Полацк чакае...

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

9 лістапада прайшло пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

Як адзначыла падчас мерапрыемства намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава, Дзень беларускага пісьменства будучага года асаблівы, паколькі гэта год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і год 1155-годдзя горада Полацка. “Гэтыя дзве падзеі павінны быць асноватворчымі ў канцэпцыі Дня беларускага пісьменства”, — сказала віцэ-прэм’ер. Таксама вырашана ладзіць свята не адзін, а два дні. “Не зусім правільна, калі, адкрыўшы раніцай у нядзелю свята, ужо ўвечары мы яго спыняем. Гэта павінна быць працяглае мерапрыемства”, — лічыць Наталля Качанава.

На думку віцэ-прэм’ера, перадае БелТА, ключавая канцэпцыя падзеі павінна быць падрыхтавана ў студзені будучага года. Наталля Качанава таксама адзначыла, што ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове адбыўся на высокім узроўні: былі арганізаваныя новыя праекты, прайшоў шэраг цікавых імпрэз, зроблена многае па добраўпарадкаванні горада, які прымаў свята.

У сваю чаргу, міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падчас пасяджэння адзначыла, што ў будучым годзе спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, будуць адзначацца юбілейныя даты беларускіх пісьменнікаў — Цішкі Гартнага і Алеся Гаруна, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі ды некаторых іншых.

Міністэрства інфармацыі краіны, па словах Ліліі Ананіч, прыступіла да распрацоўкі юбілейных мерапрыемстваў. Тэма падрыхтоўкі да знакавага свята знайшла шырокае адлюстраванне ў канцэпцыях правядзення найбуйнейшых культурна-інфармацыйных мерапрыемстваў, такіх як Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, Дзень беларускага пісьменства ў горадзе Рагачоў, рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Дзяржаўныя выдавецтвы пачалі выпуск у 2016 годзе і працягнуць у 2017-м цэлага шэрагу кніжных выданняў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Мэтавыя мерапрыемствы запланаваны ў будучым годзе ў рамках работы кніжных экспазіцый на міжнародных і нацыянальных выставах-кірмашах. Таксама, па словах Ліліі Ананіч, рыхтуюцца праекты ў СМІ.