцю. Кожны з рэжысёраў прыходзіць са сваімі прынцыпамі і поглядамі, сам вызначае, як гэтыя чорныя сцены ператвараць у тэатральную залу. І чым больш будзе фантазіі ды крэатыву, тым больш цікава.

Уладзімір ГАЛАК: — Удакладню, згодна з патрабаваннем Міністэрства культуры, у нас створаны мастацкі савет. У яго ўваходзяць у тым ліку Аляксей Стрэльнікаў, Крысціна Смольская, Таццяна Траяновіч... Мы — дзяржаўная пляцоўка, таму нам не патрэбнае гастрольнае пасведчанне, а адсутнасць па штатным раскладзе сваёй трупы дазваляе працаваць без плана напаўняльнасці залы.

Антон МАКУХА, акцёр, рэжысёр: — Асабіста я задаволены, што з’явілася пляцоўка, на якую можна прыйсці і працаваць. І няважна, што ў памяшканні нічога няма: калі я ствару ў “чорнай скрыні” магію, дык ўсё ажыве. А магчымасць працаваць над нефарматным праектам разам з прафесійнай камандай дае маладому рэжысёру ўпэўненасць, што мецэнат абавязкова знойдзецца і ўсё скранецца з мёртвай кропкі.

Таццяна ТРАЯНОВІЧ: — Дарэчы, Антон Макуха — сёлетні выпускнік БДАМ. Яго дыплом “Машыністкі”, як і многія шыкоўныя спектаклі дыпломнікаў, быў паказаны ўсяго аднойчы… Па вопыце я бачу, як часта пасля абароны спектаклі знікаюць. Мне здаецца, для маладога прафесіянала вельмі важна, каб пракат першага спектакля быў рэгулярным. Трэба, каб на працягу хаця б года можна было паглядзець, як спектакль развіваецца, як жыве і абрастае падрабязнасцямі. Пастаноўку павінны паглядзець калегі — такі чынам, верагодна, пачатковец у прафесіі зможа трапіць у рэпертуарны тэатр, знайсці месца для наступнай пастаноўкі, а можа створыць свой праектны тэатр. Малады рэжысёр мае права выбіраць свой шлях, галоўнае, яго жыццё ў прафесіі будзе працягвацца. Многія звярталіся па дапамогу ў пошуках пракатнай пляцоўкі ў ЦЭР і НЦСМ. Як бачыце, у выніку мы самі яе і зрабілі. Праект запатрабаваны, зала паступова ператвараецца ў сапраўдную тэатральную прастору. Тут добрая акустыка, даверлівая атмасфера. Мы ўклалі нямала высілкаў, каб тут было ўтульна і гледачу, і рэжысёру. Вось і Антон Макуха ўжо да нас папрасіўся — будзе аднаўляць дыплом. Таму калі рэжысёр захоча прабіцца сюды, ён гэта зробіць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"