У сераду 16 лістапада журналістам газеты асабліва шчасціла на фізікаў — сярод нешматлікіх наведвальнікаў вучоных было на дзіва шмат. І яны аказаліся людзьмі гаманкімі. Актыўна сыпалі тэрміналогіяй і тэмамі сваіх распрацовак. Дарэчы, па прызнанні аднаго суразмоўцы, “на паліцах” у Акадэміі навук ляжыць неверагодная колькасць нерэалізаваных адкрыццяў, лёс якім, хутчэй за ўсё, там і застацца. Ён прапанаваў газеце перамясціць свой фокус з “пер’я на сцэне” на сур’ёзныя пытанні кшталту квантавай электронікі ды нелінейнай оптыкі. Прывабна, канешне, асабліва ў той сітуацыі, калі гэтыя адкрыцці ўплываюць, напрыклад, на развіццё культуры і мастацтва (археалагічныя раскопкі, больш якасную рэстаўрацыю каштоўнасцей). Дарэчы, неаднойчы пра гэта пісалі на старонках “К”. І развівалі б тэму далей, каб беларускія вучоныя сталі больш кантактнымі. А што тычыцца пер’я, дык у павышанай увазе да арніталогіі “К” не была заўважана.
Слушныя думкі наконт прасоўвання газеты і пашырэння аўдыторыі выказаў журналістам малады юрыст Андрэй. З найважнейшага: ён нагадаў пра існаванне андэграўнднай культуры, у тым ліку ў рэгіёнах. Сказаў, што яна цалкам годная для разгляду. А чаму б, маўляў, газеце не стаць інфармацыйнай падтрымкай для нейкай літаратурнай кавярні ці музычнага клуба? Маладая аўдыторыя, культурнае кола, гастралёры — чым не чытачы газеты “Культура”? У XXI стагоддзі нельга грэбаваць дзяржаўна-прыватным партнёрствам, у тым ліку ў СМІ: праз газету можна рэкламаваць пэўныя тавары ці паслугі і атрымліваць за гэта грошы. Дарэчы, грошы можна паспрабаваць знайсці і праз краўндфандынгавую платформу, стварыўшы нейкі моцны праект. Насамрэч, беларускамоўная газета, цалкам прысвечаная культуры і мастацтву, гэта ўжо ў некаторай ступені праект, бо — адзіная ў нашай інфармацыйнай прасторы.
У калідорах журналісты заўважылі і знаёмыя твары: літаратуразнаўцу Ціхана Чарнякевіча і гісторыка Ігара Мельнікава. Тыя ў бібліятэку — як на працу.
На кантрасце сыгралі два героя вечара прыблізна аднаго ўзросту, чаго не скажаш пра іх погляды. Да стэнду “К” падышла жанчына пенсійнага ўзросту і заявіла: газета “Культура” як дзяўчына лёгкіх паводзінаў, піша на замову, але замова гэтая нікім не запатрабаваная. На старонках няма аналітыкі, аўтары бляклыя — імёнаў не ўзгадаць. Аднак яна ўсё роўна настойліва прыходзіць у кніжніцу і чытае падшыўку. Другі суразмоўца — байкер у гадах — які нялёгка, але адразу перайшоў на беларускую мову. У добрае надвор’е Анатоль Бацюшка калясіць па радзіме на матацыкле, здымаецца ў кіно, займаецца музыкай, а ў шэрыя дні прыходзіць сюды. Спадар Анатоль любіць і чытае “К”, калі атрымліваецца набыць яе асобнік у мінскім шапіку, нават асабліва выдзяляе Яўгена Рагіна, Дар’ю Амяльковіч і Ілью Свірына з ліку аўтараў. Што ж, нельга не прыняць да ўвагі кожнае з гэтых меркаванняў.
Без дыялогу з чытачом ды дапамогі з боку маркетынгавых спецыялістаў цяжка. Ды журналісты імкнуцца — тое можна сказаць дакладна.
P.S. Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць за падтрымку нашай ініцыятывы Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, яе кіраўніцтвам і супрацоўнікамі.