“Абгарэлыя малюнкі як раны на сэрцы…”

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

... Я пазнаёмілася з гэтым 62-гадовым унікальным украінскім мастаком у чэрвені 1984 года, калі ён паказваў свае творы ў раённым Доме культуры Гарадка. Яго імя — Сяргей Фадзеевіч Адамовіч. Увесь выгляд яго, якім ён мне запомніўся, выпраменьваў дабрату, мяккасць, сарамлівасць. Трошкі дзівакаваты, мастак вылучаўся і манерай трымацца, і манерай гаварыць. Здавалася, ён ведае і адчувае навакольны свет больш за іншых.

 
У чытача можа ўзнікнуць слушнае пытанне: чаму раптам украінскі мастак наладзіў свой вернісаж у маленькім беларускім райцэнтры, упэўніваючы ўсіх, што лічыць яго сваёй другой радзімай? І вось што высветлілася.

Нарадзіўся Сяргей Фадзеевіч ва ўкраінскім Лісічанску Варашылаўградскай (Луганскай) вобласці. Спачатку скончыў на радзіме мастацкае вучылішча, потым — мастацкую школу пры ленінградскай Акадэміі мастацтваў. Педагогі здзіўляліся яго працавітасці і незвычайнай дапытлівасці ў галіне мастакоўскіх таямніц.

А тут — вайна. 19-гадовы студэнт, які хутка асвоіў прафесію мінёра, пайшоў на фронт. Прайшоў шлях ад салдата да афіцэра. І заўсёды з ім былі аловак і папера. У кожную свабодную хвілінку маляваў: сяброў-аднапалчан, эпізоды толькі што адгрымеўшых баёў, варонкі ад бомб, траншэі, акопы, зямлянкі. Малюнкі рознымі спосабамі рэгулярна адпраўляў у Самарканд — там, у эвакуацыі, тады знаходзілася Акадэмія мастацтваў.

Але аднойчы малюнкі перасталі прыходзіць з фронту. Сувязь абарвалася... А праз некаторы час прыйшло паведамленне аб гібелі Адамовіча. Калегі-мастакі тут жа арганізавалі яго памятную выстаўку з тых твораў, якія ён прысылаў з пярэдняга краю вайны...

А ўсё было проста. З кастрычніка да снежня 1943 года ішлі цяжкія баі за вызваленне нашага Гарадоцкага раёна. У вёсцы Азёркі Сяргея Адамовіча асколкам цяжка параніла ў пазваночнік. Пайшлі лазарэты, шпіталі, аперацыі — і насуперак усяму ён выжыў!

Пасля лячэння вярнуўся да вучобы, ужо на Украіне — у 1950 годзе — скончыў Кіеўскі мастацкі інстытут. Стаў выдатным графікам-ілюстратарам. З яго ілюстрацыямі ў Кіеве, Маскве, Рызе выходзілі кнігі М.Шолахава, У.Маякоўскага, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, М.Стэльмаха, М.Ваўчок, І.Франко, Ш.Петэфі, М.Кацюбінскага, В.Кабылянскай... А паралельна працаваў вельмі паспяхова ў станковай графіцы: ствараў цыклы гравюр пра гогалеўскую Украіну, пра мінулае і сучаснасць Данбаса, маляваў гарадскія пейзажы, пагранічнікаў вострава Саарэм, партрэты...

... Сяргей Фадзеевіч пасля выстаўкі падарыў нашаму гораду каля 100 эстампаў і кніжных ілюстрацый, дзе тэма Вялікай Айчыннай, канешне ж, займае асаблівае месца. Гэта своеасаблівае прысвячэнне тым салдатам і афіцэрам, урачам і медсёстрам, людзям, хто выратаваў Айчыну ад фашысцкай чумы, хто 9 мая 1945 года ўзняў пераможны сцяг над Рэйхстагам. Вельмі асабістыя, вельмі эмацыянальныя творы...

“Мае малюнкі ваявалі разам са мной, — гаварыў мастак на адкрыцці выстаўкі. — Часам губляў іх у баі, але баявыя сябры памагалі іх знайсці. Часам лісты паперы былі абгарэлыя альбо парваныя, але некаторыя часткі малюнкаў заставаліся цэлыя — абгарэлымі былі толькі краі. Іх я беражліва захаваў, бо яны, абгарэўшыя, мелі асаблівую каштоўнасць для мяне...”

Такім ён быў, Сяргей Фадзеевіч, — добры і шчодры мастак, які занесены ў Кнігу гонару нашага раёна як воін-вызваліцель г. Гарадка. Калекцыя была паказана ў рэпінскім музеі Здраўнёва, што пад Віцебскам. Там, на выстаўцы, студэнты Віцебскага універсітэта імя П.М. Машэрава правялі літаратурныя чытанні па творах тых пісьменнікаў, якіх ілюстраваў Сяргей Адамовіч... Так што памяць пра гэтага цудоўнага чалавека і творцу мы беражліва захоўваем, і на прыкладзе яго творчасці стараемся далучаць моладзь да высокіх духоўных каштоўнасцей нашага жыцця.

Аліна БАСТАВА
Гарадок
Віцебская вобл.