Аўстрыйскі сезон і... Страдзівары

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

У Беларусі распачаўся аўстрыйскі культурны сезон. “Мы ўпершыню прадстаўляем тут такі маштабны праект, звязаны з мастацтвам, і вельмі рады, што наша ініцыятыва супала з Годам культуры, які аб’яўлены на вашай зямлі”, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Баерль. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў выказаў надзею, што дадзены праект стане сталым.

/i/content/pi/cult/612/13625/2-3.jpg

Падчас прэс-канферэнцыі (справа налева): Барыс Святлоў і Аляксандр Баерль.

Праграма аўстрыйскага культурнага сезона стартавала 5 лістапада на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Афіцыйнае ж адкрыццё адбылося праз пяць дзён у Палацы Рэспублікі, дзе прагучаў гала-канцэрт салістаў Венскай дзяржаўнай оперы. У імпрэзе прымалі ўдзел Ёрга Шнайдара (тэнар), Марты Палішот (сапрана), а таксама знакаміты аўстрыйскі дырыжор і скрыпач Райнер Хонак разам з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь. Апошні прывёз у Мінск інструмент Chaconne, зроблены Антоніа Страдзівары ў 1725-м, “залаты перыяд” майстра. Скрыпку музыкант некалькі тыдняў таму атрымаў ад спецыяльнага фонду Аўстрыйскага нацыянальнага банка, які і з’яўляецца яе ўласнікам. Па сутнасці, беларуская аўдыторыя стала сведкам знаёмства знакамітага скрыпача са знакамітым інструментам.

Ну а як падкрэсліў праграмны дырэктар і каардынатар Сімон Мраз, адметнасць аўстрыйскага культурнага сезона ў Беларусі ў тым, што ўсе праекты ў рамках форуму ствараліся ў супрацоўніцтве дзеячаў мастацтваў абедзвюх краін.

Як распавёў Аляксандр Баерль, гэты сезон унікальны сваім шырокім спектрам мерапрыемстваў. Дзякуючы актыўнай падтрымцы аўстрыйскіх мецэнатаў, у нашай краіне пройдуць выставы сучаснага мастацтва, кінатэатр “Перамога” прыме фестываль тамтэйшага кіно, пабачыць свет праект па перакладзе твораў аўстрыйскіх пісьменнікаў і паэтаў на беларускую мову (цягам года яны будуць апублікаваны ў айчынных літаратурных часопісах). Аўстрыйскі сезон захопіць і наступны каляндарны год. У сакавіку ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце пройдзе адна з ключавых падзей — сімпозіум з удзелам прадстаўнікоў палітычнай і культурнай сфер краін-партнёраў, прысвечаны культурным сувязям Беларусі і Еўропы. На “М.@RT.кантакце” ў Магілёве ўпершыню выступіць тэатральная трупа з Аўстрыі. На красавік прымеркавана прэм’ера “Чароўнай флейты” Вольфганга Амадэя Моцарта — сумеснай пастаноўкі канцэртнай залы “Брукнерхаус” і Вялікага тэатра Беларусі. Чакаецца, што дырыжорам праекта выступіць Манфрэд Маерхофер, рэжысёрам-пастаноўшчыкам — мастацкі кіраўнік канцэртнай залы “Брукнерхаус” Ханс-Ёахім Фрай, мастаком па касцюмах — прафесар Хартмут Шаргхофер.

На пытанне карэспандэнта “К”, ці можна чакаць правядзення ў адказ беларускіх сезонаў у Аўстрыі, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў зазначыў, што гэта ўжо абмяркоўвалася з прадстаўнікамі адказных ведамстваў. “Я ўскладаю вялікія надзеі на тое, што шаноўны спадар Пасол праз тыя каналы, якія яму падуладныя, выведзе нас на партнёраў у міністэрстве культуры ў Аўстрыі”, — выказаў спадзяванне прамоўца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст