“Славянскі базар”: кастынг на 2017-ы

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

У краіне стартуе адборачная кампанія на галоўны штогадовы фестываль мастацтваў. З 17 лістапада пачынаецца першы этап кастынг-тураў для артыстаў юных і не вельмі, што жадаюць прадставіць Беларусь адпаведна на ХV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2017” і XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017”.

У адборы да дзіцячага “спаборніцтва” могуць прыняць удзел грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў уключна на апошні дзень тэрміну правядзення фэсту, што заявілi пра сябе сваімі поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях. Прэтэндэнты на месца ў другім конкурсе павінны таксама быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, але ўжо ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна на апошні дзень тэрміну правядзення форуму, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў і таксама заявілi пра сябе поспехамі за мяжой ці ў краіне.

Эстафету па выяўленні лепшых адкрые Гродна. Следам яе прымуць Гомель (25 лістапада), Мінск (7 снежня), Баранавічы і Віцебск (9 снежня), Магілёў (14 снежня) і зноў сталіца (18 снежня).

Для тураў суіскальнікам неабходна падрыхтаваць: для дзіцячых — эстрадную песню на ўласны выбар, якая найбольш ярка адлюстроўвае іх выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці; для дарослых — эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове з тымі ж характарыстыкамі. Рэгіянальныя журы адбяруць па 5 удзельнікаў ад кожнай вобласці і Мінска, якія і выйдуць у другі адборачны этап.