“Мінус” — у “плюс”

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Днямі адбылася калегія Міністэрства культуры Беларусі, прысвечаная пытанням падрыхтоўкі арганізацый і таварыстваў, якія падначалены ведамству, да працы ў асенне-зімовы перыяд.

Па стане на 1 кастрычніка рамонтна-прафілактычныя работы, звязаныя з падрыхтоўкай да асенне-зімовага перыяду, завершаны. Так, закончаны работы па праверцы манометраў і прыбораў уліку цяпла і вады, гідраўлічных выпрабаваннях сістэм ацяплення, ачыстцы вентыляцыі, функцыянаванні крыніц цеплавой энергіі, электрычных і цеплавых сетак і іншыя работы. Усяго арганізацыямі на гэта выдаткавана са сродкаў рэспубліканскага бюджэту 184,2 тысячы рублёў, з уласных сродкаў — 125 тысяч рублёў.

Эканомія ад укаранення энергазберагальных мерапрыемстваў у І паўгоддзі бягучага года і ад мерапрыемстваў мінулага года склала 169 тон умоўнага паліва. Выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні за студзень — верасень 2016 года пры заданні на 3 квартал мінус 2,2 % выкананы ў памеры мінус 2,6 %, чакаецца яго выкананне і ў цэлым за 2016 год на ўзроўні ўсталяванага задання (мінус 2,5 %).

Паводле рашэння калегіі кіраўнікам арганізацый і таварыстваў, сярод іншага, неабходна прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні надзейнай работы крыніц і сістэм цепла- і электразабеспячэння, аварыйна-рамонтных службаў, аператыўнага ліквідавання наступстваў аварый, не дапускаючы парушэння эксплуатацыі сістэм энергазабеспячэння і інжынернага забеспячэння, а таксама працягнуць абсталяванне (пераабсталяванне) аб’ектаў аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй з вывадам сігналу на пульт дыспетчарскай пажарнай аўтаматыкі падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (дзе тое неабходна) ды прымаць дадатковыя меры ў мэтах засцярогі пажараў і мінімізацыі іх наступстваў.