Сем пятніц да 2017-га

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Чаму не ўсе музеі пагадзіліся на бясплатныя дні для наведвальнікаў?
Днямі з’явілася інфармацыя, што з сярэдзіны лістапада да канца снежня па пятніцах у чатыры сталічныя ўстановы культуры можна будзе трапіць абсалютна бясплатна. Але, як высветліла “К”, гэтае паведамленне адпавядае рэчаіснасці не ў поўнай меры.

Акцыю “Мастацтва захоўваць” абвясціў у гонар свайго юбілею адзін з беларускіх банкаў. Як паведамлялася ў медыя, дзякуючы дамоўленасці з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеем краіны з яго філіялам — Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, — а таксама з мастацкай галерэяй сучаснага мастацтва “ДК”, ва ўсе гэтыя ўстановы можна будзе трапіць па пятніцах без білета.

— Але гэта навіна не адпавядае рэчаіснасці! — адразу адзначыў у размове з “К” дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. — Справа ў тым, што хоць нам і паступіла прапанова ад банкаўскай установы падтрымаць гэтую акцыю, дамову з ёй мы яшчэ не падпісалі. І, кажу гэта дакладна, не падпішам.

Як сцвярджае Уладзімір Пракапцоў, на тое ёсць прычыны.

— Вельмі хвалююся за выкананне плана платных паслуг: калі зрабіць вольнымі ад аплаты пятніцы (а іх такім чынам будзе да канца года сем!), дык у іншыя дні людзі проста не будуць да нас завітваць, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны. — Я лепей пагадзіўся б на такі варыянт: банк выкупляе тысячу ці больш білетаў, і праводзіць па іх наведвальнікаў у музей. Тым, каму такіх ільготных білетаў не хопіць, купляюць звычайныя. Але гэта ўжо зусім іншая справа і зусім іншае пагадненне.

Як кажа Пракапцоў, адмова ад удзелу ў акцыі мае і іншыя прычыны.

— Не варта забываць, што мы з’яўляемся дзяржаўнай установай, і нам трэба ўлічваць мноства фактараў перад тым, як прымаць рашэнні пра аб’яўленне тых ці іншых дзён бясплатнымі для наведвання, — адзначыў генеральны дырэктар НММ. — Як вядома, у нас і так ёсць такі дзень, калі да нас можа прыйсці хто заўгодна — гэта апошняя серада кожнага месяца... Таму, прыняўшы ўсё гэта пад увагу ды палічыўшы выгоды і страты, я прыйшоў да высновы, што лепш нам у гэтай акцыі не ўдзельнічаць. А за рэкламу, хоць і няслушную, я ўсё адно дзякую СМІ: можа, дзякуючы ёй, да нас будуць прыходзіць у канцы года значна больш наведвальнікаў…

А што ж іншыя ўдзельнікі акцыі? Як кажа дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў, ён ад імя ўстановы дамову з банкам падпісаў. І гэта значыць, што цягам сямі пятніц да канца месяца для наведвальнікаў сапраўды будзе дзейнічаць бясплатны ўваход як у галаўны музей, так і ў ягоны філіял. Дарэчы, ніякіх стратаў ад гэтага “бясплатнага” пятнічнага дня музейшчыкі не панясуць.

— Мы палічылі нашу сярэднестатыстычную наведвальнасць за дзень, і, натуральна, сярэднюю дзённую выручку, прадаставілі ўсе гэтыя разлікі партнёру па акцыі, — адзначыў Алег Рыжкоў. — У банкаўскай установе пагадзіліся аплаціць нам усе выдаткі за гэтыя дні паводле названых дакументаў. Так што магу ўсіх запэўніць, што акцыя “Мастацтва захоўваць”, як і аб’яўлялася ў СМІ, у нас пройдзе дакладна.

Праўда, вялікія дывідэнды ад супрацоўніцтва з прыватным банкам Нацыянальны гістарычны наўрад ці атрымае. Але кіраўнік музейнай установы кажа, што не ўсё вымяраецца грашыма.

— Па-першае, я заўсёды выступаю за тое, каб сацыяльныя аб’екты, да якіх адносіцца і наш музей, былі як мага бліжэйшымі да людзей, каб сюды часцей завітвалі, — адзначыў Алег Рыжкоў. — А гэтая акцыя, зразумела, заахвоціць многіх зайсці ў нашы дзверы, што не можа не радаваць. Можа, мы такім чынам значна пашырым сваю аўдыторыю, хто ведае? Па-другое, супрацоўніцтва з любой камерцыйнай установай для нас заўсёды было і будзе вельмі важным: гэта і знаёмства адзін з адным, і магчымасць зразумець, на што мы можам разлічваць у перспектыве: ці могуць, напрыклад, паўстаць з сённяшняга ўзаемадзеяння іншыя цікавыя акцыі і праекты. Таму я лічу, што карысць ад гэтай акцыі будзе несумненная і для нас, і для банкаўскай установы, і для жыхароў Мінска.

Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваюцца і ў галерэі сучаснага мастацтва “Галерэя ДК”. Як заўважыла “К” куратар установы культуры Аляксандра Дабравеева, многія мінчане цягам апошніх дзён ужо цікавіліся названай акцыяй.

— Нам тэлефануюць, пытаюць, калі можна да нас прыйсці, запісваюцца на экскурсіі, — адзначыла візаві. — Таму я спадзяюся, што акцыя “Мастацтва захоўваць” пройдзе ў нас з поспехам і дадасць нам яшчэ больш прыхільнікаў, якія стануць завітваць на нашы мерапрыемствы. А напрыканцы года, дарэчы, падумаем і пра працяг супрацоўніцтва з банкаўскай установай.

P.S. Учора НММ усё-ткі вырашыў правесці акцыю “Мастацтва захоўваць” і арганізаваў у яе рамках бясплатнае наведванне асноўнай музейнай экспазіцыі. Але пагадненне аб правядзенні акцыі на пастаяннай аснове цягам 7 пятніц да канца года, адзначыў “К” Уладзімір Пракапцоў, пакуль не падпісана: учарашняе мерапрыемства прайшло ў эксперыментальным фармаце. Канчатковае рашэнне аб удзеле ці не ўдзеле ў акцыі будзе прынята на наступным тыдні.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"