Без маленькіх “штангістаў”

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

19 — 20 лістапада ў Наваполацку, у Палацы культуры “Нафтан”, прайшоў ХV Адкрыты рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”. З больш як 120-ці дасланых заявак адабралі 51 фіналіста ў трох узроставых намінацыях — ад 8 да 16 гадоў. Гран-пры атрымала 15-гадовая Ірына Круглік з Магілёва. Усяго лаўрэатамі і ўладальнікамі спецыяльных прызоў сталі 16 эстрадных спевакоў з розных куткоў Беларусі і, улічваючы адкрытасць конкурсу, Расіі.

Вядомы беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў не ўпершыню ўдзельнічаў у складзе журы “Халі-Хало”. Да таго ж, ён даўно і пільна сочыць за конкурсным рухам у эстраднай галіне, таму можа параўноўваць спаборніцтвы, вылучаючы ў іх найбольш адметныя тэндэнцыі.

— Конкурс у Наваполацку, — адзначыў Алег Елісеенкаў, — заўжды трымае марку. Так адбываецца таму, што там ідзе вялікая падрыхтоўка да кожнага наступнага спаборніцтва. Праўда, старэйшая група сёлета была не такой моцнай, як сярэдняя і малодшая, але, зразумела, год на год не прыпадае: нават бульба не заўсёды ўродзіць, нягледзячы на ўсе намаганні аграномаў. Што ж тады казаць пра “вырошчванне” талентаў? Талент насамрэч — сапраўдная рэдкасць. Да таго ж, у кожнага чалавека ёсць свае пікі і спады. Іншымі словамі, трэба, каб на момант спаборніцтва яшчэ і зоркі сышліся. Але ж агульны ўзровень быў вельмі добрым, і гэта, як ні дзіўна, утварала дадатковыя складанасці для журы: калі няма каго адсейваць і ўсе добра падрыхтаваныя, заўсёды баішся памыліцца, бо адчуваеш адказнасць за будучы творчы лёс кожнага з удзельнікаў.

Адзначу, што конкурс “Халі-Хало” выпрацаваў свае падыходы да абавязковага рэпертуару. Апошнім часам назіраецца агульная тэндэнцыя хуткага сталення дзяцей, гэта асабліва заўважна на конкурсах, калі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі засвойваць цалкам дарослы рэпертуар — і падштурхваюць іх да гэтага бацькі і выкладчыкі. У Наваполацку ж ад дзяцей патрабуецца песня з мультфільма. І асабіста я не магу не ўхваліць такое жаданне арганізатараў захаваць дзецям нармальнае спеўнае дзяцінства, не рабіць з іх гэткіх маленькіх “штангістаў”, якія задавольваюць амбіцыі педагогаў і тых дарослых, што іх апякуюць. Лічыцца, што простыя дзіцячыя песенькі — не для конкурсаў. Ёсць нават азначэнне, што гучыць як прысуд: не конкурсная песня. Але ж конкурснай яе можна зрабіць самастойна! Дзесьці штосьці ўскладніць, дадаць на пройгрышы вакальную кадэнцыю. Цудоўным прыкладам таго, як гэта зрабіць, стала ўсім вядомая “Чунга-чанга”, што прагучала на конкурсе ў новай адметнай аранжыроўцы, з ускладненай вакальнай партыяй — і мела сапраўдны фурор. Так і трэба рабіць!

Гран-пры адзінагалосна было аддадзена Ірыне Круглік з Магілёва, якая займаецца ў Нэлі Бардуновай у тэатры-студыі “Вясёлка”. Дзяўчынка, якой споўнілася 15 гадоў, неаднойчы ўдзельнічала ў гэтым конкурсе — у розных узроставых намінацыях. Станавілася лаўрэатам. І вось, нарэшце, атрымала Гран-пры. Гэта сведчыць пра паслядоўнасць не толькі яе вакальнага выхавання, але і самога конкурсу ў Наваполацку. “Халі-Хало” не проста знаходзіць узрошчаныя кімсьці таленты і ўзводзіць іх на эстрадны Алімп, а непасрэдна ўдзельнічае ў такім вырошчванні талентаў і іх далейшай падтрымцы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"