Інтэрактыўная экспазіцыя Гісторыі

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Якім павінен быць сучасны музей, асабліва такі, чыя спецыфіка акрэслена, здавалася б, “вузкай” і адначасова багатай на факты і адкрыцці тэмай Вялікай Айчыннай вайны? Чым такая ўстанова можа здзівіць у ХХІ стагоддзі перанасычаную інфармацыяй публіку? Якія інавацыі прыцягнуць наведвальнікаў — беларусаў і замежных турыстаў? Адказы на гэтыя пытанні шукалі разам музейшчыкі, экскурсаводы, гіды, арганізатары турыстычных груп на семінары ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Як мадэрнізаваць турыстычны рынак
Менавіта шырокае геаграфічнае прадстаўніцтва экскурсаводаў і гідаў з рэгіёнаў Беларусі стала асновай сустрэчы. Без сфарміраванага ўяўлення пра патэнцыял музея, яго суадносіны з іншымі субектамі турыстычнага рынку якраз у тых, хто працуе з гасцямі краіны ў раёнах, немагчыма развіваць ні супрацоўніцтва, ні перайманне досведу.

А ён у музея і сапраўды назапашаны. Намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Казачонак падкрэсліў, што надышоў час развітвацца са стэрэатыпамі пра тое, што наведванне гэтай установы прыцягвае толькі пэўнае кола зацікаўленых асоб. Праца, якую правялі апошнім часам супрацоўнікі для пашырэння экспазіцыі за кошт новых экспанатаў, наладжвання тэматычных выставак, а таксама добра арганізаваная рэклама абверглі ранейшыя погляды. Менавіта сваёй дзейнасцю работнікі музея змаглі адаптавацца да існавання ў новых эканамічных умовах, калі неабходна ствараць, у адпаведнасці з законамі маркетынгу, годны прадукт у сваім сегменце рынку. Цяпер справа падтрымкі зробленых захадаў за гідамі і экскурсаводамі.

Насамрэч, багатыя фонды — найбагацейшая крыніца вывучэння ваеннай гісторыі. Усё гэта, на думку супрацоўнікаў установы, добрая падстава для выкарыстання магчымасцей яе ў прапагандзе нацыянальнага турыстычнага прадукту.

 /i/content/pi/cult/160/1362/Interakryunaja1.jpg
Дзелячыся вопытам з гідамі і экскурсаводамі рэгіёнаў, музейшчыкі паказалі не толькі асноўную экспазіцыю, але і некаторыя унікальныя калекцыі з фондаў. Усё гэта дэманструе магчымасці дзейнасці ўстановы, накіраванай на прыцягненне наведвальнікаў з самымі рознымі інтарэсамі, улічваючы ўзроставыя, сацыякультурныя і нацыянальныя асаблівасці.

Рарытэты працуюць на сучаснасць

— Музей прапануе шэраг тэматычных экскурсій, — адзначае Вячаслаў Яўгенавіч.— Сярод іх: “Мінск — горад-герой”, “Партызанскі рух на Беларусі ў 1941 — 1944 гг.”, “Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 года”, “Вызваленне Беларусі”. Цікавасць выклікаюць выстаўкі “Лічбы на сэрцы”, дзе дэманструюцца карціны народнага мастака СССР і Беларусі, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага, “Зброя Перамогі”(пляцоўка вайсковай тэхнікі, а таксама стацыянарная выстаўка). Як бачыце, усе яны аб’яднаны агульнай тэмай Вялікай Айчыннай вайны, аднак кожная — адметная, праз пэўную прызму паказваючы часы агульнанароднай барацьбы.

У якасці важнага фактару прыцягнення і зацікаўлення наведвальніка на базе музея і па-за ім праводзяцца лекцыі з дэманстрацыяй экспанатаў і мультымедыйных праграм на тэмы: “Баявыя ўзнагароды СССР і Германіі”, “У нябёсах мы ляталі адных”, “Мінск у гады вайны”. У нас створана за мінулы год 42 мультымедыйныя праграмы. Гэта праца скіравана, вядома, у многім на маладое пакаленне, на фарміраванне культуры наведвання такога тыпу ўстаноў.

Зараз у музеі праходзіць выстаўка “Літаграфіі Напалеона Орды” з калекцыі збіральніка Уладзіміра Ліхадзедава, пра якую “К” неаднаразова пісала. Гэтая экспазіцыя толькі на першы погляд не мае цеснай сувязі з асноўнай тэматыкай установы. Здымкі даюць магчымасць пазнаёміцца з выглядам у мінулым нашых гарадоў. Наогул, менавіта шырокая раскрутка праекта прынесла дадатковыя балы ў актыў музея як установы адкрытай для прапаноў і кантактаў. Апроч таго, экспануюцца фота, зробленыя салдатамі кайзераўскай арміі пад час Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Аднак усё названае ўсё ж такі ахоплівае традыцыйны пласт музейнай работы. Што ж новага можам чакаць ад музея гісторыі Вялікай Айчыннай?
 /i/content/pi/cult/160/1362/Interakryunaja2.jpg

Намеснік дырэктара ў ліку найпершых перспектыўных задач называе асобную экспазіцыю, прысвечаную помнікам гісторыі і культуры, якія былі вывезены з Беларусі перад Вялікай Айчыннай вайной і пад час яе. “Мяркуем, што якраз гэтая экспазіцыя будзе ўяўляць павышаную цікавасць не толькі для беларускіх наведвальнікаў, але і для замежных”,— кажа Вячаслаў Казачонак.

У якасці навінкі падыходаў да раскрыцця асноўнай тэматыкі ўжо створана асобная зала, прысвечаная гісторыі адкрыцця Другога фронту і супрацоўніцтва з саюзнікамі ў барацьбе супраць гітлераўскай Германіі. Такія ноў-хаў дазваляюць прыцягнуць яшчэ больш наведвальнікаў, якія цікавяцца гісторыяй Другой сусветнай вайны наогул.

У недалёкай будучыні, па словах Вячаслава Казачонка, адбудзецца капітальны рамонт музейнага будынка. Праца над навуковай канцэпцыяй новай экспазіцыі набліжаецца да заканчэння. Стане больш інтэрактыву, што будзе дасягнута коштам змяшчэння плазменных панэлей. “Пастараемся лепей паказаць, — кажа намеснік дырэктара, — прадметны рад і зрабіць акцэнт на персаналіі. Афармленне цяперашніх стэндаў зроблена ў стылі рэтра. Многія наведвальнікі гэта адзначаюць як станоўчы факт, які дазваляе аднаўляць атмасферу, дух эпохі”. Але ж супрацоўнікі ставяцца да пытання больш крытычна: колеравая гама асноўнай экспазіцыі вырашана ў розных тонах, таму ў цэлым усё выглядае некалькі мазаічна.

“Мяркуем абвясціць конкурс на лепшае афармленне залаў, прыцягнуць для абмеркавання шырокую грамадскасць”. Фактычна, гэтай ініцыятывай музейшчыкі “заб’юць двух зайцоў”: і інтэр’еры абновяць, і маштабны піар-крок наперад зробяць.

І яшчэ адно пытанне, якое цікавіць наведвальнікаў: кошт квіткоў. У бліжэйшай перспектыве ён не будзе змяняцца. У сярэднім цана сёння — ад 1000 рублёў для школьнікаў, навучэнцаў ССНУ і студэнтаў да 2000 рублёў для іншых катэгорый грамадзян Рэспублікі Беларусь. Кошт уваходных квіткоў для замежных грамадзян — 5000 рублёў, на экскурсійнае абслугоўванне — 2000 рублёў.

Экспазіцыя — арганізм, які пастаянна змяняецца

— Асноўная экспазіцыя музея, — распавядае загадчыца аддзела гісторыі партызанскага руху Наталля Яцкевіч, — не “засушаная” з 1944 года. Але, вядома, не змяняецца яна і канцэптуальна. Мы яе пашыраем, ідзём углыб, бо працуем як навуковая ўстанова. На Міжнародным навукова-практычным калёквіуме ў Берлінскім гістарычным музеі, дзе абмяркоўвалася прадстаўленне гісторыі ХХ стагоддзя ў экспазіцыях ваенна-палітычных музеяў, калегі з Германіі, ЗША, Ізраіля, Расіі выказалі меркаванне, што наша ўстанова вельмі актыўна змяняецца разам з імклівым часам, не зацыкліваючыся на старых дагматах.

Экспазіцыя пачынае весці расповед пра Вялікую Айчынную вайну не з 22 чэрвеня 1941 года, а з пярэдадня — пачатку Другой сусветнай вайны, і нават раней — з сярэдзіны 20-х, абапіраючыся на фондавыя дакументы і экспанаты. Паказаны прыход фашызму да ўлады ў Германіі, Грамадзянская вайна ў Іспаніі. На фотаматэрыялах таксама адлюстраваны ваенныя канфлікты на Далёкім Усходзе, Халхін-Голе, пакт Молатава-Рыбентропа 1939 года (сакрэтны дадатак якога музей дэманструе сваім наведвальнікам). Паказана таксама раней закрытая старонка гісторыі — так званая Невядомая вайна, або Фінская кампанія. Цяпер наш музей чакае ад Дзяржаўнага архіва Фінляндыі фота па гэтых падзеях. Вядома, упор робіцца, па магчымасці, на ўдзел беларусаў у гэтых драматычных падзеях, але і для гасцей-замежнікаў такая экспазіцыя не малацікавая.

 /i/content/pi/cult/160/1362/Interakryunaja3.jpg
Па словах супрацоўнікаў музея, наведвальнікаў асабліва цікавіць, як адбываліся падзеі ў першыя дні вайны, малавядомыя факты вогненнага ліхалецця і экспанаты, што звязаны наўпрост з нечым лёсам. Так, з 1943 года, пасля паражэння гітлераўцаў у Сталінградскай бітве, калі Італія скасавала саюз з Германіяй і выйшла з вайны, па загадзе Гітлера італьянцаў заключалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Вельмі шмат прадстаўнікоў гэтага народа апынулася ў Беларусі: толькі ў Мінску іх утрымлівалася дзесьці каля тысячы. У экспазіцыі музея прадстаўлена сурвэтка, якую італьянскі ваеннапалонны абмяняў на хлеб, а таксама іншыя рэчы італьянцаў.

— Наша экспазіцыя прадстаўляе падзеі Вялікай Айчыннай з пункта гледжання беларусаў, простых грамадзян. Мы паказваем,— зазначае Наталля Яцкевіч, — што гэта была трагедыя народа. Уводзяцца новыя тэмы, дэманструюцца экспанаты, якія за апошнія дзесяцігоддзі набыў музей. Паляпшаецца стан экспазіцыі, бо разам з працай музея адначасова ідзе рамонт, замена састарэлага абсталявання.

Інавацыі ў стылі мілітары

На думку начальніка вучэбна-метадычнага аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Марыны Масташовай, музейшчыкам і экскурсаводам трэба больш шчыльна супрацоўнічаць. Тым больш, што з боку турыстаў цікавасць да беларускіх музеяў расце, у тым ліку і да таго, дзе праводзіўся семінар.

Зрэшты, якраз ад погляду гідаў і экскурсаводаў залежыць, ці будуць наведваць той ці іншы музей турысты, з якім пачуццём і якімі ўражаннямі яны правядуць свой час ва ўстанове.

Ды і праявіць маркетынгавую жылку, мусіць, ніколі не пашкодзіць. Каб прыцягнуць публіку, ва ўсім свеце музейшчыкі імкнуцца ствараць нешта новае, нават рэканструяваць падзеі мінулых гадоў. Папулярныя ў беларускіх і замежных турыстаў вандроўкі па мясцінах, звязаных з падзеямі вайны 1812 года. У коле зацікаўленняў турыстаў — аперацыя “Багратыён” па вызваленні Беларусі ад гітлераўскіх войскаў.

Яскравы прыклад рэалізацыі праектаў па ваенным турызме — леташняе адзначэнне даты пераправы Напалеона праз Беразіну. Расіяне праводзілі ў тых мясцінах пробны варыянт гістарычнай рэканструкцыі падзей 1812 года. Сюды прыехала больш чым 2000 тысячы членаў ваенна-гістарычных клубаў, была задзейнічана вялікая колькасць коней. Прадстаўнікі Расіі аплачвалі праект, беларусы пакуль “прыглядаліся” да вопыту. Расійскі бок гатовы супрацоўнічаць з беларускім па ажыццяўленні дадзенай працы, якая сапраўды вартая ўвагі, відовішчная, цікавая, эфектная.

Ваенны турызм, ці турызм у стылі мілітары, запатрабаваны. У Расіі і ва Украіне актыўна працуюць па дадзеным накірунку. Там турысты наведваюць вайсковыя казармы і робяцца на нейкі час шараговымі салдатамі, нясуць усе цяжкасці вайсковай службы: стаяць на варце, маршыруюць, харчуюцца па-салдацку, прычым усё гэта — за ўласныя грошы.

Маем і свой досвед: у Беларусі таксама набываюць папулярнасць турызм, экскурсіі, у якіх чалавек можа ўдзельнічаць у рэканструкцыі падзей. Такое практыкуецца на “Лініі Сталіна”, дзе аднаўляецца пачатак Вялікай Айчыннай вайны. За такімі накірункамі — будучае. Галоўнае, каб пра гэтую навалу прапаноў турыст даведаўся і меў магчымасць выбару. Якая ж роля тут Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

Установа, разам з тым, што напрацавана, можа і здольная ўжываць новыя формы экскурсійнага абслугоўвання. Музей і зараз з задавальненнем наведвае моладзь, людзі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, замежныя турысты. Гідам давядзецца ажыццявіць значную працу па вывучэнні новых экспазіцыйных раздзелаў, авалодаць пэўнай тэрміналогіяй і належным чынам, прафесійна, данесці інфармацыю да турыстаў. Уласна, ад іх слова, зацікаўленага і здольнага зацікавіць, залежыць у многім поспех інавацый.


Наталля
КІРПІЧЭНКАВА