Адвечны Марозка на першай прыступцы

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Топ-ліст "навагодняй кампаніі"ад рэжысуры: без Гары Потара, але…
У дзяцінстве я прыдумала сабе гульню: брала ў бібліятэцы фотаальбом балетнай трупы якога-небудзь вядомага тэатра і па касцюмах вылічвала, пра які балет пойдзе размова. Рэбус разгадваўся проста: за савецкім часам большасць тэатраў арыентавалася на “ўзорныя” пастаноўкі Вялікага тэатра ў Маскве, таму практычна дубліравалі рэпертуар, харэаграфічны малюнак, строі. Сёння, калі я падыходжу да касы чарговага айчыннага тэатра, мне так і карціць сыграць у варыяцыю той дзіцячай забавы: можна да бабкі не хадзіць — сярод дзіцячых спектакляў абавязкова сустрэнеш пастаноўкі пра Папялушку, Дзюймовачку, Чырвоны Каптурок і яшчэ з дзясятак назваў, што віруюць з году ў год па сталічных і рэгіянальных афішах.

/i/content/pi/cult/614/13659/4-1.jpgНе паленавалася і даследавала сайты дзяржаўных і прыватных тэатраў (незалежна ад таго, з’яўляюцца іх асноўнай аўдыторыяй дзеці ці дарослыя). Пальму першынства ўзяў нязменны Марозка: у Мінску ён ідзе адначасова ў Музычным, Маладзёжным і Тэатры лялек, у Магілёве — у Тэатры лялек і Драматычным абласным, класічную зімовую казку таксама прапануюць Гомельскі абласны драматычны і тэатры лялек Брэста, Гродна і Віцебска. На другой прыступцы размясцілася адвечная Чырвоны Каптурок, якая ідзе ў тэатрах лялек Брэста, Мінска, Гродна, Гомеля, Віцебску, Маладзечна, а таксама ў Музычным і Магілёўскім драматычным. Яна падзяляе месца з Папялушкай, якая чакае дзятву ў сямі тэатрах па краіне. Канешне, тэма, самаадданасці і ўсёпераможнай дабрыні нясгасная, але асабіста мяне насцярожвае, чаму да сёлетняй “навагодняй кампаніі” гісторыю пераўтварэння ў прынцэсу абралі адразу тры тэатры: Купалаўскі (пастаноўка Сяргея Кавальчыка), Магілёўскі абласны тэатр лялек (у рэжысуры Ігара Казакова) і Музычны тэатр (тут рэпеціруюць шоу-канцэрт “Баль у Папялушкі”)! З невялікім адставаннем ад лідараў ідзе гісторыя пра Дзюймовачку (чатыры лялечныя спектаклі, нядаўняя прэм’ера ў ТЮГу і запланаваная налета здача ў Коласаўскім тэатры) і Бураціна (тры лялечныя пастаноўкі, мюзікл у Музычным і пазначаная на тую ж навагоднюю кампанію прэм’ера ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы). Ёсць пастаноўка пра Бураціна — "Бураціна ў Смарагдавым горадзе" — у Гомельскім абласным драматычным тэатры, аднак, яе ў навагоднюю афішу не ўключаюць. 

У мой топ-ліст патрапілі Шчаўкунок, Снежная каралева, доктар Айбаліт, Аладзін, Кот у ботах, Ямеля са шчупаком, а таксама казкі пра кошчын дом, церамок і залатое кураня. Зразумела, калектывы прапануюць і іншы матэрыял, сярод якога нямала цікавых п’ес, новых імёнаў, але мільгаценне зацёртых назваў сур’ёзна засмучае. Я не супраць старой добрай класікі, аднак нацыянальная і сусветная дзіцячая драматургічная спадчына куды шырэйшая за нязменны тузін персанажаў, што раз за разам адраджаецца ў рэпертуары кожнага асобна ўзятага тэатра…

Рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі са мной не пагаджаецца: “Дзіцячая драматургічная літаратура, канешне, багатая на назвы, але — скупая на сюжэты. Адкрыйце любы сайт з п’есамі-казкамі і паспрабуйце адшукаць там добрую п’есу з новымі героямі, свежымі сюжэтамі, арыгінальнымі тэкстамі! Акрамя таго, уладальнікі сайтаў проста не фільтруюць п’есы па якасці — вось і адшукай варты ўвагі тэкст у кучы інтэрнэт-макулатуры. Што да навагодняй тэматыкі, то 90 % тэкстаў будзе пра тое, як злыя сілы штосьці сцягнулі (схавалі, пераблыталі, напсавалі) у добрых герояў (Дзеда Мароза, Снягуркі, Настачкі). Абавязкова будзе некалькі “арыгінальных” памагатых — сняжынкі, зайчаняты, бабулі. Асабліва прасунутыя аўтары дзеля моды пазапіхваюць у казку пазнавальныя усімі атрыбуты ХХІ стагоддзя: камп’ютарны вірус, які замінае гадзінніку прабіць дванаццатую, ашалелага робата ці касмічнага персанажа з “Зорных войнаў”. І яшчэ на сайтах будзе мільён старых казак, якія знявечаныя рукой драматургаў-казачнікаў. Паверце, я не моцна згушчаю фарбы — добрых п’ес-казак замала, з’яўляюцца яны рэдка”.

Калі няма гатовых п’ес, дык, можа, звярнуцца да літаратуры? Колькі ёсць шыкоўных кніг, якія прайшлі праверку часам, аднак не дабраліся да нашых падмосткаў. Прынамсі, у Англіі, акрамя персанажа з удалым сцэнічным лёсам па мянушцы Віні-Пух, ёсць яшчэ адзін шыкоўны мядзведзік — Падынгтан. Адну з гісторый не так даўно ўдала экранізавалі, узняўшы сярод нашых дзяцей хвалю цікавасці да яго. Сама была сведкай, як у сталічнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага кнігі пра аматара джэму і прыгод некалькі месяцаў немагчыма было ўзяць — усё было на руках. Любоў да маленькіх чалавечкаў накшталт карантышак з Кветкавага гораду ці фіксікаў можна падтрымаць кнігамі Мэры Нортан пра дабываек. Абавязковую для падмосткаў напрыканцы снежня зіму можна забяспечыць класікай ад Клайва Стэплза Льюіса “Леў, Вядзьмарка і адзежная шафа” (у аповесці казачная краіна замецена сумётамі снегу). Для самых маленькіх можна прапанаваць калядную казку з серыі пра карову Маму Му (балазе ёсць беларускі пераклад Алены Масла). Да класікі часта звяртаюцца з-за камерцыйнага разліку, маўляў, на вядомых герояў бацькі дакладна павядуць малечу. Дык можа тэатрам паспрабаваць быць у трэндзе сюжэтаў не толькі родам з сівой даўніны, але звярнуцца да тых кніг, якія найбольш цікавыя сённяшняму пакаленню? Заўсёды можна знайсці баланс паміж модай і якасным літаратурным матэрыялам…

Разумею, Гары Потара на беларускай тэатральнай сцэне мы наўрад ці пабачым: пытанне — у дамовах з аўтарам і непад’ёмных аўтарскіх адлічэннях. Можна пашукаць пісьменнікаў з больш прыемнымі для тэатра ганарарнымі ўмовамі, але плаціць ўсё роўна давядзецца. Таму адміністрацыі прасцей узяць пазнавальную і, па сутнасці, бясплатную класіку… Аднак прымем да разгляду ідэальны варыянт: фінансаванне для аўтара закладзена ў бюджэт. Дзе знайсці свежы матэрыял? Выкажу, магчыма, дзіўную думку, але па ідэі для сцэнічнага ўвасаблення можна паспрабаваць звярнуцца ў… бібліятэку. Прынамсі, дырэктар сталічнай Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Таццяна Швед кажа: “Штогод складаецца рэйтынг найбольш запатрабаваных дзіцячай аўдыторыяй кніг. У топ-лісце шмат сучасных беларусках пісьменнікаў: Людміла Рублеўская, Алена Масла, Марыя Бершадская...” Так, іх кнігі — не п’есы, але тэатрам можна паспрабаваць згадаць супрацоўніцтва з аўтарам. Ёсць і добры прыклад: сумесная праца ТЮГа і пісьменніцы Таццяны Сівец, у выніку якой тэатр узбагаціўся спектаклем “Брык і Шуся шукаюць лета”.

Па словах Цімафея Ільеўскага, сітуацыя з дзіцячым рэпертуарам, па сутнасці, паўтарае праблему непранікнення сучаснай драмы на вялікую сцэну. “Вось так і замыкаецца кола: рэжысёры не могуць знайсці арыгінальных казак, дырэктары не хочуць рызыкаваць, дзеці шчыра радуюцца сустрэчы з пазнавальнымі героямі, бацькі імкнуцца рэанімаваць свае дзіцячыя ўспаміны, распаўсюджвальнікі білетаў настойваюць на камерцыйным поспеху”, — падсумоўвае суразмоўца. А ў выніку нацыянальнае мастацтва, прысвечанае дзецям, пачынае буксаваць, бо асобна ўзятыя творчыя постаці паказваюць кірунак, але не могуць змяніць карціну ў цэлым.

Красамоўна пра тое, што не ўсё добра ў “Дацкім каралеўстве”, сведчыць сёлетняя Нацыянальная тэатральная прэмія. У катэгорыі “Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва” увайшло тры спектаклі і ўсе — лялечныя. Шчыра захапляюся нашымі лялечнікамі, якія трывала трымаюць марку якасці, творчасці і наватарства. І задаюся пытаннем пра астатніх… Старшыня журы ў дадзенай намінацыі кінарэжысёр, сцэнарыст, дацэнт кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Турава адзначыла дбайную работу адборачнай камісіі, аднак у размове з аглядальнікам “К” таксама падкрэсліла: “Мне сапраўды крыху не па сабе ад напаўнення намінацыі. Радуючыся за лялечнікаў, чые спектаклі сталі сапраўднай з’явай у тэатральным жыцці, дадам: хацелася б, каб падзей такога ўзроўню ў дачыненні да дзіцячага рэпертуару было больш і ў іншых кірунках. Мяркую, гэта праблема глабальнага узроўню. Верагодна, тут патрэбная моцная работа ў кірунку падтрымкі рэжысёраў, якіх цікавіць юная аўдыторыя, і дзіцячага рэпертуару тэатраў”.

Звярніце ўвагу, што у аснову спектакляў-намінантаў пакладзены арыгінальны літаратурны матэрыял: пяшчотная казка нашай Святланы Залескай-Бень “Самы маленькі самалёт на свеце”, жартоўна-філасофская п’еса сучаснага польскага драматурга Марты Гуснёўскай “Вялікі змей” і цыркавая гісторыя расійскага драматурга Міхаіла Барценева “Горад клоўна Піка”. Ці не падаецца вам, што гэтыя назвы — сур’ёзная нагода задумацца? Шырока вядомы матэрыял часам ператвараецца ў руціну. Незацяганы тэкст можа стаць спускавым кручком для творчых здабыткаў ўсяго калектыву. Да наступнай Нацыянальнай тэатральнай прэміі два гады. Ёсць час для эксперыменту.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"