Канікулы і ўстанова культуры

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Што трэба маленькім, акрамя відовішча ды ўдзелу ў ім?
Восеньскія канікулы да нядаўняга часу заставаліся па-за межамі асаблівай бацькоўскай увагі. На зімовыя — навагоднія ранішнікі, ледзь не абавязковыя для кожнай школы і сям’і. На вясновыя — таксама якісьці культпаход, бы ў напамін пра колішнія штогадовыя Тыдні музыкі для дзяцей і юнацтва, што ладзіліся ў 1970 — 1980-я. На восеньскія ж у лепшым выпадку (у сталіцы) — “Лістападзік”. А што рабіць з малодшымі школьнікамі ў працяглыя выхадныя? Уключаць мультфільмы дома? Не, вывучаць тэатральную афішу, уключаючы ў яе не толькі звыклыя дзіцячыя казкі на стацыянарных сцэнах, але і разнастайныя “спецыяльныя праекты”. Сёлета ў ліку апошніх аказаўся двухдзённы фестываль тэатраў для самых маленькіх “Казачны джэм”, а таксама некаторыя іншыя “творчыя падарункі” для ўсёй сям’і. Паспрабуем на гэтых “сезонных” прыкладах ацаніць прысутнасць творчых знаходак, скажам, для раённых дамоў і цэнтраў культуры.

/i/content/pi/cult/614/13652/12-1.jpgТэатр для самых маленькіх — адзін з самых запатрабаваных кірункаў. На Захадзе ён атрымаў даволі шырокае развіццё, у нас жа ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Але ў тым, што падобныя намаганні не адзінкавыя, можна было пераканацца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, дзе сабраліся дзевяць такіх сталічных калектываў, а таксама па адным з Віцебска і Санкт-Пецярбурга.

Справа ў прасторы

Паказальна, што справа не абмежавалася адно “тэатрам на падушках” — так ласкава называюць паказы, падчас якіх дзецям дазваляецца займаць месцы ля самай сцэны: седзячы, лежачы, поўзаючы. Дый сама сцэна ў агульнапрынятым сэнсе ў большасці выпадкаў адсутнічае: для самых маленькіх, якім звычайная шафа ўяўляецца шматпавярховым гмахам, патрэбная адпаведная іх росту тэатральная прастора — хаця б звычайны пакой. Улічваючы, што ў НЦСМ якраз асобных пакояў хапае, кожны ператварыўся ў тую ці іншую зону, пазначаную крэатыўнай беларускамоўнай назвай. Традыцыйны “гардэроб” ператварыўся ў “Бярлог гасціннага мядзведзя”. Штосьці накшталт імправізаванага “буфета” з маленькімі столікамі і крэсламі, дзе бацькоўскую “ссабойку” можна бясплатна дапоўніць пітной вадой у пластыкавых кубачках, — у “Месца сілы”. Замест шыльдачкі “Уваход забаронены” — проста “Край свету”. А ці не цікава наведаць, да прыкладу, “Краіну добрых цмокаў” і “Бухту магчымасцяў”, дзе праходзілі майстар-класы? Альбо “Возера ведаў”, паслухаўшы чытанні казак і пагартаўшы кніжкі? Шмат было і ўласна гульняў — ад актыўных да настольных. Завяршаўся ж кожны з дзён канцэртнай праграмай: перад дзецьмі і бацькамі выступалі Сяргей Долгушаў, Яўген Курыльчык, гурт “Нагуаль”.

Усё было разлічана на тое, каб прыйсці з дзецьмі не на гадзіну, а то і менш (менавіта столькі звычайна працягваюцца дзіцячыя спектаклі), а ледзь не на ўвесь дзень (з 11-й да пачатку 17-й) — і не стаміцца, а, наадварот, набрацца духу для далейшага жыццёвага палёту, падсілкавацца, бы тыя батарэйкі, энергіяй. І, у рэшце рэшт, узгадаць набытае ў дзяцінстве, а пазней, магчыма, страчанае разуменне таго, што лепшы адпачынак — змена дзейнасці. Ну, а калі і сама дзейнасць хаця б крыху “падфарбаваная” гульнёвым адценнем — увогуле свята!

Кантэнт

“Казачны джэм” вучыў не проста маляваць ды рабіць уласнымі рукамі немудрагелістыя сувеніры. Ён вучыў таму, чаму сёння, на жаль, не вучаць ні ў дзіцячых садках і школах, ні, у большасці, у сем’ях: дзейнічаць, а не чакаць, пакуль усё само зваліцца з неба. І дзейнічаць з розумам, робячы асабісты выбар — самае, бадай, запатрабаванае, але і самае складанае ў самастойным жыцці.

Практычна ўсё прапанаванае ўтрымлівала элементы асветніцтва, інтэрактыву, шматлікія сюрпрызы. Спектакль “А вы любіце гісторыі пра гарбату?” тэатра “БуСемаПа” распавядаў, не цураючыся бонга з бубнам, як трапляе ў краму ўлюбёны напой. Пасля “Таты Праніка” Тэатра лялек, ценяў і святла “Дом сонца” гледачоў частавалі сапраўднымі пернікамі. У час “Мамы Му ў басейне” тэатра “Лямцавая батлейка”, дзе падзеі разгортваліся ўнутры невялічкай раскінутай валізы, у зале не сціхалі вяселле і смех. Надзвычай паэтычнымі, радасна сонечнымі “цуд-вітражамі” вылучаўся “Хто ёсць кот” сямейнага тэатра ценяў “Веліструхен”. Выходзілі “ў народ” артысты “Неверагоднай батлейкі ад вандроўнага тэатра” студыі “Варгін”. Схіляў да рамантычных мрояў “Стойкі алавяны салдацік” Бэбі-тэатра “Бусы”. “Пум-пу-рум!” тэатра “Привет!” з Санкт-Пецярбурга ўразіў не толькі запальнай ігрой выдатных артыстаў, але і вырабам лялек з побытавых рэчаў: прадзёрты мужчынскі чаравік ператварыўся ў вершніка, фен — у крумкача, фіранка — у палахлівага волата-велікана. Атмасферай заўзятай інтэрактыўнай гульні і шалёнай энергетыкі была прасякнута “Зорачка” аўтарскага тэатра лялькатрасення “Растор*)мошка” з Віцебска. Колы ад старога ровара, накрытыя абрусам з кішэнямі, дзе хаваецца “інвентар”, ператварыліся ў дзве круцельныя сцэны: адзін паварот — імгненная змена сцэнаграфіі.

Адзіным “нялялечным” спектаклем стаўся “Не хачу быць прынцэсАЙ” тэатральнай майстэрні “Горад сяброў”. Павел Южакоў-Харланчук, выступаючы адразу ў чатырох мужчынскіх ролях, і ягоная жонка-прыгажуня Ганна (сапраўдная прынцэса!) разыгралі гісторыю пра тое, як важна заставацца самім сабой, не гонячыся за модай. Праўда, думка была выкладзена так, што магла інтэрпрэтавацца як адмова ўвогуле ад усялякіх змен. Можа, трэба было б удакладніць некаторыя рэплікі, асабліва ў фінале? Бо ў пройгрышы апынуўся той, хто адгукаўся на кожную прапанову артыстаў. Тыя ж банцікі, зробленыя ў час спектакля дзецьмі і з дапамогай дарослых прычэпленыя да прычоскі ці адзення, сталі іх “пропускам” на каралеўскі баль. Атрымліваецца, гэтага рабіць было нельга? Бо гэта ж змяніла знешнасць маленькіх гледачоў!..

Бясконцая чарга стаяла ля “Тэатральнага аўтамата” ад тэатра “Кардонка” знакамітай Святланы Бень. Здавалася б, у час камп’ютарных тэхналогій і стэрэавыяў нам прапаноўваюць нейкае рэтра — літаральна троххвілінны комікс, малюнкі якога з’яўляюцца ў акенцы спецыяльнай будкі памерамі з былую тэлефонную. Але паказ разлічаны ўсяго на адно дзіця, якое павінна ўвесь час самастойна мадэляваць далейшы разгорт падзей, націскаючы на кнопку выбару аднаго з двух прапанаваных “аўтаматам” варыянтаў. Для бацькоў-назіральнікаў — гэта яшчэ і тэст, які прыадчыняе дзверы ў псіхалогію ўзрошчанай асобы. Сама была сведкай, як здзівілася маці, калі яе “анёльчык” станоўча адказаў на пытанне, ці паказваць сцэны гвалту над жывёламі (мелася на ўвазе бойка Караля з Драконам) і быў абураны, калі замест “мора крыві” паказалі хіба ўмоўныя пух і пер’е, што разлятаюцца ў розныя бакі.

З’яднала ўсіх, як і летась, Наталля Ляванава — малады рэжысёр, вядомая па колішнім дарослым спектаклі “Па імені Спадар”, кіраўнік Цэнтра тэатральных праектаў “Арт Кропка”: запрашала ўдзельнікаў і валанцёраў, шукала спонсараў, складала праграму. А ў складзе калектыву “Казачкі бай” паказала “Дарожныя прыгоды Віты”, дзе былі і “лекцыя па астраноміі”, і “ўрок геаграфіі, і “правілы дарожнага руху”. І ўсё гэта — на своеасаблівым “паласатым глобусе”, кожны паварот якога пераносіць нас у новы кліматычны пояс. Жывёлы, будынкі — усё трымаецца на ліпучках, што выкарыстоўваюцца ў абутку і адзенні ў якасці зашпілек. Проста? Але колькі фантазіі! Жывыя гітарныя імправізацыі ствараюць папраўдзе касмічную фонасферу, а калі ўжо песенька — дык рэп!

Сінтэз, інклюзіў...

На малой сцэне канцэртнай залы “Мінск” школьныя канікулы адзначалі серыяй спектакляў сталічнага сінтэз-тэатра “Mіmоzа”. Апошнім часам пачалі куды больш гаварыць пра інтэграваныя тэатры, увесну ў Брэсце прайшоў ХІІ Міжнародны фестываль такіх калектываў “Непратаптаны шлях”, гучнай піяр-акцыяй адзначалася стварэнне інклюзіўнага тэатра ў сталіцы. Кіраўнік “Мімозы” Вольга Прохарава не імкнецца акцэнтаваць тое, што сярод удзельнікаў яе калектыву ёсць інваліды. Для яе ўсе — роўныя: і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і дзеці з няпростымі характарамі. Галоўнае — каб была творчая іскрынка. Выпускніца БДУКіМ як сацыяльны рэжысёр і педагог, яна адначасова выступае ва ўсіх іпастасях: драматург, мастак па сцэнаграфіі, уключаючы відэа, па касцюмах (шыць іх, вядома, дапамагаюць бацькі дзяцей), рэжысёр, харэограф, рэпецітар, адміністратар, выканаўца адной з цэнтральных роляў. Улічваючы, што за музычны складнік і гуказапіс адказвае яе муж — аўтар песень і выканаўца, таксама артыст “Мімозы” Аляксей Крэчат, атрымліваецца штосьці накшталт Адкрытага сямейнага тэатра, прычым адкрытага вельмі шырока: у складзе калектыву некалькі дзясяткаў удзельнікаў розных узростаў, ад дашкольнікаў да пенсіянераў. Прычым усе, прайшоўшы адаптацыйна-рэабілітацыйна-рэпетыцыйны перыяд (кожнаму — сваё), выходзяць на сцэну. Гукавая партытура “Кузюрачкі ў Краіне складанай жамяры” запісаная цалкам, што пазбаўляе артыстаў ад прыстасавання да акустычных умоў (дый не ўсе з удзельнікаў у сілу сваіх асаблівасцяў могуць авалодаць добра пастаўленай, выразнай сцэнмовай). Але з-за гэтага спектакль яшчэ больш набліжаецца да пластычнага, дзе такі прыём ужыўся даволі трывала. Нягледзячы на масавасць, у пастаноўцы практычна няма звыклай “масоўкі”, дзе ўсе — як адзін. Наадварот, кожны — індывідуальнасць, як і бывае ў жыцці. Каб падкрэсліць гэта, Вольга не цураецца ні маленечкіх сола, ні разнастайных “устаўных нумароў”: гэта можа быць і бойка Мухі з Павуком, пра якіх распавядае настаўніца Мадэмуазэль Кузюлечка на ўроку, і “партрэтны” выхад сёстраў-блізнятаў. Скарочаныя да мінімуму, такія ўстаўкі не спыняюць дзеянне, тэмпарытм якога вельмі высокі, але і не даюць яму стаць схематычным: маўляў, прыехала маладая спецыялістка па размеркаванні да складаных падлеткаў, улюбіла іх у сябе, а тыя ў пошуках грошай на падарунак любай настаўніцы збеглі з інтэрната, з-за чаго яе звольнілі, але потым, пад націскам вучняў, вярнулі.

Дык што гэта — рамантызаваная казка пра “нашы перамаглі”? Ці “сацыяльная драма” з “чарноццем” ды хэпі-эндам? Не тое і не гэтае — сінтэз. Дый усе вобразы — амбівалентныя, без падзелу на “непапраўных зладзеяў” і “заўсёды правільных” станоўчых герояў. Кожны мае права на памылку — галоўнае, яе выправіць. І абавязкова любіць: усё лепшае, што ёсць у сабе і іншых, сваю справу, увесь свет, не забываючыся на самых блізкіх, родных і каханых. Ці ж гэта не формула праславутай талерантнасці? І, па сутнасці, формула шчасця, вырашаная па-мастацку ярка, захапляльна, з высокім густам.

Кожны са згаданых калектываў самастойна шукае сабе “месца пад сонцам”. Той жа віцебскі — існуе пры тамтэйшым Свята-Елісавецінскім манастыры, шмат гастралюе па Расіі. Але ўсе яны, незалежна ад статусу, вучаць такой жа самастойнасці юных гледачоў (ды і сталых таксама): быць не “адхіленым назіральнікам”, а стваральнікам свайго жыцця.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"